35983.fb2 Чорная страла - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

Чорная страла - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

Кніга першаяДВА ХЛОПЧЫКІ

Раздзел IПад шыльдай «Сонца» ў Кэтлі

Сэр Дэніэл і яго воіны размясціліся на гэтую ноч у Кэтлі і бліжэйшых ваколіцах у цёплых, добра ахоўваемых дамах. Але тэнстолскі рыцар быў з тых людзей, якіх ні на хвіліну не пакідае прага нажывы; і нават цяпер, напярэдадні паходу, у якім ён павінен быў або перамагчы, або загінуць, ён падняўся ў гадзіну ночы, каб выбіць грошы са сваіх бедных суседзяў. Ён нажываўся на спрэчных спадчынах. Звычайна ён купляў права спадчыны ў якога-небудзь безнадзейнага прэтэндэнта і потым з дапамогай магутных лордаў, што акружалі караля, дабіваўся няправільных рашэнняў у сваю карысць; калі ж гэта было надта турботна, ён проста захопліваў спрэчны маёнтак сілай, а затым з дапамогай сваіх сувязей і сэра Олівера, які ўмеў круціць законам як заўгодна, утрымліваў захопленае. Такім чынам зусім нядаўна ён наклаў сваю лапу і на вёску Кэтлі; тут ён усё яшчэ сустракаў адпор з боку сялян, і, каб запалохаць незадаволеных, ён і прывёў сюды свае войскі.

У дзве гадзіны ночы сэр Дэніэл сядзеў у харчэўні каля самага агню, таму што па начах у акружаным балотамі Кэтлі было холадна. Каля яго локця стаяў кубак элю, настоенага на прыправах, ён зняў свой шлем з забралам і сядзеў — лысы, худы, смуглы, захутаны ў крывава-чырвоны плашч, — апусціўшы галаву на руку. У далёкіх кутках пакоя размясціліся яго воіны — чалавек дванаццаць; адны з іх каравулілі каля дзвярэй; іншыя спалі на лаўках; трошкі бліжэй, на падлозе, загарнуўшыся ў плашч, спаў хлопчык гадоў дванаццаці-трынаццаці. Гаспадар «Сонца» стаяў перад сваім валадаром.

— Слухайся маіх загадаў, гаспадар, — казаў сэр Дэніэл, — і я заўсёды буду табе добрым панам. Я хачу, каб маімі вёскамі кіравалі добрыя людзі; я хачу каб Адам-э-Мор быў выбраны галоўным канстэблем; паклапаціся аб гэтым. Калі вы выбераце іншага, вам будзе дрэнна. Я вам дараваць не збіраюся, вы ўсе правінаваціліся перада мной, таму што вы ўсе плацілі чынш Уэлсінгэму. І ты таксама плаціў, мой шаноўны.

— Слаўны рыцар, — сказаў гаспадар, — я гатовы прысягнуць на крыжы Халівуда, што я плаціў Уэлсінгэму толькі па прымусу. Не, добры рыцар, я не люблю нягодных Уэлсінгэмаў. Яны бедныя, быццам зладзеі, слаўны рыцар. Мне падабаюцца магутныя лорды накшталт вас. Спытайце каго заўгодна, — усе скажуць, што я заўсёды стаяў за Брэклі.

— Можа быць, — суха прамовіў сэр Дэніэл. — І таму ты заплаціш удвая.

Шынкар скрывіўся, зрэшты, у тыя неспакойныя часы падобныя здзекі былі не ў навіну, і ў глыбіні душы ён, напэўна, быў рады, што так лёгка выкруціўся.

— Прывядзі старога, Сэлдэн! — крыкнуў рыцар.

Адзін з воінаў увёў у пакой абарванага, згорбленага старога, бледнага, як свечка; стары дрыжаў ад балотнай ліхаманкі.

— Як цябе завуць? — спытаў сэр Дэніэл.

— З дазволу вашай светласці, — адказаў стары, — мяне завуць Кандол. Кандол з Шорбі, з дазволу вашай светласці.

— Мне расказвалі пра цябе шмат кепскага, — сказаў рыцар. — Ты, аказваецца, здраднік, нягоднік! Вадзяешся ўсюды і разносіш небыліцы. Цябе падазраюць у забойстве не аднаго чалавека. Вось які ты, аказваецца, смяльчак! Не турбуйся, я цябе супакою!

— Глыбокашаноўны і высокапаважаны лорд, — ускрыкнуў стары, — тут нейкая блытаніна! Я бедны чалавек, я ніколі нікога не крыўдзіў.

— Памочнік шэрыфа гаварыў аб табе вельмі пагана, — сказаў рыцар. — «Схапіце, — загадаў ён, — гэтага Тындэла з Шорбі».

— Мяне завуць Кандол, мой добры лорд, — сказаў няшчасны.

— Кандол або Тындэл — гэта ўсё роўна, — холадна адказаў сэр Дэніэл. — Ты папаўся, і я дужа сумняваюся ў тваёй сумленнасці. Калі хочаш выратаваць сваю шыю ад пятлі, напішы мне зараз жа абавязацельства заплаціць дваццаць фунтаў.

— Дваццаць фунтаў, мой добры лорд! — усклікнуў Кандол. — Гэта вар'яцтва! Уся мая маёмасць не каштуе і сямідзесяці шылінгаў.

— Кандол або Тындэл, — сказаў сэр Дэніэл, засмяяўшыся, — я гатовы пайсці на гэтую рызыку. Напішы мне абавязацельства на дваццаць фунтаў, я атрымаю з цябе ўсё, што змагу, і па сваёй дабраце дарую табе астатняе.

— На жаль, мой добры лорд, я не ўмею пісаць, — сказаў Кандол.

— На жаль, мой бедны Кандол, — перадражніў яго рыцар, — давядзецца прыняць крутыя меры. Мне так хацелася пашкадаваць цябе, Тындэл, але сумленне не дазваляе… Сэлдэн, вазьмі гэтага старога буркуна, падвядзі яго ціхенька да бліжэйшага вяза ды павесь там як мага пяшчотней за шыю, каб я яго бачыў, калі буду праязджаць міма… Добрага шляху вам, слаўны майстар Кандол, мілы майстар Тындэл! Вы на ўсім скаку ўедзеце ў рай! Добрага вам шляху!

— О лорд, вы вялікі жартаўнік! — адказаў Кандол і прымусіў сябе лісліва ўсміхнуцца. — Вам належыць патрабаваць, а мне належыць падпарадкоўвацца, і я, нягледзячы на ўсё маё няўменне, паспрабую напісаць абавязацельства.

— Шаноўны! — сказаў сэр Дэніэл. — Зараз ты напішаш на сорак. Хопіць! Ты хітрун, і маёмасць твая каштуе не семдзесят шылінгаў. Сэлдэн, прасачы, каб ён усё напісаў як трэба і каб подпіс яго быў правільна засведчаны.

І сэр Дэніэл, самы вясёлы рыцар у Англіі, глынуў духмянага элю і з усмешкай адкінуўся на спінку крэсла.

Хлопчык на падлозе варухнуўся, сеў і спалохана агледзеў пакой.

— Ідзі сюды, — сказаў сэр Дэніэл; і калі хлопчык, падпарадкоўваючыся яго загаду, падняўся і паволі падышоў да яго, ён зноў адкінуўся назад і гучна зарагатаў. — Клянуся распяццем! — крыкнуў ён. — Які мацак!

Хлопчык пачырванеў ад гневу, і ў цёмных яго вачах бліснула нянавісць. Цяпер, калі ён стаяў, цяжка было вызначыць яго ўзрост. Твар у яго быў свежы, як у дзіцяці, але выраз твару ўжо не дзіцячы; целам ён быў незвычайна тонкі і хадзіў трошкі нязграбна.

— Вы паклікалі мяне, сэр Дэніэл, — сказаў ён, — для таго, каб пасмяяцца над маім сумным становішчам?

— А чаму не пасмяяцца? — спытаў рыцар. — Будзь ласкавы, дазволь ужо мне пасмяяцца. Калі б ты мог бачыць сябе, ты першы засмяяўся б.

— Калі вы будзеце плаціць за ўсё, вы заплаціце і за гэта, — сказаў хлопчык, густа чырванеючы. — А пакуль смейцеся колькі вам заўгодна!

— Не думай, што я насміхаюся над табою, мілы браце, — адказаў сэр Дэніэл, перастаўшы смяяцца. — Гэта толькі жарты. Я ж проста жартую па-сваяцку, па-сяброўску. Я наладжу твой шлюб, атрымаю за яго тысячу фунтаў і буду вельмі цябе любіць. Праўда, я трошкі груба цябе ўкраў, але іншага выйсця не было. Аднак зараз я буду служыць табе ад усяго сэрца. Ты станеш місіс Шэлтан… не, лэдзі Шэлтан, клянуся небам, таму што хлопчык далёка пойдзе. Лухта! Няма чаго саромецца сумленнага смеху, смех разганяе смутак. Дурныя людзі ніколі не смяюцца, добры браце… Шаноўнейшы гаспадар, дай павячэраць майму братку, майстру Джону… Сядай, дружа, і еш.

— Не, — сказаў майстар Джон, — есці я не буду. Вы завабілі мяне ў грэх, і мне трэба падумаць аб сваёй душы… Добры гаспадар, будзь ласкавы, прынясі мне кубак чыстай вады; я табе буду шчыра ўдзячны.

— Ты атрымаеш адпушчэнне ўсіх грахоў, ліха цябе бяры! — крыкнуў рыцар. — Паспавядаешся — і справе канец! Еш і ні аб чым не трывожся!

Але хлопчык быў упарты: ён выпіў кубак вады, загарнуўся ў свой плашч, сеў у далёкі кут і змрочна задумаўся.

Пад раніцу ў вёсцы паднялася сумятня, пачуліся вокрыкі вартавых, зазвінела зброя, застукалі капыты; атрад коннікаў пад'ехаў да дзвярэй харчэўні, і Рычард Шэлтан, запырсканы гразёю, пераступіў праз парог.

— Няхай беражэ вас неба, сэр Дэніэл! — сказаў ён.

— Як? Дзік Шэлтан? — закрычаў рыцар. Хлопчык, які сядзеў у куце, пачуўшы імя Дзіка, з цікаўнасцю падняў галаву. — А дзе Бенет Хэтч?

— Вось вам, сэр рыцар, пакет ад сэра Олівера. Прачытайце, што ён піша, і ўсё даведаецеся, — адказаў Рычард, падаючы яму пісьмо свяшчэнніка. — І, калі ласка, паспяшайцеся, таму што трэба скакаць на ўвесь мах да Райзінгэма. На шляху мы сустрэлі ганца, які дужа спяшаўся з пісьмамі; ён паведаміў нам, што мілорду Райзінгэму пагражае паражэнне і ён чакае ад нас дапамогі.

— Як ты сказаў? Пагражае паражэнне? — перапытаў рыцар. — Ну не, тады мы будзем крукам сядзець тут, добры Рычард. У нашым няшчасным ангельскім каралеўстве хто цішэй едзе, той далей будзе. Кажуць, што марудзіць небяспечна, а па-мойму, больш небяспечна спяшацца. Запомні гэта, Дзік. Але перш дай мне паглядзець, што за жывёлу ты прыгнаў сюды. Сэлдэн, зачыні за мною дзверы на засаўку!

Сэр Дэніэл выйшаў на вясковую вуліцу і пры чырвоным святле факела агледзеў свае новыя войскі. Яго не любілі як суседа, не любілі як валадара, але тыя, хто змагаўся пад яго сцягамі, вельмі любілі яго як военачальніка. Яго рашучасць, яго выпрабаваная мужнасць, яго клопаты аб зручнасцях салдат, нават яго грубыя жарты — усё гэта падабалася смельчакам у латах і шлемах.

— Клянуся распяццем, — крыкнуў ён, — што за нікчэмныя сабакі! Адны выгнуліся, як лукі, другія худыя, як дзіды! Сябры, у час бітвы я пушчу вас наперад; такіх, як вы, берагчы не варта, сябры. Дайце мне разгледзець гэтага старога дурня на рабой здыхлі! Двухгадовы баран вярхом на свінні больш падобны на салдата, чым ты. А, Кліпсбі! І ты тут, стары пацук? Вось чалавек, якім я зусім не хачу даражыць! Ты паедзеш наперадзе ўсіх, а на грудзях у цябе будзе намаляваная мішэнь, каб варожыя стралкі не прамахнуліся. Дык вось, вырашана. Ты будзеш скакаць наперадзе і паказваць мне дарогу.

— Я пакажу вам любую дарогу, сэр Дэніэл, але толькі не тую, што вядзе да здрады, — бясстрашна адказаў Кліпсбі.

Сэр Дэніэл гучна зарагатаў.

— Нядрэнна сказана! — усклікнуў ён. — Язык у цябе добра падвешаны, чорт цябе вазьмі! Дарую табе твой жарт. Сэлдэн, накармі людзей і коней.

І рыцар вярнуўся ў харчэўню.

— Ну, дружа Дзік, пачынай, — сказаў ён. — Вось слаўны эль, вось свініна. Еш, а я пакуль пачытаю.

Ён разарваў пакет, прачытаў ліст і нахмурыўся. Некалькі хвілін ён сядзеў, раздумваючы. Потым Уважліва паглядзеў на свайго выхаванца.

— Дзік, — спытаў ён, — ты чытаў гэтыя паскудныя вершыкі?

Хлопчык адказаў, што чытаў.

— У іх згадваюць твайго бацьку, — сказаў рыцар, — і якісьці вар'ят абвінавачвае нашага няшчаснага балбатуна-свяшчэнніка ў тым, што ён забіў яго.

— Сэр Олівер з гэтым не згодны, — адказаў Дзік.

— Не згодны? — усклікнуў рыцар рэзка. — А ты не слухай яго! У яго язык без касцей, балбоча, нібы сарока. Я калі-небудзь у вольную хвілінку ўсё сам табе раскажу, Дзік. У забойстве твайго бацькі падазравалі нейкага Дэкуорта; але час быў смутны, і дамагчыся правасуддзя нам не ўдалося.

— Бацьку забілі ў замку Мот? — спытаў Дзік, і сэрца ў яго страпянулася.

— Паміж замкам Мот і Халівудам, — адказаў сэр Дэніэл спакойным голасам, аднак кінуў на Дзіка пахмуры, падазроны позірк. — Ну, еш хутчэй, — дадаў рыцар, — і павязеш маё пісьмо ў Тэнстол.

У Дзіка выцягнуўся твар.

— Прашу вас, сэр Дэніэл, — усклікнуў ён, — пашліце каго-небудзь з сялян! Дазвольце мне прыняць удзел у бітве. Я буду храбра змагацца!

— Не сумняваюся, — адказаў сэр Дэніэл і сеў пісаць ліст. — Але нас, Дзік, зусім не чакаюць воінскія ўшанаванні. Я буду сядзець тут, у Кэтлі, да таго часу, пакуль не стане зразумела, хто пераможа ў гэтай бітве, і тады далучуся да пераможцы. Не кажы, што гэта баязлівасць, Дзік; гэта — усяго толькі добры розум. Наша няшчасная дзяржава змучана бунтамі, кароль то на троне, то ў турме, і ніхто не можа ведаць, што будзе заўтра. Пустамелі і Ветрагоны змагаюцца на адным баку або на другім, а лорд Здаровы Сэнс сядзіць і чакае моманту.

З гэтымі словамі сэр Дэніэл павярнуўся да Дзіка спіной і, прысеўшы за другі канец стала, пачаў пісаць. Куточкі яго губ уздрыгвалі. Гісторыя з чорнай стралой вельмі затрывожыла яго.

Тым часам малады Шэлтан старанна еў. Раптам хтосьці крануў яго за руку, і над вухам у яго пачуўся шэпт.

— Не падавайце выгляду, што вы чуеце, прашу вас! — шаптаў чыйсьці голас. — Зрабіце мне паслугу, растлумачце, якой дарогай можна хутчэй даехаць да Халівуда. Малю вас, добры хлопчык, дапамажыце няшчаснаму, які трапіў у бяду, пакажыце мне шлях да выратавання.

— Ідзіце паўз ветраны млын, — адказаў Дзік таксама шэптам. — Сцяжынка давядзе вас да пераправы цераз Ціл. Там вам раскажуць, як ісці далей.

Ён нават галавы не павярнуў і зноў узяўся за ежу. Але куточкам вока ён заўважыў, як хлопчык, якога называлі «майстар Джон», асцярожна выслізнуў з пакоя.

«Ён ні трошкі не старэй за мяне, — падумаў Дзік. — І ён асмеліўся назваць мяне хлопчыкам! Ды калі б я ведаў, што са мной так размаўляе блазан, я б хутчэй павесіў яго, чым паказаў дарогу! Ну, ды я яго даганю дзе-небудзь у балоце і нацягаю за вушы!»

Праз паўгадзіны сэр Дэніэл уручыў Дзіку пісьмо і загадаў яму скакаць у замак Мот. А праз паўгадзіны пасля таго, як Дзік паехаў, у пакой уляцеў запыханы ганец мілорда Райзінгэма.

— Сэр Дэніэл, — сказаў ганец, — вы губляеце цудоўны выпадак заслужыць славу! Раніцай на світанні ўзнавілася бітва. Мы разбілі іх перадавыя часці і рассеялі правае крыло. Толькі цэнтр яшчэ трымаецца. У вас свежыя сілы, і вы можаце загнаць непрыяцеля ў раку. Што вы скажаце, сэр рыцар? Няўжо вы з'явіцеся апошнім? Гэта абняславіць вас.

— Я толькі што збіраўся выступіць! — закрычаў рыцар. — Сэлдэн, трубі паход! Сэр, я рухаюся за вамі. Большая частка майго атрада прыйшла сюды ўсяго дзве гадзіны назад, сэр. Што тут будзеш рабіць? Калі каня надта прышпорваць, ён здохне… Жыва, хлопцы!

У ранішнім паветры весела заспявала труба; воіны сэра Дэніэла збягаліся з усіх бакоў на галоўную вуліцу і строіліся перад харчэўняй. Яны спалі са зброяй у руках, не рассядлоўваючы коней, і праз дзесяць хвілін сто дзіданосцаў і лучнікаў, цудоўна аснашчаных і навучаных, стаялі ў страі гатовыя рушыць у бой. Амаль усе былі апрануты пад колер адзення сэра Дэніэла — цёмна-чырвоны з сінім, — і гэта надавала ім святочны выгляд. Тыя, хто быў лепш узброены, пастроіліся наперадзе, а ззаду ўсіх, у канцы калоны, размясцілася вартае жалю падмацаванне, што з'явілася напярэдадні вечарам. Сэр Дэніэл з гонарам агледзеў свой атрад.

— З такімі малайцамі не прападзеш! — сказаў ён.

— Воіны выдатныя, нічога не скажаш, — адказаў ганец. — Гледзячы на іх, я яшчэ больш шкадую, што вы не выступілі раней.

— На банкеце ўсё лепшае падаюць спачатку, а на полі бою — у канцы, сэр, — сказаў рыцар і ўскочыў у сядло. — Гэй! — закрычаў ён. — Джон! Джаана! Клянуся святым распяццем! Дзе яна? Гаспадар, дзе дзяўчынка?

— Дзяўчынка, сэр Дэніэл? — спытаў шынкар. — Я не бачыў ніякай дзяўчынкі, сэр.

— Ну хлопчык, дурань! — крыкнуў рыцар. — Няўжо ты не разгледзеў, што гэта дзеўка! На ёй цёмна-чырвоны плашч. Яна паснедала кубкам вады, помніш, нягоднік! Дзе ж яна?

— Ды выратуюць нас святыя! Вы называлі яе «майстар Джон», — сказаў гаспадар. — А я ж не здагадаўся… Ён паехаў. Я бачыў яго… яе… бачыў яе ў стайні гадзіну назад. Яна сядлала шэрага каня.

— Клянуся распяццем! — закрычаў сэр Дэніэл. — Дзеўка прынесла б мне пяцьсот фунтаў, калі не больш!

— Сэр рыцар, — з горыччу сказаў ганец, — пакуль вы тут крычыце аб пяцістах фунтах, вырашаецца лёс ангельскага трона.

— Добра сказана, — адказаў сэр Дэніэл. — Сэлдэн, вазьмі з сабою шасцёх арбалетчыкаў. Высачы яе і злаві. Я хачу, каб да майго вяртання яна была ў замку Мот, чаго б мне гэта ні каштавала. Ты адказваеш за гэта галавой!… Ну вось, сэр ганец, мы гатовы!

Войскі паскакалі рыссю, а Сэлдэн з шасцю воінамі застаўся пасярод вуліцы ў Кэтлі, акружаны дапытлівымі сялянамі.

Раздзел IIНа балоце

Гадзіне а шостай майскай раніцай Дзік пад'ехаў да балота, цераз якое пралягаў яго шлях да замка Мот. Зіхацела блакітнае неба; вясёлы вецер дзьмуў шумна і роўна; крылы ветракоў шпарка кружыліся; вербы, схіленыя над балотам, калыхаліся пад ветрам і раптоўна святлелі, быццам пшаніца. Дзік усю ноч правёў у сядле, але сэрца ў яго было здаровае, цела моцнае, і ён бадзёра працягваў свой шлях.

Сцяжынка мала-памалу спускалася ўсё ніжэй, усё бліжэй да дрыгвы; дзесьці далёка ззаду на пагорку каля Кэтлі ўзвышаўся млын, і гэтак жа далёка наперадзе маячылі макаўкі Тэнстолскага лесу. З абодвух бакоў сцяжынкі калыхаліся вербы і чарот; лужыны пеніліся пад ветрам; здрадніцкая дрыгва, зялёная, як ізумруд, падсцерагала і заваблівала неасцярожнага вандроўніка. Сцежка ішла нацянькі цераз багну; гэта была вельмі даўняя сцежка. Яе праклалі яшчэ рымскія салдаты; з таго часу прайшлі вякі, і ў многіх мясцінах яе залілі гіблыя воды балота.

Калі ад'ехаў на мілю ад Кэтлі, Дзік наблізіўся якраз да такога месца; сцежка тут зарасла вербалозам і чаротам, і гэта хоць каго магло збіць з панталыку. Ды і дрыгва была тут шырэйшай, чым усюды; чалавек, мала знаёмы з гэтымі мясцінамі, лёгка мог трапіць у бяду. У Дзіка сціснулася сэрца, калі ён згадаў пра хлопчыка, якому так бесталкова растлумачыў дарогу. За сябе ён не турбаваўся; зірнуўшы назад, туды, дзе вёрткія крылы ветранога млына выразна чарнелі на блакітным небе, і наперад, на ўзвышэнне, пакрытае Тэнстолскім лесам, ён упэўнена паехаў напрамкі, хоць конь яго ступаў у вадзе па калена.

Палавіна дрыгвы ўжо была ззаду, і ён ужо бачыў сухую сцежку, што бегла ўгару, як раптам справа ад сябе ён пачуў усплеск вады і заўважыў шэрага каня, які да жывата праваліўся ў ціну і адчайна біўся, спрабуючы вылезці з яе. Быццам пачуўшы набліжэнне дапамогі, конь раптам пранізліва заржаў. Яго налітыя крывёю вочы былі поўныя вар'яцкага страху; конь валтузіўся ў дрыгве, і хмары насякомых кружыліся над ім.

«Няўжо няшчасны хлопчык загінуў? — падумаў Дзік. — Гэта яго конь. Слаўны шэры конь! Як самотна глядзіш ты на мяне, мілы! Я зраблю для цябе ўсё, што магчыма. Я не пакіну цябе марудна тануць, вяршок за вяршком!»

Ён нацягнуў арбалет і ўсадзіў у галаву каня стралу.

Здзейсніўшы гэтую поўную суровай міласэрнасці справу, Дзік рушыў далей. На душы ў яго было нявесела. Ён пільна глядзеў па баках, спадзеючыся знайсці хоць след таго хлопчыка, якога скіраваў на гэтую дарогу.

«Трэба было расказаць яму ўсё больш падрабязна, — думаў ён. — Баюся, што ён загінуў у балоце».

Раптам хтосьці аклікнуў яго па імені, і, зірнуўшы праз плячо, Дзік убачыў твар хлопчыка, які глядзеў на яго з чароту.

— Ты тут! — усклікнуў Дзік, спыняючы каня. — Ты так зашыўся ў чарот, што я ледзь не праехаў міма. Я застрэліў твайго каня; яго зацягнула ў дрыгву, і я збавіў яго ад пакут. Клянуся небам, калі б ты быў дабрэйшы, ты б сам яго прыстрэліў. Ну, вылазь. Тут цябе ніхто не пакрыўдзіць.

— Добры хлопчык, у мяне няма ніякай зброі; ды мне і не патрэбна зброя, таму што я ўсё адно не ўмею ёю карыстацца, — адказаў уцякач, выходзячы на сцяжынку.

— Як ты можаш называць мяне хлопчыкам? — крыкнуў Дзік. — Я, напэўна, старэйшы за цябе.

— Даруй мне, добры майстар Шэлтан, — сказаў уцякач. — Я зусім не хацеў цябе пакрыўдзіць. Наадварот, я хачу прасіць у цябе дапамогі, таму што я трапіў у бяду, збіўся з дарогі, згубіў плашч і свайго беднага каня. У мяне ёсць дубец і шпоры, а ехаць няма на чым. А галоўнае, — дадаў ён, агледзеўшы сваю вопратку, — я такі брудны!

— Лухта! — усклікнуў Дзік. — Падумаеш, выкупаўся — што ж тут такога! Кроў ран і бруд вандровак толькі ўпрыгожваюць мужчыну.

— Калі так, я аддаю перавагу мужчынам без упрыгожванняў, — адказаў хлопчык. — Але што мне рабіць? Прашу цябе, добры майстар Рычард, дай мне параду. Калі я не дабяруся да Халівуда, я загіну.

— Я дам табе не толькі параду, — сказаў Дзік, злазячы з каня. — Я дам табе свайго каня, а сам пабягу побач. Калі я стамлюся, мы памяняемся. Так будзе хутчэй.

Хлопчык сеў на каня, і яны рушылі ў шлях, міжволі замаруджваючы ход з-за куп'істай дрыгвы. Дзік крочыў побач з хлопчыкам, паклаўшы руку яму на калена.

— Як цябе завуць? — спытаў Дзік.

— Заві мяне Джон Мэтчэм, — адказаў хлопчык.

— А што табе трэба ў Халівудзе? — спытаў Дзік.

— Я ратуюся ад крыўдзіцеля, — сказаў Джон Мэтчэм. — Добры абат Халівуда заўсёды абараняе слабых.

— А як ты трапіў да сэра Дэніэла, майстар Мэтчэм? — спытаў Дзік.

— Ён захапіў мяне сілай, — адказаў Джон Мэтчэм. — Ён выкраў мяне з майго роднага дома, апрануў мяне ў гэты ўбор, вёз мяне так доўга, што ў мяне ледзь не разарвалася сэрца, насміхаўся так, што я ледзь не плакаў. А калі мае сябры пагналіся за намі, ён пасадзіў мяне да сябе за спіну, каб іх стрэлы траплялі ў мяне! Адна з іх параніла мне нагу, і цяпер я злёгку кульгаю. Але прыйдзе судны дзень, і ён заплаціць за ўсё!

— Ужо ці не спадзяешся ты трапіць у месяц з арбалета? — усміхнуўся Дзік. — Ён храбры рыцар, і рука ў яго жалезная. І калі ён здагадаецца, што я дапамог табе ўцячы, мне будзе блага.

— Бедны хлопчык! — сказаў Джон Мэтчэм. — Ён твой апякун, я ведаю. Паводле яго слоў, ён і мой апякун таксама. Ён, здаецца, купіў права на ўладкаванне майго шлюбу. Я ў гэтым дрэнна разбіраюся, але ў яго ёсць нейкая прычына мяне прыцясняць.

— Ты зноў называеш мяне хлопчыкам! — усклікнуў Дзік.

— А хіба ты хочаш, каб я цябе называў дзяўчынкай, добры Рычард? — спытаў Мэтчэм.

— Толькі не дзяўчынкай, — адказаў Дзік. — Я дзяўчынак цярпець не магу.

— Ты кажаш, як блазан, — сказаў Джон Мэтчэм. — Ты намнога больш думаеш аб дзяўчынках, чым хочаш прызнацца.

— Вось ужо не! — рашуча сказаў Дзік. — Аб дзяўчынках я ніколі і не згадваю. Чорт з імі! Я люблю паляванне, бітвы, банкеты, я люблю вясёлае жыццё ў лясах. А дзяўчынкі на такія справы не здатныя. Была, зрэшты, адна не горшая за мужчыну. Але яе, бядачку, спалілі, як ведзьму, за тое, што яна насуперак прыродзе апраналася па-мужчынску.

Майстар Мэтчэм набожна перахрысціўся і прашаптаў малітву.

— Што ты робіш? — спытаў Дзік.

— Малюся за яе душу, — адказаў Мэтчэм дрыготкім голасам.

— За душу ведзьмы? — усклікнуў Дзік. — Ну што ж, памаліся за яе. Гэта была лепшая дзяўчына ў Еўропе, і называлі яе Жана д'Арк. Стары Эпльярд-лучнік расказваў, як уцякаў ад яе, быццам ад нячыстай сілы. Гэта была смелая дзяўчына.

— Калі ты не любіш дзяўчат, добры майстар Рычард, — запярэчыў Мэтчэм, — ты не сапраўдны мужчына. Бо Гасподзь знарок раздзяліў род чалавечы на дзве часткі і паслаў у свет каханне для бадзёрасці мужчын і суцяшэння жанчын.

— Лухта! — сказаў Дзік. — Ты шмат думаеш аб жанчынах таму, што ты блазан, немаўля! Па-твойму, я не сапраўдны мужчына. Ну што ж, злазь з каня, і я чым заўгодна — кулакамі, мячом або стралой — на тваёй уласнай персоне пакажу табе, мужчына я ці не.

— Я не воін, — сказаў Мэтчэм паспешліва. — Я зусім не хацеў цябе пакрыўдзіць. Я проста пажартаваў. А пра жанчын я загаварыў таму, што чуў, быццам ты хутка жэнішся.

— Я? Жанюся? — усклікнуў Дзік. — Першы раз чую! На кім жа я жанюся?

— На Джаане Сэдлі, — адказаў Мэтчэм, чырванеючы. — Гэта выдумка сэра Дэніэла. Гэтае вяселле яму выгаднае: ён атрымае грошы і жаніха, і нявесты. Мне казалі, што няшчасная дзяўчына горка скардзіцца на лёс. Не ведаю, можа, яна гэтак жа, як і ты, гідзіцца шлюбнага жыцця, а можа, ёй проста не падабаецца жаніх.

— Ад вяселля, як і ад смерці, нікуды не ўцячэш, — прамовіў Дзік пакорліва. — Дык яна пакутуе, кажаш? Бачыш, якія бесталковыя гэтыя дзяўчынкі! Пакутуе, хаця ні разу мяне не бачыла. Хіба я пакутую? Ні трошкі. Калі мне давядзецца жаніцца, я плакаць не буду… Ты ведаеш яе? Раскажы мне, якая яна. Прыгажуня ці вырадак? І які ў яе нораў: добры ці сварлівы?

— А ці не ўсё роўна табе? — сказаў Мэтчэм. — Калі трэба жаніцца, ты жэнішся. Якая табе справа, вырадак яна ці прыгажуня? Гэта ўсё дробязі. Ты ж не блазан, майстар Рычард. Калі табе давядзецца жаніцца, ты плакаць не станеш.

— А ты ўмееш падкалупнуць! — адказаў Шэлтан. — Зразумела, мне ўсё роўна.

— Прыемны муж будзе ў тваёй жонкі! — сказаў Мэтчэм.

— У яе будзе такі муж, якога ёй паслала неба, — запярэчыў Дзік. — Я не лепшы за іншых і не горшы.

— Няшчасная дзяўчына! — усклікнуў Мэтчэм.

— Чым жа яна такая няшчасная? — спытаў Дзік.

— Яна выходзіць замуж за чалавека, які зроблены з дрэва, — сказаў Мэтчэм. — О гора! Драўляны муж.

— Я, верагодна, сапраўды зроблены з дрэва, — сказаў Дзік, — калі ты едзеш на маім кані, а я іду пяшком. Але калі з дрэва, дык з добрага.

— Мілы Дзік, даруй мне! — усклікнуў Мэтчэм. — Я пажартаваў. У цябе самае чулае сэрца ва ўсёй Англіі! Даруй мне, мілы Дзік!

— Лухта, — сказаў Дзік, збянтэжаны гарачлівасцю свайго таварыша. — Ты мяне ні трошкі не пакрыўдзіў. Я, дзякуй Богу, не крыўдлівы.

Вецер дзьмуў ім у спіну і раптоўна данёс да іх рэзкі гук трубы; гэта трубіў трубач сэра Дэніэла.

— Цішэй! — сказаў Дзік. — Труба!

— Ах! — усклікнуў Мэтчэм. — Яны заўважылі, што я ўцёк, а ў мяне няма каня!

Ён збялеў як смерць.

— Не бойся, — адказаў Дзік. — Ты іх здорава перагнаў, а да перавозу ўжо рукой падаць. Гэта ў мяне няма каня, а не ў цябе.

— На жаль, мяне зловяць! — усклікнуў уцякач. — Дзік, добры Дзік, дапамажы мне!

— А хіба я табе не дапамагаю? — сказаў Дзік. — Мне шкада цябе, толькі ты вельмі баязлівы. Слухай жа, Джон Мэтчэм, — калі цябе сапраўды завуць Джон Мэтчэм: я, Рычард Шэлтан, даю слова даставіць цябе цэлым у Халівуд. Хай пакінуць мяне святыя, калі я пакіну цябе. Наперад, сэр Баязлівец. Дарога ўжо робіцца лепшай. Прышпор каня. Хутчэй! Хутчэй! Пра мяне не клапаціся: я бегаю, як алень.

Конь бег размашыстай рыссю, але Дзік без цяжкасці паспяваў за ім; так мінулі яны балота і дабраліся да хаціны перавозчыка на беразе ракі.

Раздзел IIIПеравоз каля балота

Шырокая, марудная, глеістая рака Ціл выцякала з балотаў і шматлікімі сваімі пратокамі агінала нізкія астраўкі, якія зараслі вербалозам.

Рака была каламутная; але ў гэтую яркую цудоўную раніцу ўсё здавалася прыгожым. На адкрытых месцах вецер рабацініў ваду, а ў ціхіх затоках адлюстроўваліся шматкі блакітнага ўсмешлівага неба.

Сцежка ўпіралася ў маленькую бухту; на самым беразе пад крутым абрывам ляпілася хаціна перавозчыка, пабудаваная з жэрдак і гліны; на даху яе зелянела трава.

Дзік адчыніў дзверы. Усярэдзіне на зношаным і брудным саматканым плашчы ляжаў перавозчык. Гэта быў цыбаты, худы чалавек, змучаны хваробай; яго трэсла балотная ліхаманка.

— А, майстар Шэлтан, — сказаў ён. — Збіраецеся на той бок? Благі час, благі час! Будзьце асцярожнымі. Тут разбойнічае цэлая шайка. Едзьце лепш праз мост.

— Я спяшаюся, — адказаў Дзік. — У мяне няма часу, Х'ю-Перавозчык. Я вельмі спяшаюся.

— Упарты вы чалавек, — сказаў перавозчык, падымаючыся. — Вам вельмі пашанцуе, калі вы паспяхова даберацеся да замка Мот. Больш я нічога не скажу.

Ён заўважыў Мэтчэма.

— А гэта хто? — спытаў ён, прыжмурыўшы вочы і спыняючыся на парозе сваёй хаціны.

— Гэта мой родзіч, майстар Мэтчэм, — адказаў Дзік.

— Добры дзень, шаноўны перавозчык, — сказаў Мэтчэм, злез з каня і ўзяў яго за аброць. — Калі ласка, спусці лодку; мы вельмі спяшаемся.

Худы перавозчык працягваў уважліва яго разглядваць.

— Ліха на цябе! — крыкнуў ён нарэшце і зарагатаў на ўсё горла.

Мэтчэм пачырванеў да вушэй і ўздрыгнуў, а Дзік, разлютаваўшыся, схапіў перавозчыка за плячо.

— Як ты смееш, грубіян! — крыкнуў ён. — Рабі сваю справу і не смейся над людзьмі, якія вышэй за цябе па нараджэнні.

Х'ю-Перавозчык з мармытаннем адвязаў сваю лодку і спіхнуў яе ў ваду. Дзік завёў у лодку каня. Мэтчэм таксама забраўся ў лодку.

— Які ж вы маленькі, — сказаў Х'ю, усміхаючыся. — Вас, пэўна, рабілі па асаблівай мерцы… Ну, майстар Шэлтан, я да вашых паслуг, — дадаў ён, беручыся за вясло. — Нават кату дазваляецца глядзець на караля. А я ж усяго толькі дазволіў сабе зірнуць на майстра Мэтчэма.

— Маўчаць! — сказаў Дзік. — Налягай на вёслы!

Яны выехалі з бухтачкі, і ўся шырыня ракі адкрылася перад імі. Штохвілінна нізкія астравы загароджвалі ім шлях. Цягнуліся гліністыя водмелі, гайдаліся галіны вербаў, дрыжаў чарот, плюхаліся і пішчалі балотныя пацукі. Бязлюдным, як пустыня, здаваўся гэты водны лабірынт.

— Васпане, — прамовіў перавозчык, працуючы адным вяслом, — кажуць, тут на востраве засеў Балотны Джон. Ён ненавідзіць усіх, хто трымае руку сэра Дэніэла. Ці не лепш нам падняцца ўверх па рацэ і высадзіцца на адлегласці палёту стралы ад сцяжынкі? Не раю вам звязвацца з Балотным Джонам.

— Ён таксама ў той шайцы разбойнікаў? — спытаў Дзік.

— Аб гэтым я гаварыць не буду, — сказаў Х'ю. — Але, па-мойму, трэба плыць уверх па рацэ, майстар Дзік. А то яшчэ, чаго добрага, у майстра Мэтчэма трапіць страла.

І ён зноў зарагатаў.

— Няхай будзе па-твойму, Х'ю, — адказаў Дзік.

— Тады здыміце свой арбалет, — працягваў Х'ю. — Вось так. Цяпер нацягніце цеціву. Добра. Укладзіце стралу. Цэльцеся прама ў мяне і глядзіце на мяне як мага зласней.

— Гэта яшчэ навошта? — спытаў Дзік.

— Я маю права перавезці вас, толькі падпарадкоўваючыся насіллю, — адказаў перавозчык. — Калі Балотны Джон здагадаецца, што я перавёз вас добраахвотна, мне не паздаровіцца.

— Хіба гэтыя нягоднікі такія моцныя? — спытаў Дзік. — Няўжо яны асмельваюцца распараджацца лодкай, якая належыць сэру Дэніэлу?

— Запомніце мае словы, — прашаптаў перавозчык і падміргнуў. — Сэр Дэніэл рухне. Час яго прайшоў. Ён рухне. Маўчок!

І схіліўся над вёсламі.

Яны доўга плылі ўверх па рацэ, абмінулі адзін з астравоў і асцярожна рушылі ўніз па вузкай пратоцы ўздоўж супрацьлеглага берага. Затым Х'ю павярнуў лодку ўпоперак ручая.

— Я высаджу вас тут, за вербамі, — сказаў Х'ю.

— Тут няма сцяжынкі, — сказаў Дзік. — Тут толькі вербы, балота і дрыгва.

— Майстар Шэлтан, — адказаў Х'ю, — я не магу везці вас далей. Я аб вас турбуюся, не аб сабе. Ён увесь час сочыць за маім перавозам, трымаючы напагатове лук. Усіх прыхільнікаў сэра Дэніэла ён падстрэльвае, як трусоў. Ён пакляўся распяццем, што ніводзін сябар сэра Дэніэла не пойдзе адсюль жывы. Я сам чуў. Калі б я не ведаў вас здавён, калі вы былі вось такім, я нізавошта не павёз бы вас. Але на памяць мінулых дзён і дзеля вось гэтай цацкі, якую вы вязеце з сабой і якая не створана для ран і для вайны, я рызыкнуў сваёй няшчаснай галавой і згадзіўся перавезці вас на той бераг. Будзьце задаволены і гэтым. Больш я зрабіць нічога не магу, клянуся вам выратаваннем сваёй душы!

Х'ю яшчэ працягваў веславаць і размаўляць, як раптам на востраве з самага гушчару вербаў хтосьці гучна крыкнуў; пачуўся трэск галін — відавочна, якісьці дужы чалавек паспешліва прадзіраўся праз нетру.

— Каб яго чорт узяў! — крыкнуў Х'ю. — Ён увесь час быў на востраве!

І Х'ю энергічна павеславаў да берага.

— Пагражайце ж мне лукам, добры Дзік! — узмаліўся ён. — Пагражайце так, каб гэта было відаць. Я стараўся выратаваць вас, ратуйце цяпер мяне!

Лодка з трэскам уляцела ў гушчар вербаў. Дзік зрабіў знак Мэтчэму, і той з бледным, але рашучым тварам спрытна пабег па лаўках лодкі і выскачыў на бераг. Дзік узяў каня за аброць і хацеў рухацца за ім, але справіцца з канём у густой нетры галін было не так проста, і ён замарудзіў. Конь біў нагамі, іржаў, а лодка гайдалася з боку на бок.

— Тут немагчыма вылезці на бераг, Х'ю! — крыкнуў Дзік, працягваючы, аднак, смела цягнуць у гушчар упартага каня.

На беразе вострава з'явіўся высокі чалавек з лукам у руцэ. Краем вока Дзік убачыў, як чалавек гэты, расчырванеўшыся ад шпаркага бегу, з усіх сіл нацягваў цеціву.

— Хто ідзе? — крыкнуў незнаёмец. — Х'ю, хто ідзе?

— Гэта майстар Шэлтан, Джон, — адказаў перавозчык.

— Стой, Дзік Шэлтан! — крыкнуў чалавек на востраве. — Клянуся распяццем, я не зраблю табе нічога кепскага! Стой!… А ты, Х'ю, едзь назад.

Дзік адказаў дзёрзкай насмешкай.

— Ну, калі так, ты пойдзеш пяшком! — крыкнуў чалавек на востраве.

І пусціў стралу.

Конь, пранізаны стралой, забіўся ад болю і жаху; лодка перакулілася, і праз хвіліну ўсе ўжо плёхаліся ў вадзе, змагаючыся з плынню.

Перш чым Дзік вынырнуў на паверхню, яго аднесла на цэлы ярд ад водмелі; ён нічога яшчэ не паспеў толкам разгледзець, як рука яго сутаргава схапілася за нейкі цвёрды прадмет, які з сілай павалок яго кудысьці ўперад. Гэта быў дубец, спрытна працягнуты яму Мэтчэмам з вярбы, што павісла над вадою.

— Клянуся небам, — усклікнуў Дзік, калі Мэтчэм выцягнуў яго на бераг, — ты выратаваў мне жыццё! Я плаваю, як гарматнае ядро.

Ён павярнуўся і глянуў на востраў.

Х'ю-Перавозчык плыў побач са сваёй лодкай і быў ужо на палавіне шляху паміж берагам і востравам. Балотны Джон шалёна роў на яго, патрабуючы, каб ён плыў хутчэй.

— Уцякайма, Джон, — сказаў Шэлтан. — Уцякайма! Пакуль Х'ю пераправіць сваю лодку на востраў і яны прывядуць яе ў парадак, мы будзем ужо так далёка, што яны нас не знойдуць.

І, падаючы прыклад, ён пабег, прадзіраючыся праз зараснікі вербаў і скачучы з купіны на купіну. У яго не было часу выбіраць напрамак; ён імчаўся наўздагад, стараючыся як мага далей уцячы ад ракі.

Аднак глеба паступова пачала падымацца, і гэта пераканала яго, што напрамак выбраны ім правільна. Нарэшце балота засталося ззаду; пад іх нагамі была сухая, цвёрдая зямля, а сярод вербаў пачалі паяўляцца вязы.

Мэтчэм, які моцна адстаў, раптам упаў.

— Кінь мяне, Дзік! — крыкнуў ён, задыхаючыся. — Я не магу больш бегчы!

Дзік павярнуўся і падышоў да яго.

— Кінуць цябе, Джон?! — усклікнуў ён. — Не, на такую подласць я не здольны. Ты ж не кінуў мяне, калі я тануў, хаця цябе маглі застрэліць, а выратаваў мне жыццё. Ты і сам мог патануць, таму што адны святыя толькі ведаюць, як гэта я не пацягнуў цябе за сабою ў ваду.

— Не, Дзік, я б не патануў ды і табе б не даў патануць, — сказаў Мэтчэм. — Я ўмею плаваць.

— Умееш плаваць? — усклікнуў Дзік і шырока расплюшчыў вочы.

Гэта быў адзіны з мужчынскіх талентаў, якім ён не валодаў. Пасля ўмення забіваць ворага на паядынку ён больш за ўсё цаніў уменне плаваць.

— Вось мне ўрок ніколі нікім не пагарджаць! — сказаў ён. — Я абяцаў табе ахоўваць цябе да самага Халівуда, а выйшла так, Джон, што ты ахоўваеш мяне.

— Цяпер мы з табой сябры, Дзік, — сказаў Мэтчэм.

— Я ніколі ворагам табе не быў, — адказаў Дзік. — Ты па-свойму храбры дзяцюк, хаця, канечне, блазан. Ніколі я такіх дзівакоў не бачыў. Ну, аддыхаўся? Ідзём далей. Тут не месца для балбатні.

— У мяне вельмі баліць нага, — сказаў Мэтчэм.

— Я зусім забыў пра тваю нагу, — прамовіў Дзік. — Давядзецца ісці цішэй. Хацеў бы я ведаць, дзе мы знаходзімся! Я згубіў сцяжынку… Зрэшты, гэта, можа, да лепшага. Калі яны каравуляць на перавозе, то могуць каравуліць і на сцяжынцы. Вось бы сэр Дэніэл прыскакаў сюды з паўсотняй воінаў! Ён разагнаў бы ўсю гэтую шайку, як вецер разганяе лісце. Ідзём, Джон, абапрыся на мяне, бедалага. Які ты нізенькі, ты нават не дастаеш да майго пляча. Колькі табе гадоў? Дванаццаць?

— Не, мне шаснаццаць, — сказаў Мэтчэм.

— Значыць, ты кепска рос, — зазначыў Дзік. — Трымай мяне за руку. Мы пойдзем паволі, не бойся. Я абавязаны табе жыццём, а я, Джон, прывык расплачвацца за ўсё спаўна — і за добрае і за ліхое.

Яны падымаліся па адхоне.

— У рэшце рэшт мы выберамся на дарогу, — працягваў Дзік, — і тады рушым наперад. Якая ў цябе слабая рука, Джон! Я саромеўся б, калі б у мяне была такая рука. Х'ю-Перавозчык, здаецца, прыняў цябе за дзяўчынку, — дадаў ён і засмяяўся.

— Не можа быць! — усклікнуў Мэтчэм і пачырванеў.

— А я гатовы біцца аб заклад, што ён прыняў цябе за дзяўчынку! — настойваў Дзік. — Ды і нельга яго вінаваціць. Ты болей падобны на дзяўчынку, чым на мужчыну. І ведаеш, хлапчук з цябе выйшаў даволі нязграбны, а дзяўчынка атрымалася б вельмі прыгожая. Ты быў бы сімпатычнай дзяўчынай.

— Але ж ты не лічыш мяне дзяўчынкай? — спытаў Мэтчэм.

— Канечне, не лічу. Я проста пажартаваў, — сказаў Дзік. — З цябе калі-небудзь выйдзе сапраўдны мужчына! Яшчэ, бадай, праславішся сваімі подзвігамі. Цікава ведаць, Джон, хто з нас першы стане рыцарам? Мне так хочацца стаць рыцарам. «Сэр Рычард Шэлтан, рыцар» — вось як здорава гучыць! Але і «Сэр Джон Мэтчэм» гучыць няблага.

— Пастой, Дзік, дай мне напіцца, — сказаў Мэтчэм, спыняючыся каля светлай крыніцы, якая выцякала з пагорка і падала ў пясчаную ямку, не большую за кішэню. — Ах, Дзік, як мне хочацца есці! У мяне нават сэрца ные ад голаду.

— Чаму ж ты, дзівак, не паеў у Кэтлі? — спытаў Дзік.

— Я даў зарок пасціцца, таму што… мяне ўцягнулі ў грэх, — адказаў Мэтчэм. — Але зараз я з задавальненнем з'еў бы нават скарынку сухога хлеба.

— Садзіся і еш, — сказаў Дзік, — а я пайду пашукаю дарогу.

Ён выняў хлеб і кавалкі вэнджанай свініны з сумкі, што вісела ў яго на поясе. Мэтчэм з прагнасцю накінуўся на яду, а Дзік знік сярод дрэў.

Хутка ён дайшоў да яру, на дне якога, з цяжкасцю прабіваючыся праз мінулагоднюю лістоту, булькаў ручай. За ярам дрэвы былі вышэйшыя і больш раскідзістыя; там раслі ўжо не вербы і вязы, а дубы і букі. Шоргат лісця, якое варушыў вецер, прыглушаў гукі яго крокаў; нягледзячы на тое, што гэты шоргат прыглушаў гукі, накшталт таго, як цемра бязмесячнай ночы прыхоўвае прадметы, Дзік асцярожна краўся ад аднаго тоўстага ствала да другога, зорка аглядваючыся па баках. Раптоўна перад ім, быццам цень, мільганула лань і схавалася ў гушчары. Ён спыніўся, засмучаны: напалоханая лань можа выдаць яго ворагам. Замест таго, каб ісці далей, ён падышоў да бліжэйшага высокага дрэва і хутка палез наверх.

Яму пашанцавала. Дуб, на які ён залез, быў самым высокім у гэтай частцы лесу і ўзвышаўся над астатнімі на добрыя паўтара сажні. Калі Дзік залез на верхні сук і, разгойдваючыся на ветры, глянуў удалячынь, ён убачыў усю балотную раўніну да самага Кэтлі, убачыў Ціл, які віўся вакол лясістых астравоў, і проста перад сабой — белую паласу вялікай дарогі, што бегла праз лес. Лодку ўжо ўзнялі, перавярнулі, і яна плыла па рацэ да доміка перавозчыка. Акрамя гэтай лодкі, нідзе не было ні найменшай прыкметы прысутнасці чалавека; толькі вецер шумеў у галінах. Дзік ужо збіраўся спускацца, як раптам, кінуўшы апошні позірк навокал, заўважыў шэраг рухомых кропак пасярод балота. Відавочна, якісьці маленькі атрад ішоў па сцежцы і прытым даволі шпарка. Гэта яго затрывожыла; ён зараз жа саслізнуў на зямлю і вярнуўся праз лес да таварыша.

Раздзел IVМалайцы з Зялёнага лесу

Мэтчэм паспеў адпачыць і ачухацца; і хлопчыкі, затрывожаныя тым, што ўбачыў Дзік, паспешліва выбраліся з нетры, паспяхова перасеклі дарогу і рушылі ўгару па схіле ўзгорыстага кража, на якім узвышаўся Тэнстолскі лес. Тут, паміж купкамі дрэў, прасціраліся пясчаныя лужкі, зарослыя верасам і жаўтазелем; сям-там сустракаліся старыя цісы. Глеба рабілася ўсё больш няроўнай; штохвіліны на шляху трапляліся выспы і лагчыны. Вецер дзьмуў усё мацней, прымушаючы ствалы дрэў гнуцца, як тонкія вудачкі.

Яны выйшлі на лужок. Раптам Дзік упаў на зямлю ніцма і паволі папоўз назад, да дрэў. Мэтчэм, які не заўважыў ніякай небяспекі і быў вельмі здзіўлены, паўтарыў, аднак, прыклад таварыша. І толькі калі яны схаваліся ў гушчары, ён спытаў, што здарылася.

Замест адказу Дзік паказаў яму пальцам на старую хвою, якая расла на другім канцы лужка, узвышаючыся над суседнім лесам, і выразна вылучалася на светлым небе сваёй змрочнай зелянінай. Унізе ствол яе быў прамы і тоўсты, як калона. Але на вышыні пяцідзесяці футаў ён раздвойваўся, утвараючы два тоўстыя сукі; паміж імі, быццам марак на мачце, стаяў чалавек у зялёным камзоле, апранутым паўзверх латаў, і зорка глядзеў удалячынь. Сонца зіхацела на яго валасах; прыкрыўшы вочы рукой, ён няспынна, як машына, марудна пакручваў галаву то ў адзін бок, то ў другі. Хлопчыкі пераглянуліся.

— Паспрабуем абысці яго злева, — сказаў Дзік. — Мы ледзь не папаліся, Джон.

Хвілін праз дзесяць яны выбраліся на добра ўтаптаную сцяжынку.

— Гэтай часткі лесу я зусім не ведаю, — прамовіў Дзік. — Куды прывядзе нас гэтая сцяжынка?

— Пабачым, — сказаў Мэтчэм.

Сцяжынка прывяла іх на вяршыню пагорка і пачала спускацца ў яр, што нагадваў вялікую чашу. Унізе, у густых зарасніках квітнеючага глогу, яны ўбачылі разваліны нейкага дома — некалькі абгарэлых драўляных зрубаў без дахаў ды высокі пячны комін.

— Што гэта? — спытаў Мэтчэм.

— Клянуся небам, не ведаю, — адказаў Дзік. — Я тут нічога не ведаю. Будзем рухацца асцярожна.

Чуючы, як б'юцца сэрцы, яны пачалі ціха спускацца, прадзіраючыся праз кусты глогу. Тут, відаць, яшчэ нядаўна жылі людзі. У гушчары трапляліся здзічэлыя фруктовыя дрэвы і сякая-такая гародніна; у траве ляжаў павалены сонечны гадзіннік. Відавочна, раней тут быў сад. Яны прайшлі яшчэ крыху і наткнуліся на разваліны дома.

Калісьці гэта быў прыгожы моцны будынак, акружаны глыбокім ровам; цяпер роў высах, на дне яго валяліся камяні, трухлявае бервяно было перакінута цераз яго, быццам мост. Дзве сцяны яшчэ стаялі, і сонца зіхацела праз іх пустыя вокны, але ўся астатняя частка будынка абрынулася і ляжала грудай задымленых абломкаў. Усярэдзіне ўжо зелянела некалькі маладзенькіх дрэўцаў, якія выраслі са шчылін.

— Я пачынаю згадваць, — прашаптаў Дзік. — Гэта, хутчэй за ўсё, Грымстан. Сядзіба належала калісьці Саймону Мэлмсбэры, але сэр Дэніэл загубіў яго. Пяць гадоў назад Бенет Хэтч спаліў гэты дом. І, сказаць па шчырасці, дарэмна: дом быў прыгожы.

Унізе, у яры, было цёпла і бязветрана. Мэтчэм крануў Дзіка за плячо і папераджальна ўзняў палец.

— Тсс! — сказаў ён.

Дзіўны гук парушыў цішыню. Ён паўтарыўся яшчэ некалькі разоў, перш чым яны здагадаліся, што ён азначае. Гэта адкашліваўся нейкі чалавек, хутчэй за ўсё магутнага складу. Затым хрыплы, фальшывы голас заспяваў:

Кароль спытаў лагодны ў вясёлых малайцоў:

«Навошта ж вы жывеце ў цяні густых лясоў?»

І Гамелін адказвае (яму нязнаны страх):

«Каму нялюбы горад, той блудзіць па лясах».

Спявак змоўк; дзесьці бразнула жалеза, і ўсё заціхла.

Хлопчыкі глядзелі адзін на аднаго. Іх нябачны сусед, хто б ён ні быў, знаходзіўся дзесьці непадалёку ад развалін дома. Мэтчэм раптоўна пачырванеў і рушыў наперад; па трухлявым бервяне ён перайшоў цераз роў і асцярожна палез на велізарную кучу смецця, што запаўняла сярэдзіну разбуранага дома. Дзік не паспеў яго затрымаць, і зараз яму заставалася толькі рухацца за ім.

У кутку разбуранага дома два бервяны ўпалі крыж-накрыж, адгарадзіўшы ад смецця пустую прастору, не большую за камору. Хлопчыкі спусціліся туды і схаваліся. Праз маленькую байніцу ім было відаць усё, што адбываецца ззаду дома.

Тое, што яны ўбачылі, прымусіла іх здранцвець ад жаху. Пайсці адсюль было немагчыма; яны ж і дыхаць амаль не маглі. Каля рова, футаў за трыццаць ад таго месца, дзе яны сядзелі, гарэла вогнішча; над кастром вісеў жалезны кацёл, з якога клубілася густая пара, а побач з вогнішчам стаяў высокі, абадраны, чырванатвары чалавек. У правай руцэ ён трымаў жалезную лыжку; з-за пояса ў яго тырчалі паляўнічы рог і палохаючых памераў кінжал. Здавалася, ён да чагосьці прыслухоўваецца; відаць, ён чуў, як яны прабраліся ў руіны дома. Гэта і быў, несумненна, спявак; ён, верагодна, памешваў у катле, калі да яго слыху даляцеў падазроны шоргат, які ўтварыўся ад неасцярожнага дотыку нагі да кучы смецця. Крыху воддаль ляжаў, захутаўшыся ў карычневы плашч, яшчэ адзін чалавек; ён моцна спаў. Матылёк пырхаў над яго тварам. Увесь лужок быў белы ад маргарытак. На квітнеючым кусце глогу віселі лук, калчан са стрэламі і кавалак аленевай тушы.

Нарэшце цыбаты чалавек перастаў прыслухоўвацца, паднёс лыжку да рота, лізнуў яе і зноў узяўся мяшаць у катле, напяваючы:

Каму нялюбы горад, той блудзіць па лясах, -

хрыпла праспяваў ён, вяртаючыся да тых самых слоў сваёй песні, на якіх спыніўся.

Нікому, сэр, на свеце мы не жадаем зла,

Ды ў ланей каралеўскіх падчас ляціць страла.

Час ад часу ён чэрпаў з катла сваё варыва, як заўзяты кухар, дзьмуў на яго і каштаваў. Нарэшце ён, відаць, вырашыў, што поліўка зварылася, выцягнуў з-за пояса рог і тройчы пратрубіў поклічны сігнал.

Сонны прачнуўся, павярнуўся на другі бок, адагнаў матылька і паглядзеў ва ўсе бакі.

— Чаго ты трубіш, брат? — спытаў ён. — Абедаць час, ці што?

— Але, дуралей, абедаць, — сказаў кухар. — Неважнецкі абед, без элю і без хлеба. Нявесела зараз у зялёных лясах. А бывалі часіны, калі добры чалавек мог тут жыць, як архіепіскап, не баючыся ні дажджоў, ні маразоў; і элю і віна было ўдосталь. Але цяпер дух адвагі пагас у людскіх сэрцах; а гэты Джон Помшчу-за-ўсіх, ратуй нас Бог і злітуйся, проста вароніна пудзіла.

— Табе абы наесціся і напіцца, Лоўлес, — адказаў яго суразмоўца. — Пачакай, яшчэ вернуцца добрыя часіны.

— Я з дзяцінства чакаю добрых часін, — сказаў кухар. — Быў я манахам-францысканцам, быў каралеўскім стралком; быў мараком і плаваў па салёным моры; даводзілася мне бываць і ў зялёным лесе, прыходзілася падстрэльваць каралеўскіх ланей. І чаго ж я дасягнуў? Нічога! Дарэмна я не застаўся ў манастыры. З ігуменам Джонам жыць было выгадней, чым з Джонам Помшчу-за-ўсіх. Клянуся Багародзіцай, вось і яны!

На паляне адзін за адным з'яўляліся рослыя, моцныя малайцы, у кожнага быў нож і кубак, зроблены з каровінага рога; зачэрпнуўшы варыва з катла, яны садзіліся на траву і елі. І апрануты і ўзброены яны былі па-рознаму; адны насілі грубатканыя сарочкі, і ўся зброя іх складалася з нажа ды старога лука; іншыя апраналіся, як сапраўдныя лясныя франты: шапкі і курткі з цёмна-зялёнага сукна, зграбныя стрэлы, упрыгожаныя пер'ем, за поясам — рог на перавязі, меч і кінжал на баку. Яны былі вельмі галодныя і таму гаварылі мала; ледзь прабурчаўшы прывітанне, кожны прагна накідваўся на яду.

Іх сабралася ўжо чалавек дваццаць, калі ў кустах глогу раптам пачуліся радасныя галасы і на паляне з'явіліся яшчэ пяцёра: рослы, дзябёлы чалавек з сівымі валасамі, з загарэлым, як правэнджаны кумпяк, тварам і за ім чацвера з насілкамі. Няцяжка было ўгадаць у першым начальніка: за плячыма ў яго вісеў лук, у руцэ ён трымаў рагаціну.

— Хлопцы! — крыкнуў ён. — Вясёлыя мае сябры! Вы тут елі ўсухама і свісталі ад голаду! Але я заўсёды казаў: пацярпіце, шчасце яшчэ ўсміхнецца нам. І яно пачало ўжо ўсміхацца. Вось першы пасланец шчасця — добры эль!

І пад гул радасных воклічаў насільшчыкі апусцілі насілкі, на якіх аказалася даволі вялікая бочачка.

— Не спяшайцеся, хлопцы, — працягваў ён. — Нас чакае справа. Да перавозу падышоў атрад стралкоў. Адзенне на іх чырвонае з сінім; кожны з іх — мішэнь, кожны зведае нашы стрэлы, ніводзін не выйдзе з лесу жывы. Нас тут пяцьдзесят чалавек, і кожны з нас пакрыўджаны: у аднаго ўкралі зямлю, у другога — сяброў; аднаго абняславілі, другога выгналі. Мы ўсе пакрыўджаныя! Хто ж нас пакрыўдзіў? Сэр Дэніэл, клянуся распяццем! Няўжо мы яму дазволім спакойна карыстацца ўкрадзеным у нас дабром? Сядзець у нашых дамах? Араць наша поле? Есці мяса нашых быкоў? Не, не дазволім! Яго абараняе закон; пёры судзейскіх пісак заўсёды на яго баку. Але я збярог для яго ў сябе за поясам такія пёры, з якімі яму не саўладаць!

Кухар Лоўлес піў ужо другі рог элю; ён прыўзняў яго як бы вітаючы прамоўцу.

— Майстар Эліс, — сказаў ён, — вы думаеце толькі аб помсце. Ну што ж, вам так і належыць. Але ў нас, у вашых бедных братоў па зялёным лесе, ніколі не было ні земляў, ні сяброў, і нам аплакваць няма чаго; мы людзі маленькія і думаем мы не аб помсце, а аб прыбытку. Самай салодкай помсце ў свеце мы аддаём перавагу высакароднаму золату і мяху з канарскім віном.

— Лоўлес, — пачуўся адказ, — каб вярнуцца ў замак Мот, сэр Дэніэл павінен прайсці праз лес. Мы паклапоцімся аб тым, каб гэты шлях абышоўся яму даражэй за ўсялякую бітву. Усе вядомыя сябры яго разбіты, і ніхто яму не дапаможа. Мы акружым старога ліса з усіх бакоў, і ён загіне. Гэта тлустая здабыча! Яе хопіць на абед нам усім.

— Багата я ўжо еў такіх абяцаных абедаў, — сказаў Лоўлес. — Але гатаваць іх — справа цяжкая, добры майстар Эліс, можна апячыся. А чым мы займаемся ў чаканні гэтага тлустага абеду? Мы майструем чорныя стрэлы, мы сачыняем вершыкі, мы п'ём чыстую халодную ваду — самы непрыемны напітак.

— Ты няверны чалавек, Уіл Лоўлес. Ад цябе ўсё яшчэ пахне манастырскай кладоўкай. Прагнасць загубіць цябе, — адказаў Эліс. — Мы забралі дваццаць фунтаў у Эпльярда. Мы забралі сем марак у ганца ўчора ноччу. Трэцяга дня мы забралі пяцьдзесят у купца…

— А сягоння, — сказаў адзін з малайцоў, — я спыніў каля Халівуда тлустага гандляра індульгенцыямі. Вось яго кашалёк.

Эліс пералічыў грошы ў кашальку.

— Сто шылінгаў! — прабурчаў ён. — Дурань, у яго, напэўна, намнога больш было схавана ў чаравіках або зашыта ў капюшон. Ты немаўля, Том К'юкоў, ты выпусціў рыбку.

Тым не менш Эліс неяк нядбайна сунуў кашалёк сабе ў кішэню. Ён стаяў, абапіраючыся на рагаціну, і разглядваў сваіх таварышаў. Яны прагна глыталі поліўку з аленіны, запіваючы яе элем. Дзень выдаўся слаўны, ім пашанцавала; аднак іх чакалі тэрміновыя справы, і яны не затрымліваліся над ядой. Тыя, хто прыйшоў першы, ужо адпалуднавалі і або паваліліся ў траву і адразу заснулі, як сытыя ўдавы, або балбаталі паміж сабою, або прыводзілі зброю ў парадак. Адзін весялун падняў рог з элем і заспяваў:

Прывольна вясной пад шатай лясной -

Вясёлы і добры ідзеш!

Пах дзіўны і свежы сяброўскае ежы,

Калі ты аленя заб'еш!

Нагоніць дажджоў, халодных вятроў -

Не рады зімоваму дню.

З гульбой развітайся, дадому вяртайся,

Сядзі да вясны ля агню.

Хлопчыкі ляжалі і слухалі. Рычард зняў свой арбалет і трымаў напагатове жалезны кручок, каб нацягнуць цеціву. Яны баяліся паварушыцца; уся гэтая сцэна з ляснога жыцця прайшла перад іх вачыма, быццам у тэатры. Але тут раптам настаў антракт: пачуўся пранізлівы свіст, затым гулкі трэск, і абломкі стралы ўпалі да ног хлопчыкаў. Над тым самым месцам, дзе яны затаіліся, узвышаўся комін; яго, мабыць, і выбраў сваёй мішэнню нябачны стралок — гэта быў вартавы, якога яны бачылі на хвоі. Мэтчэм ціхенька ўскрыкнуў; нават Дзік уздрыгнуў і выпусціў кручок. Аднак людзей, якія сядзелі на палянцы, страла гэтая не спалохала; для іх яна была ўмоўным сігналам, а яго яны даўно чакалі. Яны ўсе разам падхапіліся на ногі, зацягваючы паясы, правяраючы цецівы, выцягваючы з похваў мячы і кінжалы. Эліс падняў руку; твар яго асвяціўся нястрымнай энергіяй, бялкі вачэй ярка паблісквалі на загарэлым твары.

— Хлопцы, — сказаў ён, — вы ўсе ведаеце сваю справу. Няхай ніводная душа не выслізне жывой з вашых рук! Эпльярд — гэта быў усяго толькі глыток віскі перад абедам; а зараз пачнецца самы абед. Я павінен адпомсціць за трох: за Гары Шэлтана, за Саймона Мэлмсбэры і… — тут ён стукнуў сябе кулаком у шырокія грудзі, — і за Эліса Дэкуорта. І, клянуся небам, я адпомшчу!

Якісьці чалавек, расчырванеўшыся ад шпаркага бегу, прадзёрся праз кусты і выбег на паляну.

— Гэта не сэр Дэніэл! — прамовіў ён, цяжка дыхаючы. — Іх усяго сем чалавек. Страла даляцела да вас?

— Толькі што, — адказаў Эліс.

— Што за ліха! — вылаяўся бягун. — То ж мне і падалося, што я чую яе свіст. Вось я і застаўся без абеду.

У адзін момант увесь атрад «Чорнай стралы» пакінуў паляну перад разбураным домам; кацёл, патухлае вогнішча ды аленевая туша на кусце глогу — вось і ўсё, што ад іх засталося.

Раздзел VКрыважэрнае паляванне

Хлопчыкі не рухаліся да таго часу, пакуль шум ветру не заглушыў тупату крокаў, якія аддаляліся. Тады яны падняліся з вялікай цяжкасцю, таму што ад нязручнага становішча ў іх занямелі ногі, выбраліся з разбуранага дома і па бервяне перайшлі цераз роў. Мэтчэм падняў згублены кручок і ішоў наперадзе; Дзік рухаўся за ім з арбалетам у руцэ.

— А цяпер ідзём у Халівуд, — сказаў Мэтчэм.

— У Халівуд? — усклікнуў Дзік. — Ісці ў Халівуд, калі ў нашых страляюць? Не, я не пайду ў Халівуд. Няхай мяне лепш павесяць, Джон.

— Няўжо ты кінеш мяне? — спытаў Мэтчэм.

— Ну і кіну, — адказаў Дзік. — Калі я не паспею папярэдзіць іх, я памру разам з імі. Не магу ж я кінуць людзей, з якімі пражыў усё жыццё! Дай мне кручок ад майго арбалета.

Але Мэтчэм не збіраўся аддаваць яму кручок.

— Дзік, — сказаў ён, — ты пакляўся ўсімі святымі, што даставіш мяне цэлым і здаровым у Халівуд. Няўжо ты парушыш сваю клятву? Няўжо ты мяне кінеш, клятвапарушальнік?

— Я кляўся шчыра, — адказаў Дзік, — і збіраўся стрымаць сваю клятву. Вось што, Джон, пойдзем са мною. Дазволь мне толькі папярэдзіць гэтых людзей і, калі давядзецца, пастаяць разам з імі пад стрэламі. Тады сумленне маё будзе чыстае, я выканаю сваю клятву і завяду цябе ў Халівуд.

— Ты смяешся з мяне! — запярэчыў Мэтчэм. — Людзі, якім ты хочаш дапамагчы, палююць за мною, каб загубіць мяне.

Дзік пачухаў галаву.

— Што ж рабіць, Джон? — сказаў ён. — Я не магу інакш. А як бы ты сам зрабіў на маім месцы? Табе небяспека пагражае невялікая, а іх чакае смерць. Смерць! — паўтарыў ён. — Падумай аб гэтым! Якога чорта ты мяне затрымліваеш? Давай сюды кручок! Клянуся святым Георгіем, я не дам ім усім загінуць!

— Рычард Шэлтан, — спытаў Мэтчэм, гледзячы прама яму ў твар, — няўжо ты збіраешся змагацца на баку сэра Дэніэла? Хіба ў цябе няма вушэй? Хіба ты не чуў таго, што сказаў Эліс? Ці табе не дарагая родная кроў, кроў твайго бацькі, якога забіў гэты чалавек? «Гары Шэлтан», — сказаў ён; а сэр Гары Шэлтан быў твой бацька, і гэта таксама зразумела, як тое, што сонца зіхаціць на небе.

— І ты хочаш, каб я паверыў зладзеям? — крыкнуў Дзік.

— Я ўжо даўно чуў аб забойстве твайго бацькі, — сказаў Мэтчэм. — Усім вядома, што яго забіў сэр Дэніэл. У сваім уласным доме праліў ён нявінную кроў. Неба прагне расплаты за гэтае забойства! А ты, сын забітага, ідзеш суцяшаць і абараняць забойцу!

— Джон! — усклікнуў хлопчык. — Я нічога не ведаю. Можа, усё гэта так і было. Адкуль мне ведаць? Але памяркуй сам: сэр Дэніэл выгадаваў мяне і выкарміў; я гуляў і паляваў разам з яго воінамі; а ты хочаш бачыць мяне зганьбаваным.

— Ну, а твой бацька, Дзік? — спытаў Мэтчэм, трошкі, відаць, засумняваўшыся. — Хто ж твой бацька? І клятва, якую ты мне даў? Ты ж даваў клятву, заклікаў у сведкі ўсіх святых.

— Мой бацька, ты кажаш? — усклікнуў Шэлтан. — Бацька загадаў бы мне ісці і абараняць сваіх. Калі праўда, што сэр Дэніэл забіў яго, прыйдзе час, і вось гэтая рука заб'е сэра Дэніэла! Але пакуль сэру Дэніэлу пагражае небяспека, я буду абараняць яго. А ад клятвы маёй ты сам мяне вызваліш, добры Джон. Ты вызваліш мяне ад клятвы, каб выратаваць жыццё людзей, якія не зрабілі табе нічога кепскага, і каб выратаваць мой гонар.

— Я, Дзік, вызвалю цябе ад клятвы? Ніколі! — адказаў Мэтчэм. — Калі ты кінеш мяне, ты — клятвапарушальнік, так і ведай.

— Маё цярпенне лопнула, — сказаў Дзік. — Аддай мне мой кручок!

— Не дам, — заўпарціўся Мэтчэм. — Я выратую цябе насуперак тваёй волі.

— Не дасі? — крыкнуў Дзік. — Я цябе прымушу!

— Паспрабуй! — прыняў выклік Мэтчэм.

Яны глядзелі адзін аднаму ў вочы, гатовыя да сутычкі. Дзік кінуўся першы. Мэтчэм адскочыў, павярнуўся і пабег, але Дзік дагнаў яго двума скачкамі, вырваў у яго з рук кручок ад арбалета, груба паваліў на зямлю і спыніўся над ім, сціснуўшы кулакі, расчырванелы і люты. Мэтчэм ляжаў, уваткнуўшыся тварам у траву, і не спрабаваў супраціўляцца.

Дзік нацягнуў цеціву.

— Я цябе правучу! — шалёна крычаў ён. — Кляўся я ці не кляўся, а я цябе правучу!

Ён павярнуўся і пабег прэч. Мэтчэм падхапіўся на ногі і памчаўся за ім наўздагон.

— Што табе трэба? — крыкнуў Дзік і спыніўся. — Чаго ты бяжыш за мною? Адстань!

— Я бягу куды хачу, — сказаў Мэтчэм. — Тут, у лесе, я вольны.

— Не, ты адстанеш ад мяне, клянуся Багародзіцай! — адказаў Дзік, падымаючы свой арбалет.

— Ах, які ты храбрэц! — сказаў Мэтчэм. — Страляй!

Дзік збянтэжана апусціў арбалет.

— Паслухай, — сказаў ён, — ты ўжо і так дастаткова мне нашкодзіў. Ідзі. Па-добраму. А то я вымушаны буду прагнаць цябе.

— Ну што ж, — сказаў Мэтчэм, — ты дужэйшы. Праганяй мяне. А я ад цябе не адстану, Дзік. Ты можаш прагнаць мяне толькі сілай.

Дзік ледзь стрымліваўся. Сумленне не дазваляла яму біць безабароннага, але ён не ведаў іншага спосабу пазбавіцца ад непатрэбнага спадарожніка, якому да таго ж перастаў давяраць.

— Ды звар'яцеў ты, ці што? — крыкнуў ён. — Дурань, я ж іду да тваіх ворагаў! Я імчуся праменька да іх.

— Ну і няхай, — адказаў Мэтчэм. — Калі табе суджана памерці, Дзік, я памру разам з табой. Калі табе суджана трапіць у турму, мне лепш будзе з табою ў турме, чым без цябе на волі.

— Добра, — сказаў Дзік. — У мяне няма часу з табой валаводзіцца. Ідзі за мной. Але калі ты падстроіш мне якое-небудзь паскудства, я цябе шкадаваць не стану. Заганю ў цябе стралу, так і ведай.

З гэтымі словамі Дзік павярнуўся і шпаркім крокам накіраваўся ўздоўж гушчару, пільна гледзячы па баках. Неўзабаве ён выбраўся з яру. Лес парадзеў. Злева ён убачыў невялікі пагорак, які зарос залацістым жаўтазелем; на вяршыні пагорка ўзвышаліся цёмныя хвоі.

«Адсюль мне будзе відаць усё», — падумаў ён і палез угару па адкрытым, зарослым верасам схіле.

Ён прайшоў усяго некалькі ярдаў, як раптам Мэтчэм схапіў яго за руку і паказаў штосьці ўдалечыні. На поўдзень ад пагорка ляжала шырокая даліна; верас на ёй яшчэ не адцвіў, і яна нагадвала заржаўлены шчыт, на якім плямамі цямнелі вязы. Дзесяць чалавек у зялёных куртках падымаліся па схіле; іх вёў сам Эліс Дэкуорт, — яго лёгка было пазнаць па рагаціне, якую ён трымаў у руках. Адзін за адным узбіраліся яны на вяршыню, паяўляліся на фоне неба і знікалі за пагоркам.

Дзік ласкава паглядзеў на Мэтчэма.

— Значыць, ты са мною, Джон? — спытаў ён. — А я ж баяўся, што ты на баку маіх ворагаў.

Мэтчэм заплакаў.

— Гэта яшчэ што! — усклікнуў Дзік. — Святыя ўгоднікі, ратуйце нас! Я сказаў табе ўсяго адно слова, і ты ўжо равеш.

— Ты ўдарыў мяне! — плакаў Мэтчэм. — Ты шпурнуў мяне на зямлю, і я вельмі балюча выцяўся. Ты баязлівец, ты карыстаешся тым, што дужэйшы за мяне!

— Не мялі глупства, — груба сказаў Дзік. — Якое ты меў права не даваць мне мой кручок, майстар Джон! Мне варта было адлупцаваць цябе як належыць. Хочаш ісці са мной, дык слухайся. Ну, пайшлі!

Мэтчэм вагаўся ў нерашучасці; але калі ён убачыў, што Дзік працягвае караскацца ўгару па схіле, ні разу нават не павярнуўшыся, ён пабег за ім услед. Аднак пад'ём быў круты і няроўны, і пакуль Мэтчэм вагаўся, Дзік прайшоў далёка ўперад. А паколькі ён і рухаўся спрытней, то паспеў дапаўзці да хвой на вяршыні і ўжо расчышчаў сабе гняздзечка, калі Мэтчэм, дыхаючы, як загнаны алень, плюхнуўся вобзем побач з ім.

Унізе, з краю шырокай даліны, сцежка, што вяла ад вёсачкі Тэнстол, спускалася да перавозу. Гэта была добра вытаптаная сцежка, яе лёгка было прасачыць усю з канца ў канец. Лес то адступаў ад яе, то падыходзіў ушчыльную; і ўсюды, дзе лес блізка падыходзіў да сцежкі, магла быць засада. Далёка ўнізе сонечныя промні зіхацелі на сямі сталёвых шлемах; а часам, калі дрэвы радзелі, з пагорка можна было разгледзець Сэлдэна і яго людзей, якія ехалі рыссю, спяшаючыся выканаць загад сэра Дэніэла. Вецер трохі пацішэў, хоць усё яшчэ разгойдваў дрэвы, і, можа, калі б сярод вершнікаў быў нябожчык Эпльярд, ён па паводзінах птушак адчуў бы небяспеку.

— Яны ўжо заехалі далёка ў лес, — прашаптаў Дзік. — Зараз, каб выратавацца, ім трэба скакаць уперад, а не вяртацца. Бачыш вунь тую паляну, на самай сярэдзіне якой вырас маленькі гай, падобны на востраў? Там яны былі б у бяспецы. Толькі б яны даскакалі да гэтага месца, а ўжо я паклапачуся іх папярэдзіць. Але надзеі мала; іх усяго сямёра, і ў іх не арбалеты, а простыя лукі. А арбалет, Джон, заўсёды пераважае над лукам.

Між тым Сэлдэн і яго спадарожнікі працягвалі скакаць па сцежцы, не падазраючы аб небяспецы, што пагражала ім, і паступова набліжаліся да таго месца, дзе схаваліся хлопчыкі. Адзін раз коннікі спыніліся і, збіўшыся ў кучу, пачалі прыслухоўвацца і паказваць кудысьці пальцам. Насцярожыцца іх, хутчэй за ўсё, прымусіў глухі гарматны грукат, які вецер прыносіў да іх здалёку. Па гэтых гуках можна было здагадацца аб ходзе вялікай бітвы. Тут было над чым задумацца. Калі грукат гармат стаў чуцен у Тэнстолскім лесе, значыць, бітва перасунулася на ўсход і, такім чынам, шчасце здрадзіла сэру Дэніэлу і лордам Пунсовай ружы[2].

Але вось маленькі атрад зноў рушыў у дарогу і хутка дабраўся да адкрытай паляны, якая зарасла верасам; лес уразаўся ў яе доўгім вузкім клінам, што даходзіў да самай сцежкі. Ледзь коннікі наблізіліся да яе, як у паветры мільганула страла. Адзін з вершнікаў пляснуў рукамі, конь яго ўздыбіўся, і абодва яны рухнулі на зямлю. Усе закрычалі так гучна, што хлопчыкі пачулі іх крык са свайго пагорка. Адтуль таксама было відаць, як тузануліся спалоханыя коні, і як адзін воін спрабаваў спешыцца, калі коннікі крыху акрыялі ад нечаканасці. Яшчэ адна страла, пушчаная з большай адлегласці, чым першая, апісала ў паветры шырокую дугу: другі вершнік таксама зваліўся ў пыл. Воін, які злез з каня, выпусціў аброць, і конь памчаўся галопам, цягнучы яго за нагу па зямлі, па камянях, топчучы капытамі. Астатнія чацвера, што засталіся ў сёдлах, падзяліліся — адзін, гучна крычучы, паскакаў назад да перавозу, а трое іншых, кінуўшы павады, панесліся на ўвесь мах уперад, да Тэнстола. З-за кожнага дрэва ў іх ляцелі стрэлы. Неўзабаве адзін конь упаў, але воін паспеў падхапіцца на ногі; ён бег услед за сваімі таварышамі, пакуль і яго не збіла страла. Яшчэ адзін чалавек упаў і яшчэ адзін конь. З усяго атрада ацалеў толькі адзін, але і ў яго ўжо не было каня. Удалечыні заціх тупат трох перапалоханых коней, якія страцілі сваіх седакоў.

За ўвесь гэты час ніводзін з нападаючых не паказаўся з засады. Толькі на сцежцы валяліся коні і людзі, якія курчыліся ў перадсмяротных пакутах. Але ў іх ворагаў не было міласэрнасці — ніхто не выйшаў з засады, каб пазбавіць іх мучэнняў.

Ацалелы вершнік спыніўся разгублена каля свайго мёртвага каня. Ён апынуўся ў канцы той самай паляны з гаёчкам, якую Дзік паказаў Мэтчэму, на адлегласці якіх-небудзь пяцісот ярдаў ад месца, дзе ляжалі хлопчыкі. Яны выразна бачылі, як ён трывожна азіраўся па баках, чакаючы смерці. Але ніхто яго не чапаў, і мала-памалу мужнасць вярнулася да яго. Раптам ён скінуў з пляча свой лук і нацягнуў цеціву. Дзік пазнаў яго па руху рук. То быў Сэлдэн. Пры такой спробе да супраціўлення ўвесь лес зарагатаў. Відаць, у гэтай жорсткай і несвоечасовай весялосці ўдзельнічала не менш дваццаці чалавек. Над плячом Сэлдэна праляцела страла. Ён уздрыгнуў і адхіснуўся. Другая страла торкнулася ў зямлю каля самых яго ног. Ён схаваўся за дрэвам. Трэцяя страла, накіраваная, здавалася, яму прама ў твар, упала за некалькі крокаў ад яго. Затым зноў пачуўся гулкі рогат, што перабягаў, як рэха, ад аднаго куста да другога.

Было зразумела, што нападаючыя проста дражняць няшчаснага, як у тыя часы дражнілі звычайна быка перад тым як забіць, або як кошка і па сённяшні дзень забаўляецца з мышшу. Змаганне даўно скончылася. Адзін з лясных зухаў ужо выйшаў на сцежку і спакойна падбіраў стрэлы, а яго таварышы цешылі свае жорсткія сэрцы відовішчам пакут бліжняга.

Сэлдэн зразумеў, што яго дражняць. З шалёным воклічам ён нацягнуў свой лук і наўздагад пусціў стралу ў гушчар лесу. Яму пашанцавала — хтосьці ўскрыкнуў ад болю. Сэлдэн кінуў свой лук і памчаўся ўгару па схіле, якраз туды, дзе ляжалі Дзік і Мэтчэм.

Лясныя зухі пачалі абстрэльваць яго не на жарты. Але яны позна спахапіліся, і як бы ў адплату за іх жорсткасць шчасце ад іх адвярнулася і цяпер ім даводзілася страляць супраць сонца. Сэлдэн на бягу кідаўся то ўправа, то ўлева, каб збіць іх і не даць ім прыцэліцца. Ужо тым, што кінуўся бегчы ўверх па схіле, ён зблытаў усе іх разлікі: з другога боку сцежкі ў іх не было ніводнага стралка, акрамя таго адзінага, якога Сэлдэн ці то забіў, ці то параніў. Шайка, відаць, разгубілася. Хтосьці тройчы свіснуў, потым яшчэ два разы. Здалёку даляцеў сустрэчны свіст. Увесь лес напоўніўся шумам крокаў і трэскам галін. Спалоханая лань выскачыла на паляну, пастаяла на трох нагах, панюхала паветра і зноў знікла ў нетры.

Сэлдэн працягваў бегчы, скачучы з боку на бок. Стрэлы ляцелі за ім наўздагон, але ніводная не трапляла ў яго. Яшчэ крыху, здавалася, і ён будзе выратаваны. Дзік трымаў напагатове свой арбалет, каб дапамагчы яму. Нават Мэтчэм, забыўшы аб сваёй нянавісці да сэра Дэніэла, у глыбіні душы спачуваў няшчаснаму ўцекачу. Сэрцы абодвух хлопчыкаў сутаргава біліся.

Сэлдэн быў усяго за пяцьдзесят ярдаў ад іх, як раптам у яго трапіла страла, і ён упаў. Праўда, праз імгненне ён ужо зноў быў на нагах; але цяпер ён хістаўся на кожным кроку і, быццам сляпы, пабег у іншы бок.

Дзік падхапіўся на ногі і замахаў рукой.

— Сюды! — крыкнуў ён. — Сюды! Мы дапаможам табе! Бяжы! Бяжы!

Але другая страла трапіла Сэлдэну ў плячо і, пацэліўшы паміж пласцінамі яго латаў, прабіла куртку. Ён зваліўся на зямлю.

— Бядак! — крыкнуў Мэтчэм, пляснуўшы рукамі.

А Дзік быццам аслупянеў. Ён стаяў на ўвесь рост на вяршыні пагорка — цудоўная мішэнь для стралкоў.

Яго, напэўна, тут жа забілі б, таму што лясныя зухі былі раз'ятраныя на саміх сябе і іх застала знянацку з'яўленне Дзіка ў тыле сваіх пазіцый, але раптам зусім блізка пачуўся грамавы голас Эліса Дэкуорта.

— Стой! — прагрымеў ён. — Не страляць! Узяць яго жывым! Гэта малады Шэлтан, сын Гары Шэлтана.

Ён некалькі разоў пранізліва свіснуў, і з усіх бакоў лесу яму засвісталі ў адказ. Свіст, верагодна, замяняў Джону Помшчу-за-ўсіх баявую трубу: з яго дапамогай ён аддаваў свае загады.

— Бяда! — усклікнуў Дзік. — Мы папаліся… Уцякайма, Джон, уцякайма!

І яны павярнулі назад і памчаліся праз хваёвы гай, які пакрываў вяршыню пагорка.

Раздзел VIКанец дня

Хлопчыкі пабеглі своечасова: яшчэ крыху, і было б позна. Малайцы з «Чорнай стралы» з усіх канцоў памкнуліся да пагорка. Найбольш спрытныя з іх і тыя, каму давялося бегчы па адкрытай мясцовасці, хутка апярэдзілі астатніх і былі ўжо недалёка ад мэты; а тыя, што адсталі, памчаліся па лагчынках, хто направа, хто налева, спрабуючы акружыць пагорак, каб не даць хлопчыкам уцячы.

Дзік заляцеў у высокі дубовы гай. Там, пад дубамі, была цвёрдая глеба, і ногі не блыталіся ў вецці кустоў. Хлопчыкі беглі шпарка, таму што бегчы ім даводзілася з гары. Дубы скончыліся, перад імі была шырокая даліна, але Дзік павярнуў налева. Дабегшы да наступнай паляны, ён зноў павярнуў налева. Вось такім чынам атрымалася, што хлопчыкі, некалькі разоў павярнуўшы налева, паджгалі ў напрамку да ракі, праз якую яны пераправіліся дзве гадзіны назад, а іх праследавацелі памчаліся зусім у іншы бок, у напрамку да Тэнстола.

Хлопчыкі спыніліся, каб перавесці дух. Лясных разбойнікаў не было чуваць. Дзік прыклаў вуха да зямлі і ўсё ж нічога не пачуў; зрэшты на слых цяжка было спадзявацца, таму што вецер, які шумеў у вяршалінах, заглушаў усё.

— Наперад! — сказаў Дзік.

Яны вельмі стаміліся, у Мэтчэма ныла нага, і ўсё ж такі, адолеўшы сябе, яны пабеглі далей пад гару.

Праз тры мінуты яны ўрэзаліся ў самы гушчар кустоў вастралісту. Над галавой кроны дубоў утварылі суцэльны дах. Здавалася, яны трапілі ў высокі шматкалонны сабор. Бегчы тут было няцяжка — трава пругка і мякка спружыніла пад нагамі, і толькі часам уцекачы чапляліся за кусты вастралісту.

Але вось гушчар парадзеў, яны мінулі апошнія кусты, і прыцемкі гаю расступіліся.

— Стой! — крыкнуў чыйсьці голас.

Сярод тоўстых камлёў за пяцьдзесят футаў ад сябе яны ўбачылі рослага чалавека ў зялёнай куртцы, які запыхаўся ад шпаркага бегу. Чалавек гэты паспешліва сунуў у лук стралу і ўзяў іх на прыцэл. Мэтчэм ускрыкнуў і спыніўся; але Дзік працягваў бегчы і, выхапіўшы кінжал, з ходу кінуўся на ляснога зуха. Мабыць, той разгубіўся, здзіўлены смеласцю нападу, а можа, яму было забаронена страляць: як бы там ні было, ён не выстраліў. Дзік не даў яму апамятацца, схапіў яго за горла і шпурнуў вобзем. Лук, загуўшы цецівой, паляцеў у адзін бок, страла — у другі. Абяззброены лясны разбойнік паспрабаваў супраціўляцца; але кінжал двойчы бліснуў і двойчы апусціўся. Пачуўся слабы стогн. Дзік падняўся. Лясны зух нерухома ляжаў на траве, пранізаны ў самае сэрца.

— Наперад! — крыкнуў Дзік.

Ён зноў пабег; Мэтчэм з цяжкасцю паспяваў за ім. Шчыра кажучы, абодва ледзь валачылі ногі і лавілі паветра ротам, як рыбы. У Мэтчэма закалола ў баку, кружылася галава. У Дзіка ногі былі як свінцовыя. Яны беглі з апошніх сіл, але ўсё-такі беглі.

Раптоўна гушчар скончыўся. Перад імі ляжала дарога з Райзінгэма ў Шорбі, акаймаваная з абодвух бакоў непрыступнай сцяной лесу.

Дзік спыніўся. І тут ён пачуў якісьці незразумелы шум. Няспынна нарастаючы, ён нагадваў завыванне ветру, але неўзабаве ў гэтым завыванні Дзік адрозніў тупат коней, якія несліся наўскач. І вось з-за павароту дарогі выскачыў атрад узброеных вершнікаў; ён імгненна пранёсся міма хлопчыкаў і знік. Коннікі мчаліся ў поўным беспарадку, — відаць, яны ратаваліся ўцёкамі; многія з іх былі паранены. Побач несліся, высока падкідваючы акрываўленыя сёдлы, коні без седакоў. Гэта ўцякалі рэшткі арміі, што была разбіта ў вялікай бітве.

Тупат коней, якія прамчаліся на Шорбі, пачаў ужо заціхаць удалечыні, як зноў пачулася цоканне капытоў і на дарозе з'явіўся яшчэ адзін вершнік, мяркуючы па яго выдатных даспехах, — чалавек высокага сану. Услед за ім пацягнуліся абозныя вазы. Вознікі шалёна падганялі кляч, беглі нязграбнай рыссю. Гэтыя абознікі, відаць, уцяклі на самым пачатку бітвы, але баязлівасць не прынесла ім карысці. Ледзь яны параўняліся з тым месцам, дзе стаялі здзіўленыя хлопчыкі, як нейкі воін у пасечаных латах, не помнячы сябе ад шаленства, дагнаў вазы і пачаў лупцаваць вознікаў дзяржаннем мяча. Многія пакідалі свае вазы і схаваліся ў лесе. Тых, хто застаўся, воін сек направа і налева, не па-чалавечы моцна лаючыся і называючы іх баязліўцамі.

Між тым шум удалечыні ўсё ўзмацняўся; вецер даносіў ляскатанне вазоў, конскі тупат, крыкі воінаў. Зразумела было, што цэлая армія, быццам паводка, хлынула на дарогу.

Дзік нахмурыўся. Па гэтай дарозе ён збіраўся ісці да павароту на Халівуд, а зараз трэба было шукаць іншы шлях. А галоўнае, ён пазнаў сцягі графа Райзінгэма і зразумеў, што прыхільнікі Ланкастэрскай ружы пацярпелі поўнае паражэнне. Ці паспеў сэр Дэніэл далучыцца да ланкастэрцаў? Няўжо і ён таксама разбіты? Няўжо і ён уцёк? Ці, можа, ён запляміў свой гонар здрадай і перайшоў на бок Йорка? Невядома, што горш.

— Хадзем, — панура сказаў Дзік.

І пабрыў назад у гушчар. Мэтчэм стомлена калдыбаў за ім.

Яны моўчкі ішлі па лесе. Ужо было позна; сонца апускалася ў балота за Кэтлі; вяршаліны дрэў барвянелі ў яго промнях, але цені рабіліся ўсё гусцейшымі, і ў паветры павеяла начным холадам.

— Эх, каб паесці! — усклікнуў Дзік, спыніўшыся.

Мэтчэм сеў на зямлю і заплакаў.

— Вось з-за вячэры ты плачаш, затое, калі трэба было ратаваць людзей, ты быў спакойны, — пагардліва сказаў Дзік. — На тваім сумленні сем чалавек, майстар Джон; і гэтага я табе ніколі не дарую.

— На маім сумленні? — усклікнуў Мэтчэм люта. — На маім? А на тваім кінжале чырвоная чалавечая кроў! За што ты забіў бедака? Ён узняў лук, але не выстраліў; ён мог цябе забіць, але пашкадаваў! Вялікая храбрасць — забіць бяззбройнага, як кацяня!

Дзік аслупянеў ад знявагі.

— Я забіў яго ў сумленным баі. Я кінуўся на яго, калі ён падняў лук! — усклікнуў ён.

— Ты забіў яго, як баязлівец, — запярэчыў Мэтчэм. — Ты крыкун і выхваляка, майстар Дзік! У кожнага, хто мацнейшы за цябе, ты будзеш валяцца ў нагах! Ты не ўмееш помсціць. Смерць твайго бацькі засталася неадпомшчанай, і яго няшчасны дух дарэмна моліць аб адплаце. А вось калі якая-небудзь слабая істота, якая не ўмее біцца, пасябруе з табой, яна загіне.

Дзік быў занадта разлютаваны, каб звярнуць увагу на слова «яна».

— Лухта! — крыкнуў ён. — Вазьмі любых двух чалавек, і заўсёды высветліцца, што адзін дужэйшы, а другі слабейшы. Моцны перамагае слабага, і гэта правільна. А цябе, майстар Мэтчэм, за тваё свавольства і няўдзячнасць варта адлупцаваць папружкай, і я цябе адлупцую.

І Дзік, які ўмеў у самым моцным гневе здавацца спакойным, пачаў расшпільваць свой пояс.

— Вось што ты атрымаеш на вячэру, — сказаў ён, змрочна ўсміхаючыся.

Мэтчэм перастаў плакаць; ён быў белы як палатно, але цвёрда глядзеў Дзіку ў твар і не рухаўся. Дзік ступіў уперад, падняў папружку. Але тут жа спыніўся, збянтэжаны вялікімі вачыма і асунутым, стомленым тварам свайго таварыша. Дзік завагаўся.

— Прызнайся, што ты несправядлівы, — запінаючыся, прамовіў ён.

— Не, я справядлівы, — сказаў Мэтчэм. — Бі мяне! Я кульгаю; я стаміўся; я не супраціўляюся; я не зрабіў табе нічога кепскага. Дык бі ж мяне, баязлівец!

Пачуўшы гэтыя зневажальныя словы, Дзік узмахнуў папружкай, але Мэтчэм так уздрыгнуў, так сцяўся ўвесь ад страху, што ў Дзіка зноў не хапіла рашучасці нанесці ўдар. Рука з папружкай апусцілася; ён не ведаў, што рабіць, і адчуваў сябе дурнем.

— Каб ты здох ад чумы! — сказаў ён. — Калі ў цябе слабыя рукі, дык прытрымай свой язык. Але біць я цябе не магу, хай мяне лепш павесяць. — І ён падперазаў свой пояс. — Біць я цябе не буду, — працягваў ён, — але дараваць табе я ніколі не дарую. Я цябе не ведаў. Ты быў ворагам майго валадара; я аддаў табе свайго каня; я аддаў табе свой абед, а ты казаў, што я зроблены з дрэва. Ты абазваў мяне баязліўцам і выхвалякам. Не, мера майго цярпення перапоўнена, клянуся! Цяпер я ўжо бачу, як выгадна быць слабым: ты можаш здзяйсняць самыя брыдкія ўчынкі, і ніхто цябе не пакарае; ты можаш украсці ў чалавека зброю, калі яму пагражае небяспека, і чалавек гэты не пасмее запатрабаваць яе ў цябе, — ты ж такі слабы! Значыць, калі хто-небудзь скіруе на цябе дзіду і крыкне табе, што ён слабы, ты павінен дазволіць яму пранізаць цябе? Лухта! Глупства!

— А ўсё-такі ты мяне не лупцуеш, — сказаў Мэтчэм.

— Чорт з табой! — адказаў Дзік. — Я займуся тваім выхаваннем. Ты кепска выхаваны, але ўсё ж у табе ёсць штосьці добрае, і галоўнае, — ты выцягнуў мяне з ракі. Зрэшты, аб гэтым я згадваць не хачу. Я вырашыў быць гэтакім жа няўдзячным, як ты. Аднак трэба ісці. Калі ты хочаш трапіць у Халівуд сягоння ноччу або хоць бы заўтра раніцой, мы павінны спяшацца.

Але калі да Дзіка і вярнулася яго лагоднасць, Мэтчэм не дараваў яму нічога. Нялёгка яму было забыць і грубасць Дзіка, і забойства ляснога зуха, і, самае галоўнае, узнятую папружку.

— Дзеля прыстойнасці дзякую табе, — сказаў Мэтчэм. — Але, бадай, я і без цябе знайду дарогу, добры майстар Шэлтан. Лес шырокі; ты кроч налева, а я пайду направа. Я ў цябе ў даўгу: ты накарміў мяне абедам і прачытаў мне натацыю; пры выпадку я аддзячу цябе. Усяго добрага!

— Ну і ідзі! — крыкнуў Дзік. — І чорт з табой!

Яны пайшлі ў розныя бакі, не клапоцячыся аб напрамку і думаючы толькі аб сваёй спрэчцы. Але не прайшоў Дзік і дзесяці крокаў, як Мэтчэм аклікнуў яго і пабег за ім.

— Дзік, — сказаў ён, — мы нядобра з табой развіталіся. Вось табе мая рука і вось табе маё сэрца. За ўсё, што ты зрабіў для мяне, за тваю дапамогу мне я дзякую табе, і не з прыстойнасці толькі, а ад усёй душы. Усяго табе добрага!

— Ну што ж, дружа, — сказаў Дзік, ціснучы працягнутую руку, — жадаю, каб табе шанцавала ва ўсім. Але баюся, што не пашанцуе. Надта ўжо ты любіш спрачацца.

Яны рассталіся другі раз. І зноў разлука іх не адбылася. Але цяпер ужо не Мэтчэм пабег за Дзікам, а Дзік за Мэтчэмам.

— Вазьмі мой арбалет, — сказаў ён. — Бо ў цябе няма ніякай зброі.

— Арбалет? — усклікнуў Мэтчэм. — Ды мне не хопіць сілы нацягнуць яго. Да таго ж я і цэліцца не ўмею. Арбалет не прынясе мне ніякай карысці, добры хлопчык. Дзякуй табе.

Набліжалася ноч, і ў цяні галін яны ўжо з цяжкасцю адрознівалі твар адзін аднаго.

— Пачакай, я крыху правяду цябе, — сказаў Дзік. — Ноч цёмная. Я давяду цябе хоць бы да сцяжынкі, а то адзін ты можаш заблудзіцца.

Ён не сказаў больш ні слова і пайшоў уперад, а Мэтчэм зноў пабрыў за ім. Рабілася ўсё цямней і цямней; толькі зрэдку праз густыя галіны бачылі яны неба, усыпанае дробнымі зоркамі. Шум разбітай арміі ланкастэрцаў усё яшчэ далятаў да іх, але з кожным крокам ён чуўся слабей і цішэй.

Прыкладна праз паўгадзіны яны выйшлі на вялікую паляну, зарослую верасам. Дзе-нідзе, быццам астраўкі, над ёю ўзвышаліся нетры цісаў, слаба асветленыя пабліскваннем зорак. Хлопчыкі спыніліся і паглядзелі адзін на аднаго.

— Ты стаміўся? — спытаў Дзік.

— Я так стаміўся, — адказаў Мэтчэм, — што хацеў бы легчы і памерці.

— Я чую журчанне ручая, — сказаў Дзік. — Дойдзем да яго і нап'ёмся; мяне мучыць смага.

Мясцовасць прыкметна паніжалася, і, сапраўды, на дне даліны яны знайшлі маленькі бруісты ручаёк, які бег паміж вербамі. Яны ўпалі ніцма на зямлю і, выцягнуўшы губы, удосталь напіліся вады, у якой адбіваліся зоркі.

— Калі мы спускаліся сюды, я бачыў якуюсьці яму, — сказаў Дзік. — Залезем у яе і заснём.

— Ах, як я хачу спаць! — усклікнуў Мэтчэм.

Яма была пясчаная і сухая; галіны кустоў, быццам павець, схіляліся над ёю. Хлопчыкі залезлі ў яму, леглі і моцна прыціснуліся адзін да аднаго, каб сагрэцца; сварка іх была забыта. Сон ахінуў іх, як воблака, і яны мірна заснулі пад расою і зоркамі.

Раздзел VIIЧалавек з закрытым тварам

Яны прачнуліся ў перадсвітальных прыцемках. Птушкі яшчэ не спявалі, а толькі няўпэўнена шчабяталі; і сонца яшчэ не паднялося, але ўвесь усходні край неба быў ахоплены ўрачыстай шматколернай зарой. Галодныя, змучаныя, яны нерухома ляжалі ў салодкай млявасці. І раптам пачулі дзвынканне званочкаў.

— Звоняць! — сказаў Дзік, прыўзнімаючыся. — Няўжо мы так блізка ад Халівуда?

Званочак дзвынкнуў зноў і на гэты раз намнога бліжэй; надтрэснуты гук яго, які парушыў ранішнюю цішыню, ужо не змаўкаў, увесь час набліжаючыся.

— Што гэта? — спытаў Дзік, канчаткова прачынаючыся.

— Хтосьці ідзе, — адказаў Мэтчэм, — і пры кожным яго кроку звініць званочак.

— Я гэта і сам разумею, — сказаў Дзік. — Але хто можа блукаць тут са званочкам? Каму патрэбен званочак у Тэнстолскім лесе? Джон, — дадаў ён, — смейся нада мной, калі хочаш, але мне гэты звон не падабаецца.

— Але, — сказаў Мэтчэм і ўздрыгнуў, — у гэтым звоне ёсць штосьці журботнае. Калі б не світанне…

Але тут званочак зазвінеў намнога мацней і раптам змоўк.

— Можна падумаць, што нехта бег са званочкам, прачытаў «Ойча наш» і з разгону скочыў у ваду, — заўважыў Дзік.

— А цяпер ён зноў ідзе марудна, — дадаў Мэтчэм.

— Не так ужо марудна, Джон, — адказаў Дзік. — Наадварот, ён вельмі шпарка да нас набліжаецца. Або ён уцякае ад кагосьці, або за кімсьці гоніцца сам. Хіба ты не чуеш, што звон з кожным імгненнем усё бліжэй?

— Ён ужо зусім побач, — сказаў Мэтчэм.

Яны стаялі з краю ямы; а паколькі яма была на макаўцы невялікай выспы, яны ўбачылі ўсю паляну да самага лесу. У шэрых ранішніх прыцемках яны выразна адрознівалі белую стужку сцяжынкі, якая праходзіла за нейкіх сто ярдаў ад ямы і перасякала ўсю паляну з усходу на захад. Дзік вымеркаваў, што сцяжынка гэтая, відавочна, павінна была весці ў замак Мот.

Не паспеў ён гэта падумаць, як на сцяжынцы з гушчару лесу з'явіўся чалавек, захутаны ў белае. Ён спыніўся на імгненне, быццам для таго, каб лепш агледзецца; затым, нізка прыгнуўшыся да зямлі, няспешліва рушыў наперад цераз зарослую верасам паляну. Званочак звінеў пры кожным яго кроку. У яго не было твару: белы мяшок, нават без адтулін для вачэй, закрываў усю яго галаву; чалавек гэты намацваў дарогу палкай.

Смяротны жах ахапіў хлопчыкаў.

— Пракажоны! — сказаў Дзік задыхаючыся.

— Яго дотык — смерць, — хваляваўся Мэтчэм. — Уцякайма!

— Навошта ўцякаць? — запярэчыў Дзік. — Хіба ты не бачыш, што ён зусім сляпы? Ён намацвае дарогу палкай. Давай ляжаць і не рухацца; вецер дзьме ад нас да яго, і ён пройдзе міма, не зрабіўшы нам ніякай шкоды. Бедачына! Ён варты жалю, а не страху!

— Я пашкадую яго, калі ён пройдзе, — адказаў Мэтчэм.

Пракажоны быў ужо зусім недалёка ад іх. Узышло сонца і асвяціла яго закрыты твар. Калісьці, да таго як страшная хвароба сагнула яго ў тры пагібелі, гэта, хутчэй за ўсё, быў мажны, рослы мужчына, ды і зараз ён ішоў упэўненай паходкай моцнага чалавека. Злавесны звон званочка, стук палкі, занавешаны твар без вачэй і, галоўнае, усведамленне таго, што ён не толькі асуджаны на смерць і пакуты, але і адвергнуты людзьмі, — усё гэта наганяла на хлопчыкаў жудасную журбу. Чалавек набліжаўся да іх, і з кожным яго крокам яны гублялі мужнасць і сілы.

Параўняўшыся з ямай, ён спыніўся і павярнуў да іх галаву.

— Прасвятая Багародзіца, выратуй мяне! — ледзь чутна прашаптаў Мэтчэм. — Ён нас бачыць!

— Лухта! — адказаў Дзік шэптам. — Ён проста прыслухоўваецца. Ён жа сляпы, дзівак!

Пракажоны глядзеў ці прыслухоўваўся некалькі імгненняў. Потым пабрыў далей, але раптам зноў спыніўся і зноў, здавалася, паглядзеў на хлопчыкаў. Нават Дзік смяротна пабялеў і заплюшчыў вочы, быццам ад аднаго позірку на пракажонага ён мог заразіцца. Але неўзабаве званочак зазвінеў зноў.

Пракажоны дайшоў да канца паляны і знік у гушчары.

— Ён бачыў нас, — сказаў Мэтчэм. — Клянуся, ён нас бачыў!

— Глупства! — запярэчыў Дзік, да якога ўжо вярнулася мужнасць. — Ён нас чуў і, пэўна, вельмі спалохаўся, бядак! Калі б ты быў сляпы, і калі б цябе акружала вечная ноч, ты спыняўся б ад кожнага хрусту сучка пад нагой, ад кожнага піску птушкі.

— Дзік, добры Дзік, ён бачыў нас, — паўтараў Мэтчэм. — Людзі прыслухоўваюцца зусім не так, Дзік. Ён глядзеў, а не слухаў. Ён задумаў штосьці нядобрае. Чуеш, званочак змоўк…

Ён меў рацыю. Званочак больш не звінеў.

— Гэта мне не падабаецца, — сказаў Дзік. — Гэта мне зусім не падабаецца, — паўтарыў ён. — Што ён задумаў? Ідзём хутчэй!

— Ён пайшоў на ўсход, — сказаў Мэтчэм. — Добры Дзік, бяжым прама на захад! Я супакоюся толькі тады, калі павярнуся да гэтага пракажонага спіной і ўцяку ад яго як можна далей.

— Які ж ты баязлівец, Джон! — адказаў Дзік. — Мы ідзём у Халівуд, а каб прыйсці адсюль у Халівуд, трэба ісці на поўнач.

Яны падняліся, перайшлі па каменьчыках цераз ручай і палезлі ўверх па супрацьлеглым схіле яру, які быў вельмі круты і падымаўся да самага ўскрайку лесу. Глеба тут была няроўнай — усюды гарбы і ямы; дрэвы раслі то ў адзіночку, то цэлымі гаямі. Нялёгка было знаходзіць дарогу, хлопчыкі пасоўваліся наперад вельмі марудна. Да таго ж яны былі стомлены ўчарашнімі сваімі прыгодамі, змучаны голадам і з цяжкасцю перастаўлялі ногі, якія грузлі ў пяску.

Раптам з вяршыні выспы яны ўбачылі пракажонага — ён быў за сто футаў ад іх і ішоў ім напярэймы па лагчыне. Званочак яго не звінеў, палка не намацвала дарогі, ён ішоў шпаркай, упэўненай паходкай відушчага чалавека. Праз імгненне ён знік у зарасніках кустоў.

Хлопчыкі адразу схаваліся за кустом жаўтазелю і ляжалі ахопленыя жахам.

— Ён гоніцца за намі, — сказаў Дзік. — Ты заўважыў, як ён прыціснуў язычок званочка рукой, каб не звінеў? Хай дапамогуць нам святыя! Супраць заразы мая зброя проста нішто!

— Што яму трэба? — усклікнуў Мэтчэм. — Чаго ён хоча? Ніколі не чуў я, каб пракажоныя кідаліся на людзей проста так, са злосці. Бо і званочак у яго для таго, каб людзі, пачуўшы звон, уцякалі. Дзік, тут штосьці не так…

— Мне ўсё роўна, — прастагнаў Дзік. — Я зусім аслабеў, ногі ў мяне як салома. Хай ратуюць нас святыя!

— Няўжо ты так і будзеш тут ляжаць? — усклікнуў Мэтчэм. — Уцякайма назад, на паляну. Там бяспечней. Там яму не ўдасца падкрасціся да нас незаўважна.

— Я нікуды не пабягу, — сказаў Дзік. — У мяне няма сілы. Будзем спадзявацца, што ён пройдзе міма.

— Дык нацягні свой арбалет! — усклікнуў Мэтчэм. — Будзь мужчынам.

Дзік перахрысціўся.

— Няўжо ты хочаш, каб я страляў у пракажонага? — сказаў ён. — У мяне рука не падымецца. Будзь што будзе! — дадаў ён. — Я магу змагацца са здаровымі людзьмі, але не з прывідамі і пракажонымі. Не ведаю, ці прывід гэта, ці пракажоны, але няхай абароніць нас неба і ад таго і ад другога!

— Дык вось якая праслаўленая храбрасць мужчыны! — сказаў Мэтчэм. — Як мне шкада няшчасных мужчын! Ну што ж, калі ты нічога не хочаш рабіць, дык давай ляжаць ціха.

Званочак адрывіста дзвынкнуў.

— Ён знянацку адпусціў язычок, — шапнуў Мэтчэм. — Божа, як ён блізка!

Дзік нічога не адказаў, зубы яго ляскалі.

Пракажоны ўжо цьмяна бялеў за галінамі кустоў, потым з-за ствала высунулася яго галава, здавалася, ён уважліва вывучаў мясцовасць. Хлопчыкам ад страху мроілася, што кусты шаргацяць лісцямі і трашчаць галінамі, як жывыя; і кожнаму было чуваць, як б'ецца сэрца другога.

Раптам пракажоны з воклічам выскачыў з-за кустоў і пабег прама на хлопчыкаў. Моцна крычучы, яны кінуліся ў розныя бакі. Але іх страшны вораг хутка дагнаў Мэтчэма і моцна схапіў яго. Лясное рэха падхапіла адчайны крык Мэтчэма. Ён сутаргава затрапятаўся і страціў прытомнасць.

Дзік пачуў крык і павярнуўся. Ён убачыў, што Мэтчэм упаў, і да яго адразу вярнуліся сілы і мужнасць. З воклічам гневу і жалю ён зняў з пляча арбалет і нацягнуў цеціву. Але пракажоны спыніў яго, падняўшы руку.

— Не страляй, Дзікон! — пачуўся знаёмы голас. — Не страляй, храбрэц! Няўжо ты не пазнаў сябра?

Чалавек паклаў Мэтчэма на траву, скінуў з галавы мяшок, і Дзік убачыў твар сэра Дэніэла Брэклі.

— Сэр Дэніэл! — усклікнуў Дзік.

— Так, я сэр Дэніэл, — адказаў рыцар. — Ты ледзь не застрэліў свайго апекуна, шэльма! Але вось гэты… — ён кіўнуў на Мэтчэма. — Як ты яго называеш, Дзік?

— Я яго называю майстрам Мэтчэмам, — сказаў Дзік. — Хіба вы яго не ведаеце? А ён казаў, што вы яго ведаеце!

— Але, я яго ведаю, — адказаў сэр Дэніэл і ўсміхнуўся. — Ён самлеў, і, клянуся небам, яму ёсць ад чаго траціць прытомнасць. Прызнайся, Дзік, што я напалохаў цябе да смерці?

— Страшэнна напалохалі, сэр Дэніэл, — сказаў Дзік, уздыхнуўшы пры адным успаміне аб сваім спалоху. — Даруйце мне, сэр, за дзёрзкія словы, але мне падалося, што я сустрэў самога д'ябла. Сказаць шчыра, я да гэтага часу дрыжу. Чаму вы так прыбраліся, сэр?

Сэр Дэніэл гнеўна нахмурыўся.

— Чаму я так прыбраўся? — перапытаў ён. — Таму, Дзік, што нават у маім уласным Тэнстолскім лесе майму жыццю пагражае небяспека. Нам не пашанцавала, мы прыбылі на самы разгром. Дзе ўсе мае слаўныя воіны? Дзік, клянуся небам, я не ведаю, дзе яны! Мы былі адбіты. Стрэлы касілі нас, трох забілі ў мяне на вачах. З таго часу я не бачыў ніводнага майго воіна. Мне ўдалося цэлым і жывым дабрацца да Шорбі. Там, асцерагаючыся «Чорнай стралы», я прыкінуўся пракажоным і асцярожна пабрыў да замка Мот, пазвоньваючы званочкам. Гэта самы зручны ўбор на свеце; самы дзёрзкі разбойнік пусціцца наўцёкі, пачуўшы звон майго званочка. Гэты гук здольны сагнаць колер з любога твару. Я іду і раптам натыкаюся на цябе і Мэтчэма. Я вельмі дрэнна бачу праз мяшок і не быў упэўнены, вы гэта ці не вы. І па многіх прычынах я здзівіўся, сустрэўшы вас разам. Акрамя таго я баяўся, што на адкрытай паляне мяне могуць пазнаць. Але паглядзі, — перабіў ён сябе, — бядак ужо амаль ачуўся. Глыток добрага канарскага віна адразу яго ажывіць.

Рыцар выняў з-пад сваёй доўгай вопраткі вялікую бутэльку. Ён расцёр хвораму скроні і змачыў яму губы. Джон апрытомнеў і цьмяным позіркам глядзеў то на аднаго, то на другога.

— Якая радасць, Джон! — сказаў Дзік. — Гэта быў зусім не пракажоны, гэта быў сэр Дэніэл! Паглядзі сам!

— Выпі глыток, — сказаў рыцар. — Ты адразу станеш малайцом. Я вас накармлю, і мы ўтрох пойдзем у Тэнстол. Прызнаюся табе, Дзік, — працягваў ён, раскладваючы на траве хлеб і мяса, — я буду адчуваць сябе ў бяспецы толькі тады, калі апынуся ў чатырох сценах. З таго часу, як я ўпершыню сеў на каня, мне ніколі не было так кепска. Небяспека пагражае і майму жыццю, і маёй маёмасці, а тут яшчэ гэтыя лясныя бадзягі апалчыліся на мяне. Але я так лёгка не здамся! Некаторым маім воінам удасца дабрацца дахаты, ды ў Хэтча засталося дзесяць чалавек, і ў Сэлдэна шэсць. Не, мы хутка зноў будзем моцныя! І калі мне ўдасца купіць мір у шчаслівага і недастойнага лорда Йорка, мы з табою, Дзік, хутка зноў станем людзьмі і будзем раз'язджаць вярхом на конях!

З гэтымі словамі рыцар напоўніў рог канарскім віном і падняў яго, збіраючыся выпіць за здароўе свайго выхаванца.

— Сэлдэн… — пачаў Дзік, запінаючыся. — Сэлдэн…

І замоўк.

Сэр Дэніэл адкінуў рог, не выпіўшы віна.

— Што? — усклікнуў ён дрыготкім голасам. — Сэлдэн? Кажы! Што здарылася з Сэлдэнам?

Дзік расказаў, як трапіў у засаду і як быў знішчаны атрад, пасланы сэрам Дэніэлам.

Рыцар слухаў моўчкі, але твар яго падрыгваў ад гневу і гора.

— Клянуся маёй правай рукой, я адпомшчу! — закрычаў ён. — Калі мне не ўдасца адпомсціць, калі я не заб'ю дзесяць ворагаў за кожнага з маіх забітых воінаў, няхай гэтая рука адсохне. Я зламаў гэтага Дэкуорта, як чарацінку, я выгнаў яго з дому, я спаліў дах над яго галавой, я прагнаў яго з гэтай краіны; і цяпер ён вярнуўся, каб шкодзіць мне? Ну, Дэкуорт, гэтым разам табе давядзецца дрэнна.

Ён замоўк, толькі твар яго працягваў падрыгваць.

— Што ж вы не ядзіце! — крыкнуў ён раптоўна. — А ты, — звярнуўся ён да Мэтчэма, — пакляніся мне, што пойдзеш са мной у замак Мот.

— Клянуся маім гонарам, — адказаў Мэтчэм.

— Што я буду рабіць з тваім гонарам? — крыкнуў рыцар. — Пакляніся мне шчасцем тваёй маці!

Мэтчэм пакляўся шчасцем маці. Сэр Дэніэл закрыў твар мяшком, узяў званочак і палку. Убачыўшы яго зноў у гэтым жахлівым уборы, хлопчыкі адчулі якісьці страх. Але рыцар быў ужо на нагах.

— Ешце хутчэй, — сказаў ён, — і ідзіце за мною следам у мой замак.

Ён павярнуўся і пабрыў у лес, званочак адлічваў яго крокі. Хлопчыкі не дакрануліся да ежы, пакуль гэты страшны звон не змоўк удалечыні.

— Дык што, ты ідзеш у Тэнстол? — спытаў Дзік.

— Што ж рабіць, — сказаў Мэтчэм, — давядзецца ісці! Я храбрэйшы за спіною сэра Дэніэла, чым у яго на вачах.

Яны наспех паелі і пайшлі па сцяжынцы, якая вяла іх усё вышэй пад гару. Велізарныя букі раслі пасярод зялёных лужкоў; вавёркі і птушкі весела пераскоквалі з галінкі на галінку. Праз дзве гадзіны яны былі ўжо на другім баку грады пагоркаў і ішлі ўніз; неўзабаве за вяршалінамі дрэў паказаліся чырвоныя сцены і дах Тэнстолскага замка.

— Развітайся тут са сваім сябрам Джонам, якога ты ніколі больш не ўбачыш, — сказаў Мэтчэм і спыніўся. — Даруй Джону ўсё, што ён табе зрабіў благога, і ён таксама з радасцю і любоўю даруе табе.

— Навошта? — спытаў Дзік. — Мы абодва ідзём у Тэнстол і будзем бачыцца там вельмі часта.

— Ты ніколі больш не ўбачыш беднага Джона Мэтчэма, які быў такі баязлівы і надакучлівы, але ўсё-такі выцягнуў цябе з ракі. Ты больш не ўбачыш яго, Дзік, клянуся маім гонарам!

Ён растуліў абдымкі. Хлопчыкі абняліся і пацалаваліся.

— Я прадчуваю бяду, Дзік, — працягваў Мэтчэм. — Ты зараз убачыш зусім новага сэра Дэніэла. Да гэтага часу яму ўсё ўдавалася, шчасце само ішло ў рукі, але цяпер лёс павярнуўся супраць яго, і ён будзе кепскім валадаром для нас абодвух. Ён храбры на полі бою, але ў яго хлуслівыя вочы. Зараз у вачах яго спалох, а страх, Дзік, яшчэ люцейшы за воўка! Мы ідзём у яго замак. Святая Марыя, выведзі нас адтуль!

Яны моўчкі спусціліся з пагорка і нарэшце падышлі да лясной цвярдыні сэра Дэніэла — нізкага змрочнага будынка з круглымі вежамі, з мохам і плесенню на сценах і з глыбокім ровам, поўным вады, у якім плавалі гарлачыкі. Пры іх з'яўленні брама расчынілася, пад'ёмны мост апусціўся, і сэр Дэніэл, у суправаджэнні Хэтча і свяшчэнніка, выйшаў ім насустрач.


  1. Лорды Пунсовай ружы — гэта значыць прыхільнікі дынастыі Ланкастэраў.