36185.fb2 Шалёная (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

Шалёная (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

Я зноў не спала ўначы. Анры хроп. Ён прачынаўся некалькi разоў. Гэта канчаткова вычарпала мае сiлы.

Наступнага дня я купалася ў моры. Мне ледзь не зрабiлася нядобра ад холаду, калi я ўваходзiла ў ваду. Мяне затрэсла ад гэтага ледзянога холаду, ногi аж калацiлiся. Але нос ужо зусiм не балеў.

Я выпадкова пазнаёмiлася з лекарам, курортным iнспектарам, цудоўным чалавекам. З незвычайным умельствам я павярнула гаворку на патрэбную мне тэму. Я прызналася, што колькi дзён таму мяне ўкусiў мой сабачка, i спыталася, што трэба рабiць, калi пачнецца запаленне. Ён засмяяўся i сказаў: "У вашым становiшчы ёсць толькi адно выйсце - вам патрэбны новы маленькi носiк".

Я не зразумела, i ён дадаў:

- Зрэшты, гэта ўжо справа вашага мужа.

Я так i не даведалася нiчога новага i развiталася з iм.

У той вечар Анры быў вельмi вясёлы i шчаслiвы. Мы пайшлi ў тэатр "Казiно", але ён не дачакаўся канца спектакля i прапанаваў мне вярнуцца. Я ўжо страцiла была цiкаўнасць да ўсяго i згадзiлася.

Мне не ляжалася ў ложку, усе мае нервы былi напружаныя. Ён таксама не спаў. Ён цалаваў, лашчыў мяне, абдорваў пяшчотамi, быццам здагадваўся, як я пакутую. Я цярпела яго пяшчоты, не зважала на iх, не думала пра iх.

I тут раптам мяне скруцiў нечаканы, незвычайны, маланкавы прыпадак. Я нема закрычала, адпiхнуўшы мужа, якi тулiўся да мяне, кiнулася да дзвярэй i раптоўна ўпала тварам унiз. Гэта было шаленства, страшнае шаленства. Гэта быў канец.

Разгублены Анры падняў мяне, каб даведацца, у чым справа. Але я маўчала, пакорлiва чакаючы смерцi. Я ведала, што пасля некалькiх гадзiн супакою мяне скруцiць новы прыпадак, пасля яшчэ адзiн, аж да апошняга, якi будзе смяротны.

Я дазволiла занесцi сябе ў ложак. На свiтаннi надакучлiвыя дамаганнi мужа сталiся прычынай новага прыпадку, якi цягнуўся даўжэй, чым першы. Мне хацелася драпаць, кусацца, выць. Гэта было жахлiва, але чамусьцi зусiм не так балюча, як я думала.

А восьмай гадзiне ранiцы я заснула ўпершыню за апошнiя чатыры ночы.

А адзiнаццатай нейкi мiлы мне голас абудзiў мяне. Гэта была мама. Яе напалохалi мае лiсты, i яна прыляцела, каб мяне пабачыць. У руках яна трымала вялiкi кошык, з якога раптам пасыпаўся сабачы брэх. Я схапiла кошык, не памятаючы сябе, ашалелая ад надзеi. Я расчынiла кошык, i Бiжу саскочыў на ложак, пачаў лiзаць мяне, скакаць вакол, качацца на падушцы ад дзiкай радасцi.

Вось так, дарагая мая, можаш верыць, можаш не верыць... Да мяне ўсё дайшло толькi наступнага дня!

О! Фантазiя! Як яна працуе! Падумаць толькi, што я сабе навыдумляла?.. Ну, цi не дурная?..

Я так нiкому i не прызналася, разумееш, нiкому, пра тое, ад чаго я пакутавала гэтыя чатыры днi. Уявi сабе, каб мой муж даведаўся?.. Ён i так з мяне насмiхаецца пасля выпадку ў Пурвiлi. Зрэшты, я не крыўджуся на яго жарты. Я прызвычаiлася. Да ўсяго ў жыццi можна прызвычаiцца.