36118.fb2 Чужанiца (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 10

Чужанiца (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 10

- Я таксама зазiрнуў у гэту душу, - сказаў ён, - але насуперак шаноўнаму прадстаўнiку пракуратуры, я многа знайшоў там i магу сказаць, што я чытаў у ёй, як у разгорнутай кнiзе.

Ён прачытаў у маёй душы, што я сумленны чалавек, што я спраўны, нястомны i адданы сваёй фiрме працаўнiк, чалавек усiмi паважаны, якi са спагадаю ставiцца да няшчасця iншых. На яго думку, я быў узорны сын, якi ўтрымлiваў сваю мацi, пакуль гэта было магчыма. Але нарэшце быў вымушаны аддаць яе ў прытулак, бо спадзяваўся, што там старая жанчына знойдзе большы камфорт, чым той, якiм мне дазвалялi акружыць яе мае невялiкiя сродкi.

- Мяне здзiўляе, панове, - сказаў ён, - што вакол гэтага прытулку падняўся такi шум. Бо калi трэба знайсцi нейкi доказ у неабходнасцi падобных устаноў i ў iх высокiм прызначэннi, дык досыць сказаць хоць бы тое, што грошы на iх выдаткуе сама дзяржава.

Аднак ён нiчога не сказаў пра пахаванне, i я адчуў, што гэтага ў яго прамове яўна бракуе. Але пасля ўсiх гэтых доўгiх фраз, бясконцых дзён i незлiчоных гадзiн, калi ўсе гаварылi пра маю душу, у мяне ўжо круцiлася ў галаве, нiбы я глядзеў у глыбокi вiр з каламутнай вадой.

Памятаю толькi, як пад канец адвакатавай прамовы праз усе сцены i дзверы, праз усе пакоi i залы да мяне даляцеў гук дудкi, якой вулiчны гандляр марожаным зазываў пакупнiкоў. I раптам мяне апанавалi ўспамiны, я прыгадаў тое жыццё, якое, на жаль, мне ўжо больш не належала, тое жыццё, дзе я знаходзiў сама простыя i сама незабыўныя свае радасцi: летнiя пахi, мой любiмы квартал, колер неба перад захадам сонца, усмешкi i сукенкi Мары. Уся бязглуздзiца майго знаходжання ў гэтай зале камяком падкацiла да горла, i я захацеў толькi аднаго - каб усё гэта скончылася як мага хутчэй, каб мне зноў апынуцца ў камеры, упасцi на ложак i заснуць. Я невыразна пачуў, як на заканчэнне прамовы адвакат ускрыкнуў, што панове прысяжныя не захочуць аддаць смерцi сумленнага працаўнiка, якi загубiў сябе ў хвiлiну раптоўнага зацьмення, i папрасiў прыняць пад увагу змякчальныя акалiчнасцi, бо я ўжо ўсвядомiў усю жудасць майго злачынства, найцяжэйшаю карай за якое мне будзе вечны дакор, што я пранясу скрозь усё жыццё. Абвясцiлi перапынак, i адвакат упаў на крэсла, нiбы ў яго зусiм ужо не ставала сiлы. З усiх бакоў да яго падбеглi калегi, кожны iмкнуўся пацiснуць руку. Я пачуў: "Цудоўна, мой дарагi, проста цудоўна!" Адзiн нават узяў мяне ў сведкi: "Выдатная прамова, га?" Я кiўнуў, але ў маiм ухваленнi не было шчырасцi, проста я вельмi стамiўся.

Мiж тым на дварэ пачынала шарэць, i спёка ўжо меншала. Па гуках, якiя даляталi з вулiцы, я здагадваўся, што там настае прыемнае сутонне. Мы чакалi. Але тое, чаго чакалi мы ўсе, датычылася толькi мяне. Я зноў агледзеў залу. Усё было так, як i ў першы дзень. Я сустрэўся позiркам з маладым журналiстам у шэрым пiнжаку i з той жанчынай, што па-ранейшаму сядзела як аўтамат. I тут мне падумалася, што з самага пачатку працэсу я чамусьцi нi разу не пастараўся знайсцi ў зале Мары. Я зусiм забыўся пра яе, але ж я быў такi заняты. Я адшукаў яе памiж Селестам i Раймонам. I яна адразу кiўнула, нiбыта кажучы: "Нарэшце!" Я ўбачыў яе крыху трывожны твар i ўсмешку. Але ў сэрцы маiм усё было сцята, i я нават не здолеў усмiхнуцца ў адказ.

Вярнулiся суддзi. Вельмi хутка прысяжным быў прачытаны шэраг пытанняў. Я пачуў: "вiнаваты ў забойстве...", "наўмысна...", "змякчальныя акалiчнасцi". Потым прысяжныя выйшлi, i мяне завялi ў пакой, дзе я ўжо чакаў у першы дзень. Хутка да мяне прыйшоў адвакат, ён быў вельмi гаваркi i размаўляў са мною даверлiва i нават сардэчна, чаго раней ад яго я нiколi не чуў. Ён меркаваў, што ўсё iдзе добра, i я, вiдаць, абыдуся некалькiмi гадамi турмы або катаргi. Я запытаўся, цi можна падаць на касацыю, калi прыгавор будзе нешчаслiвы. Але ён сказаў - не. Тактыка яго прамовы заключалася ў тым, каб не высоўваць нiякiх пэўных прапаноў i тым самым не настройваць супраць нас прысяжных. Паводле яго слоў, у такiх працэсах, як мой, скасаваць прысуд не так проста, дзеля нейкiх дробязяў гэтага рабiць не стануць. Я палiчыў, што гэта натуральна, i цалкам пагадзiўся з яго думкаю. Бо калi на справу зiрнуць цвяроза, iначай i быць не павiнна. Гэта колькi б звялi паперы, каб можна было скасаваць любы прысуд.

- Ва ўсякiм выпадку, - сказаў адвакат, - можна падаць просьбу на памiлаванне. Але я ўпэўнены, што ўсё для вас скончыцца шчаслiва.

Чакалi мы доўга, хвiлiн, мусiць, сорак пяць. Але нарэшце пачуўся званок. Перад тым, як пакiнуць мяне, адвакат сказаў:

- Зараз старшыня прачытае адказы прысяжных. Але вас упусцяць толькi, каб абвясцiць прысуд.

З усiх бакоў заляскалi дзверы. Людзi пабеглi па лесвiцах, было незразумела - цi то далёка, цi блiзка? Потым з залы даляцеў глухi голас, якi нешта чытаў. I калi зноў пачуўся званок, дзверы ў адгародку для падсудных адчынiлiся i мяне ўразiла цiшыня, што панавала ў зале, цiшыня i гэтае дзiўнае пачуццё, якое ўзнiкла адразу, як я заўважыў, што малады журналiст адвёў вочы ўбок. Я не зiрнуў на Мары. Я проста не паспеў, бо старшыня ў нейкiх дзiўных выразах абвясцiў, што ад iмя французскага народа мне адсякуць галаву, што будзе зроблена публiчна, на гарадской плошчы. I тады, здаецца, я зразумеў, якое пачуццё было адбiта на ўсiх тварах. Па-мойму, гэта было нешта накшталт павагi. Жандары сталi са мной вельмi абыходлiвыя. Адвакат паклаў мне далонь на руку. I ўсе думкi вылецелi з маёй галавы. Але старшыня запытаўся, цi ёсць у мяне што дадаць. Я падумаў. I сказаў:

- Не.

I тады мяне вывелi з залы.

V

Я трэцi раз адмовiўся прыняць свяшчэннiка. Мне няма чаго яму сказаць, i наогул - не хочацца гаварыць, бо я i так ужо хутка яго пабачу. Цяпер мяне цiкавiць iншае - цi можна вырвацца з гэтай машыны, цi ёсць нейкае выйсце з майго безвыходнага становiшча. Мяне перавялi ў iншую камеру. I цяпер, калi я ляжу на ложку, я бачу неба, толькi неба. I цэлымi днямi гляджу ў яго твар i назiраю за зменаю фарбаў, якiя вядуць ад ранку да ночы. Я ляжу, падаткнуўшы пад голаў рукi, i чакаю. Не ведаю, колькi разоў я задаваў сабе пытанне, цi былi выпадкi, каб асуджаны на смерць здолеў унiкнуць гэтай бязлiтаснай машыны, уцячы перад самым пакараннем, прарвацца скрозь палiцэйскiя заслоны. I я папракаў сябе за тое, што не звяртаў раней увагi на тыя апавяданнi, дзе расказвалася, як адбываецца пакаранне. Такiмi пытаннямi заўсёды трэба цiкавiцца. Хто ведае, што з табой можа здарыцца ў жыццi. Вядома, як i ўсе, я чытаў у газетах судовую кронiку. Але ж ёсць, безумоўна, i спецыяльныя выданнi, пацiкавiцца якiмi я, на жаль, часу не выбраў. А там, ужо напэўна б, я знайшоў не адно апiсанне ўцёкаў. I напэўна б, даведаўся, што хоць адзiн раз, ды быў такi выпадак, каб у гiльяцiне нешта заклiнавала, што хоць адзiн раз шанц i выпадак усё ж здолелi нешта змянiць у гэтым няўхiльным i наканаваным руху. Хоць адзiн раз! Па-мойму, мне i гэтага было б досыць. Рэшту зрабiлi б маё ўяўленне i сэрца. У газетах часта пiсалi пра нейкi доўг, якi злачынца нiбыта вiнен грамадству. I на iх думку, яго трэба было плацiць. Але што гэта дае ўяўленню? Iншая рэч - магчымасць уцячы, унiкнуць няўмольнага ахвяравальнага абраду i бегчы, бегчы без памяцi насустрач надзеi i ўдачы. Але ж вядома, якая тут надзея - на ўсiм бягу атрымаць кулю ў карак на першым жа рагу вулiцы. Аднак, калi добра падумаць, нiшто не абяцала мне нават гэтай раскошы, я быў пазбаўлены такога права, пачварная машына не выпускала мяне.

Каб я нават вельмi захацеў, я не мог пагадзiцца з такою наглаю непазбежнасцю. Бо памiж прысудам, якi яе заснаваў, i тым спакоем, з якiм разгортвалiся падзеi пасля яго вынясення, iснавала да смешнага недарэчная неадпаведнасць. Тое, што прыгавор быў прачытаны а восьмай, а не, скажам, а пятай гадзiне, тое, што ён мог быць зусiм iншы, што прынялi яго людзi, у якiх сем пятнiц на тыднi, што да яго прычапiлi чамусьцi такое расплывiстае паняцце, як французскi народ (хоць з такiм самым поспехам тут можна было гаварыць i пра народ нямецкi або кiтайскi), - усё гэта, па-мойму, у значнай ступенi пазбаўляла сур'ёзнасцi падобнае рашэнне. Аднак я мусiў прызнаць, што з той секунды, калi яно было прынята, яго вынiкi рабiлiся настолькi ж безумоўнымi i адчувальнымi, як наяўнасць гэтай сцяны, да якой я цяпер прыцiскаўся спiнаю.

У гэтыя хвiлiны я прыгадваў гiсторыю пра майго бацьку, якую расказвала мне мама. Сам я нiколi не бачыў яго. I ўсё, што больш-менш дакладна ведаў пра гэтага чалавека, было тое, што мне расказвала тады мама: аднойчы ён хадзiў глядзець на пакаранне нейкага забойцы. Яму рабiлася млосна ад адной думкi, што ён пойдзе туды. I ўсё ж ён пайшоў, а калi вярнуўся дахаты - ванiтаваў амаль усю ранiцу. Тады мне было крыху прыкра за такога бацьку. Але цяпер я разумеў яго - гэта ж было так натуральна. Як жа я мог не бачыць, што няма нiчога больш важнага за смяротную кару i што, увогуле, гэта адзiнае, на што чалавеку сапраўды цiкава паглядзець! Калi мне пашчасцiць выйсцi з гэтай турмы, я буду хадзiць на ўсе публiчныя пакараннi. Але мне, вядома ж, не варта было думаць пра такую магчымасць. Бо тады, ад адной толькi думкi, што я, вольны, буду стаяць на свiтанку за палiцэйскiм заслонам - па iншы бок, калi так можна сказаць, - i глядзець на ўсё як просты глядач, якi пасля мае права званiтаваць ад убачанага, - ад адной такой думкi радасць горкаю хваляй залiвала мне сэрца. А гэта было неразумна. Мне не варта было паддавацца такiм летуценням, бо ўжо праз хвiлiну мне рабiлася настолькi холадна, што я ўвесь скурчваўся пад коўдрай. I кляцаў зубамi, не маючы сiлы стрымацца.

Але ж вядома, што быць заўсёды разумным немагчыма. Вось i я - пачынаў часам складаць свае праекты законаў. Рэфармаваў крымiнальны статут. Я раней яшчэ заўважыў, што сама галоўнае тут - пакiнуць асуджанаму хоць адзiн шанц на ратунак. Адзiн з тысячы, яго было б дастаткова, каб уладкаваць вельмi многае. Напрыклад, можна было б знайсцi такое хiмiчнае спалучэнне, якое забiвала б пацыента (гэта я так казаў у думках: "пацыента") у дзевяцi выпадках з дзесяцi. I пацыент бы пра гэта ведаў - такая была б умова. Бо калi добра ўсё ўзважыць i зiрнуць на справу спакойна, дык сама галоўная загана гiльянiцы якраз у тым, што яна не пакiдае нiякага шанцу, абсалютна нiякага. Карацей кажучы, яна гарантуе смерць пацыенту на ўсе сто адсоткаў. Справа тут вырашаная, нiякiх варыянтаў быць не можа, i ўсё адладжана настолькi, што ўжо i думаць няма пра што. I нават калi першы раз нейкiм цудам штосьцi выйдзе няўдала - нiчога, паўтораць. Адсюль, як гэта нi сумна, вынiкае, што асуджаны сам павiнен спадзявацца на добрае функцыянаванне машыны. I гэта, як я ўжо казаў, галоўная яе загана. Але так яно справядлiва толькi з аднаго боку. Бо з iншага, мушу прызнаць, якраз тут i тоiцца сакрэт добрай арганiзацыi пакарання. Асуджаны сам сваiмi паводзiнамi мусiць садзейнiчаць яго дакладнаму выкананню. Бо менавiта ён зацiкаўлены больш за ўсiх, каб справа была зроблена, як той казаў, без задзiрынкi.

Апроч таго, я мусiў прызнаць, што меў даволi памылковыя ўяўленнi пра тое, што звязана з пакараннем. Я доўга меркаваў - ужо сам не ведаю чаму, - што калi iдзеш на гiльянiцу, трэба ўзыходзiць на эшафот, падымацца па прыступках. Вiдаць, гэта было пад уплывам рэвалюцыi 1789 года - я маю на ўвазе, пад уплывам таго, што нам пра яе расказвалi i паказвалi на карцiнках. Але аднойчы ўранку я прыгадаў фатаграфiю, якую бачыў у газетах, калi паўсюль пiсалася пра адно вельмi нашумелае забойства i пакаранне злачынцы. Дык вось - гiльяцiна стаяла проста на зямлi (прасцей, сапраўды, бадай што не прыдумаеш) i была намнога меншая, чым я сабе ўяўляў. Дзiўна, чаму я не прыгадваў пра гэта раней. Бо тады, памятаю, мяне вельмi ўразiў яе выгляд - такi дасканалы, закончаны, нiчога лiшняга. Звычайна, калi чаго-небудзь не ведаеш, у думках заўсёды пачынаеш перабольшваць. А на справе ўсё наадварот выходзiць вельмi проста, так i тут: прылада ставiлася якраз на адным узроўнi з чалавекам. I ён падыходзiў да яе, ну, зусiм так, нiбы iшоў насустрач знаёмаму. Па-мойму, гэта было надта ўжо сумна. Iншая справа, калi ўзыходзiш на эшафот, уздымаешся ў неба, - тут ёсць за што ўчапiцца ўяўленню. А ў нашым выпадку адладжаная механiка ўсё толькi псавала: вас забiвалi неяк вельмi ўжо сцiпла, нават крыху сарамлiва, але затое з вялiкай дакладнасцю.

Было яшчэ дзве рэчы, пра якiя я ўвесь час думаў: гэта - свiтанак i просьба пра памiлаванне. Я, праўда, стараўся быць болей разумным i не думаць пра гэта. Выпростваўся на ложку, глядзеў на неба, прымушаў сябе назiраць за яго фарбамi. Але вось яно зелянела, i наставаў вечар. Мне зноў даводзiлася рабiць над сабой намаганне, каб збiць хаду думак. Я прыслухоўваўся да пульсавання сэрца. Немажлiва было ўявiць, што гэты гук, якi так доўга суправаджаў маё быццё, раптам можа спынiцца. Але ў мяне нiколi не было сапраўднага ўяўлення. Колькi я нi стараўся ўбачыць у думках тую секунду, калi ўдар сэрца ўжо не азавецца ў маёй галаве, - усё было дарэмна. Я не мог пазбавiцца ад думкi пра свiтанак i пра памiлаванне. I нарэшце вырашыў, што разумней за ўсё будзе сябе не прымушаць.

Звычайна яны прыходзяць на свiтаннi, я гэта ведаў. I кожную ноч, увогуле, толькi тым i займаўся, што чакаў гэтага свiтання. Бо я нiколi не любiў, каб мяне заставалi знянацку. Калi ўжо нешта павiнна адбыцца, дык лепей, па-мойму, быць да яго заўсёды гатовым. Нарэшце, я амаль перастаў спаць, драмаў хiба што крыху ўдзень, а ўсе ночы напралёт цярплiва чакаў, калi ў небе за кратамi пачне займацца на дзень. Сама цяжкае было перажыць той трывожны час, калi яны звычайна рабiлi сваю справу. Ужо ад паўночы я пачынаў прыслухоўвацца i чакаў. Нiколi яшчэ мой слых не ўчуваў столькiх размаiтых гукаў, столькiх ледзь прыкметных шолахаў. Зрэшты, мне, у пэўным сэнсе, шанцавала, бо за ўвесь гэты час я нi разу не пачуў чыiх-небудзь крокаў. Мама часта казала, што чалавек нiколi не бывае безвыходна няшчасны. I я знаходзiў гэтаму доказ у турме, калi неба пачынала святлець i першыя промнi працiскалiся ў камеру. Бо ўсё магло быць iначай - я мог бы пачуць грукат крокаў, i маё сэрца раздзерлася б на кавалкi. Але нават тады, калi сама нязначны шоргат прымушаў мяне кiдацца да дзвярэй, калi я стаяў, прыпаўшы да iх шчакой, i з жахам прыслухоўваўся, пакуль не адчуваў ужо нiчога, апроч уласнага дыхання, якое палохала мяне сваёй сiпатой, падобнай да сабачага скавытання, нават тады - маё сэрца ўсё ж не раздзiралася i я выйграваў яшчэ дваццаць чатыры гадзiны на жыццё.

Цэлы дзень мае думкi круцiлiся вакол просьбы пра памiлаванне. Але, па-мойму, яны прыносiлi мне якраз найбольшую карысць. Я прыкiдаў, якiмi могуць быць вынiкi, i ў сваiх разважаннях знаходзiў найбольшае суцяшэнне. Спачатку я дапускаў сама горшае: просьба адхiлена. "Што ж, значыць, я памру". Раней за iншых, што само сабой зразумела. Але нi для каго не сакрэт, што жыццё зусiм не вартае таго, каб за яго чапляцца. Па сутнасцi, вялiкай рознiцы няма, калi ты памрэш - у трыццаць гадоў цi ў семдзесят, - усё роўна пасля цябе застануцца жыць iншыя людзi, бо так яно заўсёды было i будзе яшчэ не адну тысячу год. Тут, увогуле, усё ясна. I калi б ты нi памёр, цяпер цi праз дваццаць гадоў, памiраць усё роўна давядзецца самому, замест цябе гэтага нiхто не зробiць. Адзiнае, што мяне яшчэ крыху бянтэжыла ў маiх разважаннях - гэта нейкi незразумелы штуршок, якi я адчуваў у сэрцы ад адной толькi думкi пра магчымасць пражыць яшчэ дваццаць гадоў. Такое пачуццё трэба было неяк заглушаць, i тады я казаў сабе, што яшчэ невядома, якiя ў мяне будуць думкi праз тыя дваццаць гадоў, калi ўсё роўна прыйдзецца вярнуцца да гэтага самага пытання. А калi памiраць усё роўна прыйдзецца, дык як i калi гэта здарыцца не мае, што само сабой зразумела, нiякага значэння. А значыць (i сама цяжкае было не забыцца, адкуль гэтае "значыць" вынiкае), значыць, я павiнен пагадзiцца з тым, што маю просьбу пра памiлаванне адхiляць.

I вось цяпер - i толькi цяпер - я, калi так можна сказаць, меў права, я дазваляў сабе дапусцiць другую гiпотэзу: мяне памiлавалi. Прыкра было тое, што ў гэтым выпадку мне трэба было хоць крыху ўтаймаваць той гарачы парыў, якi бударажыў мне кроў, працiнаў усё цела, засцiлаў вочы безразважнаю радасцю. Трэба было суцiшыць гэты душэўны крык, пастарацца быць болей разумным. Трэба было, каб нават у гэтай гiпотэзе ўсё выглядала натуральна, бо iначай было б незразумела маё пакорлiвае прыняцце першай. I калi гэта ўдавалася, я выгадваў цэлую гадзiну спакою. Гэта, мiж iншым, таксама нешта значыла.

Якраз у адзiн такi момант я чарговы раз адмовiўся прыняць свяшчэннiка. Я ляжаў на ложку i па бляклай сiнi ў небе здагадваўся, што за акном настае летнi вечар. Толькi што я ў думках адхiлiў сваю просьбу i цяпер адчуваў, як роўна пульсуе ў маiх жылах кроў. У мяне зусiм не было патрэбы бачыць свяшчэннiка.

Упершыню за многiя апошнiя днi я ўспомнiў пра Мары. Ужо даўно яна мне не пiсала. I ў той вечар я падумаў i сказаў сабе, што яна, вiдаць, стамiлася быць каханкай асуджанага на смерць. Мне падумалася таксама, што яна магла захварэць цi памерцi. Гэта ж было верагодна. I я не мог бы даведацца пра гэта, бо па-за абалонкаю нашых разлучаных цел нас цяпер не звязвала нiчога, нiшто не нагадвала нам пра iснаванне кожнага з нас. Зрэшты, калi б Мары памерла, успамiн пра яе не ўзбудзiў бы ўва мне нiякiх пачуццяў. Мёртвая, яна мяне не цiкавiла. Я лiчыў гэта нармальным, як i цудоўна разумеў, што пасля маёй смерцi на мяне ўсе забудуцца таксама. Нiкому да мяне ўжо не будзе нiякай справы. I я не магу нават сказаць, каб гэтая думка была мне цяжкая.

Якраз у гэты момант зайшоў свяшчэннiк. Я крыху ўздрыгнуў, калi ўбачыў яго. I ён, заўважыўшы гэта, папрасiў мяне не палохацца. Я сказаў, што звычайна ён прыходзiў у iншы час. Ён адказаў, што зайшоў да мяне проста так, па-сяброўску, i гэта зусiм не звязана з маёю просьбаю пра памiлаванне, бо пра яе пакуль што яму нiчога не вядома. Ён усеўся на маiм ложку i запрасiў мяне сесцi побач. Я адмовiўся. Але выгляд у яго быў, па-мойму, вельмi лагодны.

Нейкi час ён сядзеў, абапершыся локцямi на каленi, i, панурыўшы галаву, глядзеў на свае рукi. Яны былi вузкiя i моцныя i нагадвалi мне двух спрытных звяркоў. Ён паволi пацёр iх адну аб адну i зноў знерухомеў. Ён так доўга сядзеў у гэтай паставе, што я, па-мойму, на нейкую хвiлiну нават забыўся пра яго.

Але раптам ён ускiнуў галаву i зiрнуў мне ў твар.

- Чаму вы адмаўляецеся ад сустрэчы са мною? - сказаў ён.

Я адказаў, што не веру ў Бога. I тады ён пацiкавiўся, цi цвёрда я ў гэтым упэўнены. Я адказаў, што лiчу залiшнiм задаваць сабе такое пытанне - па-мойму, яно не мае нiякага значэння. Ён адкiнуўся назад i, абапершыся спiнаю аб сцяну, паклаў рукi на сцёгны. Потым, быццам звяртаючыся не да мяне, ён сказаў, што людзi часта мяркуюць, нiбы яны ўпэўнены ў нечым, а на справе ўсё аказваецца iначай. Я маўчаў. Ён зiрнуў на мяне i спытаўся:

- Што вы думаеце пра гэта?

Я адказаў, што, можа, яно i так. Ва ўсякiм выпадку я не заўсёды магу з упэўненасцю сказаць, што менавiта мяне цiкавiць, але ў тым, што мяне не цiкавiць, я ўпэўнены абсалютна. Дык вось - тое, пра што ён кажа, мяне зусiм не цiкавiць.

Ён адвёў вочы i, па-ранейшаму не мяняючы паставы, запытаўся, цi не кажу я так ад вялiкай роспачы. Я растлумачыў, што нiякай роспачы ў мяне няма. Проста мне страшна, i гэта ў маiм становiшчы абсалютна натуральна.

- Бог дапаможа вам, - азваўся ён. - Я ведаю, усе, хто быў у вашым становiшчы, вярталiся да яго.

Я пагадзiўся - гэта было iх права. Цi, можа, у iх быў на гэта вольны час. Што ж да мяне, дык я, па-першае, не хачу, каб мне дапамагалi, а па-другое, у мяне проста няма часу, каб цiкавiцца тым, што мяне не цiкавiць.

Яго рукi нервова варухнулiся, але ён выпрастаўся i пачаў распраўляць на сутане складкi. Потым загаварыў i назваў мяне чамусьцi "мой дружа": ён гаворыць са мною пра Бога зусiм не таму, што я асуджаны на смерць; на яго думку, усе мы асуджаныя на смерць. Тут я яго перапынiў, я сказаў, што гэта зусiм не адно i тое ж, i ва ўсякiм выпадку, гэта не можа быць мне суцяшэннем.

- Вядома, - пагадзiўся ён. - Але нават калi вы не памраце сёння, вам усё роўна давядзецца памерцi - пазней. I тады зноў перад вамi паўстане тое ж пытанне. З якiмi пачуццямi вы сустрэнеце тады гэты пачварны iспыт?

Я адказаў, што сустрэну яго дакладна з такiмi ж пачуццямi, з якiмi сустракаю цяпер.

Пачуўшы гэта, ён устаў i зiрнуў мне ў вочы. Я добра ведаў гэту гульню. Мне часта даводзiлася забаўляцца ёю з Эманюэлем i Селестам, i звычайна яны першыя адводзiлi вочы. Але свяшчэннiк быў таксама добра спрактыкаваны, я гэта заўважыў адразу: яго вочы нават не мiргалi. I голас не задрыжаў, калi ён прамовiў:

- Няўжо ў вас няма нiякай надзеi, i вы жывяце з упэўненасцю, што памраце ўвесь?

- Так, - сказаў я.

Ён зноў панурыў галаву i сеў. Ён сказаў, што яму шкада мяне. На яго думку, жыць з такою ўпэўненасцю чалавеку невыносна цяжка. Але я адчуў, што ён пачынае мне назаляць. Я адвярнуўся i падышоў да акна. Я стаяў, абапершыся плячом аб сцяну, i не вельмi прыслухоўваўся да таго, што ён кажа. Ён iзноў пачаў задаваць мне нейкiя пытаннi. Ён гаварыў паспешна, занепакоена, яго голас дрыжаў. Я зразумеў, што ён нечым усхваляваны, i пачаў слухаць уважлiвей.

Ён выказаў упэўненасць, што маю просьбу задаволяць, але цяжар граху ўсё роўна будзе ляжаць на мне, i я мушу пазбавiцца ад яго. На яго думку, чалавечы суд - нiшто, а суд божы - усё. Я зазначыў, што, тым не менш, прысуд мне быў вынесены судом чалавечым. Свяшчэннiк адказаў, што гэтым ён яшчэ не змыў граху з маёй душы. Я сказаў, што мне наогул невядома, што такое грэх. Мне толькi давялi, што я вiнаваты. Я вiнаваты, i я плачу, больш ад мяне патрабаваць не могуць нiчога. Тут ён зноў устаў, i мне падумалася, што камера, вiдаць, яму занадта вузкая. Ён прызвычаены рухацца, а тут такой выгоды няма. Можна толькi сесцi цi ўстаць.

Я стаяў, утаропiўшы вочы ў падлогу. Ён ступiў да мяне адзiн крок i спынiўся, нiбы не адважваўся падысцi блiжэй. Ён пазiраў на неба за кратамi.

- Вы памыляецеся, сыне мой, - сказаў ён. - Ад вас маглi б патрабаваць i большага. I можа быць, яшчэ запатрабуюць.

- Цiкава, чаго ж гэта?

- Ад вас маглi б патрабаваць, каб вы ўбачылi.

- Убачыў? Што?

Свяшчэннiк азiрнуўся вакол i адказаў з нейкаю нечаканай i вялiкаю стомай:

- Я ведаю, гэтыя муры сплываюць болем. I я нiколi не мог глядзець на iх без пакутлiвай скрухi. Але я знаю, я адчуваю ўсiм сэрцам, што нават сама нiкчэмныя сярод вас бачылi, як з глыбiнi гэтага сутоння на iх пазiраў божы твар. I ад вас патрабуюць гэтага, вы павiнны ўбачыць гэты твар.