35465.fb2
І пачалі тады хлопцы ганяцца за трусам. Голад прымусіў іх ганяцца доўга, упарта, пакуль трус не зморыцца. Так загналі яны яго ў кут, дзе лагчына звужалася і пераходзіла ў голую камяністую пляцоўку.
Пляцоўка была невысокая, даволі роўная, але неяк зморшчаная, нібы зацвярдзелая каша. Хлопцы тым часам дужа змарыліся, асабліва давала сябе адчуваць гарачыня, якая, здавалася, ішла ад самай гэтай каменнай плошчы.
Загнаны ў кут трус, не маючы куды дзецца, ускочыў на каменне і пачаў вырабляць такія скокі, што хлопцы спыніліся і разявілі раты.
Трус падскакваў як шалёны, ні на адзін момант ён не спыняўся на зямлі; ледзь толькі дакранецца, як адразу ж зноў скокне як мага вышэй.
Праз некалькі хвілін ён пачаў слабець, перакульвацца, але свае скокі не спыняў да таго часу, пакуль ужо зусім не змог падняцца.
Тады пачалося новае дзіва: трус задыміўся.
Дым павялічваўся, гусцеў, а праз хвіліну поўсць запалілася ўжо агнём.
І адразу хлопцам успомнілася тое дзіўнае стварэнне, якое яны калісьці бачылі ў лесе.
Поўсць абгарэла, агонь згас, але справа не скончылася: трус пачаў шкварыцца, сіпеў, трашчаў, як на патэльні. Прыемны пах заказытаў у носе ў галодных хлопцаў. Яны рынуліся да труса, але са страшэнным крыкам адскочылі назад: нешта так укусіла іх за ногі, што аж уваччу пацямнела.
А між тым смачны смажаны трус ляжаў зусім блізка, крокі на два ад краю, і вабіў сваім прыемным пахам. А голад так мучыў! Надыходзіў ужо вечар, а хлопцы за ўвесь дзень пажывіліся толькі некалькімі зярняткамі ды казюлькамі.
Становішча было нясцерпнае. Галовы напружваліся, каб што-небудзь надумаць, і вось трапіла ў вочы абгарэлае галлё, рэшткі нейкага хмызняку. Адразу прыпомніліся ранейшыя гульні і розныя прыгоды з такім самым галлём...
А праз некалькі хвілін хлопцы дубцамі прыцягнулі да сябе смажаніну*.
* Чытачы, мусіць, ужо здагадаліся, што каменная пляцоўка была з лавы, якую нядаўна выліў вулкан. А што азначае слова «нядаўна», можна ўявіць сабе з наступнага прыкладу: у Цэнтральнай Амерыцы аднаго разу падарожнікі запальвалі папяросы ад лавы, якая была выкінута вулканам... 37 гадоў назад.
З якім смакам першы раз за сваё існаванне чалавек пад'еў смажанага мяса!
Надыходзіў вечар, у паветры рабілася халадней, затое як прыемна, цёпла і прытульна было ля гэтай печы.
Гуляючы, хлопцы пачалі кідаць на лаву галінкі, і... яны загараліся светлым полымем, такім самым, як калісьці ў лесе. Асвятлілася мясцовасць навакол, асвятліліся твары хлопцаў, і разам са святлом засвяцілася на іх нібы ўсмешка.
Вось агонь пагас, і зноў зрабілася цёмна і непрытульна. Тады зноў падкінулі галля - і зноў стала светла.
Значыцца, можна самому зрабіць гэты агонь, па свайму жаданню?!
Гэтае пачуццё, як хваляй, заліло ўсю істоту хлопцаў. Яны ўжо наўмысля давалі агню згаснуць, а потым зноў яго выклікалі.
Некалькі жывёлін наблізілася, спынілася і здзіўлена наглядала, што вырабляюць гэтыя невядомыя маленькія двухногія стварэнні.
Раз яны паклалі досыць доўгую галіну, а калі запаліўся адзін яе канец, узяліся за другі, - і... агонь апынуўся ў іх уласных руках. Махнулі яны палаючай галінай раз, другі. Як заравуць жывёліны, як кінуцца прэч. А хлопчыкі так весела закрычалі, што, здавалася, гэта быў ужо рогат пераможніка-чалавека.
Адламалася маленькая гаручая галінка, звалілася на зямлю. Падсунулі да яе другую галінку, і - агонь пераскочыў на яе. Падсунулі яшчэ адну - таксама.
А праз хвіліну на зямлі было вогнішча, першае вогнішча, зробленае рукамі чалавека.
Таксама гуляючы, перакінулі галінку на другое месца і там зрабілі другое вогнішча.
Забыліся хлопцы і на зморанасць, і на сон. Толькі і думалі, каб знайсці дзе галінку ды падкінуць у агонь. Добра яшчэ, што больш-менш знаходзілася галля, ды яшчэ сухога. Відаць, у гэтай лагчыне рос хмызняк перад тым, як лава яго заліла.
І калі хлопцы пазбіралі ды спалілі ўсё бліжэйшае галлё, тады толькі яны паваліліся на зямлю і паснулі.
Прачнуліся позна. Адразу ж успомнілі пра ўчарашнія падзеі і зноў паспрабавалі выклікаць агонь. І агонь паслухмяна з'явіўся.
Але пасля ўчарашняй вячэры адчувалася страшэнная смага. А бліжэйшая вада была досыць далёка, каля лесу, адкуль яны ўчора прыйшлі. Як ні цярпелі, але не маглі вытрымаць і павінны былі ісці шукаць вады.
Напіліся і пайшлі назад. Па дарозе ім прыпомнілася ўчарашняе паляванне на труса, і яны захацелі зноў зрабіць таксама. Але на гэты раз нічога не выйшла: трус уцёк у другі бок. Замест гэтага яны злавілі двух маленькіх мышанят. Але якія нясмачныя яны былі ў параўнанні з учарашняй смажанінай!
Закусілі зёлкамі і зноў пагулялі ля вогнішча. Але праз гадзіны дзве зноў захацелі піць і зноў павінны былі ісці да лесу.
На абед ім пашанцавала злавіць труса. І вось, прыпомніўшы ўчарашнюю смажаніну, яны самі кінулі яго «на пліту». Гэта ўжо быў велізарнейшы поспех. Падумаць толькі: яны самі зрабілі гэтак, захацелі і зрабілі. Хто з іхніх суседзяў, малпаў, махайродаў ці тапіраў, мог так зрабіць?
Адна толькі бяда была - гэта кожны раз цягнуцца далёка, каб напіцца, бо адлегласць да лесу была кіламетры са два. Ды і жывёлы, убачыўшы, што тут швэндаюцца нейкія неспакойныя і шкодныя стварэнні, пастараліся адысці далей.
Часам хлопцы ўвесь дзень бадзяліся зусім у другім баку, але на ноч прыходзілі сюды, каб пагрэцца і пагуляць з агнём.
Надвор'е ўвесь час было сухое, гарачае. Трава на лузе пасохла.
І вось аднаго разу хлопцы зрабілі вогнішча далей, сярод густой, сухой травы. Не паспелі яны дадаць галля, як агонь сам пайшоў паўзці па траве. Далей - болей, і пачаўся такі пажар, што хлопцы без памяці пабеглі ў лес. А разам з імі ўсё жывое. Пад нагамі мышы, трусы, пацукі. Побач - гіпарыёны, антылопы і розныя іншыя. Некалькі разоў жывёлы збівалі хлопцаў з ног. Кожны думаў толькі аб тым, каб самому выратавацца.
Вось ужо лес, ручаіна, а ззаду агонь дасягае, смаліць. Пераскочылі яны праз ваду, пабеглі далей - чуюць, што ззаду цішэй стала. Азірнуліся - агонь ужо не гоніцца. Ён спыніўся ля берага і пайшоў убок.
Тады вярнуліся назад. На другім баку чарнелася поле, дымілася некалькі абсмаленых дрэў. Пажар гуў недзе далёка. Але прайшло яшчэ шмат часу, пакуль хлопцы зусім супакоіліся.
Потым асцярожна перайшлі на той бок і сталі хадзіць па цёплай зямлі. А далей, ідучы ўздоўж лесу, яны натрапілі на смажаную жывёліну велічынёй з барана. Тут яны і спыніліся.
Але не паспелі яшчэ прыстасавацца, як з лесу паказаўся тыгр. Адным духам хлопцы адбегліся і апынуліся на дрэве. З якой зайздрасцю пазіралі яны адтуль, як вораг паядаў іхнюю смажаніну!
Дзень скончыўся; хутка сцямнелася. І тут нашы хлопцы заўважылі, што недзе блізка паблісквае агонь. Цяпер ужо агонь для іх быў «свой брат». Нягледзячы на тое, што тыгр яшчэ не скончыў вячэру і быў недалёка, яны ціхенька злезлі з дрэва і падышлі да агню.
Гарэў тоўсты буралом. Гарэў слаба, ледзь-ледзь свяціўся. Але нашы таварышы з гаспадарскім выглядам і важнай мінай пачалі падкідваць галлё. Агонь весела затрашчаў, павялічыўся і асвятліў тыгра.
Той пакінуў есці і недаўменна паглядзеў, нібы пытаючыся: што гэта за штукі такія? Здаецца, гэта тыя самыя нікчэмныя жэўжыкі, якія толькі што паўцякалі адсюль, але якія яны грозныя, як страшна яны там арудуюць. А вось гэтае жудаснае ўжо ў іх руках, яны так грозна размахваюць ім.
І, апусціўшы хвост, тыгр ціхенька ўцёк у лес.
Тады хлопцы падцягнулі сваю здабычу да вогнішча і спакойна павячэралі пад аховаю агню.
Навакол ляскалі зубамі звяры, але кожны раз, калі хлопцы падкладалі галля, асабліва, калі з трэскам ляцелі іскры, - звяры адскаквалі назад.
Але трэба быць справядлівым і шчыра падзякаваць гэтым звярам. Каб яны не ляскалі зубамі, дык нашы хлопцы спакойна паснулі б і спусцілі агонь. А цяпер яны ўвесь час былі прымушаны падтрымліваць яго, увесь час яны вучыліся, як ужываць яго.
На другі ж дзень агню пагражала сур'ёзная небяспека. Сонца свяціла ясна і горача. Грэцца не трэба было. Святло ад агню не мела ніякага знаку. І калі паказаўся той самы тыгр, нашы хлопцы нават і не спрабавалі пудзіць яго галінамі, якія днём ніякага асаблівага выгляду не мелі. Яны паўцякалі гэтаксама, як і ўчора.
Навошта было падтрымліваць агонь удзень? Яны бадзяліся навакол, як заўсёды, і, паміж іншым, зусім блізка натрапілі на пячору, з якой калісьці іх выгнаў леў. Праўда, дакладна гэтага яны не памяталі, але нейкія ўспаміны заварушыліся, прынамсі яны добра ведалі, што гэтае месца ім знаёмае і што тут адбывалася з імі нешта незвычайнае.
У кожным разе яны ахвотна спыніліся ў гэтай пячоры, а да вогнішча хадзілі даядаць свайго барана. Там яны дзеля гульні падправілі агонь і цешыліся, гледзячы на дым. Толькі дзякуючы гэтаму, ды яшчэ таму, што там гарэлі тоўстыя кавалкі дрэва, толькі таму захаваўся агонь да вечара.