38231.fb2 Genius loci (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 1

Genius loci (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 1

Уладзiмiр Арлоў

Genius loci

Не буду спрачацца, iдэя належала табе, i я прыняў яе адразу - ты яшчэ не паспела пакiнуць у попелцы першы, патушаны з тваёй нязменнай дзiцячай стараннасцю недакурак. Памятаецца, я казаў табе, што, калi ты курыш першую цыгарэту, твар у цябе робiцца летуценным i адстаронена-незнаёмым - толькi крыху, але дастаткова для таго, каб выглядаць не тваiм, а - тваёй сястры-блiзнючкi, у якой усё такое самае i разам з тым - не. Падобнае ўражанне ўзнiкала i тады, як, сцiшыўшыся пасля апошнiх ласкаў, ты з лёгкiм уздрыгам мякка падала ў кароткi сон, а я, вартуючы яго, касавурыў вока на тваю галоўку, што ляжала побач на падушцы.

Iдэя была генiяльна простая: калi ўспамiнаць нашу кавярню, дык адну яе без усякiх прадмоў, эпiлогаў i розных лiрычных адхiлаў кшталту першай ранiцы, у якую мы прачнулiся абняўшыся, але бязгрэшныя, як пяцiкласнiкi, бо ў астатняе iмгненне ты, быццам жнiвеньская жужэлка, абавязкова прымудралася выслiзнуць. Альбо кшталту кладак над возерам з пахмурным найменнем Люхава, нават уначы насычаных сонечнай энергiяй, кладак i слоiка са светлякамi, чыё зеленаватае мiгценне зусiм не здавалася халодным...

Але мы дамовiлiся гаварыць выключна пра кавярню. Як на школьных уроках лiтаратуры: адзiнства часу, месца i дзеяння.

Пра кавярню, што яшчэ не выветрылася з памяцi жыхароў трох куртатых вулачак, якiя насуперак усялякай логiцы ацалелi ад сярэднявечнага прадмесця. У цесных дварах з арэлямi i абымшэлымi альтанкамi вам пацвердзяць: насупраць тралейбуснага прыпынку, там, дзе цяпер салон iталiйскага абутку, тады сапраўды была кавярня.

Да таго дня, калi мы ўпершыню не праехалi мiма, а зайшлi i селi за столiк пад пастэльным восеньскiм пейзажам з парушанай перспектывай, схаваная пад шклом стандартная шыльда з дзвярэй кавярнi ўжо знiкла: цi то не задаволiла эстэтычны густ новага гаспадара, цi то яму падалася неарыгiнальнаю назва, а найверагодней - i адно, i другое. Мiж тым новай шыльды так i не павесiлi, i неўзабаве хтосьцi вывеў на глухой бакавой сцяне стары назоў - спачатку крэйдай, а потым, паўзверх, нiтрафарбаю з балончыка. Смарагдавыя лiтары на шэрай асноведзi глядзелiся, па-мойму, не горш за малахiтавы кулон на тваёй купленай у краме "Sесоnd hаnd" папялястай кофтачцы...

Некалi я пiсаў фантастычныя апавяданнi, i адно з iх мела сюжэт пра вынаходнiка апарата, якi - быццам з грамафонавай кружэлкi цi з магнiтафонавай стужкi - умеў "счытваць" галасы з рэчаў, што былi сведкамi нейкiх размоў i падзеяў. У апавяданнi адбылося забойства, раскрыць якое дапамагло звычайнае кухоннае крэсла.

Не, у кавярнi, як табе вядома, нiкога на нашай памяцi не забiлi, аднак ты ўявi, колькi маглi б распавесцi яе расхiстаныя сiнiя крэслы. Праўда, у нашым выпадку ўсё наадварот: крэслы даўно згарэлi на звалцы, а мы зараз уваскрасiм iх разам з ненадзейнымi спiнкамi i парэзамi, адкуль прасiўся на свет жоўты паралон набiўкi. Потым мы адновiм дрогкi кутавы столiк i брунатную, чыста выцертую стойку ў процiлеглым канцы маленькае, усяго на пяць столiкаў, залi. За стойкай зоймуць свае месцы рослы румяны бармен, падобны да зробленай добрым майстрам-чырванадрэўшчыкам шафы, i ягоная круглявенькая здобная памочнiца; яны няблага разумелi па-беларуску, прынамсi, ведалi, што такое кiлiшак, i нiколi не блыталi каву з какавай.

У той дзень, калi я не здолеў прыдумаць табе бiяграфii...

Так, гэта ўжо за межамi нашае дамовы, але, пагадзiся, каб не мая бяскрыўдная гульня, ты не сядзела б сёння ў фатэлi каля вакна i не казала, што трох пляшак белага сухога вiна якраз дастаткова - не дзвюх i не чатырох, а мяноўна трох.

Значыцца, ты згодная: зробiм выключэнне. Я маю на ўвазе не вiно, а гiсторыю нашага знаёмства. Праўдзiвей - ягоную тэхналогiю.

Ты не забыла, мы пазнаёмiлiся дзякуючы маёй звычцы складаць чужыя бiяграфii. Аб'ектам эксперыментаў амаль кожны раз былi жанчыны. Па-першае, яны хутчэй заводзiлi ўяўленне, а, па-другое, самi абставiны, калi без дазволу жанчыны ўступаеш з ёю ў кантакт, стваралi падтэкст зваблiвай шматварыянтнасцi.

Звычайна ўсё адбывалася так. У тралейбусе цi вагоне метро мой позiрк цалкам самастойна, без усякае разумовае каманды выбiраў жанчыну або дзяўчыну зусiм неабавязкова самую прывабную, - пасля чаго, таксама незалежна ад мяне, спрацоўвала патрэбная спружынка, патайны механiзм пачынаў бесперабойна дзейнiчаць, i праз хвiлiну-дзве я меў першую порцыю дадзеных: узрост, прафесiя, муж, дзецi. Калi мы ехалi разам досыць доўга, гульня працягвалася i я атрымлiваў дадатковыя звесткi: характар, захапленнi, любiмы пiсьменнiк альбо яго адсутнасць з прычыны нецiкавасцi да лiтаратуры... На пятым цi шостым прыпынку я "ведаў", куды мая спадарожнiца накiроўваецца, якiм кветкам i колерам аддае перавагу, што п'е з большаю асалодай. А на чарзе стаяў блок iнтымнае iнфармацыi: як сустракаюць яе вусны пацалунак каханка, што ўмеюць рабiць самi, што такое для яе вернасць...

Прычым хачу табе сказаць: у маёй даведзенай да аўтаматызму гульнi нiколi не ўзнiкала неаднаразова апiсаных сiтуацыяў, калi пасля некалькiх слоў i поглядаў прыходзiць упэўненасць, што выпадковы вiзавi створаны не для каго-небудзь, а для вас; а потым - станцыя, прыпынак, i ён цi яна назаўсёды выходзяць, пакiдаючы ў душы трагiчнае адчуванне незваротнасцi iмгнення. Паўтараю, са мною (можа, таму, што я кiраваўся правiлам не заводзiць з "паддоследнымi" нiякiх размоў) нiчога падобнага, у тым лiку i ў той травеньскi надвячорак, не здаралася.

Тады здарылася iншае.

Блукаючы па душным тралейбусе, мой позiрк, як зазвычай сам сабою, адшукаў найбольш цiкавую яму iстоту. Пазней я падзялiўся з табой першым уражаннем: гiшпанка. Вочы колеру пераспелае вiшнi вiнаватыя тут былi не болей за густы роўны загар злёгку кiрпатага твару ў абладзе доўгiх, чорных з сiняю iскрынкаю валасоў. Колькi наступных хвiлiнаў я акрэслiў бы як суцэльнае здзiўленне. Бездакорна наладжаны механiзм гульнi ўпершыню даў збой: фантазiя мела адволi падстаў страпянуцца i раскрыць крылы, але паводзiла сябе падазрона абыякава.

Ты ведаеш, я не належу да празмерна сарамяжлiвых, i, магчыма, памятаеш, што было далей. Каля цырка ты сабралася выходзiць, а мне ўдалося вышмыгнуць першым i падаць табе руку. Ты з подзiвам у пераспелых вiшнях абаперлася на яе, намагаючыся разгледзець за цёмнымi акулярамi i рудаватай барадою каго-небудзь знаёмага, i пачула словы, якiя сярэднестатыстычную пасажырку грамадскага транспарту непазбежна прывялi б да думкi пра стан здароўя суразмоўнiка: "Даруйце, што не здолеў прыдумаць вам бiяграфii".

Увесь вечар мы гулялi па горадзе, елi за вынесенымi на вулiцу столiкамi марозiва, а калi неба пахаладнела, купiлi шампанскага, пераглянуўшыся, зразумелi, што бутэлькi будзе да смешнага мала, узялi яшчэ дзве i спынiлi таксоўку.

Прызнаюся, ты здалася мне даступнаю, i гэта была не апошняя мая памылка...

Больш нi слова. Толькi пра кавярню. Пра нашую кавярню з такой мiлай у сваёй банальнасцi назваю - "Сябры".

Мы прыходзiлi туды пасля спатканняў у тым пакоi за зялёнымi шторамi. Часам наперадзе маячыў цэлы вольны вечар, часам i ты, i я з прабачлiвымi ўсмешкамi выбягалi з кавярнi камусьцi тэлефанаваць. Метафара сiямскiх блiзнятаў, якая раз-пораз усплывала ў размовах, выглядала мастацкай празмернасцю, аднак вельмi часта развiтанне на парозе кватэры цi на прыпынку ўспрымалася б не iначай як злачынства.

Лета, за выняткам лiчаных лiпеньскiх дзён з навылёт прагрэтымi сонцам азёрнымi кладкамi, выпала халоднае i дажджлiвае, i ў кавярнi мы найчасцей замаўлялi арэхавы лiкёр, што, як i ўсё астатняе, там налiвалi ў блакiтныя пластыкавыя кубачкi - дакладна з такiх частавалi мiнералкаю i лiманадам сцюардэсы ўнутраных авiялiнiяў. Некалькi глыткоў густой бурштынавай вадкасцi з мiндалёвым смакам хутка сагравалi i прыносiлi амаль хатнюю ўтульнасць.

Выбар напояў не прэтэндаваў на багацце: апроч двух-трох гатункаў лiкёру вы мелi магчымасць спытаць шампанскага, каньяку i дарагога нямецкага цi галандскага пiва ў бляшанках. Дадайце сюды цыгарэты, гарачыя лусцiкi i каву яе бармен гатаваў не горш, чым разумеў беларускую мову - вось i ўвесь асартымент, якi не забаранялася пашыраць прынесенымi з вулiцы бананамi, плiткай шакаладу i, галоўнае, якой-небудзь прыстойнай пляшкаю.

Музыка прываблiвала не меней за дэмакратычнасць парадкаў. Кавярня слухала класiчныя негрыцянскiя блюзы, "бiтлоў", "ролiнгаў"... Карацей, ты памятаеш, там круцiлi альбомы, якiя нам калiсьцi не дазвалялi ставiць на школьных вечарынах, i мы слухалi iх дома на нехлямяжых пудовых магнiтафонах, што больш за ўсё любiлi пажаваць стужку.

У часы тых дапатопных апаратаў нiкога з кампанii моладзi, якая, пазычаючы ў суседзяў два крэслы, займала цэнтральны з пяцi столiкаў, не iснавала i ў праекце. Кампанiя пiла ў асноўным прынесенае з сабой айчыннае пiва, разлiвала пад сталом штосьцi мацнейшае i гаварыла на такiм рафiнаваным арго, што, здавалася, з намi гэтыя маладзёны пагадзiлiся б размаўляць толькi праз перакладчыка. Да прыкладу, я зусiм не адразу даўмеўся, што трох-, двух- i аднаактоўкi, якiя часта фiгуравалi ў iхняй гаворцы, з тэатрам былi звязаныя не болей, чым, скажам, з экспедыцыямi на Марс.

Абмежаванае кола наведнiкаў было яшчэ адной бясспрэчнай вартасцю кавярнi. Туды забрыдаў выпiць каля стойкi сто грамаў выпадковы прахожы, магла забурыцца гурма крутаплечых хлапцоў са стрыжанымi патылiцамi, што не прасiлi, а з ходу давалi бармену загад налiць кожнаму па поўнай каньяку i гучна загаворвалi пра Хрыпатага, якому ўключылi лiчыльнiк. Але большую частку клiентаў, асаблiва ўвечары, складала iншая публiка, у якой вылучалiся заўсёднiкi. Яны мелi традыцыйныя месцы, прыкметна нервавалiся, пакуль iх столiкi былi занятыя, i неадкладна перасаджвалiся, калi тыя вызвалялiся. З шэраговых клiентаў яны ператваралiся ў iндывiдуальнасцi, i таму я лёгка магу аднавiць аблiччы i паводзiны кожнага: i чалавека з вiльготнымi рукамi, якi называў сябе алмазаздабытчыкам, i глуханямых, i мiлiцыянта, якога не разумела жонка, i парачкi лесбiянак...

З каго б ты хацела пачаць?

Чаму не, няхай будзе мiлiцыянт, пагатоў у цесным свеце кавярнi ён успрымаўся прыкладна так, як сабачае вуха на месцы аднаго з пялёсткаў вялiзнага рамонка з палатна паслядоўнiка Далi.

Мiлiцыянт заяўляўся недзе каля восьмай. Ён прыходзiў у цывiльным, але ўсе ведалi, што ён - мiлiцыянт i што яго завуць Пеця, бо выпiтыя сам-насам з сабою "законныя" сто грамаў каньяку ўмомант рабiлi яго гаваркiм, i, замовiўшы бутэльку шампанскага i крыху лiкёру, ён падсаджваўся за чужы столiк. Лiкёрам ён зрэдку мог пачаставаць суседку, а шампанскае, усё да кроплi, выпiваў сам.

Рысы ягонага гладка выгаленага твару нiхто не назваў бы непрыемнымi, ды яны iснавалi незалежна адна ад адной i, як на прамежкавых стадыях стварэння фотаробата злачынцы, нiяк не хацелi спалучацца: смелы разрэз вачэй пярэчыў мяккаму падбародку, а выразны нос не спадзяваўся дасягнуць гармонii з па-жаночаму маленькiм ротам.

Улюбёным слаўцом ягонага лексiкону была, як ты памятаеш, "жопа". Па "жопе" ён страляў з табельнай зброi, калi парушальнiк кiдаўся наўцёкi. Па "жопе" лупцаваў службовай папругаю сына-двоечнiка. Iншага слова не знаходзiлася i для жонкi, якой не дадзена было спасцiгнуць тайнiцу ягонае душы. Аднак гэты балбатун чамусьцi не шукаў сабе сабутэльнiкаў у форме, а ўпарта iшоў сюды, у кавярню, якую, на вялiкае наша здзiўленне, нi разу не абазваў сваiм запаветным словам, а часам, перад адыходам да жонкi, абсалютна не абразлiва, нават пяшчотна называў "гадзючнiкам". Нягледзячы на тое, што з iм было цiкава пагаварыць не больш за адзiн раз, мiлiцыянт заняў на палубе прызначанае яму месца, i без яго агульная мазаiка рызыкавала б рассыпацца - так адсутнасць коскi здатная разбурыць самы дасканалы сказ.

Я сказаў: "на палубе". Гэты выраз належаў алмазаздабытчыку i мог ускосна сведчыць, што той зарабляў на жыццё i на сваiх жанчын не толькi пошукам алмазаў у якуцкай вечнай мерзлаце, але i насамрэч хадзiў у мора. У такiм разе захоўваць на палубе раўнавагу ў штармавую непагадзь яму, з ягонымi двума метрамi, было, вiдаць, няпроста. Але гэты адносны недахоп кампенсавала атлетычная постаць i моцныя доўгiя рукi, чый энергiчны поцiск, аднак, нязменна выклiкаў прыступ гiдлiвасцi: слiзкавата-вiльготная далонь нараджала адчуванне, што ў руку ўсунулi жабу-рапуху.

Як выглядае, жанчыны пакутуюць ад гiдлiвасцi значна меней. Лысая галава-яйка таксама не была прыкметнай перашкодаю на шляху да жаночых сэрцаў, тым больш яе гаспадар сачыў за сабой, ходзячы ў модных гарнiтурах i не забываючы пра парфуму. У выбары жанчын ён не любiў паўтарэнняў i кожны раз прыводзiў з сабой новую. Прыгажуняў сярод iх мы не заўважалi, але i страхотлiвых стварэнняў, па-мойму, нiколi не траплялася.

Быў зарэгiстраваны выпадак, калi ён, пакiнуўшы кавярню з адной спадарожнiцай, перад закрыццём пасадзiў за столiк iншую, а сам, нефанабэрлiва падмiргнуўшы мне, весела гукнуў бармена: "Гэй, на палубе!"

"Цыган дома не крадзе", - чуў я некалi ад бабулi. Алмазаздабытчык быў падобны да цыгана, як я - на далай-ламу, аднак бабулiны словы мелi да ягоных паводзiнаў несумнеўнае дачыненне. Ён не зрабiў i кволай спробы хоць раз завязаць размову з якой-небудзь самастойнай наведнiцай кавярнi. Да ўсiх iх, асаблiва да тых, чые твары былi яму знаёмыя з ранейшых вiзiтаў, ён ставiўся падкрэслена ветлiва, але нават без намёку на мужчынскую ўвагу.

Выключэнне складала парачка лесбiянак, што кiдала нашаму лавеласу выклiк ужо самiм фактам iснавання жаночых iстотаў, якiя ўмелi абыходзiцца без лысых, вусатых, барадатых i ўсiх астатнiх прадстаўнiкоў iншае паловы чалавецтва. Натыкнуўшыся позiркам на лесбiянак, уладальнiк галавы-яйка не мог схаваць калючай уквеленасцi i спяшаўся запiць яе глытком каньяку. Напрошвалася думка, што ён знойдзе падтрымку ў мiлiцыянта, ды той успрымаў жаночую парачку якраз надзвычай талерантна i толькi часам мройлiва мармытаў сабе пад нос: "Вось бы з дзвюма адразу, бля".

Лесбiянак мы сустракалi ў свой кожны прыход, з чаго вынiкала, што гэтыя бландзiнкi - танклявая, з нервовым артыстычным тварам, у якiм падтэксту было болей, чым самога тэксту, i крышачку паўнейшая, з выдатна прамаляванай постаццю i шырока расплюшчанымi даверлiвымi шэрымi вачыма - бывалi ў кавярнi ледзьве не штодня. Нас вабiў iхнi загадкавы свет, аб якiм дазвалялi адно здагадвацца скупыя вонкавыя праявы: пераплеценыя на стальнiцы пальцы; раптоўныя, па-птушынаму лёгкiя пацалункi, якiмi танклявая зрэдзьчас адорвала сяброўку; тонкiя залатыя пярсцёнкi, якiя абедзьве насiлi на правай руцэ.

Алкаголь уздзейнiчаў на iх па-рознаму. Танклявая пачынала безупынна смалiць цыгарэты, яе твар змрачнеў, i на яго клаўся цень драпежлiвасцi. Аднаго разу яна спалатнела, нiбыта з яе выпусцiлi палову крывi, i, задыхаючыся, кiнула каханцы колькi фразаў, а потым так упiлася ёй вострымi малiнавымi пазногцiкамi ў тыльны бок далонi, што шэравокая гучна ўскрыкнула ад болю. Мы вырашылi, што назiраем сцэну рэўнасцi, i, не абмяжоўваючыся канстатацыяй, паспрабавалi ўнiкнуць у сiтуацыю глыбей. Памятаеш, нас займала пытанне: здатныя лесбiянкi раўнаваць да мужчын цi гэта ў iх сiстэме каштоўнасцяў нявартая ўвагi драбнiца накшталт дожджычку за вакном?

Скульптар-керамiст Коля не паспеў набраць той сумы балаў, якая дала б яму права перайсцi ў разрад заўсёднiкаў. Ягоная рэдкая для трыццацi з гакам гадоў светлая бародка над жураўлiнай шыяй, дзе матляўся вузел нясвежай стракатай касынкi, аздобiла iнтэр'ер кавярнi ўсяго двойчы.

У свой другi вiзiт Коля запрасiў нас на гасцiны. Ён жыў з бабуляю на цянiстай вулiцы ў пабудаваным палоннымi немцамi двухпавярховым доме. Адзiн з пакояў прасторнай занядбанай кватэры на першым паверсе быў ператвораны ў майстэрню i адначасова ў спальню з шырокай канапаю, якую гаспадар называў сексадромам.

Мы выпiлi каньяку, i Коля паклiкаў мяне на кухню, дзе змоўнiцкiм тонам паведамiў, што мы з табой можам заняцца на ягонай канапе любоўю, але з адной умоваю: альбо ён, Коля, будзе назiраць за намi ў вакно, альбо праз нейкi час знячэўку зойдзе ў пакой. "Чыста прафесiйная цiкавасць, стары", - ужо няўпэўнена варочаючы языком, патлумачыў Коля.

Не, пра паэта я не забыў, як памятаю i тое, што ты прадказала ягонае з'яўленне, заўважыўшы, што ў такой мясцiне павiнен бываць хоць адзiн прызнаны цi, лепей, непрызнаны паэт. Тваё прароцтва матэрыялiзавалася ў аблiччы дыстрафiчнага юнака ў акулярах i атрутна-жоўтым швэдры. Лесбiянкi адгарадзiлiся ад паэта ледзянымi ўсмешкамi i проста не пусцiлi за свой столiк, таму першымi слухачамi наканавана было стаць нам. Ад празмернага хвалявання ў паэта мутнелi шкельцы акуляраў. Выпадак быў безнадзейны, як спроба датэлефанавацца да самога сябе. Мы прапанавалi юнаку лiкёру; успрыняўшы гэта як пахвалу, ён так распусцiў пёры, што, калi я зноў пайшоў да стойкi, намерыўся прызначыць табе спатканне.

Я думаю, што калi б кавярня прызнала паэта, ён насуперак усяму стварыў бы нешта больш значнае за вершыкi, здольныя нарадзiць адну-аднюткую асацыяцыю з вадзянiстымi парасткамi ў падвальным закутку. Аднак кавярня не прыняла яго, i паэт знiк гэтаксама раптоўна, як i з'явiўся.

Другiм пасланцом лiтаратурнага свету, што аднойчы, расплюхаўшы каньяк, палез да мяне з мядзведжымi абдымкамi, стаўся знаёмы празаiк, у якога пасля чарговае жанiцьбы пачаўся мядовы месяц. Пералiчыўшы свае мужчынскiя дасягненнi заадно з колькасцю i маркамi выпiтых напояў, ён абвясцiў, што пiша апавяданне, якое нарэшце адкрые ў нашай лiтаратуры жанр эратычнае прозы. Першы сказ быў ужо гатовы: "Пад'езд прапах спермай". Я асцярожна параiў замянiць пад'езд на кватэру. "Пад'езд прапах спермай", - з нацiскам на першае слова абражана паўтарыў празаiк, выцадзiў каньяк i не развiтаўшыся ляпнуў дзвярыма.

Значна глыбейшы след пакiнулi глуханямыя.

Яны трапiлi ў кавярню, ратуючыся ад дажджу, i, паколькi кампанiя самых юных наведнiкаў адсутнiчала, апынулiся за iх столiкам. Дзiўная рэч, я не магу ўзнавiць у памяцi iх рысаў, апрача таго, што яе твар - у параўнаннi з ягоным, прыгожым i адухоўленым - напачатку здаўся мне грубавата-вульгарным.

Мы не адразу змецiлi, што яны размаўляюць рукамi, а калi заўважылi, дык праз хвiлiну ўжо былi перакананыя: гэта - закаханыя. I нашы з табой рукi любiлi пагаварыць на сваёй мове, але iх лексiчны запас здаваўся нам вялiкiм толькi да таго вечара.

Сапраўды, твары зараз захiнутыя ад мяне туманам, а вось рукi... рукi я гатовы намаляваць: яго вузкую далонь з выцягнутымi пальцамi, кожны з якiх быццам бы меў на фалангу болей, i яе маленькую авальную далоньку з карантышкам-мезенцам. Гэтыя рукi выпраменьвалi такую пяшчоту, што хацелася адвесцi позiрк - нiбы падглядваеш за нечым iнтымным, прызначаным для дваiх.