35987.fb2
Па дарозе маўчалi. Яна перабiрала нагамi, а ён ступаў так шырока, быццам кожнага разу сягаў праз ручай.
Ачмурэлыя ад спёкi каровы, што ляжалi ў полi, цяжка падымалi галовы i цiха рыкалi людзям - як бы прасiлi свежай травы.
Каля дома Анарэ Бантан шапнуў:
- Цi не сканала яна?
I гэтыя словы мiжволi выказалi яго падсвядомае жаданне.
Але старая не спяшалася памiраць.
Яна ляжала на сваiм лядачым ложку, сашчапiўшы на фiялетавай паркалёвай коўдры страшэнна худыя вузлаватыя рукi, падобныя на дзiўныя стварэннi, на крабаў, скурчаныя раматусам, стомай, цяжкай бясконцай працай амаль за стогадовае жыццё.
Рапэ падышла да ложка i паглядзела на старую. Памацала пульс, грудзi, паслухала, як дыхаюць лёгкiя, нешта спыталася - паслухаць, як тая адкажа, i доўга яшчэ прыглядалася, а пасля выйшла разам з Анарэ. Яна супакоiлася. Старая не перажыве гэтае ночы.
Ён спытаўся:
- Ну што?
Рапэ адказала:
- Што? Ёй жыць яшчэ два цi тры днi. Дасце мне за ўсё шэсць франкаў.
Ён аж заенчыў:
- Шэсць франкаў! Шэсць франкаў? Вы часам не звар'яцелi? Я кажу, гэта на пяць-шэсць гадзiн, не больш.
Яны доўга i зацята спрачалiся. Але ён нарэшце згадзiўся, бо старая мерылася пайсцi i час мiнаў, а збажына сама не ссыпалася ў мяхi.
- Добра, згода, шэсць франкаў за ўсё разам з абмываннем цела.
- Згода, шэсць франкаў.
I ён пашыбаваў да сваёй пшанiцы, якая пачаўрэла ад спякотнага, але шчодрага на ўраджай сонца.
Наймiчка вярнулася дахаты.
Яна прыхапiла з сабою бялiзну, бо не кiдала працы нават помеж з нябожчыкамi i хворымi i ўвесь час нешта мыла, цi то сабе, цi то сям'i, якая наймала яе i плацiла за дзве работы разам.
Раптам яна спыталася:
- Цi паспавядалiся вы, цётка Бантан?
Хворая варухнула галавой, i набожная Рапэ адразу падхапiлася:
- Божачкi Iсусе, цi можна так? Я паляцела да плябана.
I яна так хутка памкнула да плябанii, што дзецi, якiя гулялi на плошчы, адразу зразумелi - хтосьцi памiрае.
Неўзабаве паказаўся святар у белым стыхары, наперадзе ў яго iшоў хлопчык-харыст i званiў у званок, каб абвясцiць, што яшчэ адна душа заручаецца з Богам у гэтай гарачай цiхай вёсцы. Мужчыны, занятыя працай, здалёк здымалi шырокiя брылi i не краталiся, аж пакуль белая вопратка не знiкала за хатай; вязальнiцы снапоў разгiналi спiны i жагналiся; перапалоханыя чорныя куры, куляючыся на лапках, уцякалi ўздоўж равоў i хавалiся ў добра iм вядомых дзiрках; кураня, навязанае шнурком за нагу, вар'яцела ад выгляду стыхара i з цiўканнем бегала кругамi. Хлопчык у чырвонай споднi спяшаўся, святар, схiлiўшы набок галаву з квадратным капялюшыкам, з цiхiмi малiтвамi ступаў следам; Рапэ, пераламаная напалам, як бы збiралася ўкленчыць на хаду i, склаўшы рукi перад сабой, як на iмшы, клыпала ззаду.
Анарэ здалёк заўважыў iх i спытаўся:
- Да каго гэта наш плябан?
Кемлiвы парабак адказаў:
- Да каго? Iдзе запрашаць Бога да тваёй мацi!
Мужык не здзiвiўся:
- Добра, добра, хай iдзе!
I зноў узяўся за работу.
Матухна Бантан паспавядалася, атрымала дараванне i прычасцiлася. Святар пайшоў, жанчыны засталiся адны ў спякотным пакоi.
Дзень канчаўся; свежы вецер дыхаў прахалодай, ад яго павеваў гойдаўся папяровы абраз, прыколаты дзвюма шпiлькамi да сцяны; фiранкi на акне, калiсьцi белыя, а цяпер палiнялыя i заседжаныя мухамi, трапяталiся, матлялiся, рвалiся ў паветра, iмкнулiся паляцець гэтаксама, як i душа старой.
Анарэ вярнуўся ў прыцемках. У ложку ён заўважыў яшчэ жывую мацi i спытаўся:
- Як маешся?
Ён i раней так казаў, калi той нездаровiлася.
Адаслаў Рапэ, загадаўшы:
- Заўтра а пятай, не спазнiцеся.
Тая паўтарыла:
- Заўтра, а пятай.
I праўда, яна прыйшла досвiткам. Перад працай у полi Анарэ сiлкаваўся звараным iм самiм крупнiкам.
Наймiчка спыталася:
- Ну, памерла ваша мацi?
Ён хiтра ўсмiхнуўся аднымi вачыма i адказаў:
- Ёй нават палепшала.
I пайшоў з хаты.
Занепакоеная Рапэ падышла да старой, якая ляжала ў нязменнай позе - з расплюшчанымi вачыма, сцiскаючы рукамi коўдру, абыякава церпячы пакуты.