35465.fb2
Аднаго разу зранку іх разбудзіў нейкі грукат, нібы зямля трэслася. Часам сыпаўся пясок на галаву.
Людзі ўстрывожыліся, пачалі прыслухоўвацца, але ніякай небяспекі не было відаць. І вось пачуўся страшэнны трэск, абвалілася зямля, шаснула ўніз верхавіна дрэва, а за ёй паляцела нейкая гара і заваліла роў.
Каб гэта адбылося на некалькі крокаў бліжэй, нашы людзі прапалі б, а цяпер толькі некаторых трохі засыпала ды дрэва закрыла іхнюю пячору. Яно ўбілася верхавінай уніз, а вывернутае карэнне трымалася на беразе.
Няма чаго і казаць, як перапалохаліся людзі. Але яны зусім скамянелі, калі выглянулі праз галлё: гара варушылася, дрыгала, груды зямлі разляталіся ў бакі, а спыненая крынічка паднялася і пералівалася праз гэтую грэблю, як вадаспад...
А наверсе тым часам адбылося наступнае.
Па лесе ішла велізарная жывёліна, вельмі падобная да мастадонта, толькі яшчэ большая, а біўні ў яе тырчалі не ўперад, а проста ўніз. Гэта быў дынатэры (альбо дынацэры), самы вялікі звер з пароды сысуноў, якія толькі былі на зямлі (не лічачы вадзяных). У той час, аб якім тут гаворыцца, яны ўжо знікалі; можа, нават, гэта быў апошні.
На яго напалі вядомыя нам махайроды. Абараняючыся ад ворагаў, дынатэры ўсё адыходзіў, пакуль не падышоў да абрыву. Ён абапёрся задам аб дрэва, якое расло на самым беразе, і падрыхтаваўся да абароны. Становішча яго было добрае, бо ён быў забяспечаны ад нападу ззаду.
Але... дрэва не вытрымала, вывернулася, і няшчасны звер паляцеў уніз разам з ім...
Дынатэры ляжаў на баку, упоперак рова, моцна сціснуты яго берагамі. Крыніца паступова размыла зямлю і зноў працерабіла сабе дарогу ўнізе, пад зверам, як пад мастом. Але дынатэры быў жывы; некалькі нязначных ран ад іклаў драпежнікаў яму не пашкодзілі. Ён біўся, хроп, але дарэмна...
Людзі павылазілі з-за свайго дрэва, ужо хацелі былі падысці, але раптам у трывозе кінуліся назад: у роў спусціліся махайроды і набліжаліся да сваёй уласнай здабычы.
Тут пачалося нешта такое, ад чаго нават у нашых людзей сціснуліся сэрцы. Махайроды накінуліся на жывога звера і пачалі яго жэрці. А волат толькі дрыжаў, хроп і нічога не мог ім зрабіць. У розных месцах паразрывалі скуру, павыядалі мяса, а дынатэры ўсё яшчэ быў жывы, бо пры яго велічыні і таўшчыні гэтыя раны не былі смяртэльнымі. І калі махайроды пад'елі і пайшлі - волат застаўся таксама жывы.
Тады падышлі людзі. Даўно яны не елі мяса, голад прачнуўся, але нешта стрымлівала іх, не давала кінуцца на жывога звера. Прайшоў некаторы час, звер усё яшчэ быў жывы, і... паступова, адзін за адным, людзі прыступіліся да яго...
Добра яшчэ, што махайроды зрабілі пачын, бо інакш людзі ні ў якім разе не маглі б прадраць скуры.
Але ледзь толькі яны пачалі «снедаць», як з'явіліся гіены. Гэтыя агідныя стварэнні здалёк чуюць, дзе можна пажывіцца, і заўсёды паспеюць на частаванне. Звычайна яны сядзяць збоку і чакаюць, калі дужэйшы звер (леў або тыгр) пад'есць, і тады толькі атрымліваюць рэшткі.
А такіх мізэрных звяроў, як тагачасны чалавек, яны зусім не баяліся, не паважалі і адразу сунуліся наперад. Вось тут і дапамаглі ранейшыя спробы чалавека па ўжыванню прыладаў або зброі.
Важак і Краг ухапілі два сукі і... выцялі па спінах таго-другога з няпрошаных гасцей. У першы момант здавалася, што гіены больш здзівіліся ад такога незвычайнага спаткання, чымся перапалохаліся. Ніколі яны такога ні ад каго не бачылі!
Потым гіены раззлаваліся і рынуліся ў сапраўдную бойку. Але цяпер ужо не толькі павадыр і Краг, але ўсе, хто мог, ухапіліся за зброю, і гіены павінны былі ўцякаць, пакінуўшы аднаго свайго забітага. Чалавек перамог. Перамог ворага ў бойцы са зброяй у руках! З гэтага часу чалавек зрабіўся самай дужай, самай магутнай істотай на зямлі. Ён ужо мог нікога не баяцца, апрача такіх, як ён сам...
На жаль, новае здарэнне перашкодзіла ім як належыць усвядоміць і замацаваць сваё набыццё.
Ужо некалькі часу недзе грукатаў гром, але дождж прайшоў міма.
Праз некаторы ж час зноў пачуўся гул, які ўсё набліжаўся ды набліжаўся. Крынічка пачала павялічвацца, а праз хвіліну з-за завароту рова вылецела хваля вады. На момант яна спынілася ля дынатэрыя, закруцілася, паднялася; труп заварушыўся і крануўся з месца.
Вада ўсё прыбывае, напірае, дабіраецца да людзей. Яны палезлі на дрэва. Вада яшчэ вышэй. Вось дынатэры павярнуўся бокам, зрушыў з месца, але зачапіўся за дрэва. Людзі пачалі паспешна вылазіць з рова па дрэве, некалькі чалавек вылезла, але дрэва не вытрымала націску, адарвалася ад кораня і шуснула ў ваду.
Вада панесла разам і дрэва, і людзей, і труп звера. На бліжэйшым завароце дрэва зноў зачапілася, і людзі выбраліся на бераг.
Усё гэта зрабілася вельмі хутка, але ніякага няшчасця не здарылася. Вада гэтак жа хутка прайшла, як і наляцела.
Але «дом» ужо быў сапсуты, вільготны, слізкі. Трэба было зноў ісці бадзяцца...
Ідучы ўздоўж рова, наш гурток выйшаў да шырокай ракі. Берагі яе былі даволі стромкія, і пад імі людзі знайшлі прытулак яшчэ лепшы за ранейшы. Тут аб'ядналіся разам усе выгоды: і лес, і луг, які пачынаўся за ровам, і шырокая рака, і зараснік, які падняўся ў тым месцы, дзе раўчук нанёс шмат пяску. А на небасхіле відаць былі горы; над імі нібы хмары, нібы дым.
Добра размясціўся наш народ пад выступам берага. Нават самая пячора была не ля вады, а значна далей і вышэй, што давала магчымасць быць далей ад непажаданых суседзяў, якія маглі быць у рацэ. Бязлесны бераг над галавой не пагражаў ужо, што з неба зваліцца якое-небудзь страшыдла.
У гэтым кутку мелася ўсё, што трэба чалавеку: і лясныя плады, і стэпавыя зёлкі, і рыба ў вадзе, і лугавая жывёла, і, нарэшце, шмат птушак, якія капашыліся ў чаротніку.
Усё было, толькі не ведаў яшчэ чалавек, як усё гэта скарыстаць.
Але птушкі, як кажуць, самі лезлі ў рукі. Ніколі яны не бачылі чалавека, ніхто на іх не паляваў, і яны нават не думалі сцерагчыся гэтых двухногіх звяроў.
Чаплі, качкі, грыцукі, журавы, чайкі капашыліся і лёталі цэлымі зграямі. Даўганогія фламінга стаялі на адной назе, як вартаўнікі, а смешныя гарбатыя пеліканы таўкліся, як дурні, на адным месцы.
Калі павадыр ухапіў аднаго пелікана, то рэшта толькі крыху адступілася ўбок ды здзіўлена глядзела на тузаніну.
Праз некаторы час бераг пакрыўся пер'ем, як снегам, а пух насіўся воблакам. Добра пад'елі людзі ў гэты дзень. Але птушкам гэта не падабалася, і яны ўжо трымаліся далей ад няпрошаных гасцей.
Рэшту гэтага дня людзі спакойна адпачывалі, перакідваліся тымі словамі, якія ў іх былі назапасены. Да гэтага яшчэ далучылася слова, якое азначала разам усіх гэтых птушак, што тутака жылі. Падыходзілі да вады, схіляліся і наглядалі рыб, нават штурхалі адзін аднаго, паказвалі рукой і казалі нейкія словы, кожны па-свойму. Якое-небудзь з гэтых слоў прышчэпіцца і будзе азначаць рыбу наогул.
Але вось перад імі высунулася з вады страшэнная, доўгая пляскатая галава з вялізным ротам і зубамі. Гледачы трывожна закрычалі і шарахнуліся назад. Гэта спалохала і кракадзіла, і ён зноў схаваўся пад вадой.
Уначы чуліся нейкія гукі, тупат, нібы грукат, але змораныя людзі нічога не чулі і праспалі спакойна.
Назаўтра яны зноў пайшлі паляваць на птушак, але справа была ўжо зусім іншая. Птушкі даведаліся, што гэта за прыяцелі такія, і ўжо не чакалі, пакуль іх возьмуць. Прыйшлося за імі бегаць, ганяцца, падняўся шум, гвалт, ад гэтага яшчэ большы спалох, і нарэшце нашы паляўнічыя вярнуліся з адным фламінга, некалькімі маленькімі птушанятамі ды яйкамі.
Дадаўшы да гэтага жаб, слімакоў ды карэнняў аеру, пражылі дзень не горш за ўчарашні. І зноў прыпомнілі аб прыладах, і вось адзін, вось другі пачалі ўжываць трэсачкі, чарапашкі, вострыя каменьчыкі, асабліва ж косці, якіх шмат было супраць таго месца, дзе ўліваўся раўчук.
У гэтым месцы была нібы сцежка, якая ішла ад лесу да ракі. Яна была таксама досыць стромкая і вузкая, але з'яўлялася адзінаю дарожкай, па якой можна было даступіцца да вады. І па звярыных слядах можна было бачыць, што звяры ёю карыстаюцца.
Некалькі разоў пасярэдзіне ракі пачынаўся шум, плюханне, нібы сапенне; потым пачынаў варушыцца нейкі велізарны звер, але да берага не падыходзіў. І гэты невядомы вадзяны звер рабіў на людзей больш моцнае ўражанне, чым усе лясныя драпежнікі, якіх прынамсі можна было бачыць.
І вось пад вечар, калі людзі сядзелі ўжо ў сваёй пячоры, гэты звер выйшаў з вады. Увайшоў у чаротнік, спудзіў птушак, пачаў там валаводзіцца ды трашчаць. Гэта быў бегемот (гіпапатам), якіх і цяпер досыць у Афрыцы.
У гэты самы час па сцежцы спускаліся на вадапой чатыры мастадонты. Убачыўшы такіх волатаў, бегемот хутка пайшоў «дадому». Мастадонты ўвайшлі ў ваду, напіліся, пастаялі крыху і завярнуліся назад.
Ледзь толькі пярэдні ступіў на сцежку, як зверху паказаліся два насарогі, якія таксама ішлі на вадапой.
На вузкай сцежцы такія волаты не маглі ні размінуцца, ні завярнуць назад. Сутычка была немінучая, тым болей што насарогі заўсёды ахвотнікі пабіцца.
Пярэдні насарог, спускаючыся ўніз, нават неспадзявана для сябе самога апынуўся між двух мастадонтаў. Не доўга думаючы, ён схіліў галаву ўбок і запусціў свой страшэнны рог у чэрава мастадонта. Той зароў так, што, здаецца, зямля ўздрыганулася, і прысеў на заднія ногі.
Затрубілі другія мастадонты*, зараўлі абодва насарогі, рэха пакацілася па ваколіцах, людзі забіліся ў куток і не дыхалі.
* Голас сучасных сланоў таксама падобны да гуку трубы.
Тым часам задні мастадонт ужо ўсадзіў свае двухметровыя біўні ў шыю насарога, і той зваліўся побач з параненым мастадонтам. Апошні насарог, убачыўшы, што ён застаўся адзін супраць трох, пачаў заварочвацца, каб уцячы, але ў гэты момант дзве пары біўняў распаролі яму бок.
Разбойнікі былі пераможаны. Паранены мастадонт сядзеў на задніх нагах і стагнаў. Таварышы круціліся ля яго, абнюхвалі, краталі хобатамі, нібы стараліся дапамагчы ўстаць.
Але ён слабеў усё больш і больш. Праз некаторы час ён грукнуўся на зямлю.