35465.fb2
Але агонь, відаць, не збіраўся гнацца. Ён, як і раней, варушыўся сабе на сваім месцы, ласкава трашчаў, свяціў і грэў навакол, як і раней, вабіў да сябе.
Патроху людзі асмялелі і адзін за адным ціхенька пачалі вяртацца да агню. Зноў абкружылі яго, і зноў усё стала добра. Значыцца, уся справа толькі ў тым, каб не чапаць яго. Ён гэтага не любіць. Але сам, як відаць, нікому не думае рабіць нічога дрэннага. Наадварот, яшчэ да гэтага часу яны не сустракалі ніводнага стварэння, якое было б такім добрым да іх, як гэтае.
Сярод лясной цемры людзям было светла, цёпла; цела абсушылася. Разам з тым змяніўся ўвесь настрой. Яны ўжо зусім забыліся аб нядаўнім здарэнні і ўсёй сваёй істотай убіралі асалоду цяперашняга шчасця.
Людзі ўпершыню бачылі і адчувалі агонь, той агонь, без якога чалавек не быў бы чалавекам. Пашана, удзячнасць, страх - усе гэтыя пачуцці нараджаліся ў іх сэрцы; тыя пачуцці, якія і да гэтага часу выклікаюцца ў адсталых людзей незразумелымі ім з'явамі прыроды.
А за некалькі крокаў ад гэтага светлага месца прытулілася ноч, яшчэ больш цёмная, сярдзітая, вільготная і халодная. Яна пільнавала з-за дрэў і чакала, каб зноў абхапіць людзей...
Тым часам пень дагараў. Паступова, непрыкметна, але няўхільна агонь змяншаўся. Рабілася ўсё цямней і цямней і разам з тым усё халадней.
Несвядомая трывога авалодала людзьмі. Яны пачалі праціскацца бліжэй да агню.
Вось і полымя знікла. Ноч рынулася з лесу і ахінула палянку...
Але засталіся яшчэ вуголлі, якія крыху гарэлі. На іх былі накіраваны ўсе вочы, да іх кожны стараўся праціснуцца бліжэй. Гурток сціскаўся ўсё шчыльней і шчыльней. Вось ужо заднія нічога не бачаць, але ўсё праціскаюцца наперад, не адводзячы вачэй ад таго месца, дзе павінен быў быць ён, агонь.
Холад і вільгаць зноў абхапілі людзей, але пакуль што яны іх не адчуваюць.
Прайшло яшчэ некалькі часу, і - агонь зусім згас...
Ціхі, жалобны енк пранёсся па лесе... Гэта чалавек развітваўся з самым дарагім, што толькі мог мець.
І з вачэй яго выкацілася першая слязіна...
Тады ноч выпаўзла з-за дрэў і захапіла палянку і людзей. Холад і вільгаць, да якіх людзі даўно ўжо прывыклі, цяпер здаваліся іншымі, значна горшымі. Ля абгарэлага пня, скурчыўшыся, сядзелі цёмныя фігуры...
І ў шырока расплюшчаных ад жаху вачах усё яшчэ адбіваўся агонь...
На другі дзень, разам з сонцам і цяплом, цяжкія перажыванні рассеяліся, але ўражанні ад мінулай ночы, відаць, яшчэ засталіся. Людзі не пайшлі далей, а ўвесь час круціліся ля абгарэлага пня, аглядалі яго, капаліся ў попеле. Колькі было цікавасці і радасці, калі яны заўважылі, што там, усярэдзіне, захавалася яшчэ цяпло.
Лепш за ўсіх адчувалі сябе дзеці. Колькі розных рэчаў знайшлі яны сабе для забавы. Вуголле, трэскі, галлё, дубцы, кіі і кіёчкі, абгарэлыя, гладкія. Хутка яны ўзброіліся - хто трэскай, хто кіем, і пачалася гульня.
Маткі знайшлі сабе прытулак пад верхавінамі двух невялічкіх дрэў, схіленых паваленым дрэвам. Агу, тая самая дзяўчына, што калісьці скарыстала трэсачку для выкопвання карэнняў, цяпер зноў неяк пачала карыстацца гэтай прыладай. Гледзячы на яе, і другія жанчыны паспрабавалі - і тут пачалося свядомае карыстанне першай прыладай.
Асабліва пашанцавала хлопчыку Ра. Яму трапіў у рукі вельмі ёмкі кіёк. Узяўшыся за танчэйшы канец, Ра адразу заўважыў, што руцэ нібыта надаліся вага і моц. А калі ён неяк ударыў па галінцы, калі яна затрашчала ды пасыпалася лісце, - тады ўжо яму зусім спадабалася гэтая цацка.
Ён пачаў стукаць сваім кіем па дрэве, галлі, па зямлі, але не скора яму ўдалося яшчэ раз стукнуць так, каб адчуўся добры ўдар. Ён яшчэ не ўмеў ударыць як трэба.
Дарослыя займаліся сваёй справай і нават не глядзелі на гэтую гульню. Вось скокнула жаба. Ра замахнуўся сваім кіем на яе. Вядома, не трапіў, але ўжо гульня была цікавей. Далучыліся другія дзеці і таксама стараліся парнуць жабу трэсачкай ці галінкай. Абхінулі яе, пачуліся крыкі, гульня зрабілася агульнаю і вясёлаю, толькі... ніхто не смяяўся, а гэтыя рэдкія гукі былі зусім не падобныя да крыку і шуму нашых дзяцей.
Жаба паскакала далей у кусты, дзеці за ёю, але раптам усе кінуліся назад: яны заўважылі змяю. Праўда, яна была досыць маленькая, але гэтага стварэння чалавек заўсёды баяўся.
І вось тут адбыўся новы найвялікшы крок чалавецтва. Ра падскочыў да змяі і свядома падняў кій, каб яе ўдарыць. Калі раней ён ударыў чарапаху так сабе, не ведаючы, што і чаму ён робіць, дык цяпер ён ужо хацеў ударыць.
І ён трапіў ёй па галаве. Закруцілася змяя, засіпела так, што Ра спалохаўся і адбег назад. Але, убачыўшы, што яна не гоніцца за ім, а круціцца на месцы, ён зноў падышоў і пачаў біць.
На гэтае здарэнне ўжо і старэйшыя звярнулі ўвагу. Важак падышоў, узяў у рукі кій Ра, патрымаў, пакруціў, нават дакрануўся ім да змяі, але нічога асаблівага не адчуў. Для яго, вялікага і дужага, гэты кіёк быў вельмі малы. Паспрабаваў Краг і іншыя мужчыны і нават некаторыя жанчыны, але таксама не звярнулі ўвагі.
Сярод жанчын тым часам не на жарт пачалося развівацца «земляробства». Яны ўсе ўжо калупаліся ў зямлі з дапамогаю трэсачак. Але рэдка хто з іх доўга трымаўся са сваёй прыладай: праз некалькі крокаў яны гублялі яе, забываліся і зноў працавалі, як «дзяды і прадзеды».
Але ў адным выпадку вялікае значэнне мела яшчэ і тое, што людзі спыніліся на некаторы час на адным месцы. Забыўшыся аб прыладзе, яны ўсё ж такі вярталіся «дамоў» і там зноў знаходзілі і прыпаміналі яе. Шкада толькі, што яны доўга не маглі быць на адным месцы, што павінны былі шукаць і шукаць спажывы.
Пасля «абеду», калі людзі спакойна адпачывалі на палянцы, а Ра практыкаваўся са сваім кіем, важак зноў зацікавіўся тым, як ад удару трашчаць галіны, сыплецца лісце, ляцяць трэскі.
Вось яму трапіў у рукі адпаведны кій: не доўгі і не кароткі, гладкі і досыць важкі. Ён адчуў, што гэты кій яму не перашкаджае, а наадварот, нешта такое надае.
І пасля некалькіх спробаў яму ўдалося стукнуць так, што галлё затрашчала і пасыпаліся трэскі.
Каб перад ім цяпер апынуўся які-небудзь звер, можна думаць, што чалавек здагадаўся б і яго ўдарыць сваім кіем, а так - ён пагуляў крыху ды і кінуў сваю зброю.
Нялёгка, нават немагчыма было яму адразу ўразумець усё значэнне гэтай зброі. Дзеля гэтага ён павінен быў бы разважаць прыблізна так: «Вось гэтая рэч надае рукам сілу. Ёю можна абараніцца ад ворага і забіць здабычу. Трэба было б заўсёды мець яе пры сабе...»
Але так разважаць наш чалавек яшчэ не мог, значыцца, і не мог свядома скарыстаць сваю вынаходку.
Так правялі яны на адным месцы ўвесь дзень. Зранку, не паспелі яшчэ людзі злезці з дрэва, як заўважылі, што з суседняга дрэва на іх пазіраюць нейкія дзіўныя стварэнні. Яны былі вельмі падобныя да нашых людзей, толькі больш рухавыя, асабліва іх морды, якія ўвесь час крывіліся так, нібы яны смяяліся або дражніліся.
Гэта завіталі да іх у госці «мілыя сваякі» - малпы. Людзі і малпы пазіралі адны на другіх з вялікай зацікаўленасцю. Здавалася, нібы ўсе яны адчувалі нейкае сваяцтва паміж сабою. У кожным разе відаць было, што гэта не ворагі. Яны паступова зблізіліся, перамяшаліся, пачалі аглядаць, мацаць адны адных.
Адной малпе спадабалася наша красуня Агу. Малпа так прычапілася да дзяўчыны, што тая павінна была ўцячы на зямлю.
Але хутка людзям абрыдла гэтае знаёмства, і яны па чарзе спусціліся ўніз.
Малпы засталіся на дрэве і мелі такі выгляд, нібы казалі адна адной: «Вось табе і маеш!» З зайздрасцю пазіралі яны на сваіх знаёмых, як тыя вольна хадзілі па зямлі, прама і цвёрда трымаліся на дзвюх нагах і лёгка ўладалі сваімі вольнымі рукамі.
Пакрыўджаны «кавалер» захацеў таксама паказаць сябе, спусціўся на зямлю, стаў на дзве нагі і пайшоў да Агу.
Схіліўшыся, хістаючыся на кароткіх крывых нагах, абапіраючыся аб зямлю сваімі даўгімі рукамі, ён меў надта смешны выгляд, на які звярнула ўвагу нават наша дзяўчына. Яна спынілася і зірнула на яго так, што той адразу апусціўся на свае чатыры лапы і павалокся назад, на дрэва.
А яна адвярнулася і горда пайшла прэч. Якім мы ні лічылі б тагачаснага чалавека, а ўсё ж малпа была яму не раўня.
Тым часам людзі пакінулі стаянку і пайшлі далей. Малпы доўга яшчэ прабіраліся побач з імі па дрэвах і сачылі за кожным крокам «сваякоў»...
Але і горды чалавек пайшоў гэтак жа з пустымі рукамі, як і прыйшоў. Усе яго вынаходкі, усе яго прылады засталіся на месцы.
Толькі Ра ўзяў быў з сабой свой кій, але праз некалькі крокаў згубіў яго і забыўся аб гэтым.
Аднойчы, калі яны размяшчаліся спаць, Ра заўважыў на суседнім дрэве нейкую будоўлю з галля, нібы вялізнае гняздо. Ён зацікавіўся і палез туды. Там ён сапраўды ўбачыў пакінутае малпаю гняздо. Прасторнае, прытульнае, прыбранае мяккім лісцем, яно было найлепшым прытулкам нанач. Ра размясціўся там, як на ложку. Заўважыў гэта другі хлапец і таксама перабраўся да яго. Месца было досыць, і яны абодва праспалі там так, як ніколі не спалі.
А калі прачнуліся - нікога ўжо не было.
Іхнія бацькі і браты, як заўсёды, прачнуліся рана, сабраліся і пацягнуліся далей. Лічыць яны не ўмелі, памятаць кожнае не маглі, - так і пайшлі сабе, не ведаючы, што двух згубілі...
Вось выйшлі яны з лесу і ўбачылі перад сабой глыбокі і шырокі роў, размыты бягучай вадой. Цяпер унізе булькала толькі маленькая крыніца, але ў час дажджу яна бурна разлівалася.
На беразе рова лес канчаўся, а на другім баку ішла ўжо бязлесная мясцовасць. Людзі спусціліся ўніз і адразу заўважылі, што тут яны могуць мець вельмі добры прытулак. Стромкі бераг рова ў адным месцы стварыў нібы страху. Можна было схавацца і ад дажджу, і ад ветру. З другога боку ўвесь дзень грэла сонца, якому не перашкаджалі дрэвы. На два крокі ніжэй бегла чыстая вада. Адным словам, прытулак на славу.