35440.fb2
- Што з ім? - трывожна спытаў Міхал.
Медыкус плюнуў:
- Свіння. Выбраў месца, каб апрастацца. Вось што бывае, калі п'юць без меры і не закусваюць. Насматкаўся чырвонага віна, лайдак.
- Можа, дапамагчы чым? - спытаў Міхал, усё яшчэ не разумеючы.
- Нашто?! Ён зрабіў самае лепшае, што можна было. Ну, калі вам так хочацца, дык засуньце яму яшчэ два пальцы ў рот.
У адказ "забіты" кароль моцна захроп, і яму адказаў пяшчотным насавым свістам "здраднік" Ваўчанецкі.
Так скончылася вялікая цыганская вайна, адна з самых славутых войнаў, якія вёў кароль Якуб Першы. Вялікую славу здабылі ў ёй усе мужныя змагары. Але і страты былі вялікія: адзін шляхцюк адбіў пячонкі, упаўшы з воза; два захлынуліся віном у склепе; пяць чалавек абпіліся да смерці. Яны загінулі за радзіму. Забітых агнястрэльнай і халоднай зброяй не было. Параненых было шэсць. Кантужаных атынкоўкаю - тры. Акрамя таго, "кароннаму суддзі" вышэйпамянёная свіння ад'ела вуха. Свінню за гэта раніцаю прысудзілі да страты і з'елі пад чорнай падліваю. Нарабілі брыдкасцей і насваволілі - у ахвоту.
А калі раніцаю Яноўскі, перадаўшы спустошаны маёнтак бацькам, паехаў паўночнай дарогаю разам з Ваўчанецкім (іх памірылі) да караля Якуба, які яго не адпускаў, на паўдзённай дарозе да Яноўшчыны можна было пабачыць павучальны малюнак: цягнуліся шляхам каровы, бэкалі авечкі, везлі на вазах гусей і бочкі віна. Каля вазоў крочылі пахмурныя хлопы Ваўчанецкага.
Пераможаны, згодна з рыцарскім гонарам, сумленна плаціў кантрыбуцыю сялянскай худобаю. Сам ён аддаў толькі віно.
Дзядзькі ішлі панурыўшыся, пахмурна гледзячы пад ногі. З хат уцякаў пах малака, уцякала няпэўная сялянская сытасць
Курыўся дарогаю пыл.
Два дні цягнулася святкаванне перамогі ў палацы Якуба Першага. Гарэлі плошкі, палалі бочкі са смалою. Ляцелі крык, смех, тупанне аб падлогу. У кароткія хвіліны прасвятлення два разы ездзілі на шлях лавіць падарожных людзей у госці. Спаймаўшы мужыка, аддавалі яго гайдукам, каб тыя зацягнулі ў людскую і напаілі там да зялёнага змія.
Калі трапляўся панскі вазок - пераразалі яму конна дарогу, выляталі з-за дрэў, гікалі, хапалі за морды коней, устаўлялі ў колы вялізныя латы, бралі гаспадара ў палон і з пашанаю везлі ў палац, каб не было за сталом пустых крэслаў. А пустых крэслаў ставала ўсё больш і больш. Некаторыя госці захварэлі і не маглі нават рукою варухнуць. Тры загонавыя шляхцюкі ціха сканалі ў задніх пакоях. Адмучыліся.
Яноўскаму ўсё гэта так абрыдла, што ён знікаў з палаца і накіроўваўся куды вочы глядзяць, часцей за ўсё да медыкуса. Той таксама піў, але хоць разумнейшым рабіўся ад гэтага. Сядзеў, мачаючы агурок у соль, хрумстаў ім і, утаропіўшы ў сабутэльніка ярасныя вочы, злосна казаў:
- Бязглудзіца! Не краіна, а плод шалёнай фантазіі бога. Вось мінуў чэрвень 1789 года, ліпень стаіць. Мужыкі пуп падарвалі, а тут гуляюць, як быццам заўтра сканчэнне свету. Не грамада, а авечы статак. Вось прыпомні мае словы: яшчэ і новае стагоддзе не настане, а гэтая гнілая дзяржава знікне з зямлі. Не будзе яе, духу не станецца. І моцны воўк зжарэ слабага. І хоць бы дзе агеньчык! Па ўсёй зямлі маўчыць хлоп. Жонку яго цяжарную сцёбаюць - ён пану ручкі цалуе, галаву яму прабілі - ён крычыць: "Бацька наш, каралеўская кроў, вядзі!" Душна мне, браце, душна мне. Зусім здохнем, калі хоць дзе-небудзь не запалае.
Яноўскі слухаў яго з дзіўным спакоем. Нібы не яго любую, моцную, вольную дзяржаву лаялі. Нібы зусім не шляхціц ён, а самы звычайны лапаць. Словы медыкуса былі як павольна дзеючая атрута. Міхал па-ранейшаму пагарджаў мужыкамі, але і шляхту не мог любіць - наглядзеўся за гэтыя дні. І гэта было рыцарства, надзея Беларусі, яе блакітная кроў. Паганцы!
К канцу другога дня гулянкі адбылося адразу тры няшчасці: абпіліся да смерці два цыганы і памёр, таксама пасля выпіўкі, той цыган, якому прабілі галаву. Ён быў цыганскі старэйшына і піў ад ганьбы.
У дзень пахавання старэйшыны Яноўскі пайшоў да табара. Дзень быў спакойны, ён дагараў за лясамі чырвонаю стужкай зары, і таямніча вымалёўваліся на гэтым фоне спічастыя цыганскія буданы. Міхал прапусціў момант, калі нябожчыка панясуць у апошні шлях. Ён інстынктыўна не любіў чужой смерці, як кожны малады. Проста хацелася хоць хвіліну пабыць сярод людзей, якія не п'юць і не сваволяць.
Ён здзівіўся, убачаўшы, што трохі зводдаль ад шатра нябожчыка стаіць невялікі маўклівы натоўп, чарнеючы ў цемры.
Каб не перашкаджаць ім, Яноўскі адышоў у супрацьлеглы бок і сеў у хмызах, ля вялікага дуба. Тут ён бачыў усё, а яго не бачылі.
Хвілін пяць стаяла цішыня. Пасля няпэўны, ледзь чутны голас заспяваў дзіўную гартанную мелодыю. Праспяваў дзве-тры ноты і змоўкнуў. Падхапіў другі жаночы голас і павёў яе, скардзячыся, і зноў змоўк... Трэці, чацвёрты голас... Песня мацнела, але да самага канца заставалася нягучнай. І раптам зноў цішыня.
Толькі тут пабачыў Міхал, што ад пушчы цягнецца дзіўная працэсія. Людзі, што праводзілі старэйшыну на месца апошняга заспакаення, ішлі гуськом, па адным. Спачатку - цыганы, пасля - цыганкі.
Ля шатра паступова пачало разгарацца вогнішча, людзі кідалі ў яго сухія палкі. Доўгая маўклівая змяя павольна набліжалася ад пушчы.
Калі яна прайшла палову дарогі, нехта выліў на вогнішча цэбар вады. Засіпелі галавешкі. І адразу запалала вогнішча ля суседняга шатра. У яго няпэўным святле Яноўскі ўбачыў постаць проставалосай кабеты, якая крочыла насустрач працэсіі, трымаючы ў руках галавешку са згаслага вогнішча. Хустка на плячах кабеты развявалася ад хуткай хады.
Вось яна падышла да першага, падала яму галавешку. Той узяў яе, не аглядаючыся, перадаў цераз плячо наступнаму, а сам вымыў рукі і твар вадою, якую зліла яму з гарлача тая самая кабета. Усе перадавалі галавешку цераз плячо, усе мылі рукі.
Астатняя бабуля, таксама не аглядаючыся, кінула яе на дарогу. Зноў скардзячыся, заспяваў хор. Яноўскі не разумеў слоў, але хваляванне сціснула яму горла.
- Ідзі, ідзі ў свой далёкі шлях, - здавалася яму, спяваў хор. - Галавешка апошняга вогнішча, забытая на дарозе... Круцяцца, круцяцца колы... Няма спакою, няма адпачынку... Мы едзем, мы едзем, спаўняючы даўні запавет... Далёкая дарога... Ідзі ў той край, дзе скончацца бадзянні, дзе цябе не пакрыўдзяць... Круцяцца, круцяцца колы... Бясконцы, вечны наш шлях.
Кабета, размахнуўшыся, кінула палаючую галавешку ў шацёр памёршага, і ён адразу ўзяўся зыркім жоўтым агнём.
- Вось палае твой шацёр, апошні твой шацёр, - здавалася, спяваў хор. - Хутка нічога не застанецца ад цябе на зямлі... Застанецца галавешка на пыльнай дарозе, дым забытых кастроў, і колы твайго племя прарыпяць у цемры далей. Круцяцца, круцяцца колы... Далёкі шлях.
Яноўскі не заўважыў нават, што ўсё скончылася. Абудзілі яго ад задуменнасці крокі і галасы непадалёк. Пад дубам стаяла некалькі цёмных постацяў. Дзіўна, але размаўлялі яны па-беларуску.
- Вось і канец.
- Ад ганьбы памёр чалавек. Ой, роме.
Яноўскаму здалося, што першы голас - голас таго цыгана, якому кароль даў аплявуху тады на ганку, а другі - голас таго няшчаснага, у якога гайдукі Знамяроўскага збілі абады на дарозе.
- Хопіць, - азваўся густы бас. - Плачам справе не паможаш. Але заўтра ён нам адкажа, бізун голы.
За другімі табарамі паслалі?
- Паслалі. Матыс Аўгусцінавіч накіраваў чатырох.
- Добра. Толькі трымайцеся, браты. Так трымайцеся, як толькі можна.
Загаварылі па-цыганску, і Міхал павольна пачаў адыходзіць ад таямнічага зборышча. Толькі па дарозе дамоў ён зразумеў, што супраць Якуба рыхтуюць нешта нядобрае, і, хоць матыў цыганскагу плачу стаяў яшчэ ў яго вушах, хоць дом Знамяроўскага і вечныя гулянкі яму астабрыдлі, вырашыў папярэдзіць караля. Проста на знак удзячнасці.
Але ў палацы зноў спявалі, зноў даляталі з акон крыкі, брынчанне струн, бразгатанне шкла.
З-пад стала тырчалі ногі мітрапаліта. Кароль Якуб сядзеў на сваім месцы, учапіўшыся ладонню ў нячэсаныя валасы. Карыя вочы былі ўтароплены ў нешта, што бачыў ён адзін. Міхал таргануў яго за плячо.
- Ты хто такоў? - цяжка, як воўк, павярнуўся да яго Знамяроўскі.
- Гэта я, ваша вялікасць, Яноўскі.
- А-а. Ян-ноўскі. А чаго ж гэта ты такі храноўскі? Ты хто такоў?
- Я пасол.
- А-а, пасол. Пасол замежнага каралеўства. Дык чаго ты лезеш сюды, калі кароль ад-п-пачывае ад д-д-дзяржаўных спраў. Ведай этыкет. Пасля прыму, праз тры дні. І не раней... Ведай маю дабрату. Пшоў прэч!
Яноўскі ледзь стрымаўся, махнуў рукою і на папярэджанні і на размову. Д'ябал яго бяры, раз так. Ён зусім сабраўся пакінуць залу, калі раптам галасы амаль усіх гасцей зараўлі нешта адзінае:
- Дзевак! Дзевак!
Гэты раптоўны псіхоз ахапіў усіх. Нават мітрапаліт выкаціўся з месца свайго адпачынку і пачаў крычаць:
- Вачыма намізаюшчых, тонкашчыкалатных, барвянадзясных, палка лабазаючых!!!