35983.fb2 Чорная страла - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 5

Чорная страла - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 5

Кніга чацвертаяПЕРААПРАНУТЫЯ

Раздзел IЛогавішча

Дзік выйшаў на вялікую дарогу недалёка ад Халівуда, міляў за дзевяць-дзесяць ад Шорбі-на-Ціле; пераканаўшыся, што іх больш не даганяюць, абодва атрады раздзяліліся. Слугі лорда Фоксгэма панеслі свайго параненага валадара ў вялікае абацтва, дзе было бяспечна і спакойна. Калі яны зніклі за густой заслонай снегападу, у Дзіка застаўся тузін бадзяг — усё, што ацалела ад яго дабравольніцкага атрада.

Многія з іх былі паранены; усе да аднаго былі ўзлаваны няўдачамі і працяглым вандраваннем; згаладалыя і змерзлыя, яны не мелі сілы адкрыта бунтаваць і толькі бурчалі ды панура пазіралі на сваіх правадыроў. Дзік раздаў ім усё, што было ў яго ў кашальку, нічога не пакінуўшы сабе, і падзякаваў за храбрасць, хаця, шчыра кажучы, намнога ахвотней вылаяў бы іх за баязлівасць. Трошкі змякчыўшы гэтым уражанне ад працяглых няўдач, ён загадаў ім папарна і ў адзіночку прабірацца да Шорбі і чакаць яго ў шынку «Казёл і валынка».

Помнячы падзеі, што адбыліся на борце «Добрай Надзеі», ён пакінуў пры сабе аднаго толькі Лоўлеса. Снег падаў бесперастанку і ўсё засцілаў навокал, быццам сляпучае воблака; вецер паступова сціхаў і нарэшце знік зусім; увесь свет здаваўся загорнутым у белую пялёнку і паглыбленым у маўчанне. Сярод снежных сумётаў лёгка было збіцца з дарогі і загрузнуць. І Лоўлес, які крочыў наперадзе, выцягваў шыю, як паляўнічы сабака, што ідзе па следзе, вывучаў кожнае дрэва, уважліва ўзіраўся ў сцяжынку, быццам вёў карабель па бурным моры.

Калі прайшлі лесам добрую мілю, яны наблізіліся да гаю карабатых высокіх дубоў, паблізу якіх скрыжоўваліся некалькі дарог. Гэтае месца няцяжка было пазнаць нават у такую пагоду, і Лоўлес быў, відаць, рады, што знайшоў яго.

— А цяпер, майстар Рычард, — сказаў ён, — калі ваш гонар не перашкодзіць вам пакарыстацца гасціннасцю чалавека, які не нарадзіўся джэнтльменам і якога нават нельга назваць добрым хрысціянінам, я магу прапанаваць вам кубак віна і зыркі агонь, каб разагрэць вашы костачкі.

— Вядзі, Уіл, — адказаў Дзік. — Кубак віна і зыркі агонь! Дзеля гэтага я згодзен ісці куды заўгодна.

Лоўлес рашуча пакрочыў уперад і, калі прайшоў пад аголенымі дрэвамі, хутка выбіўся да пячоры, ледзь не напалову засыпанай снегам. Над уваходам у пячору рос велізарны бук з непрыкрытымі каранямі; стары бадзяга, рассунуўшы кусты, знік пад зямлёй.

Калісьці магутны ўраган выкарчаваў велізарны бук з зямлі разам з вялікім кавалкам дзёрну; пад гэтым букам Лоўлес і выкапаў сабе лясное сховішча. Карані яму служылі латамі, дахам быў дзёран, сценамі і падлогай была сырая зямля. У адным кутку знаходзіўся ачаг, пачарнелы ад агню, у другім стаяла вялікая дубовая скрыня, моцна акаваная жалезам; толькі па гэтых прадметах можна было здагадацца, што тут чалавечае жыллё, а не звярыная нара.

Нягледзячы на тое, што ў пячору намяло снегу, у ёй было намнога цяплей, чым вонкі; а калі Лоўлес высек іскру і ў ачагу ўспыхнулі і затрашчалі сухія галінкі, стала па-хатняму ўтульна.

Задаволены, Лоўлес уздыхнуў, працягнуў свае шырокія рукі да агню і ўцягнуў у сябе пах дыму.

— Вось, — сказаў ён, — трусіная нара старога Лоўлеса. Малю неба, каб сабакі не пранюхалі аб ёй! Багата я блукаў па свеце з таго часу, як мне споўнілася чатырнаццаць гадоў і я ўпершыню ўцёк з абацтва, украўшы залаты ланцуг і малітоўнік, якія прадаў за чатыры маркі. Калі стаў паломнікам, спрабаваў выратаваць сваю душу: пабываў у Англіі, у Францыі, у Бургундыі і ў Гішпаніі; пабываў і на моры, у гэтай чужыне ўсіх народаў. Але сапраўднае маё месца, майстар Шэлтан, толькі тут. Тут мая радзіма — вось гэтая нара ў зямлі! Ці дождж ідзе, ці свеціць сонца, ці ў красавіку, калі спяваюць птушкі і кветкі падаюць на маю пасцель, або зімою, калі я сяджу сам-насам з добрым кумам-агнём і ў лесе шчабеча канаплянка, — гэтая нара замяняе мне ўсё: і царкву, і рынак, і жонку, і наследніка. Дзе б я ні быў, я заўсёды вяртаюся сюды. І я малю святых угоднікаў, каб мне тут было дазволена памерці.

— А што ж, у цябе тут і праўда ўтульны куток, — адказаў Дзік, — і цёпла, і старонняму воку не бачна.

— Але, ён схаваны добра, і гэта самае галоўнае, — падхапіў Лоўлес, — бо сэрца маё разарвалася б, калі б яго знайшлі. Вось тут, — сказаў ён, раскопваючы моцнымі пальцамі пясчаную падлогу, — тут мой вінны пограб, і вы зараз атрымаеце біклагу цудоўнай моцнай брагі.

І сапраўды, пакапаўшы крыху, ён выцягнуў вялікую скураную бутлю, на тры чвэрці напоўненую моцным, духмяным элем. Выпіўшы адзін за аднаго, яны падкінулі паліва ў агонь, і полымя зноў заблішчала. Яны леглі і выцягнулі ногі, упіваючыся асалодай цеплыні.

— Майстар Шэлтан, — заўважыў бадзяга, — за апошні час вы двойчы пацярпелі няўдачу; падобна на тое, што вы страціце і дзяўчыну. Ці правільна я кажу?

— Правільна, — адказаў Дзік, кіўнуўшы галавой.

— А цяпер, — працягваў Лоўлес, — паслухайце старога дурня, які амаль усюды пабываў і амаль усё пабачыў. Занадта многа выконваеце вы чужых даручэнняў, майстар Шэлтан. Вы стараецеся для Эліса; але Эліс марыць толькі аб смерці сэра Дэніэла. Вы стараецеся для лорда Фоксгэма… Зрэшты, хай берагуць яго святыя, у яго, без сумнення, добрыя намеры. Аднак лепш за ўсё старацца для сябе самога, добры Дзік. Ідзіце да сваёй дзяўчыны. Заляцайцеся да яе, а то як бы яна не забыла вас. Будзьце напагатове, і калі надарыцца выпадак, бярыце каня і скачыце разам з ёю.

— Ах, Лоўлес, ды яна ж, пэўна, знаходзіцца ў доме сэра Дэніэла! — адказаў Дзік.

— Ну што ж, мы пойдзем у дом сэра Дэніэла, — адказаў бадзяга.

Дзік здзіўлена паглядзеў на яго.

— Няма чаго здзіўляцца, — сказаў Лоўлес, — калі вы мне не верыце на словах, зірніце сюды.

І бадзяга зняў з шыі ключ, адчыніў дубовы куфэрак; пакапаўшыся, ён выняў з яго спачатку манаскую расу, потым вяровачны пояс і, нарэшце, велізарны ружанец, такі цяжкі, што ім можна было б дзейнічаць, як зброяй.

— Вось, — сказаў ён, — гэта для вас. Апранайце!

Калі Дзік пераапрануўся ў манаха, Лоўлес выняў фарбы і аловак і, як сапраўдны майстар, узяўся грыміраваць яго. Бровы зрабіў таўсцейшыя і даўжэйшыя; ледзь пазначаныя вусікі Дзіка ператварыў у вялікія вусы; некалькімі лініямі змяніў выраз вачэй, і малады манах пачаў здавацца намнога старэй за свае гады.

— Зараз я таксама пераапрануся, — сказаў Лоўлес, — і ніхто не адрозніць нас ад сапраўдных манахаў. Мы смела пойдзем да сэра Дэніэла, а там з любові да царквы-маці нам акажуць радасны прыём.

— Чым мне адплаціць табе, дарагі Лоўлес? — ускрыкнуў юнак.

— Э, брат, — адказаў бадзяга, — усё, што я раблю, я раблю дзеля свайго задавальнення! Не турбуйся пра мяне. Клянуся небам, я аб сабе і сам паклапачуся: язык у мяне доўгі, голас — быццам манастырскі звон, і калі мне што-небудзь трэба, я буду прасіць, мой сын. А калі просьбы малавата, вазьму сам.

Стары махляр пацешна скрывіўся. І, як Дзіка ні гідзіла заступніцтва такой сумніцельнай асобы, ён не стрымаўся і зарагатаў.

Лоўлес вярнуўся да куфэрка і таксама прыбраўся манахам. Дзік са здзіўленнем заўважыў, што пад сваёй расай Лоўлес схаваў звязак чорных стрэл.

— Навошта яны табе? — спытаў Дзік. — Для чаго табе стрэлы, калі ты не бярэш лука?

— Нямала давядзецца разбіць галоў і паламаць спін, перш чым выйдзем адтуль, куды ідзём, — весела адказаў Лоўлес. — І калі што здарыцца, я хацеў бы, каб наша брацтва падтрымала свой гонар. Чорная страла, майстар Дзік, — пячатка нашага абацтва. Яна паказвае, кім прысланы рахунак.

— У мяне з сабою важныя паперы, — сказаў Дзік. — Калі іх знойдуць, яны загубяць і мяне і тых, хто даў іх мне. Дзе іх схаваць, Уіл?

— Э, — адказаў Лоўлес, — я пайду ў лес і прасвішчу тры куплеты з песні, а вы тым часам закапайце іх дзе хочаце і разраўняйце над імі пясок.

— Нізавошта! — ускрыкнуў Рычард. — Я давяраю табе, сябар. Я быў бы нізкім чалавекам, калі б не давяраў табе!

— Брат, ты дзіця, — адказаў стары бадзяга, спыняючыся на парозе логавішча і павярнуўшыся да Дзіка. — Я добры стары хрысціянін, не здраднік і не шкадую сваёй крыві дзеля сябра. Але, неразумнае дзіця, я злодзей па рамяству, па нараджэнні і па звычках. Калі б мая бутля была пустая і ў мяне перасохла б у роце, я абрабаваў бы вас, дарагое дзіця, і гэта такая ж праўда, як тое, што я люблю вас, паважаю вас і захапляюся вамі! Ці можна сказаць ясней? Не!

І, хруснуўшы сваімі вялікімі пальцамі, ён пайшоў прэч і знік у кустарніку.

Дзіку не было калі ламаць галаву над супярэчлівай натурай свайго таварыша. Як толькі ён застаўся адзін, ён паспешліва выцягнуў свае паперы, перачытаў іх і закапаў. Толькі адну ён захапіў з сабою, таму што яна ніяк не магла пашкодзіць яго сябрам, а пры выпадку паслужыла б доказам супраць сэра Дэніэла. Гэта было ўласнаручнае пісьмо тэнстолскага рыцара да лорда Ўэнслідэла, пасланае раніцай пасля паражэння пры Райзінгэме і знойдзенае Дзікам на целе забітага ганца.

Дзік затаптаў несатлелае вугалле, выйшаў з логавішча і далучыўся да старога бадзягі. Той чакаў яго пад аголенымі дубамі, злёгку ўжо прыцярушаны снегам. Яны зірнулі адзін на аднаго і зарагаталі, — маскарад атрымаўся на славу.

— Шкада, што зараз не лета, — прабурчаў Лоўлес. — А то я заглянуў бы ў лужыну і ўбачыў бы сябе ў ёй, як у люстэрку. Многія воіны сэра Дэніэла ведаюць мяне ў твар. Калі нас выкрыюць, яшчэ невядома, што зробяць з вамі, а вось я не паспею і «Ойча наш» прачытаць, як буду гайдацца на вяроўцы.

Адным словам, яны выправіліся ў Шорбі; дарога цягнулася то лесам, то полем. Па баках стаялі домікі беднякоў і маленькія фермы.

Лоўлес убачыў адзін з такіх домікаў і раптоўна спыніўся.

— Брат Марцін, — сказаў ён абсалютна змененым, ялейным, манаскім голасам. — Давайце зойдзем і папросім міласціну ў гэтых бедных грэшнікаў. Pax vobiscum![7] Э, — дадаў ён сваім звычайным голасам, — вось гэтага якраз я і баяўся: я ўжо развучыўся гугнявіць па-манаску. Дазвольце мне, добры майстар Шэлтан, крыху папрактыкавацца тут, перад тым як рызыкнуць сваёй тлустай шыяй у доме сэра Дэніэла. Бачыце, як карысна быць майстрам на ўсе рукі! Калі б не быў я мараком, вы абавязкова пайшлі б на дно на «Добрай Надзеі»; калі б я не быў злодзеем, я не змог бы расфарбаваць вам твар; і калі б я не пахадзіў у манахах і не прывык дзерці горла ў царкоўным хоры ды аб'ядацца манастырскімі харчамі, гэтая раса не сядзела б на мне так спрытна, і першы сустрэчны сабака аббрахаў бы нас, як прытворшчыкаў.

Ён падышоў ушчыльную да дома, прыўзняўся на наскі і зазірнуў у акно.

— Ну, — сказаў ён, — цудоўна! Тут мы якраз і выпрабуем наш маскарад і ў дадатак сыграем вясёлы жарт з братам Кэперам.

З гэтымі словамі ён адчыніў дзверы і зайшоў у дом.

Тры разбойнікі з «Чорнай стралы» сядзелі за сталом і прагна елі. Кінжалы, уваткнутыя побач з імі ў стол, і змрочныя, пагражальныя позіркі, якія яны кідалі на жыхароў дома, сведчылі аб тым, што разбойнікі балююць на становішчы захопнікаў, а не прошаных гасцей. Яны з абурэннем паглядзелі на двух манахаў, якія з належнай іх сану ціхмянасцю зайшлі ў кухню. Адзін з іх — сам Джон Кэпер, які, відавочна, быў тут важаком, — груба загадаў ім зараз жа выбірацца.

— Жабракі нам не патрэбны! — крыкнуў ён.

Аднак другі быў мякчэйшы, хаця таксама, канечне, не пазнаў ні Дзіка, ні Лоўлеса.

— Не праганяй іх! — сказаў ён. — Мы людзі дужыя і бяром самі што нам трэба; а яны слабыя і просяць; але ў рэшце рэшт яны выратуюцца, а мы загінем… Не звяртайце на яго ўвагі, бацька. Падыходзьце, выпіце з маёй чаркі і благаславіце мяне.

— Вы людзі легкадумныя і бязбожныя, — загаварыў манах. — Святыя не дазволяць мне піць з вамі. Але, шкадуючы грэшнікаў, я падару вам адну свяшчэнную рэч, і дзеля выратавання вашай душы я загадваю вам цалаваць і берагчы яе.

Лоўлес грукатаў і грымеў як належыць прапаведніку манаху. Але пры гэтых словах ён выцягнуў з-пад расы чорную стралу, шпурнуў яе на стол перад трыма здзіўленымі бадзягамі, павярнуўся, схапіў Дзіка за руку, выскачыў з ім з пакоя і, перш чым тыя паспелі вымавіць хоць слова або паварушыць пальцам, знік за густой заслонай снегападу.

— Такім чынам, — сказаў ён, — мы выпрабавалі наш грым, майстар Шэлтан. Цяпер я гатовы рызыкнуць уласнай тушай дзе заўгодна.

— Выдатна! — адказаў Рычард. — Мне таксама не церпіцца дзейнічаць. Хадзем у Шорбі!

Раздзел II«У доме варагаў маіх»

У сэра Дэніэла ў Шорбі быў высокі, зручны, атынкаваны дом з разьбой на дубовых рамах і з пакатай саламянай страхою. За домам цямнеў пладовы сад з мноствам алей і зарослых зелянінай альтанак; сад гэты цягнуўся да званіцы манастырскай царквы.

У выпадку неабходнасці дом мог змясціць світу і больш важнай асобы, чым сэр Дэніэл; але і зараз у ім было вельмі шумна. На двары чуўся звон зброі і стук падкоў; кухня гула, як вулей; у зале забаўляліся блазны, спявалі менестрэлі, ігралі музыкі. Сэр Дэніэл марнатраўствам, весялосцю і гасціннасцю супернічаў з лордам Шорбі і пераўзыходзіў лорда Райзінгэма.

Гасцей прымалі сардэчна. А менестрэляў, блазнаў, гульцоў у шахматы, гандляроў рэліквій, зелляў, духоў і талісманаў, разам з усемагчымымі свяшчэннікамі, манахамі, вандроўнікамі садзілі за стол для слуг і клалі спаць на прасторных гарышчах або на голых дошках у доўгай сталовай.

На наступны дзень пасля крушэння «Добрай Надзеі» кладоўкі, кухні, стайні і нават пуні, што акружалі двор з двух бакоў, былі поўныя святочнага люду. Тут весяліліся і слугі сэра Дэніэла ў сіне-чырвоных ліўрэях і розныя прайдзісветы, завабленыя ў горад сквапнасцю, якіх рыцар прымаў часткова з палітычных меркаванняў, а часткова проста таму, што прымаць падобных людзей у тыя часы было добрым звычаем.

Усе яны пад дах былі загнаны снегам, які падаў бесперастанку, марозам і набліжэннем ночы. Віна, элю і грошай было колькі заўгодна. Адны, расцягнуўшыся на саломе ў свірне, гулялі ў карты, некаторыя яшчэ з абеду былі п'яныя. Нам, бадай, падалося б, што горад толькі што быў падвергнуты разгрому; але ў тыя часы ва ўсіх багатых і высакародных дамах на святы адбывалася тое ж самае.

Два манахі — стары і малады — прыйшлі позна і цяпер грэліся каля агню ў куце пуні. Стракаты натоўп абступіў іх — штукары, скамарохі, салдаты. Неўзабаве старэйшы з манахаў пачаў з імі ажыўленую размову, у якой было столькі жартаў і дасціпнасці, што натоўп вакол хутка павялічыўся.

Малодшы яго спадарожнік, у якім чытач пазнаў ужо Дзіка Шэлтана, сеў ззаду за ўсімі і паступова адсоўваўся ўсё далей. Ён слухаў уважліва, але не адкрываў рота; па панураму выразу яго твару было бачна, што яго мала цікавяць жарты таварыша.

Нарэшце яго позірк, які ўвесь час блукаў па баках і сачыў за ўсімі дзвярыма, спыніўся на маленькай працэсіі, што зайшла ў галоўную браму і наўскос перасякала двор. Дзве дамы, захутаныя ў густыя футры, ішлі ў суправаджэнні дзвюх служанак і чатырох дужых воінаў. Праз імгненне яны зайшлі ў дом і зніклі. Дзік, праслізнуўшы праз натоўп гулякаў, кінуўся ўслед за імі.

«Тая, вышэйшая ростам, — лэдзі Брэклі, — падумаў ён, — а дзе лэдзі Брэклі, там і Джаана».

Ля дзвярэй чатыры воіны спыніліся; дамы падымаліся па лесвіцы з паліраванага дуба, іх ахоўвалі толькі дзве служанкі. Дзік пайшоў за імі па пятах.

Змяркалася, і ў доме было ўжо амаль зусім цёмна. На пляцоўках лесвіцы блішчалі факелы ў жалезных аправах; ля кожных дзвярэй доўгага калідора, абабітага габеленамі, гарэла лямпа. І калі дзверы былі адчынены, Дзік бачыў сцены, завешаныя габеленамі, і падлогу, засланую трыснягом, які пабліскваў пры святле запаленых дроў.

Так прайшлі яны два паверхі, і на кожнай пляцоўцы дама, меншая ростам і маладзейшая, паварочвалася і пільна ўглядвалася ў манаха. А ён ішоў, апусціўшы вочы, са сціпласцю, належнай яго званню; ён толькі аднойчы зірнуў на яе і не ведаў, што прыцягнуў да сябе яе ўвагу. Нарэшце на трэцім паверсе дамы рассталіся, — малодшая адправілася наверх адна, а старэйшая, у суправаджэнні служанак, пайшла па калідоры направа.

Дзік хутка дасягнуў пляцоўкі трэцяга паверха і пачаў з-за вугла глядзець, куды далей накіруюцца гэтыя трое. Не паварочваючыся і не азіраючыся, яны ішлі па калідоры. «Усё добра, — падумаў Дзік. — Толькі б даведацца, дзе пакой лэдзі Брэклі, і тады я без цяжкасці адшукаю пані Хэтч».

Чыясьці рука легла яму на плячо. Ён падскочыў, ціха ўскрыкнуў і павярнуўся, каб схапіцца з ворагам.

Ён быў крыху збянтэжаны, калі заўважыў, што самым бесцырымонным чынам абхапіў рукамі маленькую юную лэдзі ў футры. Спалоханая і абураная, яна дрыжала ўсім сваім тоненькім цельцам у яго руках.

— Васпані, — сказаў Дзік, апускаючы рукі, — малю вас дараваць мне, але ззаду ў мяне няма вачэй, і, клянуся небам, я не ведаў, што вы дзяўчына.

Дзяўчына працягвала глядзець на яго, але пакрысе жах у яе на твары змяніўся здзіўленнем, а здзіўленне — недаверлівасцю. Дзік, які чытаў у яе на твары ўсе гэтыя пачуцці, пачаў трывожыцца за сваю бяспеку тут, у варожым яму доме.

— Цудоўная дзяўчына, — сказаў ён з прытворнай непасрэднасцю, — дазвольце мне пацалаваць вашу руку ў знак таго, што вы забудзеце маю грубасць, і я пайду.

— Вы нейкі дзіўны манах, васпан, — смела і пранікліва гледзячы яму ў твар, адказала дзяўчына. — Цяпер, калі першае маё здзіўленне крыху прайшло, я заўважаю па кожным вашым слове, што вы зусім не манах. Чаго вы тут? Навошта вы так па-блюзнерску пераапрануліся ў свяшчэнную расу? З мірам вы прыйшлі ці з вайною? І чаму вы, быццам злодзей, сочыце за лэдзі Брэклі?

— Васпані, — сказаў Дзік, — у адным прашу я вас паверыць: я не злодзей. І калі нават я прыйшоў сюды не з мірам, — што да нейкай ступені правільна, — я не ваюю з цудоўнымі дзяўчатамі, а таму прашу вас узяць мой прыклад і адпусціць мяне. Бо, цудоўная пані, калі вам уздумаецца падняць голас і паведаміць аб тым, што вам стала вядома, — бедны джэнтльмен, які стаіць перад вамі, прапашчы чалавек. Я не хачу думаць, што вы будзеце такой жорсткай, — працягваў Дзік і, пяшчотна трымаючы руку дзяўчыны абедзвюма рукамі, зазірнуў ёй у твар з пачцівым захапленнем.

— Дык вы шпіён з партыі Йорка? — спытала дзяўчына.

— Васпані, — адказаў ён, — я сапраўды йоркіст і ў нейкім родзе шпіён. Але прычына, якая прывяла мяне ў гэты дом і якая, безумоўна, выкліча спачуванне і дапытлівасць у вашым добрым сэрцы, не мае адносін ні да Йорка, ні да Ланкастэра. Я цалкам аддаю сваё жыццё ў ваша распараджэнне. Я закаханы, і маё імя…

Але тут юная лэдзі раптоўна заціснула сваёй рукою рот Дзіку, паспешліва паглядзела ўверх і ўніз, на захад і на ўсход і, пабачыўшы, што паблізу няма ні душы, з сілай пацягнула маладога чалавека ўгару па лесвіцы.

— Шш! — сказала яна. — Хадземце! Размаўляць будзем пасля!

Разгубіўшыся ад нечаканасці, Дзік дазволіў зацягнуць сябе па лесвіцы. Яны шпарка прабеглі па калідоры, і раптам яго ўпіхнулі ў пакой, асветлены, як і іншыя, распаленым камінам.

— А зараз, — сказала маладая лэдзі, пасадзіўшы яго на крэсла, — сядзіце тут і чакайце маёй найвышэйшай волі. Ваша жыццё і ваша смерць у маіх руках, і я, не вагаючыся, пакарыстаюся сваёй уладай. Беражыцеся, вы ледзь не вывіхнулі мне руку! Ён кажа, быццам не ведаў, што я дзяўчына! Калі б ён ведаў, што я дзяўчына, ён, пэўна, узяўся б за папругу!

З гэтымі словамі яна выслізнула з пакоя, пакінуўшы Дзіка з адкрытым ад здзіўлення ротам; яму здавалася, што ён спіць і што яму сніцца сон.

— «Узяўся б за папругу!» — паўтараў ён. — «Узяўся б за папругу!»

І ўспаміны аб тым вечары ў лесе ўзніклі ў яго свядомасці, і ён зноў убачыў дрыжлівага Мэтчэма, яго ўмольныя вочы.

Але ён тут жа ўспомніў аб небяспеках, якія пагражалі яму сягоння. Яму падалося, што ў суседнім пакоі хтосьці рухаецца; потым дзесьці вельмі блізка нехта ўздыхнуў, пачуўся шоргат адзення і лёгкі шум крокаў. Ён стаяў насцярожыўшыся і ўбачыў, як калыхнуліся габелены, затым недзе рыпнулі дзверы, габелены рассунуліся, і з лямпай у руцэ ў пакой зайшла Джаана Сэдлі.

Яна была апранута ў багатыя тканіны глыбокіх, мяккіх таноў, як і належала апранацца дамам у зімовы снежны час. Валасы ў яе былі зачасаны ўверх і ляжалі на галаве, быццам карона. Калісьці такая маленькая і нязграбная ў адзенні Мэтчэма, яна была цяпер стройная, як маладая вярба, і не ішла, а нібы плыла па падлозе.

Не ўздрыгнуўшы, не затрапятаўшы, яна падняла лямпу і зірнула на маладога манаха.

— Што вы тут робіце, добры брат? — спытала яна. — Вы, без сумнення, не туды трапілі. Каго вам трэба?

І яна паставіла лямпу на падстаўку.

— Джаана… — сказаў ён, і голас здрадзіў яму. — Джаана, — зноў пачаў ён, — ты казала, што кахаеш мяне. І я, вар'ят, паверыў гэтаму!

— Дзік! — усклікнула яна. — Дзік!

І, на здзіўленне Дзіка, цудоўная, высокая маладая лэдзі ступіла ўперад, абвіла яго шыю рукамі і абсыпала яго пацалункамі.

— О вар'ят! — усклікнула яна. — О дарагі Дзік! О, калі б ты мог бачыць сябе! Ах, што я нарабіла, Дзік, — дадала яна, адхіснуўшыся: — Я сцерла з цябе фарбу! Але гэта можна паправіць. Але вось чаго, баюся я, нельга пазбегнуць, нельга паправіць: майго замуства з лордам Шорбі.

— Гэта ўжо вырашана? — спытаў малады чалавек.

— Заўтра раніцай у манастырскай царкве, Дзік, — адказала яна, — будзе скончана і з Джонам Мэтчэмам і з Джаанай Сэдлі. Калі б можна было дапамагчы слязамі, я выплакала б сабе вочы. Я малілася бесперастанку, але неба, відаць, не пачула маіх маленняў. Добры Дзік, дарагі Дзік, паколькі ты не можаш мяне вывесці з гэтага дома да раніцы, мы павінны пацалавацца і сказаць адзін аднаму: «Бывай!»

— Ну не, — сказаў Дзік. — Толькі не я; я ніколі не скажу гэтага слова. Становішча наша здаецца безнадзейным, але пакуль ёсць жыццё, Джаана, ёсць і надзея. Я хачу спадзявацца. О, клянуся небам і перамогай! Калі ты была для мяне толькі імем, хіба я не пайшоў за табою, хіба я не падняў добрых людзей, хіба я не паставіў сваё жыццё на карту? А цяпер, калі я ўбачыў цябе такою, якая ты ёсць, — цудоўнейшай, высакароднейшай дзяўчынай Англіі, — ты думаеш, я павярну назад? Калі б тут было глыбокае мора, я прайшоў бы па хвалях. Калі б дарога кішэла львамі, я раскідаў бы іх, як мышэй!

— Ці не занадта многа шуму з-за блакітнай шаўковай сукенкі! — насмешліва вымавіла дзяўчына.

— Не, Джаана, — запярэчыў Дзік, — не з-за адной сукенкі. Цябе ж я ўжо бачыў пераапранутай. А цяпер я сам пераапрануты. Скажы шчыра, я не смешны? Ці не праўда, блазенскі ўбор?

— Ах, Дзік, што праўда, то праўда, — усміхаючыся адказала яна.

— Вось бачыш, — урачыста сказаў ён. — Так у лесе было з табой, бедны Мэтчэм. Калі сказаць шчыра, у цябе быў смешны выгляд! Затое цяпер ты прыгажуня!

Так размаўлялі яны, не заўважаючы часу, трымаючы адзін аднаго за рукі, абменьваючыся ўсмешкамі і закаханымі позіркамі; так маглі б яны правесці ўсю ноч. Але раптоўна пачуўся шоргат, і яны ўбачылі маленькую лэдзі. Яна прыклала палец да вуснаў.

— О божа, — усклікнула яна, — як вы шуміце! Ці не можаце вы быць стрыманей? А цяпер, Джаана, мая цудоўная лясная дзяўчына, як ты ўзнагародзіш сваю сяброўку за тое, што яна прывяла твайго мілага?

Замест адказу Джаана падбегла да яе і горача абняла.

— А вы, сэр, — працягвала юная лэдзі, — як вы мне аддзячыце?

— Васпані, — сказаў Дзік, — я ахвотна заплаціў бы вам той жа манетай.

— Ну, падыходзьце, — сказала лэдзі, — вам гэта дазваляецца.

Але Дзік, пачырванеўшы, як півоня, пацалаваў ёй толькі руку.

— Чым вам не падабаецца мой твар, прыгажун? — спытала яна, прысядаючы да самай падлогі.

Калі Дзік, нарэшце, асцярожна абняў яе, яна дадала:

— Джаана, у тваёй прысутнасці твой мілы вельмі сарамлівы. Запэўніваю цябе, ён быў намнога жвавейшы пры нашай першай сустрэчы. Ведаеш, сяброўка, я ўся ў сіняках. Можаш мне больш ніколі не верыць, калі гэта не так! А цяпер, — працягвала яна, — ці нагаварыліся вы? Бо я хутка павінна выгнаць паладзіна.

Але абое закаханых заявілі, што яны яшчэ нічога не сказалі адзін аднаму, што ноч толькі пачалася і што так рана яны не хочуць расставацца.

— А вячэра? — спытала юная лэдзі. — Хіба мы не павінны спусціцца на вячэру?

— О так, канечне! — ускрыкнула Джаана. — Я забыла!

— Тады схавайце мяне, — сказаў Дзік. — Пастаўце за фіранку, замкніце ў скрыню, суньце куды хочаце, абы мне можна было вас тут дачакацца. Помніце, цудоўная лэдзі, — дадаў ён, — што мы ў адчайным становішчы і, быць можа, з сённяшняй ночы да самай смерці ніколі не ўбачым адзін аднаго.

Юная лэдзі змякчылася. І калі трохі пазней звон пачаў склікаць да стала сямейнікаў сэра Дэніэла, Дзіка схавалі ля сцяны, за дываном; ён дыхаў праз шчыліну паміж дыванамі, праз яе ён таксама мог аглядаць увесь пакой.

Але нядоўга прабыў ён у такім становішчы.

Тут, на верхнім паверсе, панавала цішыня, толькі зрэдку яе парушалі шыпенне агню ды патрэскванне сырых дроў у каміне; але зараз да напружанага слыху Дзіка даляцеў гук чыіхсьці асцярожных крокаў. Затым дзверы адчыніліся, і чарнаваты карлік, у вопратцы колераў лорда Шорбі, прасунуў у пакой спярша галаву, а потым сваё скрыўленае цела. Ён адкрыў рот, здавалася, для таго каб лепш чуць, вочы яго, вельмі бліскучыя, хутка і неспакойна бегалі па баках. Ён абышоў увесь пакой, пастукваючы па дыванах, што закрывалі сцены. Аднак Дзік нейкім цудам пазбегнуў яго ўвагі. Потым карлік заглянуў пад мэблю і агледзеў лямпу; і, нарэшце, відаць, глыбока расчараваны, збіраўся ўжо выйсці гэтак жа ціха, як і зайшоў; але раптам, апусціўшыся на калені, падняў штосьці з падлогі, разгледзеў і радасна схаваў у сумку на поясе.

Сэрца ў Дзіка аж зайшлося, бо гэта быў кутас ад яго ўласнага пояса. Яму стала зразумела, што карлік — шпіён, які выконвае свае подлыя абавязкі з асалодай, — не губляючы часу, ён занясе знаходку свайму гаспадару, лорду Шорбі. У яго была спакуса адкінуць дыван, напасці на нягодніка і, рызыкуючы жыццём, адабраць у яго кутас. Пакуль ён вагаўся, узнікла новая трывога. На лесвіцы пачуўся грубы, прапіты голас, і па калідоры загрымелі няроўныя, цяжкія крокі.

— Навошта ж вы жывеце ў цяні густых лясоў? — праспяваў гэты голас. — Навошта ж вы жывеце? Гэй, хлопцы, навошта ж вы тут жывеце? — дадаў ён з п'яным рогатам.

І заспяваў зноў:

Любіш з півам куфляў звон,

Мой таўсцяк, ігумен Джон.

Кожны сам сабе жыве,

Хто спяваць будзе ў царкве?

Лоўлес — на жаль, п'яны да беспрытомнасці — бадзяўся па доме, адшукваючы куток, дзе б праспацца пасля гулянкі. Дзік аж кіпеў ад злосці. Шпіён спачатку спалохаўся, але адразу супакоіўся, зразумеўшы, што мае справу з п'яным; з хуткасцю ката ён выслізнуў з пакоя, і Дзік больш яго не бачыў.

Што было рабіць? Без Лоўлеса Дзіку не ўдасца ні распрацаваць план выкрадання Джааны, ні гэты план ажыццявіць. З другога боку, шпіён, можа, схаваўся дзе-небудзь паблізу, і ў такім выпадку, калі Дзік загаворыць з Лоўлесам, вынік будзе самы сумны.

Тым не менш Дзік усё ж рашыўся загаварыць з Лоўлесам. Ён выйшаў з-за дывана, спыніўся ў дзвярах і пагражальна ўзняў руку. Лоўлес, барвовы, з налітымі крывёю вачыма, хістаючыся, падыходзіў усё бліжэй. Нарэшце, ён цьмяна разгледзеў свайго начальніка і, не заўважаючы папераджальных знакаў Дзіка, гучна прывітаў яго па імені.

Дзік накінуўся на п'яніцу і пачаў яго шалёна трэсці.

— Жывёліна! — прашыпеў ён. — Жывёліна, а не чалавек! Дурань горш за здрадніка! Тваё п'янства загубіць нас!

Але Лоўлес толькі смяяўся і, пахістваючыся, стараўся паляпаць маладога Шэлтана па спіне.

І раптам тонкі слых Дзіка ўлавіў хуткі шоргат за дыванамі. Ён кінуўся туды. Праз імгненне адзін з дываноў паляцеў са сцяны, і ў складках яго валтузіліся Дзік і шпіён. Яны качаліся моўчкі, блытаючыся ў дыване, хапаючы адзін аднаго за горла са смяротнай лютасцю. Але Дзік быў намнога дужэйшы; і неўзабаве шпіён ужо ляжаў, прыціснуты каленам Дзіка.

Дзік узмахнуў доўгім кінжалам і забіў яго.

Раздзел IIIМёртвы шпіён

Лоўлес бездапаможна сачыў за гэтай раз'ятранай кароткай сутычкай; нават калі ўсё было скончана і Дзік, падняўшыся на ногі, з напружанай увагай прыслухоўваўся да аддаленага шуму на ніжнім паверсе дома, стары бадзяга яшчэ гайдаўся на нагах, быццам куст ад ветру, і тупа глядзеў у твар мёртвага шпіёна.

— Добра, што нас ніхто не пачуў, — сказаў нарэшце Дзік. — Хвала святым! Але што я цяпер буду рабіць з гэтым няшчасным шпіёнам? У любым выпадку я выцягну з яго сумкі кутас ад майго пояса.

З гэтымі словамі Дзік адкрыў сумку; ён знайшоў у ёй некалькі манет, свой кутас, а таксама пісьмо, адрасаванае лорду Ўэнслідэлу і запячатанае пячаткай лорда Шорбі. Гэтае імя нагадвала Дзіку пра многае; ён адразу зламаў сургуч і прачытаў пісьмо.

Яно было кароткае, але, да радасці Дзіка, неабвержна даказвала, што лорд Шорбі па-здрадніцку перапісваўся з домам Йоркаў.

Малады чалавек заўсёды насіў пры сабе рог з чарнілам і іншыя пісьмовыя прылады; апусціўшыся на калена побач з целам мёртвага шпіёна, ён напісаў на шматку паперы наступныя словы:

«Мілорд Шорбі, ці знаеце вы — той, хто перадаваў пісьмо, — чаму памёр ваш слуга? Дазвольце даць вам параду: не жаніцеся.

Джон Помшчу-за-ўсіх».

Ён паклаў гэтую паперку на грудзі мерцвяка. І Лоўлес, які сачыў за Дзікам ужо з нейкімі пробліскамі свядомасці, выцягнуў з-пад сваёй расы чорную стралу і прыкалоў ёю паперку да грудзей мерцвяка. Убачыўшы такую непавагу і нават, як яму здалося, жорсткасць да мерцвяка, малады Шэлтан спалохана ўскрыкнуў; але стары бадзяга толькі засмяяўся.

— Я хачу падтрымаць гонар свайго ордэна, — сказаў ён, ікаючы. — Маім вясёлым сябрам гэта будзе прыемна…

Заплюшчыўшы вочы і адкрыўшы рот, ён загрымеў страшным голасам:

Любіш з півам куфляў звон…

— Маўчы, боўдзіла! — крыкнуў Дзік і з сілай піхнуў яго да сцяны. — У табе віна больш, чым розуму, але пастарайся зразумець мяне! Імем Дзевы Марыі заклінаю цябе: выбірайся з гэтага дома. Калі ты тут застанешся, ты давядзеш да вісельні і сябе і мяне! Трымайся ж на нагах! Ды хутчэй паварочвайся, а не дык, клянуся небам, я магу забыць і тое, што я твой начальнік, і тое, што я твой даўжнік! Ідзі!

Розум пакрысе вяртаўся да ўяўнага манаха і, бачачы бліскучыя вочы Дзіка, ён пачаў мала-памалу разумець яго.

— Клянуся небам, — закрычаў Лоўлес, — калі я не патрэбны, я магу пайсці!

Хістаючыся, ён павярнуўся, прайшоў калідор і пачаў спускацца па лесвіцы, спатыкаючыся і натыкаючыся на сцены.

Ледзь ён схаваўся за лесвіцай, Дзік вярнуўся ў сваё сховішча і цвёрда вырашыў давесці справу да канца. Хаця розум раіў яму пайсці, але каханне і цікаўнасць перамаглі.

Марудна цягнуўся час для маладога чалавека, які прыціснуўся да сцяны за дываном. Агонь у каміне патухаў, лямпа дагарала і пачала куродыміць. Між тым ніхто не прыходзіў, і аддалены гул галасоў і звон посуду, што даносіўся знізу, усё не спыняліся. А за густой заслонай снегападу ляжаў маўклівы горад Шорбі.

Але вось нарэшце на лесвіцы пачуліся галасы і крокі. Госці сэра Дэніэла падняліся на пляцоўку, рушылі па калідоры, убачылі сарваны са сцяны дыван і труп шпіёна.

Усе замітусіліся, узняўся пярэпалах, усе крычалі.

З усіх бакоў збегліся госці, воіны, дамы, слугі — словам, усе насельнікі вялікага дома; крыку пабольшала. Затым натоўп расступіўся, і да мерцвяка падышоў сэр Дэніэл разам з жаніхом, лордам Шорбі.

— Мілорд, — сказаў сэр Дэніэл, — ці не казаў я вам аб гэтай подлай «Чорнай страле»? Вось вам чорная страла. Вазьміце яе. Няхай яна вам дакажа справядлівасць маіх слоў! Клянуся распяццем, кумок, яна ўваткнута ў грудзі аднаго з вашых людзей, ва ўсялякім выпадку, ён носіць вашу ліўрэю!

— Гэта быў мой чалавек, — адказаў лорд Шорбі і адступіў назад. — Хацеў бы я мець паболей такіх людзей. У яго быў нюх, як у ганчака, і ён быў скрытны, як крот.

— Праўда, кум? — насмешліва спытаў сэр Дэніэл. — А што ён вынюхваў у маім бедным жыллі? Ну, больш ужо яму не давядзецца нюхаць.

— З вашага дазволу, сэр Дэніэл, — сказаў адзін са слуг, — да яго грудзей прышпілена папера, на якой штосьці напісана.

— Дайце мне паперу і стралу, — сказаў рыцар.

Ён узяў стралу ў рукі, панура і задумліва разглядваў яе.

— Так, — сказаў ён, звяртаючыся да лорда Шорбі, — вось нянавісць, якая ідзе за мной па пятах. Гэтая чорная палачка або іншая, падобная на яе, калі-небудзь прыкончыць мяне. Дазвольце нявучанаму рыцару засцерагчы вас, кум: калі гэтыя сабакі пачнуць вас даганяць, — уцякайце! Яны прыліпаюць, як заразная хвароба! Паглядзім, што яны напісалі, аднак… Але, тое самае, што я і думаў, мілорд; вы пазначаны, быццам стары дуб ляснічым; заўтра ці паслязаўтра на вас апусціцца сякера. А што вы напісалі ў сваім пісьме?

Лорд Шорбі зняў паперу са стралы, прачытаў яе і скамячыў; адолеўшы агіду, ён апусціўся на калені перад забітым і пачаў паспешліва корпацца ў яго сумцы.

Потым падняўся з засмучаным тварам.

— Кум, — сказаў ён, — у мяне сапраўды прапала вельмі важнае пісьмо. Калі б я мог схапіць нягодніка, які ўкраў гэтае пісьмо, ён зараз жа ўпрыгожыў бы шыбеніцу. Але перш за ўсё трэба загарадзіць усе выхады з дома. Клянуся святым Георгіем, хопіць мне бед!

Вакол дома і саду расставілі каравулы; на кожнай пляцоўцы лесвіцы стаяў вартавы, цэлы атрад воінаў дзяжурыў ля галоўнага ўвахода; другі атрад сядзеў вакол агню ў пуні. Воіны лорда Шорбі далучыліся да воінаў сэра Дэніэла. Людзей і зброі хапала і для абароны дома і для таго, каб злавіць ворага, калі ён яшчэ хаваецца ў доме. А труп шпіёна пранеслі пад снегападам праз сад і паклалі ў манастырскай царкве.

І толькі калі ўсё сціхла, дзяўчаты выцягнулі Рычарда Шэлтана з яго тайніка і расказалі яму аб тым, што адбываецца ў доме. Са свайго боку, Дзік расказаў ім, як шпіён пракраўся ў пакой, як заўважыў яго і як быў забіты.

Джаана ў знямозе прыхінулася да завешанай дыванамі сцяны.

— Ад усяго гэтага нічога не зменіцца, — сказала яна. — Заўтра раніцай мяне ўсё роўна павянчаюць!

— Як? — закрычала яе сяброўка. — Тут жа наш паладзін, які разганяе львоў, як мышэй! У цябе, відаць, мала веры ў яго! Ну, утаймавальнік ільвоў, суцешце нас. Мы хочам пачуць смелую параду.

Дзік збянтэжыўся, калі яны дзёрзка кінулі ў твар яго ўласныя словы пахвальбы; ён пачырванеў, але ўсё ж загаварыў.

— Мы ў цяжкім становішчы, — сказаў ён. — Аднак, калі б мне ўдалося выбрацца з гэтага дома хоць бы на паўгадзіны, усё было б цудоўна. Вянчанне было б прадухілена…

— А львы, — перадражніла дзяўчына, — разагнаныя.

— Я зараз не схільны хваліцца, — сказаў Дзік. — Я прашу дапамогі і парады. Калі я не прайду міма вартавых і не выйду з гэтага дома, мне нічога не ўдасца зрабіць. Прашу вас, зразумейце мяне правільна!

— Чаму ж ты казала, што ён не выхаваны, Джаана? — спытала дзяўчына. — Язык у яго добра падвешаны. Калі трэба, яго мова дасціпная, калі трэба — пяшчотная, калі трэба — адважная. Што табе яшчэ?

— Майго сябра Дзіка падмянілі, — з усмешкай уздыхнула Джаана, — гэта абсалютна зразумела. Калі я пазнаёмілася з ім, ён быў грубаваты. Але ўсё гэта дробязі… Ніхто не дапаможа маёй бядзе, і я стану лэдзі Шорбі.

— А ўсё-такі, — сказаў Дзік, — я паспрабую выйсці з дома. На манаха мала звяртаюць увагі, і калі я знайшоў добрую чараўніцу, якая прывяла мяне наверх, я магу знайсці і такую, якая спусціць мяне ўніз. Як звалі гэтага шпіёна?

— Прайдоха, — сказала юная лэдзі. — Вельмі справядлівая мянушка! Але што вы збіраецеся рабіць, утаймавальнік ільвоў? Што вы задумалі?

— Я паспрабую прайсці міма вартавых, — адказаў Дзік. — І калі хто-небудзь спыніць мяне, я спакойна скажу, што іду маліцца за Прайдоху. У царкве ўжо, верагодна, моляцца аб яго беднай душы.

— Выдумка не дужа хітрая, — сказала дзяўчына, — але можа сысці.

— Тут справа не ў выдумцы, а ў дзёрзкасці, — запярэчыў малады Шэлтан. — У цяжкую хвіліну дзёрзкасць лепш за ўсялякія хітрыкі.

— Ваша праўда, — сказала яна. — Добра, ідзіце, і няхай беражэ вас неба! Вы пакідаеце тут няшчасную дзяўчыну, якая кахае вас, а таксама другую, якая адносіцца да вас як да самага лепшага сябра. Помніце пра нас, будзьце асцярожнымі і не падвяргайце сябе небяспецы.

— Ідзі, Дзік, — сказала Джаана. — Хаця калі пойдзеш, ты будзеш усё роўна не ў меншай небяспецы, чым калі застанешся тут. Ідзі, ты забіраеш з сабой маё сэрца. Хай ратуюць цябе святыя!

Дзік прайшоў паўз першага вартавога з такім упэўненым выглядам, што той толькі здзіўлена глянуў на яго. Але на другой пляцоўцы воін перагарадзіў яму шлях дзідай, спытаў, як яго завуць і куды ён ідзе.

— Pax vobiscum, — адказаў Дзік. — Я іду памаліцца за душу беднага Прайдохі.

— Ахвотна веру, — адказаў вартавы, — але ісці аднаму не дазваляецца.

Ён перагнуўся цераз дубовыя поручні і пранізліва свіснуў.

— Да вас ідзе чалавек! — крыкнуў ён і дазволіў Дзіку прайсці.

У канцы лесвіцы стаяла варта і чакала яго прыходу. І калі вартавы яшчэ раз паўтарыў свае словы, начальнік варты загадаў чатыром воінам праводзіць яго да царквы.

— Не давайце яму выслізнуць, малайцы, — сказаў ён. — Завядзіце яго да сэра Олівера, калі вам жыццё дарагое!

Адчынілі дзверы. Двое воінаў узялі Дзіка пад рукі, трэці пайшоў наперадзе з факелам, а чацверты, трымаючы напагатове лук і стралу, замыкаў шэсце. У такім парадку яны прайшлі праз сад, праз шчыльную начную цемру і снегапад і падышлі да слаба асветленых вокнаў манастырскай царквы.

Ля заходняга партала стаяў пікет зацярушаных снегам стралкоў, якія хаваліся ад ветру пад аркай. Праваднікі Дзіка сказалі ім некалькі слоў, і толькі тады іх прапусцілі ў свяцілішча.

Царква была слаба асветлена васковымі свечкамі, якія гарэлі ў алтары, і дзвюма-трыма лямпамі, што віселі на скляпеністай столі перад магільнымі склепамі славутых сем'яў. Пасярод царквы, у труне, ляжаў мёртвы шпіён з набожна складзенымі рукамі.

Пад скляпеннямі чулася паспешлівае мармытанне вернікаў; на клірасе стаялі ўкленчаныя фігуры ў расах, а на прыступках высокага алтара свяшчэннік у рызе служыў абедню.

З прыходам новых людзей адзін з апранутых у расу мужчын падняўся на ногі і, сыходзячы з кліраса, спытаў у пярэдняга воіна, што прывяло іх у царкву. З павагі да службы і нябожчыка яны размаўлялі напаўголаса; але рэха велізарнага пустога будынка падхоплівала іх словы і глуха паўтарала ў бакавых прыдзелах.

— Манах! — сказаў сэр Олівер (гэта ж быў ён), выслухаўшы данясенне стралка. — Брат мой, я не чакаў вашага прыходу, — працягваў ён, паварочваючыся да маладога Шэлтана. — Хто вы? І па чыёй просьбе вы далучаеце свае малітвы да нашых?

Дзік, не здымаючы капюшона з твару, зрабіў сэру Оліверу знак адысці крыху ўбок ад стралкоў. І як толькі свяшчэннік адышоў, Дзік сказаў:

— Я не спадзяюся падмануць вас, сэр. Маё жыццё ў вашых руках.

Сэр Олівер уздрыгнуў, яго тоўстыя шчокі пабляднелі; ён доўга маўчаў.

— Рычард, — сказаў ён нарэшце, — я не ведаю, што прывяло цябе сюды; напэўна, што-небудзь благое. Але ў імя нашай ранейшай дружбы я цябе не выдам. Ты прасядзіш усю ноч на лаўцы побач са мною; ты прасядзіш са мною да таго часу, пакуль не павянчаюць мілорда Шорбі; калі ўсе вернуцца дамоў цэлымі і здаровымі, калі ты не задумваеш нічога кепскага, ты пойдзеш куды захочаш. Але калі ты прыйшоў сюды дзеля крыві, кроў гэтая ўпадзе на тваю галаву. Амін!

Свяшчэннік набожна перахрысціўся, павярнуўся і пакланіўся алтару.

Ён сказаў некалькі слоў салдатам, узяў Дзіка за руку, правёў яго на клірас і пасадзіў побач з сабою на лаўку. Малады чалавек дзеля прыстойнасці зараз жа апусціўся на калені і, здавалася, паглыбіўся ў малітву.

Але думкі і вочы яго блукалі па баках. Ён заўважыў, што трое воінаў, замест таго каб вярнуцца дамоў, спакойна расселіся ў бакавым прытворы; і ён сумняваўся, што яны засталіся тут па загадзе сэра Олівера. Такім чынам, ён апынуўся ў пастцы. Гэтую ноч ён правядзе ў царкве, сярод мігатлівых агеньчыкаў і прывідных ценяў, гледзячы на бледны твар забітага ім чалавека; а раніцай яго каханую ў яго на вачах павянчаюць з другім.

Але, нягледзячы на журботныя думкі, ён авалодаў сабою і цярпліва чакаў.

Раздзел IVУ манастырскай царкве

У манастырскай царкве горада Шорбі служба ішла не спыняючыся, усю ноч, то пад спяванне псалмоў, то пад бумканне звона.

За шпіёна Прайдоху маліліся старанна. Ён ляжаў так, як яго паклалі: мёртвыя рукі, скрыжаваныя на грудзях, мёртвыя вочы, скіраваныя ў столь. А побач, на лаўцы, юнак, які забіў яго, чакаў з вялікай трывогай надыходу раніцы.

Толькі аднойчы на працягу гэтых гадзін сэр Олівер павярнуўся да свайго палонніка.

— Рычард, — прашаптаў ён, — сын мой, калі ты задумаў прычыніць мне зло, я хачу запэўніць цябе, што ты загневаўся супраць невінаватага чалавека. Я сам прызнаю сябе грэшным перад нябёсамі, але перад табою я бязгрэшны.

— Бацька мой, — гэтак жа ціха адказаў Дзік, — верце мне: я нічога супраць вас не задумваю; аднак я не магу забыць, як нязграбна вы апраўдваліся.

— Чалавек можа здзейсніць злачынства незнарок, — адказаў свяшчэннік. — Чалавек можа быць аслеплены, можа выконваць чужую волю, не ведаючы, што робіць. Так было і са мной. Я завабіў твайго бацьку ў пастку. Але я не ведаў, што рабіў, і хай будзе мне сведкаю Бог, які бачыць нас з табою ў гэтым свяшчэнным месцы.

— Зусім верагодна, — адказаў Дзік. — Аднак паглядзіце, якую страшную павуціну вы сплялі; я адначасова і палоннік ваш і суддзя. Вы адначасова і пагражаеце мне смерцю і стараецеся ўміласцівіць мяне. Мне здаецца, калі б вы заўсёды былі сумленным чалавекам і добрым свяшчэннікам, вам не давялося б ні баяцца мяне, ні ненавідзець. А таму вярніцеся да сваіх малітваў. Я падпарадкоўваюся вам, таму што мне нічога іншага не застаецца; але я не жадаю абцяжарваць сябе вашай прысутнасцю.

Свяшчэннік апусціў галаву на рукі, быццам схіляючыся пад цяжарам гора, і ўздыхнуў так цяжка, што ледзь было не абудзіў у сэрцы юнака пачуццё, падобнае на спачуванне. Сэр Олівер болей не спяваў псалмоў. Дзік чуў толькі, як пастукваў ружанец у яго руках і як ён праз зубы мармытаў малітву.

Яшчэ крыху, і шэрае світанне пачало прабівацца ў вузкія вокны царквы; мігатлівыя агеньчыкі свечак пабялелі. Святло пакрысе рабілася ўсё ярчэй, і раптам праз вокны на паўднёва-ўсходнім баку царквы прарваліся ружовыя сонечныя промні і зайгралі на сценах. Бура скончылася; снежныя хмары сплылі, і новы зімовы дзень весела асвятліў пакрытую снегам зямлю.

Царкоўныя служкі замітусіліся; труну аднеслі ў трупярню, крывавыя плямы на плітах выцерлі, каб яны не азмрочвалі злавесным сваім выглядам вяселля лорда Шорбі. Твары духоўных асоб, такія самотныя ноччу, сталі весялейшымі, каб не сапсаваць сённяшнюю радасную цырымонію. Абвяшчаючы набліжэнне дня, у царкве з'явіліся набожныя прыхаджане. Яны падалі ніцма перад алтаром і чакалі сваёй чаргі на споведзь.

Пачалася мітусня, у час якой няцяжка было падмануць пільнасць вартавых сэра Дэніэла, што стаялі каля дзвярэй. Абводзячы царкву стомленым позіркам, Дзік спыніў яго на манаху, які аказаўся не кім іншым, як Уілам Лоўлесам.

Бадзяга таксама пазнаў свайго начальніка і крадком падміргнуў яму.

Дзік зусім не збіраўся дараваць старому махляру несвоечасовае п'янства, аднак не хацеў заблытваць яго ў сваю бяду і даў яму зразумець, як мог выразней, каб ён выбіраўся.

Лоўлес, здавалася, зразумеў яго, таму што адразу знік за калонай; Дзік з палёгкай уздыхнуў.

Які ж быў яго жах, калі ён адчуў, што хтосьці тузае яго за рукаво, і ўбачыў побач з сабою старога разбойніка, заглыбленага ў малітву.

Раптоўна сэр Олівер падняўся са свайго месца і, праслізнуўшы паўз лаўкі, падышоў да воінаў, што стаялі ў бакавым прыдзеле. Калі так лёгка было ўзбудзіць падазрэнні свяшчэнніка, значыць, ужо і Лоўлес такі ж палоннік, як і Дзік.

— Не варушыся, — прашаптаў Дзік. — Мы ў адчайным становішчы, і ўсё з-за твайго ўчарашняга свінства. Няўжо, убачыўшы мяне тут, дзе я не маю ні права, ні жадання быць, ты — каб табе здохнуць! — не мог адчуць нядобрае і ўцячы?

— Не, — адказаў Лоўлес, — я думаў, што вы атрымалі весткі ад Эліса і седзіце тут па яго даручэнні.

— Ад Эліса? — спытаў Дзік. — Хіба Эліс вярнуўся?

— Канечне, — адказаў бадзяга. — Ён вярнуўся мінулай ноччу і жорстка адлупцаваў мяне за тое, што я быў п'яны. Такім чынам, вы адпомшчаны, майстар Шэлтан! Шалёны чалавек гэты Эліс Дэкуорт! Ён прыскакаў сюды з Кравена, каб разладзіць вяселле, а ўжо калі ён што задумаў, то даб'ецца свайго.

— Што датычыцца нас з табою, брат, — стрымана сказаў Дзік, — мы абодва людзі скончаныя. Я сяджу тут у якасці заложніка і павінен адказваць галавой за тое самае вяселле, якое ён збіраецца разладзіць. Клянуся распяццем, у мяне цудоўны выбар — страціць каханую або жыццё! Добра, жэрабя кінута, няхай прападае жыццё.

— Клянуся небам! — усклікнуў Лоўлес, прыўстаючы. — Я пайшоў!

Але Дзік паклаў руку яму на плячо.

— Сябар Лоўлес, сядзі ціха, — сказаў ён. — У цябе ёсць вочы, зірні вунь туды ў кут, за алтар. Хіба ты не бачыш, што пры найменшай тваёй спробе падняцца вунь тыя ўзброеныя людзі падхопяцца і скруцяць цябе? Скарыся, дружа. Ты быў храбры на караблі, калі думаў, што патонеш у моры; будзь храбры і цяпер, калі давядзецца памерці на вісельні.

— Майстар Дзік, — задыхаючыся, сказаў Лоўлес, — ужо вельмі нечакана ўсё гэта абрынулася на мяне. Дайце мне хвілінку перадыхнуць, і, клянуся абедняй, я буду такім жа храбрацом, як вы.

— Я ў храбрасці тваёй не сумняваюся! — сказаў Дзік. — Каб ты ведаў, як мне не хочацца паміраць, Лоўлес! Але калі слязамі гору не дапаможаш, ці варта плакаць?

— Ваша праўда! — згадзіўся Лоўлес. — Э, чаго трывожыцца з-за смерці! Яна ўсё адно прыйдзе, начальнік, рана ці позна! А смерць на вісельні, кажуць, лёгкая, хаця ніводзін павешаны яшчэ не вярнуўся з таго свету, каб пацвердзіць гэта!

Скончыўшы сваю прамову, адважны махляр адкінуўся на спінку лаўкі, скрыжаваў рукі і ўзяўся паглядваць вакол з самым нахабным і незалежным выглядам.

— Зараз трэба весці сябе ціха, — сказаў Дзік. — Мы ж не ведаем, што задумаў Дэкуорт. Калі справа павернецца дрэнна, мы ўсё-такі паспрабуем выбрацца адсюль.

Яны замоўклі і неўзабаве пачулі аддаленыя гукі вясёлай музыкі, якая, набліжаючыся, рабілася ўсё мацней і весялей. Званы на званіцы гулі аглушальна, царква напоўнілася людзьмі, якія стрэсвалі з сябе снег, паляпвалі рукамі і хукалі на замёрзлыя пальцы. Заходнія дзверы шырока расчыніліся, і за імі стала відаць частка залітай сонцам заснежанай вуліцы. Ранішні холад уварваўся ў царкву. Усё гэта сведчыла аб тым, што лорд Шорбі хоча вянчацца як мага раней і што вясельная працэсія набліжаецца.

Воіны лорда Шорбі ўжо вызвалялі праход у сярэднім прыдзеле, адцясняючы народ дзідамі. Затым паказаліся музыкі. Флейтысты і трубачы аж пабарвавелі ад натугі, а барабаншчыкі і цымбалісты лупілі так, быццам стараліся заглушыць адзін аднаго.

Яны падышлі да дзвярэй храма, спыніліся і пастроіліся ў два рады, адбіваючы такт нагамі па мёрзлым снезе. Пышны вясельны картэж прайшоў паміж радамі, уборы былі такія разнастайныя і яркія, столькі было выстаўлена напаказ шоўку і аксаміту, футра і атласу, вышывак і карункаў, што працэсія гэтая зіхацела на снезе, быццам клумба кветак або размаляванае акно ў сцяне.

Наперадзе ішла нявеста, самотная, белая, як снег. Яна абапіралася на руку сэра Дэніэла; яе суправаджала сяброўка, маленькая лэдзі, з якой Дзік пазнаёміўся мінулай ноччу. Услед за нявестай ішоў у зіхатлівым адзенні сам жаніх, падцягваючы падагрычную нагу. Калі ён ступіў на парог храма і зняў капялюш, стала бачна, як паружавела ад хвалявання яго лысіна.

І вось надышоў час Эліса Дэкуорта.

Аглушаны, разнерваваны супярэчлівымі пачуццямі, Дзік сядзеў, учапіўшыся рукамі ў спінку пярэдняй лаўкі. Раптам ён заўважыў рух у натоўпе. Людзі хіснуліся назад, гледзячы ўгару і ўздымаючы рукі. Дзік падняў галаву, убачыў трох чалавек, якія, нацягнуўшы лукі, схіліліся з хораў. Узляцелі стрэлы, і, перш чым натоўп паспеў ускрыкнуць, невядомыя стралкі, як птушкі, успырхнулі са сваіх жардзінак і зніклі.

У царкве падняўся неймаверны пярэпалах; свяшчэннаслужыцелі з жахам падхапіліся са сваіх месц; музыка змоўкла; званы званілі яшчэ некалькі імгненняў, але чутка аб бядзе хутка даляцела нават да званіцы, і званары, разгойдваючыся на вяроўках, таксама спынілі сваю вясёлую работу.

Прама пасярод царквы ляжаў мёртвы жаніх, пранізаны дзвюма чорнымі стрэламі. Нявеста страціла прытомнасць. Узвышаючыся над натоўпам, стаяў раз'ятраны і ашаломлены знянацку сэр Дэніэл; доўгая страла, трапечучы, тырчала з яго левага перадплечча; другая зачапіла яму цемя, і па твары цурчэла кроў.

Задоўга да таго як пачаліся пошукі, віноўнікі гэтага трагічнага здарэння прагрымелі па вінтавой лесвіцы і ўцяклі праз бакавыя дзверы.

Нягледзячы на тое, што Дзік і Лоўлес былі заложнікамі, яны падхапіліся пры першай трывозе і адважна спрабавалі прабіцца да дзвярэй. Але ім перашкаджалі цесна ссунутыя лаўкі і спалоханыя свяшчэннікі, якія стоўпіліся на дарозе. Уцекачы стаічна вярнуліся на свае месцы.

Раптам сэр Олівер, бледны ад жаху, падняўся на ногі і, паказваючы рукой на Дзіка, паклікаў сэра Дэніэла.

— Вось Рычард Шэлтан! — крыкнуў ён. — О горкая часіна! Ён вінаваты ў пралітай крыві! Хапайце яго! Загадайце яго схапіць! Дзеля выратавання нас усіх хапайце яго і моцна звяжыце. Ён пакляўся нас загубіць!

— Дзе ён? — аж падскочыў сэр Дэніэл, аслеплены гневам і гарачай крывёю, што струменілася па яго твары. — Цягніце яго сюды! Клянуся крыжам Халівуда, ён пакаецца ў сваім злачынстве!

Натоўп расступіўся, і стралкі хлынулі на клірас.

Дзіка схапілі, сцягнулі з лаўкі і павалаклі за плечы па прыступках алтара. Лоўлес сядзеў ціха, як мыш.

Сэр Дэніэл, выціраючы кроў і міргаючы, глядзеў на свайго палонніка.

— А, — сказаў ён, — папаўся, дзёрзкі здраднік! Клянуся самымі страшнымі клятвамі, што за кожную кроплю крыві, якая зараз сцякае мне ў вочы, ты заплаціш стогнам! Вядзіце яго прэч! — працягваў ён. — Тут яму не месца! Цягніце яго ў мой дом! Я замучу катаваннямі кожны вяршок яго цела.

Але Дзік, адпіхнуўшы стражнікаў, узвысіў голас.

— Я ў храме, — усклікнуў ён. — У свяшчэнным храме! Сюды, бацькі мае! Мяне хочуць выцягнуць з храма…

— З храма, які ты зняважыў забойствам, хлопчык, — перабіў якісьці чалавек высокага росту, апрануты ў пышнае адзенне.

— Дзе доказы? — закрычаў Дзік. — Мяне абвінавачваюць у злачынстве і не прыводзяць ніводнага доказу. Але, я дамагаўся рукі гэтай дзяўчыны! І яна, бяру на сябе смеласць заявіць аб гэтым, прыхільна адносілася да маіх дамагальніцтваў. Ну і што ж? Кахаць дзяўчыну не злачынства; дабівацца яе кахання таксама не злачынства. Ні ў чым болей я не вінаваты.

Дзік так адважна настойваў на сваёй невінаватасці, што вакол пачуўся адабральны шум. Аднак нямала было і абвінаваўцаў; яны гучна расказвалі, як знайшлі яго мінулай ноччу ў доме сэра Дэніэла, па-блюзнерску пераапранутага манахам. Сярод гэтай сумятні сэр Олівер раптоўна паказаў на Лоўлеса як на саўдзельніка. Яго таксама сцягнулі з лаўкі і пасадзілі побач з Дзікам. Пачуцці разгарэліся, і пакуль адны цягнулі палоннікаў то туды, то сюды, каб дапамагчы ім уцячы, другія лаялі іх і дубасілі кулакамі. У Дзіка шумела ў вушах, кружылася галава, быццам ён трапіў у шалёны вір. Але росламу чалавеку, які загаварыў з Дзікам, удалося гучнымі загадамі дабіцца цішыні і ўзнавіць парадак.

— Абшукайце іх, — сказаў ён, — ці няма ў іх зброі. Тады мы даведаемся аб іх намерах.

У Дзіка не знайшлі ніякай зброі, акрамя кінжала, і гэта сведчыла на яго карысць, пакуль хтосьці паслужліва не выцягнуў гэты кінжал з ножан; кроў Прайдохі не паспела на ім засохнуць. Прыхільнікі сэра Дэніэла зараўлі, але рослы чалавек загадным жэстам і ўладным позіркам прымусіў іх замаўчаць. Аднак, калі дайшла чарга да Лоўлеса, пад яго сарочкай знайшлі пук стрэл, такіх жа, як тыя, якімі быў забіты злашчасны жаніх.

— Ну, што вы цяпер скажаце? — сурова спытаў у Дзіка рослы чалавек.

— Сэр, — адказаў Дзік, — я знаходжуся пад аховай храма. Але па вашай паставе, сэр, бачу, што вы чалавек важны і ўсемагутны; на вашым твары я чытаю знакі справядлівасці і набожнасці. Вам я здаюся ў палон добраахвотна і адмаўляюся ад свайго права на сховішча ў храме гасподнім. Забіце мяне сваёю высакароднай рукой, але толькі не аддавайце ва ўладу гэтага чалавека, якога я голасна абвінавачваю ў забойстве майго роднага бацькі і ў незаконным прысваенні маіх маёнткаў і даходаў. Вы сваімі вушамі чулі, як ён пагражаў мне катаваннямі яшчэ тады, калі я не быў прызнаны вінаватым. Вы паступіце невысакародна, калі выдадзіце мяне майму заклятаму ворагу і старому прыгнятальніку. Судзіце мяне па законе і, калі я сапраўды акажуся вінаватым, аддайце мяне міласэрнай кары.

— Мілорд, — крыкнуў сэр Дэніэл, — навошта вы слухаеце гэтага воўка! Акрываўлены кінжал даказвае, што ён хлусіць.

— Ваша гарачлівасць, добры рыцар, — адказаў высокі незнаёмец, — сведчыць супраць вас.

І раптам нявеста, якая толькі што апрытомнела і з жахам глядзела на гэтую сцэну, вырвалася з рук тых, хто трымаў яе, і кінулася на калені перад рослым чалавекам.

— Мілорд Райзінгэм, — закрычала яна, — выслухайце мяне ў імя справядлівасці! Мяне сілком зняволіў тут гэты чалавек, украўшы ў родных. З таго часу я не бачыла ні спагады, ні суцяшэння, ніхто не падтрымаў мяне, акрамя Рычарда Шэлтана, якога цяпер абвінавачваюць і хочуць загубіць. Мілорд, ён быў учора ноччу ў доме сэра Дэніэла, ён прыйшоў туды з-за мяне; ён прыйшоў, пачуўшы мае малітвы, і не задумваў зла. Пакуль сэр Дэніэл быў добры да яго, Рычард сумленна біўся разам з ім супраць «Чорнай стралы»; але калі подлы апякун пачаў замахвацца на яго жыццё і ён, ратуючы жыццё, быў вымушаны ўцякаць ноччу з дома крыважэрнага злодзея — куды было яму падзецца, безабароннаму і без гроша ў кішэні? І калі ён трапіў да благіх сяброў, каго трэба вінаваціць — юнака, з якім абышліся несправядліва, ці апекуна, які парушыў свой абавязак?

Маленькая лэдзі ўпала на калені побач з Джаанай.

— А я, мой добры лорд, — сказала яна, — я, ваша родная пляменніца, магу засведчыць перад усімі, што гэта дзяўчына гаворыць праўду. Гэта я, нявартая, прывяла маладога чалавека ў дом.

Граф Райзінгэм слухаў іх, не кажучы ні слова, і, калі яны змоўклі, ён яшчэ доўга маўчаў. Потым ён падаў Джаане руку, каб дапамагчы ёй падняцца; зрэшты, трэба заўважыць, ён не аказаў падобнай жа ласкі той, якая называла сябе яго пляменніцай.

— Сэр Дэніэл, — сказаў ён, — гэта ў вышэйшай ступені заблытаная справа; з вашага дазволу, я вазьмуся расследаваць яе. Такім чынам, будзьце спакойныя. Ваша справа ў надзейных руках; яе вырашаць па справядлівасці. А зараз ідзіце хутка дамоў і перавяжыце свае раны. Сягоння холадна, і вы можаце прастудзіцца.

Ён зрабіў знак рукой; старанныя слугі, якія сачылі за кожным яго рухам, перадалі гэты знак далей. Умомант звонку рэзка завыла фанфара; праз адчынены партал стралкі і воіны, апранутыя ў колеры лорда Райзінгэма, зайшлі ў царкву, узялі Дзіка і Лоўлеса і, злучыўшы рады вакол палоннікаў, павялі іх.

Джаана працягнула абедзве рукі да Дзіка і крыкнула: «Бывай!» А сяброўка нявесты, ніколькі не збянтэжаная відавочным незадавальненнем дзядзькі, паслала Дзіку пацалунак са словамі: «Мацуйцеся, утаймавальнік ільвоў!» І ў натоўпе ўпершыню з'явіліся на тварах усмешкі.

Раздзел VГраф Райзінгэм

Нягледзячы на тое, што граф Райзінгэм быў самым важным вяльможам у Шорбі, ён сціпла жыў у прыватным доме аднаго джэнтльмена на ўскраіне горада. Толькі воіны каля дзвярэй і ганцы, якія то прыязджалі, то ад'язджалі, сведчылі, што ў гэтым доме спыніўся знатны лорд.

Дом быў цесны, і Дзіка зачынілі разам з Лоўлесам.

— Вы добра гаварылі, майстар Рычард, — сказаў бадзяга, — дужа добра гаварылі, і я ад душы дзякую вам. Мы тут у выдатных руках; нас будуць судзіць справядліва і, хутчэй за ўсё, сягоння вечарам добрапрыстойна павесяць разам на адным дрэве.

— Твая праўда, мой бедны сябра, — адказаў Дзік.

— У нас ёсць яшчэ адна надзея, — сказаў Лоўлес. — Такіх, як Эліс Дэкуорт, — адзінкі на дзесяткі тысяч. Ён вельмі любіць вас за вашага бацьку. Ведаючы, што вы ні ў чым не вінаваты, ён пераверне неба і зямлю, каб выручыць вас.

— Не думаю, — сказаў Дзік. — Што ён можа зрабіць? У яго толькі жменька людзей! На жаль, калі б гэтае вяселле было прызначана на заўтра… Так, заўтра… сустрэча перад апоўднем… мне аказалі б дапамогу, і ўсё пайшло б інакш… А зараз нічым не дапаможаш.

— Добра, — сказаў Лоўлес, — вы будзеце адстойваць маю невінаватасць, а я — вашу. Гэта ніколькі не выратуе нас, але калі мяне павесяць, дык, ва ўсялякім выпадку, не таму, што я мала бажыўся.

Дзік задумаўся, а стары бадзяга скурчыўся ў кутку, насунуў свой манаскі капюшон на твар і лёг спаць. Неўзабаве ён захроп; доўгае жыццё, поўнае прыгод і цяжкіх нястач, прытупіла ў ім пачуццё страху.

Дзень ужо канчаўся, калі дзверы адчыніліся і Дзіка павялі ўверх па лесвіцы ў цёплы пакой, дзе граф Райзінгэм у роздуме сядзеў ля агню.

Калі палоннік зайшоў, граф узняў галаву.

— Сэр, — сказаў ён, — я ведаў вашага бацьку. Ваш бацька быў высакародны чалавек, і гэта прымушае мяне аднесціся да вас паблажліва. Але я не магу ўтойваць, што цяжкія абвінавачванні павісаюць над вамі. Вы водзіцеся з забойцамі і разбойнікамі; ёсць абсалютна відавочныя доказы, што вы парушалі грамадскі парадак; вас падазраюць у разбойніцкім захопе судна; вас знайшлі ў доме вашага ворага, дзе вы хаваліся, пераапрануўшыся ў чужое аблічча; у той жа вечар быў забіты чалавек…

— Калі дазволіце, мілорд, — перапыніў Дзік, — я хачу адразу прызнацца ў тым, у чым вінаваты. Я забіў гэтага Прайдоху, а ў доказ, — сказаў ён, капаючыся за пазухай, — вось пісьмо, якое я выняў з яго сумкі.

Лорд Райзінгэм узяў пісьмо, разгарнуў і двойчы прачытаў яго.

— Вы яго чыталі? — спытаў ён.

— Але, я яго прачытаў, — адказаў Дзік.

— Вы за Йоркаў або за Ланкастэраў? — спытаў граф.

— Мілорд, мне зусім нядаўна задалі гэтае самае пытанне, і я не ведаў, як на яго адказаць, — сказаў Дзік. — Але адказаўшы аднойчы, я адкажу гэтак жа і другім разам. Мілорд, я за Йоркаў.

Граф пахвальна кіўнуў.

— Сумленны адказ, — сказаў ён. — Але тады навошта вы перадаеце гэтае пісьмо мне?

— А хіба не ўсе партыі змагаюцца супраць здраднікаў, мілорд? — ускрыкнуў Дзік.

— Хацеў бы я, каб было так, як вы гаворыце, — адказаў граф. — Я ўхваляю вашы словы. У вас болей юнацкага запалу, чым злосных намераў. І калі б сэр Дэніэл не быў магутным прыхільнікам нашай партыі, я абараняў бы вас. Я пашукаў даведкі і атрымаў доказы, што з вамі абышліся жорстка, і гэта апраўдвае вас. Але, сэр, я перш за ўсё правадыр партыі каралевы; і, хаця я па натуры, як мне здаецца, чалавек справядлівы і нават схільны да залішняй міласэрнасці, зараз я павінен дзейнічаць у інтарэсах партыі, каб утрымаць у нас сэра Дэніэла.

— Мілорд, — адказаў Дзік, — не палічыце мяне дзёрзкім і дазвольце мне перасцерагчы вас. Няўжо вы разлічваеце на адданасць сэра Дэніэла? Па-мойму, ён занадта часта пераходзіў з партыі ў партыю.

— Сёння ў нас у Англіі гэта ўвайшло ў звычай, чаго ж вы хочаце? — спытаў граф. — Але вы несправядлівыя да тэнстолскага рыцара. Ён адданы нам, ланкастэрцам, наколькі адданасць наогул уласціва цяперашняму нявернаму пакаленню. Ён не здрадзіў нам нават у час нашых нядаўніх няўдач.

— Калі вы, — сказаў Дзік, — зірнеце на гэтае пісьмо, вы крыху пераменіце сваё меркаванне аб ім.

І ён працягнуў графу пісьмо сэра Дэніэла да лорда Ўэнслідэла.

Граф змяніўся з твару; ён стаў грозны, як раз'ятраны леў, і рука яго міжволі схапілася за кінжал.

— Вы і гэта чыталі? — спытаў ён.

— Чытаў, — сказаў Дзік. — Як бачыце, ён прапаноўвае лорду Ўэнслідэлу ваш уласны маёнтак.

— Але, ваша праўда, мой уласны маёнтак, — адказаў граф. — Я павінен з гэтага моманту маліцца за вас. Вы паказалі мне лісіную нару. Скажыце, чаго вы хочаце, майстар Шэлтан! Я не замаруджу аддзячыць вам і — йоркіст вы або ланкастэрац, сумленны чалавек альбо злодзей — пачну з таго, што вярну вам волю. Ідзіце, у імя Святой Дзевы! Але не наракайце на мяне за тое, што я затрымаю і павешу вашага прыяцеля Лоўлеса. Злачынства здзейснена публічна, і пакаранне таксама павінна быць публічным.

— Мілорд, вось першая мая просьба да вас: злітуйцеся і над ім, — сказаў Дзік.

— Гэта стары нягоднік, злодзей і бадзяга, майстар Шэлтан, — сказаў граф. — Ён ужо даўно саспеў для вісельні. Калі яго не павесяць заўтра, ён будзе павешаны на дзень пазней. Дык чаму ж не павесіць яго заўтра?

— Мілорд, ён прыйшоў сюды з-за любові да мяне, — адказаў Дзік, — і я быў бы жорсткі і няўдзячны, калі б не заступіўся за яго.

— Майстар Шэлтан, вы ўпарты, — строга заўважыў граф. — Вы абралі ненадзейны шлях для поспеху на гэтым свеце. Але для таго каб пазбавіцца ад вашай надакучлівасці, я яшчэ раз дагаджу вам. Ідзіце разам, але ідзіце асцярожна і як хутчэй выбірайцеся з Шорбі. Бо гэты сэр Дэніэл — ды пакараюць яго святыя! — прагне вашай крыві.

— Мілорд, дазвольце пакуль выказаць вам маю ўдзячнасць словамі; спадзяюся ў самы бліжэйшы час хоць бы часткова аплаціць вам паслугай, — адказаў Дзік і выйшаў з пакоя.

Раздзел VIЗноў Арблестэр

Ужо надышоў вечар, калі Дзік і Лоўлес заднім ходам ціхенька выслізнулі з дома, дзе стаяў лорд Райзінгэм са сваім гарнізонам.

Яны схаваліся за садовай сцяной, каб абмеркаваць, як ім быць далей. Небяспека была надзвычай вялікая. Калі хто-небудзь з чэлядзі сэра Дэніэла ўбачыць іх і ўзніме трывогу, збяжыцца варта, і іх заб'юць. Да таго ж для іх было аднолькава небяспечна, заставацца ў Шорбі, гэтым горадзе, які кішыць ворагамі, і спрабаваць уцячы адкрытым полем, дзе яны рызыкавалі наткнуцца на варту.

Непадалёк ад сцяны саду яны ўбачылі ветраны млын і побач з ім велізарны збожжавы свіран, дзверы якога былі расчынены насцеж.

— А ці не схавацца нам тут да надыходу ночы? — сказаў Дзік.

Паколькі Лоўлес не мог прапанаваць нічога лепшага, яны бягом кінуліся да свірна і схаваліся ў саломе. Дзённае святло неўзабаве патухла, і месяц асвяціў срэбраным ззяннем мёрзлы снег. Цяпер нарэшце можна было незаўважна дабрацца да «Казла і валынкі» і зняць гэтыя расы, якія ўжо сталі небяспечнымі. З асцярожнасці яны пайшлі ў абыход горада, ускраінамі, мінуўшы базарны пляц, дзе іх маглі пазнаць і забіць.

Дарога, якую яны выбралі, была доўгая. Яны павярнулі да мора, пайшлі цёмным і ў гэты позні час бязлюдным берагам, пакуль не дасягнулі гавані. Пры ясным месячным святле яны ўбачылі, што многія караблі паднялі якары і, карыстаючыся спакойным морам, паплылі. Берагавыя шынкі (ярка асветленыя, нягледзячы на тое што закон забараняў па начах запальваць агні) пуставалі; не чутно ў іх было харавых песень маракоў.

Высока падабраўшы крыссе сваіх доўгіх расаў, Дзік і Лоўлес паспешліва, амаль бягом, рухаліся па глыбокім снезе, прабіраючыся праз лабірынты хлуду, выкінутага морам на бераг. Яны ўжо амаль мінулі гавань, як раптам дзверы аднаго шынка расчыніліся і асляпляльны паток святла ярка асвяціў іх імклівыя фігуры.

Яны адразу спыніліся і зрабілі выгляд, што захоплены размовай.

Адзін за адным выйшлі з шынка тры чалавекі і зачынілі за сабою дзверы. Усе трое пахістваліся — відаць, яны п'янствавалі ўвесь дзень. Яны стаялі, разгойдваліся ў месячным святле і, здавалася, не ведалі, што ім рабіць далей. Самы высокі з іх гучна скардзіўся на лёс.

— Сем бочак самага лепшага гасконскага, — казаў ён, — лепшае судна Дартмуцкага порта, пазалочаная выява Святой Дзевы, добрых трынаццаць фунтаў залатых манет…

— У мяне таксама вялікія страты, — перапыніў яго другі. — Я таксама страціў нямала, кум Арблестэр. У дзень Святога Марціна ў мяне ўкралі пяць шылінгаў і скураную сумку, якая каштавала дзевяць пенсаў.

Пры гэтых словах сэрца Дзіка сціснулася. Да гэтага часу ён, бадай, ні разу не падумаў пра беднага шкіпера, які згалеў, страціўшы «Добрую Надзею»; у тыя часы дваране бяспечна адносіліся да маёмасці людзей з ніжэйшых саслоўяў. Але гэтая нечаканая сустрэча нагадала Дзіку, як незаконна ён завалодаў суднам і як журботна закончылася ўся справа. І абодва — Дзік і Лоўлес — адвярнуліся, каб Арблестэр выпадкова іх не пазнаў.

Нейкім цудам карабельны сабака з «Добрай Надзеі» выратаваўся і вярнуўся ў Шорбі. Ён цяпер рухаўся за Арблестэрам. Панюхаўшы паветра і насцярожыўшы вушы, ён раптоўна кінуўся ўперад, шалёна брэшучы на ўяўных манахаў.

Яго гаспадар, пахістваючыся, пайшоў за ім.

— Гэй, сябры! — крыкнуў ён. — Ці няма ў вас пені для беднага старога марака, якога дачыста разарылі піраты? У чацвер я яшчэ мог бы напаіць вас абодвух; а сёння субота, і я павінен кленчыць на куфаль піва! Спытайце ў майго матроса Тома, калі вы не верыце мне! Сем бочак цудоўнага гасконскага віна, мой уласны карабель, які дастаўся мне па спадчыне ад бацькі, выява Святой Дзевы з паліраванага дрэва з пазалотай і трынаццаць фунтаў золатам і срэбрам — што вы скажаце? Вось як абакралі чалавека, які ваяваў з французамі! Але, я біўся з французамі. Я на моры перарэзаў французскіх глотак болей, чым любы іншы дартмуцкі марак. Дайце мне пені!

Дзік і Лоўлес не рашаліся адказаць яму, таму што ён пазнаў бы іх па галасах. І яны стаялі бездапаможныя, быццам караблі на якары, і не ведалі, што рабіць.

— Ты што, хлопец, нямы? — спытаў шкіпер. — Сябры, — ікнуўшы, працягваў ён, — гэта нямыя. Цярпець не магу непачцівасці. Ветлівы чалавек, нават калі ён нямы, адказвае, калі з ім размаўляюць.

Між тым матрос Том, мужчына вельмі дужы, здавалася, штосьці западозрыў. Ён быў цверазейшы за капітана. Раптоўна ён выйшаў наперад, груба схапіў Лоўлеса за плячо і, лаючыся, спытаў у яго, з-за якой такой хваробы ён трымае на прывязі свой язык. На гэта бадзяга, рашыўшы, што ім цяпер губляць ужо няма чаго, адказаў яму такім выспяткам, што марак расцягнуўся на пяску. Крыкнуўшы Дзіку, каб ён бег за ім, Лоўлес з усіх ног памчаўся па беразе.

Усё гэта адбылося ў адно імгненне. Не паспеў Дзік кінуцца бегчы, як Арблестэр учапіўся ў яго. Том падпоўз на жываце і схапіў Дзіка за нагу, а трэці марак размахваў корцікам над яго галавой.

Не страх мучыў маладога Шэлтана — яго мучыла прыкрасць, што, пазбегнуўшы сэра Дэніэла, пераканаўшы ў сваёй невінаватасці лорда Райзінгэма, ён трапіў у рукі старога п'янага марака. Больш за ўсё прыкра было ад таго, што ён і сам адчуваў сябе вінаватым, адчуваў сябе неплацежаздольным даўжніком гэтага чалавека, чый карабель ён украў і загубіў, і позна абуджанае сумленне гучна гаварыла яму аб гэтым.

— Цягніце яго ў шынок, я хачу разгледзець яго твар, — сказаў Арблестэр.

— Добра, добра, — адказаў Том. — Толькі мы спярша разгрузім яго сумку, каб іншыя малайцы не запатрабавалі сваёй долі.

Аднак яны не знайшлі ніводнага пені, хаця абшукалі Дзіка з галавы да ног; не знайшлі нічога, акрамя пярсцёнка з пячаткай лорда Фоксгэма. Яны сарвалі гэты пярсцёнак з яго пальца.

— Павярніце яго да месячнага святла, — сказаў шкіпер, і, узяўшы Дзіка за падбародак, ён балюча тузануў угару яго галаву.

— Святая Дзева! — закрычаў ён. — Гэта наш пірат!

— Ды ну? — усклікнуў Том.

— Клянуся бязгрэшнай Дзевай Бардоскай, ён самы! — паўтарыў Арблестэр. — Ну, марскі злодзей, ты ў мяне ў руках! — крычаў ён. — Дзе мой карабель? Дзе маё віно? Не, на гэты раз ты не ўцячэш. Том, дай мне сюды вяроўку. Я звяжу гэтаму марскому воўку рукі і ногі, я звяжу яго, як смажанага індыка, а потым буду яго біць! О, як я буду яго біць!

Арблестэр гаварыў і з уласцівым маракам спрытам абвіваў Дзіка вяроўкай, люта зацягваючы яе, завязваючы тугія вузлы.

Нарэшце малады чалавек ператварыўся ў цюк, бездапаможны і нерухомы, як труп. Шкіпер, трымаючы яго на выцягнутай руцэ, моцна зарагатаў, потым даў яму моцную аплявуху, а пасля пачаў марудна паварочваць яго і шалёна лупцаваць. Гнеў, як бура, падняўся ў грудзях Дзіка; гнеў душыў яго; яму здавалася, што ён вось-вось памрэ ад злосці. Але калі марак, стомлены сваёй жорсткай забавай, кінуў яго на пясок і адвярнуўся, каб параіцца з сябрамі, Дзік імгненна авалодаў сабой. Гэта была хвілінная перадышка; перш чым яны зноў пачнуць мучыць яго, ён, магчыма, знойдзе спосаб выкруціцца з гэтага ганебнага і фатальнага здарэння.

Пакуль яго пераможцы спрачаліся, што рабіць з ім, ён акрыяў духам і цвёрдым голасам загаварыў.

— Найшаноўныя паны, — пачаў ён, — вы што, зусім з глузду з'ехалі? Неба дае вам у рукі выпадак страшэнна разбагацець. Вы трыццаць разоў паедзеце ў мора, а другога такога выпадку не знойдзеце. А вы — о неба! — што вы зрабілі? Збілі мяне? Ды так робіць толькі раззлаванае дзіця! Але ж вы не дзеці, вы вопытныя, прапахлыя смалой маракі, якія не баяцца ні агню, ні вады, якія любяць золата, любяць мяса. Не, вы зрабілі неразумна.

— Ведаю, — сказаў Том, — цяпер, калі ты звязаны, ты будзеш дурыць нас!

— Дурыць вас! — паўтарыў Дзік. — Ну, калі вы дурні, дурыць вас няцяжка! Але калі вы людзі разумныя — а вы мне здаецеся людзьмі разумнымі, — вы самі зразумееце, у чым ваша выгада. Калі я захапіў ваш карабель, нас было многа, мы былі добра апрануты і ўзброены. Ану, скеміце, хто можа сабраць такі атрад? Толькі той, бясспрэчна, у каго шмат золата. І калі гэты багаты чалавек усё яшчэ працягвае пошукі, не спыняючыся перад цяжкасцямі, то, падумайце ж добранька, ці не схаваны дзе-небудзь скарб?

— Аб чым ён гаворыць? — спытаў адзін з маракоў.

— Дык вось, калі вы страцілі старое судна і некалькі кубкаў кіслага, як воцат, віна, — працягваў Дзік, — забудзьце аб іх, таму што ўсё гэта дрэнь. Лепш хутчэй далучайцеся да справы, якая праз дванаццаць гадзін або абагаціць вас, або канчаткова загубіць. Толькі падыміце мяне. Пойдземце куды-небудзь і пагутарым за кубкам віна, таму што мне балюча, я змёрз і мой рот набіты снегам.

— Ён стараецца абдурыць нас, — пагардліва сказаў Том.

— Абдурыць! Абдурыць! — крыкнуў трэці гуляка. — Хацеў бы я паглядзець на чалавека, які змог бы мяне абдурыць! Вось гэта быў бы махляр! Ну, ды я ж не ўчора нарадзіўся. Калі бачу дом са званіцай, я разумею, што гэта царква. І па-мойму, кум Арблестэр, гэты малады чалавек кажа штосьці слушнае. Можа, лепш выслухаць нам яго? Давайце паслухаем.

— Я ахвотна выпіў бы кубак моцнага элю, добры майстар Пірэт, — адказаў Арблестэр. — А ты што скажаш, Том? Але ж кашалёк пусты!

— Я заплачу, — сказаў Пірэт, — заплачу. Я хачу даведацца, што ён мае на ўвазе. Мне здаецца, тут пахне золатам.

— Ну, калі мы зноў возьмемся п'янстваваць, усё прапала! — закрычаў Том.

— Кум Арблестэр, вы замнога дазваляеце свайму слузе, — заўважыў майстар Пірэт. — Няўжо вы дапусціце, каб вамі камандаваў наёмны чалавек? Фу, фу!

— Цішэй, хлопец! — сказаў Арблестэр, звяртаючыся да Тома. — Заткні глотку. Матросы не смеюць вучыць шкіпера!

— Рабіце што хочаце, — сказаў Том. — Мая хата з краю…

— Пастаўце яго на ногі, — сказаў Пірэт. — Я ведаю ціхае месцейка, дзе мы можам выпіць і паразмаўляць.

— Калі вы хочаце, каб я ішоў, сябры мае, развяжыце мне ногі, — сказаў Дзік, калі яго паднялі і паставілі, быццам слуп.

— Ён кажа праўду, — засмяяўся Пірэт. — Так яму далёка не зайсці. Выцягні свой нож і разрэж вяроўку, кум.

Нават Арблестэр завагаўся пры гэтай прапанове. Але таму, відаць, што яго таварыш настойваў, а ў Дзіка хапіла розуму захоўваць самы абыякавы выраз твару і толькі паціскаць плячыма, шкіпер нарэшце згадзіўся і разрэзаў вяроўку, якая звязвала ногі палонніка. Гэта не толькі дало магчымасць Дзіку ісці, але і наогул аслабіла ўсю вяроўку. Ён адчуў, што рука за спіной пачала рухацца вальней, і пачаў спадзявацца, што з часам яму ўдасца яе зусім вызваліць. Ён ужо і так многім быў абавязаны дурноце і прагнасці Пірэта.

Гэты дастойны чалавек узяў на сябе ініцыятыву і прывёў іх у той самы шынок, дзе Лоўлес піў з Арблестэрам у час урагану. Зараз шынок быў пусты; агонь патух, і толькі груда распаленага попелу дыхала прыемным цяплом. Яны селі; гаспадар паставіў перад імі каструлю з гарачым элем. Пірэт і Арблестэр выцягнулі ногі і скрыжавалі рукі, — відаць было, што яны збіраюцца прыемна правесці гадзінку-другую.

Стол, за які яны селі, як і астатнія сталы ў шынку, уяўляў сабою цяжкую квадратную дошку, пакладзеную на дзве бочкі. Сабутэльнікі занялі ўсе чатыры бакі стала — Пірэт сядзеў супраць Арблестэра, а Дзік супраць матроса.

— А цяпер, малады чалавек, — сказаў Пірэт, — пачынайце свой расказ. Здаецца, вы сапраўды крыху пакрыўдзілі нашага кума Арблестэра, але што з гэтага? Улагодзьце яго, пакажыце спосаб разбагацець, і я б'юся аб заклад, што ён даруе вам.

Да гэтага часу Дзік гаварыў наўдачу; але зараз, пад назіркам трох пар вачэй, неабходна было прыдумаць і расказаць незвычайную гісторыю і, калі магчыма, атрымаць назад такі важны для яго пярсцёнак. Перш за ўсё трэба выйграць час. Чым далей яны тут прабудуць, тым болей вып'юць і тым лягчэй будзе ўцячы.

Дзік не ўмеў прыдумляць, і тое, што ён расказаў, вельмі нагадвала гісторыю Алі-бабы, толькі Ўсход быў заменены Шорбі і Тэнстолскім лесам, а колькасць скарбаў пячоры была хутчэй перабольшана, чым прыўменшана. Як вядома чытачу, гэта захапляючая гісторыя, і ў ёй толькі адзін недахоп: у ёй няма ні кроплі праўды. Але тры прастадушныя маракі слухалі яе першы раз; вочы ў іх вылезлі на лоб ад здзіўлення, раты ў іх разявіліся, быццам у траскі на прылаўку гандляра рыбай.

Вельмі хутка давялося заказаць другую порцыю гарачага элю, а пакуль Дзік па-майстэрску сплятаў ніткі прыгод, за ёю была выпіта і трэцяя.

Вось у якім становішчы знаходзіліся прысутныя, калі гісторыя набліжалася да канца.

Арблестэр, на тры чвэрці п'яны і на адну чвэрць сонны, бездапаможна адкінуўся на спінку крэсла. Нават Том захапіўся расказам, і яго пільнасць значна аслабла. А Дзік тым часам паспеў вызваліць сваю правую руку з вяровак і быў гатовы паспрабаваць шчасця.

— Такім чынам, — сказаў Пірэт, — ты адзін з іх?

— Мяне прымусілі, — адказаў Дзік, — супраць маёй волі; але калі б мне ўдалося дастаць мяшок-другі золата на сваю долю, я быў бы дурнем, каб застаўся ў бруднай пячоры, падвяргаючы сябе небяспецы, як просты салдат. Вось нас тут чацвера. Выдатна! Пойдзем заўтра ў лес перад узыходам сонца. Калі б мы дасталі асла, было б яшчэ лепш; але таму што асла дастаць нельга, давядзецца ўсё цягнуць на сваіх чатырох спінах. Спіны ў нас моцныя, аднак на зваротным шляху мы будзем хістацца пад цяжарам скарбаў.

Пірэт аблізнуўся.

— Ану, дружа, скажы гэтае чароўнае слова, ад якога адчыніцца пячора, — папрасіў ён.

— Ніхто не ведае гэтага слова, акрамя трох начальнікаў, — адказаў Дзік. — Але, на ваша вялікае шчасце, якраз сёння вечарам мне паведамілі словы заклінання, якімі адчыняюць пячору. Гэта вялікая ўдача, бо мой начальнік звычайна нікому не давярае сваёй тайны.

— Заклінанне! — закрычаў Арблестэр, прачынаючыся і касавурачыся на Дзіка адным вокам. — Цур мяне! Ніякіх заклінанняў! Я добры хрысціянін, спытай нават у майго матроса Тома, калі не верыш.

— Дык гэта ж белая магія, — сказаў Дзік. — Яна нічога агульнага не мае з д'ябламі; яна звязана з таямнічымі ўласцівасцямі лічбаў, траў і планет.

— Э, — сказаў Пірэт, — гэта ж толькі белая магія, кум. Тут няма граху, запэўніваю цябе. Але працягвай, добры юнак. Што ж гэта за заклінанне?

— Я зараз вам скажу, — адказаў Дзік. — Пры вас пярсцёнак, які вы знялі з майго пальца? Цудоўна! Цяпер выцягніце руку і трымайце пярсцёнак кончыкамі пальцаў прама перад сабою, каб на яго падала святло ад вугалёў. Вось так! Цяпер вы пачуеце словы заклінання!

Хутка азірнуўшыся, Дзік убачыў, што паміж ім і дзвярыма няма ні душы. Ён у думках прачытаў малітву. Потым, працягнуўшы руку, ён схапіў пярсцёнак, падняў стол і перакуліў яго проста на матроса Тома. Бядак, крычучы, валтузіўся пад абломкамі. І перш чым Арблестэр паспеў западозрыць штосьці нядобрае, а Пірэт сабрацца з думкамі, Дзік кінуўся да дзвярэй і знік у месячнай начы.

Месяц зіхацеў ярка, снег іскрыўся, у гавані было светла, як удзень, і малады Шэлтан, які бег, падаткнуўшы расу сярод кучаў смецця, быў бачны здалёку.

Том і Пірэт пагналіся за ім, моцна крычучы. На іх крыкі з кожнага шынка выскоквалі маракі і таксама беглі наўздагон за Шэлтанам. Неўзабаве Дзіка даганяла цэлая гайня матросаў. Але ў пятнаццатым стагоддзі, як і ў наш час, марак на сушы не вызначаўся жвавасцю; Дзік з самага пачатку дужа апярэдзіў усіх, і адлегласць паміж ім і яго даганяламі ўсё павялічвалася. Нарэшце ён забег у якісьці вузкі завулачак, спыніўся, паглядзеў назад і засмяяўся.

За ім гналіся ўсе маракі горада Шорбі; як чарнільныя кляксы, цямнелі яны ўдалечыні на белым снезе. Кожны крычаў, лямантаваў; кожны махаў рукамі; то адзін падаў у снег, то другі; на таго, хто зваліўся, адразу падалі ўсе, хто бег за ім.

Гэты дзікі лямант, які далятаў ледзь не да самага месяца, і смяшыў уцекача і палохаў. Зрэшты, баяўся Дзік зусім не гэтых маракоў, паколькі быў упэўнены, што ніводзін з іх яго не дагоніць. Дзік баяўся шуму, паднятага маракамі, баяўся, што ён можа разбудзіць увесь Шорбі і прымусіць варту выпаўзці на вуліцу, а гэта было б сапраўды небяспечна; заўважыўшы цёмныя дзверы ў куце, ён схаваўся за імі. Яго нязграбныя праследвальнікі, расчырванелыя ад хуткага бегу, выкачаныя ў снег, крычучы, размахваючы рукамі, пранесліся міма. Аднак прайшло яшчэ нямала часу, перш чым скончылася гэтае вялікае нашэсце гавані на горад і ўсталявалася цішыня.

Яшчэ доўга на вуліцах горада чуліся крыкі маракоў, бо яны заблудзіліся. Яны штохвілінна ўсчыналі спрэчкі то паміж сабой, то з вартавымі; мільгалі нажы, сыпаліся ўдары, і не адзін труп застаўся на снезе.

Калі праз гадзіну апошні марак, мармычучы, вярнуўся ў гавань, у свой найлюбы шынок, ён, канечне, не мог бы сказаць, за кім ён гнаўся. На наступную раніцу ўзнікла нямала самых розных легенд, і неўзабаве ўвесь горад Шорбі паверыў, што ноччу яго вуліцы наведаў д'ябал. Аднак вяртанне апошняга марака яшчэ не вызваліла юнага Шэлтана з яго халоднага зняволення за дзвярыма.

Яшчэ доўга па вуліцах блукалі патрулі, разасланыя знатнымі лордамі, якіх разбудзілі і затрывожылі крыкі маракоў.

Ноч падыходзіла ўжо да канца, калі Дзік пакінуў сваё сховішча і прыйшоў, цэлы і здаровы, але дужа змерзлы і пакрыты сінякамі, да дзвярэй «Казла і валынкі». У адпаведнасці з законам харчэўня патанала ў змроку: не гарэла ніводная свечка, і агонь у печцы быў патушаны. Дзік навобмацак прабраўся ў кут халоднага пакоя для гасцей, знайшоў канец коўдры, захутаў ім свае плечы і, прыціснуўшыся да нейкага соннага чалавека, хутка і моцна заснуў.


  1. Pax vobiscum (лац.) — Мір вам!