36118.fb2
- Яна вельмi прывабная, i я нават болей скажу - проста чароўная.
Пасля я ўжо не зважаў на гэту дзiвотную прыказку i ўсю ўвагу засяродзiў на сонечных прамянях, якiя прыемна песцiлi маё цела. Пясок пад нагамi пачынаў пячы. Мне вельмi хацелася плёхнуцца ў ваду, але я яшчэ крыху счакаў i нарэшце сказаў Масону:
- Ну што, пайшлi?
Я даў нырца, а ён паволi зайшоў у ваду i паплыў толькi тады, калi ногi ўжо не даставалi да дна. Плыў ён брасам, даволi кепска, i таму я пакiнуў яго аднаго, а сам паплыў за Мары. Вада была халодная, i плыць было хораша. Мы з Мары далёка адарвалiся ад Масона, i нам было прыемна адчуваць суладнасць нашых пачуццяў i рухаў.
Далёка ў моры мы леглi на спiну, я глядзеў на неба, i сонца хутка сушыла апошнiя пырскi, якiя збягалi мне ў рот. Мы ўбачылi, што Масон вярнуўся на пляж i лёг на пяску пад сонцам. Здалёк ён здаваўся яшчэ больш вялiзным. Мары захацела паплаваць разам. Я прыладзiўся ззаду, узяў яе за талiю, i мы паплылi: яна рукамi рассоўвала хвалi, а я дапамагаў ёй нагамi. У ранiшнiм паветры вакол нас чуўся цiхi плёскат вады. Але я ўрэшце стамiўся, пакiнуў Мары i паплыў да берага. Я стараўся роўна махаць рукамi i дыхаць глыбока. На пляжы я лёг побач з Масонам на жывот i прыцiснуўся шчакой да пяску. "Хораша", - сказаў я, i ён пагадзiўся. Хутка на бераг выйшла Мары. Я павярнуўся i глядзеў, як яна наблiжаецца да нас. Яе цела блiшчала ад салёнай марской вады, валасы былi адкiнутыя назад. Яна легла побач са мной, i ад цеплынi яе цела i сонца я задрамаў.
Мары патрэсла мяне за плячо i сказала, што Масон ужо пайшоў i нам таксама трэба iсцi: пара снедаць. Я адразу ўстаў, бо быў вельмi галодны, але Мары сказала, што я зранку яшчэ нi разу яе не пацалаваў. Гэта была праўда, i, дарэчы, мне самому хацелася пацалаваць яе.
- Хадзi ў ваду, - сказала яна.
Мы пабеглi да берага i плёхнулiся ў першыя маленькiя хвалi. Потым адплылi крыху яшчэ, i Мары прытулiлася да мяне ўсiм целам. Я адчуў, як яна апляла мае ногi сваiмi, i ўва мне запалiлася жаданне.
Калi мы падыходзiлi да хаты, Масон ужо выйшаў нас клiкаць. Я сказаў, што вельмi хачу есцi, i ён адразу заявiў сваёй жонцы, што я яму падабаюся. Хлеб быў смачны, i я ўмомант праглынуў сваю порцыю рыбы. Потым прынеслi мяса са смажанай бульбай. Усе елi моўчкi. Масон раз-пораз адпiваў вiно i безупынку падлiваў мне. Калi прынеслi каву, галава ў мяне ўжо пацяжэла. Я многа палiў. Мы з Масонам i Раймонам дамовiлiся ўвесь жнiвень правесцi тут - будзем жыць разам, у складчыну. Мары раптам сказала:
- А вы ведаеце, якi час? Яшчэ толькi палова на дванаццатую.
Мы ўсе вельмi здзiвiлiся, але Масон сказаў, што нiчога дзiўнага тут няма снедаць трэба тады, калi хочацца есцi. Мары гэта чамусьцi рассмяшыла. Па-мойму, яна проста выпiла лiшку. Тады Масон запытаўся, цi не хачу я крыху прайсцiся па пляжы.
- Жонка ў мяне заўсёды любiць трошкi адпачыць пасля снедання. А я дык не магу - мне трэба хадзiць. Я заўжды кажу ёй, што гэта лепш для здароўя. Але ўрэшце - ёй самой вырашаць.
Мары сказала, што застанецца дапамагчы панi Масон памыць посуд. А вясёлая парыжанка заявiла, што дзеля гэтага перш за ўсё трэба выставiць мужчын прэч. I мы ўтрох пайшлi.
Сонца было ў зенiце i бязлiтасна палiла пясок, блiскi промняў на хвалях рэзалi вочы. На пляжы ўжо нiкога не было. З хат, якiя купiлiся на краi пагорка, павiсаючы над морам, даносiўся бразгат талерак, вiдэльцаў i нажоў. Ад спякотнага подыху камянёў, якi падымаўся з зямлi, дыхаць было амаль немагчыма. Раймон з Масонам гутарылi пра нейкiя справы, пра людзей, якiх я не ведаў, i я зразумеў, што яны даўно ўжо знаёмыя i нават жылi некалi разам. Мы рушылi да вады i потым пайшлi па беразе. Часам нейкая крыху мацнейшая хваля абдавала нашы палатняныя чаравiкi пырскамi. Я ўжо нi пра што не думаў, спякотнае сонца палiла маю непакрытую галаву, i мяне хiлiла на сон.
У гэты час Раймон нешта сказаў Масону. Я недачуў, але адначасна заўважыў, як вельмi далёка, на другiм канцы пляжа, узнiклi два арабы, абодва ў сiнiм. Яны наблiжалiся. Я зiрнуў на Раймона, i ён сказаў: "Гэта ён". Мы па-ранейшаму iшлi наперад. Масон здзiвiўся - як гэта iм удалося дапiльнаваць, што мы тут. Я падумаў, што яны, вiдаць, бачылi, як мы сядалi ў аўтобус з пляжнымi торбамi, але нiчога не адказаў.
Арабы iшлi марудна, але былi ўжо намнога блiжэй. Мы не запавольвалi хады, i Раймон сказаў:
- Калi пачнецца бойка, ты, Масон, займiся другiм. Пра свайго малойца я паклапачуся сам. А калi з'явiцца трэцi - гэта ўжо твой, Мёрсо.
Я сказаў: "Добра". Масон сунуў рукi ў кiшэнi. Мне здалося, што распалены пясок стаў чырвоны. Роўнай хадою мы наблiжалiся да арабаў. Адлегласць патроху скарачалася. Калi нас раздзялялi ўсяго некалькi крокаў, арабы спынiлiся. Мы з Масонам замарудзiлi крок. А Раймон пайшоў проста да свайго злоснiка. Я не пачуў, што ён яму сказаў, але араб сагнуўся, нiбы хацеў ударыць Раймона галавой. Тады Раймон ударыў першы i адразу клiкнуў Масона. Масон падскочыў да другога i з усяе сiлы ўдарыў яго два разы. Араб плазам упаў у ваду, уткнуўся тварам у дно i некалькi секунд ляжаў нерухома. Вакол галавы пузырылiся i лопалiся бурбалкi. Тым часам Раймон ударыў свайго ворага зноў, i па твары ў таго пацякла кроў. Раймон павярнуўся да мяне i сказаў: "Зараз ён у мяне ўбачыць!" Я крыкнуў: "Сцеражыся, у яго нож!" Але араб ужо разануў Раймона па руцэ i рассек губу.
Масон скочыў наперад. Але другi араб ужо падняўся i стаў за спiну таго, якi быў з нажом. Мы не адважвалiся варухнуцца. Яны паволi пачалi адступаць i ўвесь час пазiралi на нас, пагражаючы нажом. Калi адлегласць была ўжо даволi вялiкая, яны павярнулiся i кiнулiся наўцёкi. Мы па-ранейшаму нерухома стаялi пад сонцам, i Раймон зацiскаў руку, з якой сачылася кроў.
Масон сказаў, што недзе побач ёсць доктар - ён кожную нядзелю прыязджае сюды адпачываць. Раймон захацеў адразу ж пайсцi да яго. Але кожны раз, як ён разяўляў рот, каб нешта сказаць, вакол раны на губе пузырылася кроў. Мы ўзялi яго пад рукi i як мага хутчэй павялi ў Масонаву хату. Там Раймон заявiў, што раны ў яго неглыбокiя i ён сам можа iсцi да лекара. Яны з Масонам пайшлi, а я застаўся, каб растлумачыць жанчынам, што здарылася. Панi Масон плакала, Мары збялела. Мне было прыкра распавядаць iм усё гэта. I нарэшце я змоўк, запалiў цыгарэту i пачаў глядзець на мора.
А палове другой Раймон з Масонам вярнулiся. Рука ў Раймона была перавязаная, на губе ў куточку быў прылеплены пластыр. Доктар сказаў, што нiчога страшнага няма, але выгляд у Раймона быў змрочны. Масон паспрабаваў яго рассмяшыць. Але ён нават не адгукнуўся i потым сказаў, што пойдзе на пляж. Я запытаўся - куды? Ён адказаў, што проста хоча падыхаць паветрам. Мы з Масонам заявiлi, што пойдзем таксама. Тады Раймон ускiпеў i пачаў лаяцца. Масон сказаў, што цяпер яму лепш не пярэчыць - няхай сабе iдзе. Але я ўсё ж пайшоў за iм.
Мы доўга iшлi па пляжы. Сонца пякло невыносна. Яго промнi секлiся джгучымi стрэмкамi па пяску i па моры. У мяне склалася ўражанне, што Раймон ведае, куды iдзе, але я, вядома, памыляўся. Нарэшце, на самым канцы пляжа мы дадыбалi да маленькай крынiчкi, якая выбiвалася з-пад пяску ля высокай скалы. Там мы ўбачылi тых двух арабаў. Яны ляжалi на зямлi ў сваiх зашмальцаваных сiнiх робах. Выгляд у iх быў абсалютна спакойны i нават нiбы задаволены. Калi мы падышлi, у паводзiнах у iх нiчога не змянiлася. Той, што парнуў Раймона нажом, моўчкi глядзеў на яго. Другi найграваў на былiнцы трыснёгу i скоса пазiраў на нас, увесь час выцiнаючы з дудкi адны i тыя ж ноты, на якiя яна была здольная.
Пэўны час наўкол былi толькi сонца i цiшыня, якая парушалася адно цурчаннем крынiчкi i трыма ноткамi трысняговае дудкi. Потым Раймон сунуў руку ў кiшэню i дастаў рэвальвер. Араб не варухнуўся, i яны па-ранейшаму ўзiралiся адзiн у аднаго. Я звярнуў увагу, што ў таго, якi граў на дудцы, пальцы на нагах расстаўлены вельмi шырока. Тут, не зводзячы вачэй са свайго ворага, Раймон спытаў:
- Што, уходаць яго?
Я падумаў, што калi скажу не, ён толькi яшчэ больш распалiцца i тады ўжо пэўна стрэлiць. Я прамовiў:
- Ён яшчэ нiчога не сказаў. Стрэлiць проста так было б, па-мойму, подла.
Скрозь спёку i цiшыню да мяне зноў даляцеў шолах вады i дудкi. Потым Раймон сказаў:
- Тады я зараз зняважу яго, а калi ён адкажа - прыб'ю.
Я адказаў:
- Слушна. Але пакуль ён не выцягне нож, страляць не варта.
Раймон пачаў патроху распаляцца. Другi араб усё найграваў, але абодва яны пiльна сачылi за кожным Раймонавым рухам.
- Не, - сказаў я Раймону. - Лепш сыдзiся з iм сам-насам, а рэвальвер аддай мне. Калi другi сунецца цi гэты выцягне нож, я яго палажу.
Раймон перадаў рэвальвер мне, i сонечны промень блiснуў на яго гладкай паверхнi. Мы па-ранейшаму стаялi нерухома, нiбы ўвесь свет самкнуўся вакол нас. Не зводзячы вачэй з арабаў, мы пазiралi на iх, яны - на нас. I ўсё, здавалася, цяпер застыла - мора, сонца, пясок, падвойная цiшыня дудкi i ручая. У гэтую хвiлiну я падумаў, што, можа давядзецца стрэлiць, а можа, i не давядзецца - якая рознiца. Але арабы раптам падалiся назад i шмыгнулi за скалу. Тады мы з Раймонам павярнулiся i пайшлi дахаты. Яму нiбыта палегчала, i ён сказаў, што трэба iсцi на аўтобус i вяртацца ў горад.
Я правёў яго да Масонавага катушка, i ён па драўняных сходках падняўся да дзвярэй. Я застаўся ўнiзе: у галаве ўжо гуло ад спёкi, i ў мяне не было нiякай сiлы адолець тыя некалькi прыступак ды пасля яшчэ гаманiць з жанчынамi. Але сквар быў такi, што стаяць нерухома пад асляпляльным вогненным дажджом, якi шугаў з неба, было таксама немагчыма. Зрэшты, чакаць на месцы цi хадзiць было ўсё роўна. Я пастаяў хвiлiну, потым павярнуўся i пайшоў на пляж.
Гэтаксама блiшчаў да чырванi распалены пясок. Нiбы ў задышцы, мора лiзала бераг языком сваiх шпаркiх кароткiх хвалек. Я паволi iшоў да скал i адчуваў, як галава пухне ад сонца. Спёка прыцiскала мяне да зямлi, не пускала далей. Яе задушлiвы подых апаляў мне твар, але кожны раз я сцiнаў зубы, сцiскаў кулакi ў кiшэнях, напружваўся ўсiм целам, каб перамагчы бязлiтаснае сонца i п'яную затлуму, што агортвала мяне з усiх бакоў, i iшоў. Кожная пясчынка, кожная збялелая пад сонцам ракавiнка цi асколак шкла кiдалi ў мяне балючыя дзiды святла, i мае скiвiцы яшчэ больш сцiскалiся. Я iшоў доўга.
Воддаль паказалася цёмная велiч скалы, вакол яе зiхцела зыркае кола святла i вадзянога пылу. Я падумаў, што за скалой цячэ сцюдзёная крынiчка. I мне захацелася зноў пачуць яе шэпт, схавацца ад сонца, стомы, жаночых слёз, знайсцi нарэшце цень i адпачынак. Аднак, калi я падышоў блiжэй, я ўбачыў, што Раймонаў злоснiк iзноў ляжыць там.
Ён быў адзiн. Ён ляжаў на спiне, сунуўшы рукi пад голаў, тварам у ценю i ўсiм целам на сонцы. Над сiняю робай ад спёкi ўздымалася пара. Я крыху здiвiўся. Я думаў, што справа ўжо скончаная, i калi iшоў сюды, да крынiцы, зусiм пра гэта не думаў.
Калi ён заўважыў мяне, ён адразу прыўзняўся i сунуў руку ў кiшэню. Я, натуральна, таксама адразу намацаў Раймонаў рэвальвер, якi ляжаў у мяне ў куртцы. Тады ён зноў адкiнуўся на спiну, але рукi з кiшэнi не выняў. Я быў ад яго даволi далёка, метраў, мусiць, за дзесяць. Часам я адчуваў, як ён пазiрае на мяне праз паўзаплюшчаныя павекi. Але часцей абрысы ягонага цела пачыналi скакаць прад маiмi вачыма ў гарачым паветры. Хвалi плёскалiся яшчэ марудней, яшчэ з большай лянотаю, як апоўднi. Вакол былi ўсё тое ж сонца, усё той жа распалены блiскучы пясок. Вось ужо дзве гадзiны, як дзень застыў, не маючы сiлы зрушыць далей, дзве гадзiны, як ён кiнуў якар у неабсяжным акiяне расплаўленага металу. На даляглядзе прайшоў параход, i краем вока я ледзь заўважыў яго чорную плямку, бо ўвесь час неадрыўна глядзеў на араба.
Я падумаў, што варта мне толькi павярнуцца i пайсцi, i ўсё на тым скончыцца. Але ўвесь спякотны пляж стоўпiўся за мною, дрыжаў на сонцы i не пускаў назад. Я ступiў некалькi крокаў да крынiцы. Араб не варухнуўся. Да яго было яшчэ досыць далёка. Мабыць, ад таго, што на твар яму падаў цень, здавалася, быццам ён усмiхаецца. Я счакаў. Сонца палiла шчокi, я адчуваў, як пот буйнымi кроплямi сцякае на бровы. Спёка была такая ж, як у той дзень, калi я хаваў маму, як i тады, моцна балела галава, усе вены пад скурай набрынялi i шалёна пульсавалi. Я не мог болей вытрымаць гэтае спёкi i зрабiў рух наперад. Я ведаў, што гэта бязглузда, што я не пазбаўлюся сонца, калi зраблю адзiн крок. Але я зрабiў гэты крок, адзiн толькi крок наперад. I тады араб, не падымаючыся, выцягнуў нож i выставiў яго перада мной на сонцы. Прамень блiснуў па сталi i ўеўся мне ў лоб доўгiм iскрыстым лязом. У тое ж iмгненне пот рынуў з броваў, залiў павекi, захiнуў iх цёплай вiльготнай смугой. Вочы аслеплi пад салёным покрывам слёз. Я нiчога не адчуваў, адно сонца ў галаве бiла ў свой раз'юшаны бубен, ды недзе наперадзе са стальнога ляза вылятаў востры вогненны меч. Гэты джгучы клiнок рассякаў мае вейкi, працiнаў спакутаваныя вочы. I тады раптам усё скаланулася. Мора вынесла на хвалях цяжкi, гарачы ўздых. I мне падалося, што неба расчынiлася на ўсю шырыню i на зямлю хлынуў вогненны дождж. Усё напялося ўва мне, рука сцiснула рэвальвер. Дзяржанне аказалася лукатае, гладкае, спускавы кручок падаўся, нешта шчоўкнула, пачуўся сухi аглушальны ўдар, i ўсё пачалося. Я скiнуў з сябе сонца i пот. I зразумеў, што парушыў раўнавагу дня, надзвычайную цiшу пясочнага пляжа, дзе я быў нядаўна шчаслiвы. Тады я стрэлiў яшчэ чатыры разы ў нерухомае цела, i кулi ўваходзiлi ў яго, не пакiдаючы слядоў. I гэта былi нiбы чатыры кароткiя ўдары, якiмi я пастукаўся ў дзверы бяды.
Частка другая
I
Адразу пасля арышту мяне некалькi разоў дапытвалi. Але допыты тычылiся выяўлення маёй асобы i цягнулiся нядоўга. Першы раз, у камiсарыяце, мая справа, здаецца, нiкога не захапiла. Але ўжо праз тыдзень следчы глядзеў на мяне з цiкаўнасцю. Спачатку ён запытаўся, як мяне завуць, дзе я жыву, чым займаюся, дзе i калi нарадзiўся. Пасля захацеў даведацца, цi выбраў я сабе адваката. Я прызнаўся, што не, i папытаўся - няўжо яго трэба мець заўсёды.
- Чаму вы гэтак пытаецеся? - сказаў ён.
Я адказаў, што, па-мойму, справа мая вельмi простая. Тады ён усмiхнуўся i сказаў:
- Можа, яно i так. Але ёсць закон. Калi вы не выбераце сабе адваката самi, яго вам прызначым мы.
Мне здалося вельмi зручным, што суд сам клапоцiцца такiмi дробязямi, i я гэта сказаў следчаму. Ён пагадзiўся са мной i заўважыў, што закон увогуле зроблены найвыдатнейшым чынам.
Спачатку я не прымаў яго ўсур'ёз. Наша размова праходзiла ў змрочным пакойчыку, з усiх бакоў абвешаным шторамi, з адзiнаю лямпай, якая стаяла на стале i асвятляла фатэль. На гэты фатэль ён мяне i пасадзiў, а сам застаўся ў змроку. Я ўжо чытаў падобныя апiсаннi ў кнiжках, i ўсё гэта мне здалося гульнёй. Аднак пасля размовы я прыгледзеўся да яго ўважлiвей - гэта быў высокi мужчына, з тонкiмi рысамi твару i глыбокiмi блакiтнымi вачыма, у яго былi доўгiя сiвыя вусы i пышная, амаль белая шавялюра. Мне здалося, што ён чалавек разважлiвы i ўвогуле - нават прыязны, хоць i мае нейкi нервовы цiк, ад якога ў яго час ад часу пацепваюцца вусны. Выходзячы, я нават ледзь не працягнуў яму рукi, але своечасова прыгадаў, што я забiў чалавека.
Назаўтра да мяне ў турму прыйшоў адвакат. Ён быў маленькi, кругленькi, даволi малады, з дбайна прылiзанымi валасамi. Нягледзячы на спёку (я сядзеў у адной кашулi), на iм быў цёмны гарнiтур, крухмальны каўнер i нейкi дзiўны гальштук у шырокую чорна-белую палоску. Ён паклаў на мой ложак партфель, якi прынёс пад пахай, назваў сваё iмя i сказаў, што пазнаёмiўся ўжо з маёй справай. Выпадак даволi далiканты, але ён не сумняваецца ў поспеху, калi, вядома, я буду яму давяраць. Я падзякаваў, i ён сказаў:
- А цяпер пяройдзем непасрэдна да справы.