35440.fb2 Цыганскі кароль - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 5

Цыганскі кароль - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 5

Ён мацнейшы за ўсіх, цыганы дрыжаць пад яго позіркам, улада над акругай поўная. Што можа зрабіць яму кароль? Праўда, царыца дабіраецца да яго зямлі, дзеліць Польшчу, але чорт яе бяры. Яму, Знамяроўскаму, і пры царыцы будзе не горш. А калі надта ўжо не спадабаюцца новыя парадачкі - можна разам з падданымі адкачаваць туды, дзе яшчэ будуць залатыя шляхецкія вольнасці. Ды не, не папусціць бог. Гэта ж такая сіла, шляхта! Хоць бы і ён нават?! А добры мой народ заўсёды дапаможа. Ён сваё панства любіць, шануе, ледзь не вышэй за пана бога ставіць. За дзевяць год улады ніхто сур'ёзна нават і не думаў абурацца. А надумаецца - скручу.

 - Келіх сюды, свінтухайлы!

А медыкус, седзячы ля Яноўскага, раптам спытаў:

 - Ведаеце, чаму тут так п'юць... не на жыццё, а на смерць?

 - Людзі тут такія, - разгубіўся Яноўскі, - тут ужо нічога не зробіш.

Медыкус непрыемна скасавурыўся:

 - Глупства! Мы любім піць не больш і не менш, як усе іншыя людзі на зямлі. Але мы - гной пад нагамі чужынцаў. Нават у жыцці сваім ніхто ў гэтым праклятым каралеўстве не ўпэўнены. А гарэлка - гэта сябры, гэта - пяць - дваццаць - тысяча шабляў такіх сабутэльнікаў, узнятых на тваю абарону, калі нападзе мацнейшы сусед. Няма цвёрдай улады - пануе моцны, мы п'ём. Простая механіка? П'янствуюць людзі - значыцца каралеўства гіне. Верная прыкмета. П'юць, каб забыць, каб заліць гора і знішчыць няўпэўненасць. Але галоўным чынам, каб прыдбаць сяброў.

І ён спапяляючым позіркам паглядзеў на шляхцюка, які "скакаў", адрываючы на які-небудзь дзюйм ногі ад падлогі, круціў галавою і вывяргаў брыдкую лаянку.

 - Дурныя людзі. Усё не па-людску. З самага пачатку толькі і робяць, што гандлююць радзімай. Магутная цыганская дзяржава... П'юць, як свінні. Дзеці нараджаюцца ідыётамі: яны яшчэ ў чэраве маці атручаныя гарэлкай. Ёлупы і юродзівыя! І за ўсё гэта заплацяць нашчадкі. Ім яшчэ рыгнецца за кожную нашу чарку, за кожную ноч распуты. Яны будуць кашчавыя, слабыя на цела і мозг.

Яноўскі хацеў адказаць яму, але пабачыў, што кароль заве яго пальцам. Ён падышоў да яго. Знамяроўскі глядзеў на яго вар'яцкімі вясёлымі вачыма.

- Што , пасол, нудзьгуеш?

- Наадварот, мне весела, вялікі кароль.

- А мне нудна. Насмяшы ты мяне, пляменнічак. Насмяшыш - шкадаваць не будзеш, шчыра кажу. Загаўкай, ці што...

Яноўскі маўчаў. У гэтую хвіліну ён лепей даў бы сябе разрэзаць на кавалкі, абы не смяшыць гэтага тлустага кабана. Ён упарта сціснуў зубы.

Знамяроўскі пазяхнуў.

 - Нудна мне з вамі. Адракуся я хутка ад трона і пайду... у манастыр. Буду там сабе бога маліць, бо з дурнямі жыць не хачу. Вас, дурняў, і да Масквы не перавешаеш... Жыць буду ціха, пад званы. Дам ігумену куку ў руку, каб пахаваў мяне ў царкве. Бога, дурня барадатага, модламі падману. Сядзіш вось тут у мяне, гарэлку маю жарэш...

Яноўскі не вытрымаў. З ім яшчэ ніхто так не размаўляў:

 - Маўчыце, пан кароль. Як бы не давялося вам казе пад хвост глядзець... Задзярэш зараз пяты, чорт гладкі!

Знамяроўскі зацікавіўся гэтай перспектывай:

 - Ану... ану, давай. Паспрабуем. Бач ты, нахаба якая! Прыйшлі ў маю хатку ды б'юць майго татку... Ах ты, падла. Давай... паспрабуем, хто пяты задзярэ.

І крыкнуў гайдукам ля дзвярэй:

 - Ану, паршыўцы, цягніце сюды палкі. Рыцарскі турнір!

Праз якую хвіліну абодвум далі тонкія доўгія палкі, і Знамяроўскі з нечаканым спрытам падвёўся і стаў у пазіцыю. Абодва стаялі адзін супраць другога, як баявыя пеўні, і нават чупрынка на галаве караля вельмі нагадвала грабеньчык.

Кароль зрабіў выпад - Яноўскі адбіў ягоную палку. Некалькі хвілін яны скакалі адзін вакол другога, саплі. Толькі і было чуваць:

- Я табе, булавешка дурная, ногі ў спіну пазаганяю.

- Я табе, дзядзечка, дам на пазвон.

- Мазгавешку расквашу, галадранец.

- Бач ты, кароль... (Трах-тах!) А ў самога бажок на нітачцы! (Бах!)

- Свіння не нашага бога! (Грук-грук!)

- У мазгаўні вычаўрыла.

У наступны момант ляпнула, як палкай па гарлачу. Вакол зарагаталі, загігікалі. Яноўскі, адчуваючы, як на галаве наліваецца вялізны гуз, утрапёна замахаў палкай, шмякнуў па нечым.

Кароль мякка схіліўся і заараў носам падлогу.

На адзін момант прыўзняў галаву, памацаў далонню размяжулены нос і сказаў ціха:

 - Наша ўзяла... і рыла ў крыві.

І лёг на спіну, паказаўшы небу круглы пукаты жывот.

Да яго кінуліся, пачалі завіхацца, але толькі праз некалькі хвілін ён прыўзняўся, сеў за стол і, гледзячы на племенніка, сказаў:

 - Заўтра надвячоркам ідзём у наезд.

Праз гадзіну кароль абдымаў пляменніка, ціскаў яго, лез мокрымі вусамі да яго вуснаў:

 - Братка ты мой! Хоць ты і тамцюр цара нябеснага, а я цябе люблю, дальбог, люблю... Даю сваё каралеўскае слова - адаб'ём твой маёнтак... Чуеце, чэрці, кароль слова дае!.. Заўтра ж паедзем. Вось толькі судны дзень учыню.

Яноўскі і медыкус пайшлі з залы, не дачакаўшыся канца гулянкі.

Цёмнае-цёмнае неба ляжала над палацам. З адчыненых вокан далятаў да іх шум неўтаймаванай папойкі.

III

Наступнага дня, ранічкай, ля каралеўскага дома, пад шыбеніцай, сабралася вялікае цыганскае судзілішча. Паставілі высокае крэсла, ля яго сталі два шляхцюкі і два цыганы ў кажухах з доўгімі пугамі на плячы. Сабраўся натоўп, пераважна з егіпецкага племя.

Кісла смярдзела конскім потам, кажухамі, іржавым жалезам. Цыганкі курылі люлькі, часам даючы пасмактаць цыбук мурзатым дзецям. Пасля ўсе прыціхлі. Набліжалася ўрачыстая хвіліна.

Пад спеў труб і грукат старога барабана паважна выйшаў з двярэй кароль Якуб. Сеў, сціскаючы ў правай руцэ нейкі пацямнелы, апраўлены ў золата прадмет.

 - Што гэта? - зацікаўлена спытаў Яноўскі ў медыкуса.

Левы кут медыкусавага рота паехаў угару:

 - Рэліквія. Дзяржанне той самай пугі, якой ён у дастаслаўны вечар, якім пачалося яго цараванне, лупцаваў канакрадаў. Чым не меч святога Стэфана?

Паюк агласіў высокім хрыпатым голасам:

 - Слава. Сіла. Моц. Мы, кароль Якуб Першы... (зноў пацягнуліся тытулы, якія Яноўскі ўжо чуў), добрай воляй нашай пастанавілі імем цыганскай дзяржавы, дабрабыту і славы яе, склікаць сёння вялікае судзілішча, пасля якога, ачысціўшы добры наш народ ад зланамерных людзей, вялікі сейм дзяржавы цыганскай учыніць!

Заспявала труба. На тварах некаторых цыганоў Яноўскі заўважыў іранічныя ўхмылкі. Але ўсе маўчалі.