36118.fb2 Чужанiца (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 9

Чужанiца (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 9

Што ён думае пра мяне? Што, на яго думку, я - сапраўдны чалавек. Што ён пад гэтым разумее? Кожны сам разумее, што гэта значыць. Цi заўважыў ён, што я - чалавек негаваркi? Ён толькi можа прызнаць, што я нiколi не гаварыў, каб проста мянцiць языком. Пракурор запытаўся, цi спраўна я плацiў па рахунках. Селест засмяяўся i сказаў:

- Гэтыя дробязi датычацца толькi нас.

Потым у яго папыталiся, што ён думае пра маё злачынства. Тады ён узяўся рукамi за перагародку, i ўсе адразу зразумелi, што ён нешта падрыхтаваў.

- Па-мойму, - сказаў ён, - гэта няшчасце. Гэта няшчасце, i ўсе разумеюць, што гэта такое. Ад яго не ўберагчыся нiкому. Дык вось, па-мойму, - гэта проста няшчасце!

Ён хацеў быў сказаць нешта яшчэ, але старшыня падзякаваў i сказаў, што ён можа iсцi. Селест крыху сумеўся i ўсё ж заявiў, што мае сказаць яшчэ некалькi слоў. Яго папрасiлi быць сцiслым. Тады ён зноў паўтарыў, што, на яго думку, гэта проста няшчасце. Старшыня перапынiў яго:

- Ну, вядома, гэта нам ужо ясна. Мы i сабралiся тут, каб разбiраць падобнага роду няшчасцi. Вельмi вам удзячны.

Селест, вiдаць, сказаў ужо ўсё, што думаў, усё, на што быў здольны. Ён павярнуўся да мяне, i мне здалося, што вочы ў яго налiлiся слязьмi, яго вусны дрыжалi. Усiм выглядам ён пытаўся, чым можа дапамагчы мне яшчэ. Я змаўчаў, я нават не зварухнуўся, але тое было першы раз у жыццi, калi мне захацелася пацалаваць мужчыну. Старшыня зноў загадаў Селесту заняць сваё месца ў зале. Той адышоўся i сеў. Усю рэшту суда ён сядзеў там, нерухомы, крыху схiлiўшыся наперад, i, абапiраючыся локцямi на каленi, камячыў у руках панаму i слухаў прамовы астатнiх. Увайшла Мары. На ёй быў капялюшык, якi вельмi ёй пасаваў. Праўда, мне больш падабалася, калi валасы ў яе распушчаныя. Са свайго месца я ўгадваў мяккi выгiн яе грудзей, пазнаваў як заўжды крыху выпнутую нiжнюю губку. Было вiдаць, што яна хвалюецца. У яе адразу спыталi, калi яна са мной пазнаёмiлася. I яна назвала той час, калi працавала ў канторы. Старшыня пацiкавiўся, у якiх яна са мною адносiнах. I Мары сказала, што яна мая сяброўка. На наступнае пытанне яна адказала, што сапраўды збiралася выйсцi за мяне замуж. I тут пракурор, гартаючы свае паперы, неяк знянацку запытаўся, калi пачалася нашая сувязь. Яна назвала дзень. I пракурор нiбы абыякавым тонам зазначыў, што гэта, здаецца, прыпадае якраз на заўтра пасля мамiнага пахавання. Пасля, з лёгкай iронiяй, ён заявiў, што не хацеў бы настойваць на такiх далiкатных абставiнах i добра разумее няёмкасць, якую, вiдаць, адчувае Мары, але (i тут яго голас счарсцвеў) абавязак прымушае яго быць вышэй за гэтыя ўмоўнасцi. Ён папрасiў, каб Мары сцiсла распавяла, як прайшоў той дзень, калi я яе спазнаў. Мары не хацела нiчога гаварыць, але ўсё ж саступiла настойлiвасцi пракурора i расказала, што спачатку мы былi на пляжы, потым хадзiлi ў кiно, а пасля - пайшлi да мяне. Пракурор заявiў, што пасля паказанняў, якiя Мары дала на следстве, ён пацiкавiўся, што iшло ў кiнатэатрах у той дзень. I дадаў, што зараз Мары сама скажа, што тады паказвалi. I яна, нейкiм амаль зусiм згаслым голасам, сказала, што гэта быў фiльм з Фернандэлем. Калi яна змоўкла, у зале запанавала абсалютная цiшыня. Пракурор вельмi велiчна ўстаў i, як мне здалося, напраўду ўсхваляваным голасам, цягуча прамовiў, паказваючы на мяне пальцам:

- Вось, панове прысяжныя, чалавек, якi назаўтра пасля пахавання сваёй мацi iдзе купацца ў моры, а потым распачынае выпадковую сувязь i забаўляецца, гледзячы камедыйны фiльм. Больш мне няма чаго дадаць.

Ён сеў. У зале па-ранейшаму стаяла цiшыня. I тут, раптам, Мары не стрымалася i зарыдала, яна сказала, што ўсё гэта няпраўда, што ўсё гэта зусiм не так, яе прымушалi казаць зусiм не тое, што яна хацела, бо яна мяне добра ведае, i я нiколi не рабiў нiчога благога. Але па знаку старшынi судовы выканаўца вывеў яе з залы, i слуханне справы пайшло далей.

Наступных сведкаў амаль нiхто ўжо не слухаў. Так было з Масонам, якi заявiў, што я чалавек сумленны, "i ён нават болей скажа - чалавек прыстойны". Так было i з Саламано, якi прыгадаў, што я заўсёды быў добры з яго сабакам, а на пытанне пра маму адказаў, што нам не было пра што гаварыць, i таму я аддаў яе ў прытулак.

- Гэта ж таксама трэба разумець, - казаў Саламано, - гэта ж таксама трэба разумець.

Але, здаецца, нiхто не разумеў. Яго вывелi.

Потым настала чарга Раймона, ён быў апошнi. Раймон зрабiў мне прывiтальны жэст i адразу заявiў, што я невiнаваты. Але старшыня перапынiў яго i сказаў, што ад яго патрабуюць даваць не ацэнкi, а факты. I папрасiў Раймона адказваць толькi на зададзеныя пытаннi. Тады ў яго спыталi, якiя сувязi ў яго былi з ахвярай. Раймон скарыстаўся гэтым, каб заявiць, што араб ненавiдзеў яго асаблiва пасля таго як ён даў поўху ягонай сястры. Але старшыня запытаўся, цi не было ў ахвяры прычын ненавiдзець таксама i мяне. Раймон заявiў, што на пляжы я тады апынуўся выпадкова. Пракурор запярэчыў - як жа тады адбылося, што лiст, якi стаў вытокам усёй гэтай драмы, быў напiсаны маёю рукой? Раймон адказаў, што гэта таксама чысты выпадак. Але пракурор заявiў, што выпадак адыгрывае ўжо занадта кепскую ролю ў гэтай гiсторыi. Цi выпадкова, што я не ўмяшаўся, калi Раймон даў поўху сваёй каханцы? Цi выпадкова, што я быў яго сведкам у камiсарыяце? I цi выпадкова, зноў жа, што сведчаннi, як гэта было выяўлена, я даў толькi са спагады Раймону? Пасля ўсяго гэтага пракурор пацiкавiўся, на якiя сродкi Раймон жыве, i калi той адказаў: "Працую кладаўшчыком", - пракурор павярнуўся да прысяжных i абвясцiў, што - як гэта вядома ўсiм - сведка займаецца сутэнёрствам! А я - яго памагаты i сябрук. Карацей кажучы, мы маем перад сабой надзвычай амаральную справу сама нiзкага гатунку, абцяжараную ў дадатак яшчэ тым, што галоўны дзейнiк у ёй - сапраўдная бездухоўная пачвара. Раймон хацеў быў пайсцi ў абарону, адвакат таксама запратэставаў, але iх папрасiлi даць пракурору кончыць.

- Мне амаль няма чаго дадаць, - сказаў той i запытаўся ў Раймона: - Цi быў ён вашым сябрам?

- Так, - адказаў ён, - ён быў маiм прыяцелем.

Тады пракурор задаў тое самае пытанне мне. Я зiрнуў на Раймона, той глядзеў проста мне ў вочы.

- Так, - сказаў я.

Пракурор павярнуўся да прысяжных i абвясцiў:

- Вось, гэта той самы, якi назаўтра пасля пахавання сваёй мацi аддаваўся бруднай распусце, а потым без дай прычыны забiў чалавека, каб прыхаваць сляды яшчэ адной амаральнай гiсторыi, якой нават цяжка знайсцi азначэнне.

Ён сеў. Мой адвакат з нецярплiвасцю ўскочыў i, узняўшы рукi да неба, так што з-пад рукавоў стала вiдаць накрухмаленыя манжэты белай кашулi, усклiкнуў:

- Нарэшце! У чым вiнавацяць гэтага чалавека? У тым, што ён пахаваў сваю мацi, цi ў тым, што ўчынiў забойства?

У зале пачуўся смех. Але пракурор зноў устаў i, захiнуўшыся ў мантыю, заявiў, што трэба мець вялiкую вынаходлiвасць шаноўнага абаронцы, каб не заўважаць, якая глыбокая, пачварная i непарыўная сувязь ляжыць памiж гэтымi на першы погляд рознымi фактамi.

- Але! - голасна ўсклiкнуў ён. - Я вiнавачу гэтага чалавека ў тым, што ён хаваў сваю мацi з сэрцам злачынцы!

Гэтыя словы, здаецца, моцна ўсхвалявалi публiку. Адвакат пацiснуў плячыма i выцер з iлба пот. Вiдаць, ён быў уражаны таксама, i я зразумеў, што справы мае iдуць кепска.

На сёння паседжанне было скончана. Выходзячы з Палаца правасуддзя, каб сесцi ў турэмную машыну, я на кароткi час адчуў знаёмы пах i фарбы летняга вечара. I потым, седзячы ў сутоннi маёй перасоўнай камеры, я нiбы праз млявую смугу пазнаваў гукi некалi блiзкага мне горада, якi я любiў, - тыя гукi, што заўсёды чулiся ў гэты час, калi мне здаралася быць шчаслiвым. Крык прадаўцоў газет у ацiхлым ужо паветры, шчабятанне запозненых птушак у скверы, зазыўныя воклiчы гандляроў пiражкамi, трамвайны енк на крутых паваротах вулiц i шолах неба над портам, што рыхтуецца да блiзкай ночы, - гэты добра вядомы мне шлях я рабiў цяпер, як сляпы. Так, гэта быў той час, калi я, ужо вельмi-вельмi даўно, адчуваў сябе шчаслiвым. Я ведаў тады, што наперадзе мяне чакае сон, лёгкi сон без нiякiх мрояў. Але цяпер нешта змянiлася, бо цяпер перад сустрэчай з заўтрашнiм днём мяне чакала камера. I выходзiла так, што той знаёмы шлях, накрэслены ў летнiм вячэрнiм небе, мог весцi да турмы, як раней вёў да цiхамiрных сноў.

IV

Нават на лаве падсудных цiкава паслухаць, што пра цябе кажуць iншыя. I магу вас запэўнiць, што ў пракуроравай i адвакатавай прамовах пра мяне было сказана нямала - бадай, нават больш пра мяне, як пра маё злачынства. Ды, зрэшты, цi так ужо яны адрознiвалiся, гэтыя прамовы, адна ад адной? Адвакат ускiдаў рукi да неба i прызнаваў мяне вiнаватым, але шукаў розных апраўданняў. Пракурор працягваў рукi да публiкi i выкрываў маю вiнаватасць, але нiякiх апраўданняў ёй не бачыў. Нешта мяне ўсё ж непакоiла. I нягледзячы на ўсе засцярогi, мне часам дужа карцела ўцiснуць сваё слова, але ў такую хвiлiну адвакат гаварыў:

- Маўчыце, гэтак будзе лепей для справы.

I справа абмяркоўвалася так, нiбы мяне тут i не было. Без нiякага майго ўдзелу. Мой лёс вырашалi, не пытаючыся маёй думкi. Часам мне рупiла спынiць iх i сказаць: "Слухайце, нарэшце, хто тут падсудны? То ж не звычайная рэч - быць падсудным. Я таксама маю нешта сказаць". Але, як падумаць, мне не было чаго казаць. Дый, трэба прызнаць, жаданне займаць чыюсьцi ўвагу трывае не вельмi доўга. Мяне, напрыклад, пракурорава прамова стамiла вельмi хутка. Уразiлi i запомнiлiся толькi асобныя ўрыўкi, жэсты цi напышлiвыя фразы, зусiм, аднак, адарваныя ад усяго астатняга, што ён казаў.

Сэнс яго думкi, калi я добра зразумеў, зводзiўся да таго, што забойства было ўчынена мною наўмысна. Прынамсi, ён стараўся гэта давесцi. Ён так i казаў:

- Я дакажу вам гэта, панове, i дакажу двойчы. Спачатку ў асляпляльным святле фактаў i потым - у змрочным святле псiхалогii гэтай злачыннай душы.

Ён сцiсла яшчэ раз пералiчыў усё, што адбылося пасля мамiнай смерцi. Нагадаў пра маю нячуласць, пра тое, што я не ведаў, колькi маме гадоў, i што назаўтра хадзiў на пляж з жанчынай, а пасля - у кiно на Фернандэля, i прывёў з сабой дадому Мары. Тут я не адразу яго зразумеў, бо ён казаў пра "каханку", а яна для мяне была проста - Мары. Нарэшце ён дайшоў да гiсторыi з Раймонам. Я адзначыў, што яго разважаннi не пазбаўлены логiкi. Тое, як ён выстройваў факты, было вельмi верагодна. Па згодзе з Раймонам я напiсаў лiст, каб завабiць яго каханку ў пастку i потым аддаць на гвалт чалавеку "сумнiцельнай маралi". На пляжы я справакаваў бойку з Раймонавымi ворагамi i, калi той быў паранены, узяў у яго рэвальвер i вярнуўся адзiн да крынiчкi, каб iм скарыстацца. Там, як было задумана, я забiў араба. Потым счакаў. I "каб упэўнiцца, што справа зроблена як мае быць", стрэлiў яшчэ чатыры разы, ужо не спяшаючыся, упэўнена i нават, калi так можна сказаць, з развагай.

- Вось, панове, - сказаў пракурор, - я прасачыў перад вамi хаду падзей, якiя прывялi гэтага чалавека да забойства - забойства наўмыснага i свядомага. I я настойваю на гэтым. Бо перад намi не звычайнае злачынства, не проста безразважны ўчынак, якому можна было б знайсцi нейкiя апраўданнi. Гэты чалавек, панове, - разумны. Вы чулi, як ён гаворыць, праўда? Ён умее адказваць. Ён ведае цану слову. I пра яго нельга сказаць, каб ён дзейнiчаў, не разумеючы, што ён робiць.

Я слухаў i, вядома, чуў, што мяне лiчаць разумным. Але нiяк не мог зразумець, чаму звычайныя якасцi звычайнага чалавека раптам абарочваюцца неабвержным доказам вiны падсуднага. Гэта ўразiла мяне настолькi што я нават перастаў слухаць пракурора i зноў пачуў яго словы толькi тады, калi ён сказаў:

- Але цi раскайваўся ён ва ўчыненым? Не, панове, нiколi! Нiводнага разу за ўвесь той час, пакуль iшло следства, гэтага чалавека не ўсхвалявала думка, што ён зрабiў жахлiвае злачынства.

Ён павярнуўся да мяне i, тыкаючы ў мой бок пальцам, зноў пачаў мяне прабiраць, хоць я, па праўдзе кажучы, не надта разумеў за што. Бадай, толькi ў адным ён меў рацыю. Я сапраўды не вельмi раскайваўся ў сваiм учынку. Але чаму гэта яго так раз'юшыла, мне было дзiўна. Мне б шчыра хацелася паспрабаваць растлумачыць яму, амаль па-сяброўску, што я наогул нiколi нi ў чым не раскайваўся па-сапраўднаму. Мяне заўжды захапляла толькi тое, што яшчэ мусiла здарыцца - сёння цi заўтра. Але, вядома, у тым становiшчы, у якое мяне паставiлi, я не мог дазволiць сабе размаўляць з кiм-небудзь падобным тонам. Я проста не меў права выяўляць сардэчнасць цi быць добразычлiвым. I я вырашыў слухаць пракурора далей, бо ён якраз пачаў гаварыць пра маю душу.

Ён сказаў, што паспрабаваў зазiрнуць у яе, але на жаль - панове прысяжныя! - ён яе не знайшоў. У сапраўднасцi ў мяне наогул няма душы i нiшто чалавечае, нiякiя маральныя прынцыпы, якiя абараняюць людскiя душы ад лiха, мне не даступныя.

- Мы, безумоўна, не можам папракаць яго за гэта, - дадаў ён. - Калi ў яго няма душы, нам застаецца толькi пашкадаваць, што ён не здолеў яе набыць. Але тут суд павiнен адкiнуць усякую памяркоўнасць, як непрыдатную ў гэтых абставiнах, i абярнуць яе ў iншую дабрачыннасць, няхай болей цяжкую, але i болей высокую - правасуддзе. Тым больш калi пустэча душы гэтага чалавека ператвараецца ў прорву, што пагражае пагiбеллю ўсяму чалавецтву.

I тут ён зноў пачаў гаварыць пра мае адносiны з мамай. Ён паўтарыў усё, што ўжо казаў у спрэчках. Але апiсваў гэта намнога падрабязней i даўжэй за маё злачынства, так доўга, што я нарэшце перастаў яго слухаць i адчуваў толькi задушлiвую ранiшнюю спёку. Так было, прынамсi, да той хвiлiны, калi пракурор раптам спынiўся i пасля кароткай паўзы загаварыў зноў ужо цiхiм i пранiкнёным голасам:

- Заўтра, панове прысяжныя, наш суд будзе разбiраць сама агiднае з усiх злачынстваў - бацьказабойства.

Ён заявiў, што чалавечае ўяўленне адступае перад такiм пачварным замахам. Ён спадзяецца, што правасуддзе бязлiтасна пакарае злачынцу. Але - ён не баiцца гэтага сказаць - жах перад гэтым забойствам амаль не саступае таму, якi ён адчувае перад маёю нячуласцю. На яго думку, чалавек, якi маральна забiў сваю мацi, настолькi ж чужы грамадству, як той, што ўзнiмае руку на свайго бацьку. Ва ўсякiм выпадку, першы прадвызначыў учынкi другога, ён быў, у пэўным сэнсе, яго папярэднiкам i ўзаконiў яго злачынства.

- Я ўпэўнены, панове, - дадаў ён, павысiўшы голас, - вы не палiчыце маю думку занадта смелай, калi я скажу, што гэты чалавек, якi сядзiць перад намi, вiнаваты i ў тым забойстве, якое мы будзем судзiць заўтра. I таму ён мусiць быць пакараны.

Тут пракурор выцер твар, якi ўжо ўвесь блiшчаў ад поту. I нарэшце прамовiў: якi б нi быў цяжкi яго абавязак, ён выканае яго цвёрда i без ваганняў. Ён заявiў, што мне не месца ў грамадстве, спрадвечныя маральныя нормы якога я iгнарую, i я не маю права чакаць лiтасцi ад людзей, бо мне не вядомы сама элементарныя людскiя пачуццi.

- Я патрабую ў вас галавы гэтага чалавека, - заявiў ён, - i раблю гэта з лёгкiм сэрцам. Бо нават калi мне за ўвесь той доўгi час, што я служыў правасуддзю, i даводзiлася патрабаваць смяротнай кары, дык яшчэ нiколi я не адчуваў так, як сёння, што гэты мой цяжкi абавязак абумоўлены, падмацаваны i асвечаны непазбежнаю i ўладнай неабходнасцю i тым жахам, якi выклiкае ў мяне звярыны выскал твару ў гэтага чалавека.

Калi пракурор сеў, у зале яшчэ доўга стаяла цiшыня. Мае думкi зблыталiся ад спёкi i здзiўлення. Нарэшце старшыня крыху адкашляўся i цiха спытаўся, цi ёсць у мяне нешта сказаць. Я ўстаў, мне ўжо даўно хацелася загаварыць, i я сказаў, бадай, першае, што прыйшло ў галаву, - я зусiм не хацеў забiваць араба. Старшыня сказаў, што гэта ўжо нейкае сцверджанне, бо дагэтуль ён кепска разумеў маю абарончую сiстэму, але цяпер будзе рады, калi я да адвакатавай прамовы паспрабую растлумачыць, якiя прычыны прывялi мяне да такога ўчынку. Крыху блытаючыся ў словах i разумеючы, наколькi ўсё гэта выглядае смешна, я паспяшаўся сказаць, што галоўнаю прычынай было сонца. У зале пачулiся смяшкi. Мой адвакат пацiснуў плячыма, але яму якраз далi слова. Ён заявiў, што ўжо позна, а ў яго прамова на некалькi гадзiн, i таму ён просiць перанесцi паседжанне на другую палову дня. Суд пагадзiўся.

Пасля абедзеннага перапынку вялiзныя вентылятары па-ранейшаму мясiлi густое паветра ў зале i зноў, як заведзеныя, варушылiся ў руках у прысяжных маленькiя шматкаляровыя веярочкi, усе з аднолькавай хуткасцю. Адвакатава прамова, здавалася, нiколi не кончыцца. Але ў нейкi момант я напружыў слых, бо ён сказаў:

- Напраўду, я забiў.

I далей, у тым жа духу, гаворачы пра мяне, ён паўсюль казаў "я". Мяне гэта здзiвiла. Я нахiлiўся да жандара i спытаў, чаму ён гэтак гаворыць. Той загадаў мне маўчаць, але праз пэўны час казаў:

- Адвакаты заўсёды так робяць.

I мне падумалася, што гэта - зноў дзеля таго, каб яшчэ больш аддалiць мяне ад справы, зусiм ператварыць у нiшто i нават, у пэўным сэнсе, замянiць мяне iншым. Зрэшты, я быў i так ужо вельмi далёка ад гэтае залы. I мой адвакат здаваўся мне смешным. Ён вельмi хутка прабалбатаў нешта пра тое, што я, маўляў, стрэлiў у араба, каб абаранiцца, бо той справакаваў мяне. Але затое пасля - вельмi доўга таксама гаварыў пра маю душу. I мне здалося, што таленту тут у яго намнога менш, чым у пракурора.