41157.fb2 Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 1

Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 1

Ёй дадзена было перамагчы

Дзіўныя рэчы часам адбываюцца пад сонцам. Бывае, паэт са скуры вылузваецца, каб займець прыжыццёвы помнік-шматтомнік, каб атрымаць прэмію, ордэн ці званне ад дзяржавы, каб трапіць у школьныя праграмы, на тэлеэкран ці ў радыёэфір. І ўсё гэта (ці амаль усё) яму нярэдка ўдаецца, і чуе ён вакол сябе непрытоеныя воклічы захаплення, і бачыць адпаведную свайму становішчу пашану. А завугольныя зайздрослівыя перашэпты яшчэ больш падкідваюць саломы ў вогнішча ягонай славы.

Ды няўстойлівая яна, прыжыццёвая слава. Вогнішча, падкормленае саломай, гарыць высока і ярка, але хутка ападае агонь, датляваюць вуглі, прыцьмявае і халаднее прысак. А ў халодным прысаку нават бульбы не спячэш.

А бывае – наадварот. Паэт пры жыцці не самаўздымаецца на катурны, не чакае на калятронным зэдліку ласкі ад улады, не складае ёй одаў, не пнецца ні ў слугі народа, ні ў валадары думаў народных. Жыве годна, праўдзіва і сумленна, нібы маючы перад сабою накрэслены найвышэйшай воляй шлях.

Так пражыла сваё зямное жыццё Ларыса Геніюш. З яе зэльвенскай старасвецкай хаты не наладжваліся наўпроставыя радыётрансляцыі, практыкаваныя савецкай уладай да прыручаных паэтаў, да яе не напрошваліся на гутарку журналісты (Ларыса Антонаўна за сваё жыццё не дала аніводнага інтэрв’ю), у гонар яе не гучалі фанфары ў публічных месцах.

Зрэшты, дзяржаўнай увагай паэтка ўсё ж не была абыдзеная. Улада па-свойму адзначыла яе заслугі перад радзімай – 25-цю гадамі Гулага, чвэрцьстагоддзем пакутаў на “беласмертнай Поўначы”. Што ж, паводле вечнай іерархіі хрысціянскіх каштоўнасцяў – гэта вышэй за ўсе прэміі і званні, разам узятыя. Бо толькі дух чалавечы, прайшоўшы праз усе выпрабаванні, вытрымаўшы іх і загартаваўшыся імі, мае права сам-насам размаўляць з вечнасцю. Так што падзякуем той, чужой, неіснуючай ужо, дзяржаве за неабыякавасць да нашай паэткі, за своечасова ацэнены яе літаратурны і грамадзянскі чын.

Пасмяротная слава паэтаў – з’ява куды больш доўгатрывалая і надзейная. Праўда, прыходзіць яна ў розны час, калі палічыць патрэбным. І рухаецца, як правіла, знізу ўверх. Смерць Пушкіна ўжо ўскалыхнула палову Расіі, а фанабэрысты чыноўнік з цэнзурнага камітэта не пасаромеўся ўчыніць разнос рэдактару газеты, якая надрукавала некралог, дзе гаварылася пра веліч здзейсненага вялікім паэтам.

Смешна і нібыта недарэчна параўноўваць чыноўніка, прыналежнага да імператарскага двара, і чыноўніка савецкага, які займаўся цэнзурнымі справамі ў Зэльвенскім райвыканкаме. Але выканалі яны падобныя функцыі. Некралог па Ларысе Геніюш у зэльвенскай раёнцы таксама выклікаў чыноўніцкі гнеў. І адбылося гэта пасля таго, як пасмяротная слава паэткі ўжо закружыла над прыціхлаю Зэльвай, паказаўшы і мястэчку, і ўсёй Беларусі, каго яна абірае для размовы з вечнасцю.

Для мяне і сёння загадка, як у 1983 годзе, пры моцнай яшчэ савецкай уладзе, у савецкім запалоханым і дарэшты падкантрольным гарадку тысячы савецкіх людзей прыйшлі на вуліцу Савецкую, каб правесці ў апошні шлях несавецкую паэтку. Ніхто ж нікога з хаты не гнаў, з працы арганізавана не адпускаў. Наадварот, бралі на ўлік тых, хто падпісваў па-беларуску вянкі, хто збіраўся прысутнічаць на адпяванні ў царкве. І ўсё ж людзі прыйшлі. Як на маўклівую маніфестацыю, перамогшы вонкавы і ўнутраны страх, усім сваім выглядам нібы пацвярджаючы словы Нябожчыцы: “Мы вам не племя слугаў, мы – народ!”

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Марыс Метэрлінк, які быў яшчэ і выдатным прыродазнаўцам, у сваёй кнізе “Разумныя кветкі” апісаў паводзіны раслінаў у самых розных умовах. Аказваецца, асобная кветка можа памыліцца, зацвісці не ў пару і загінуць, можа несвоечасова высеяць у зямлю насенне, якое не дасць працягу роду. Але ў цэлым кветкавы род ніколі не памыляецца, ён разумны і ведае, як дзейнічаць у надзвычайных сітуацыях.

Гэтак паводзіцца і род чалавечы, які складаецца з розных народаў. Асобна ўзяты жыхар Зэльвы мог не чытаць кніг Ларысы Геніюш і не ведаць, з кім жыў побач на адной вуліцы. Але настаў момант ісціны, і ён уліўся ў шматлюднае жалобнае шэсце, якое ў той дзень і ў той час выяўляла сабою менавіта народнае рушанне. Хай сабе і ў кірунку могілак. І выканкамаўскія інструкцыі над выяўленнем гэтым не мелі аніякае сілы.

З тых красавіцкіх дзён прайшло ўжо дваццаць сем гадоў. За гэты час чаго толькі ні адбылося на белым свеце! Знікла кіроўная і адзінаправільная партыя, распалася велізарная імперыя, БССР перайменавалася ў РБ, якая займела ўсе атрыбуты дзяржаўнасці ўлучна з пасадай прэзідэнта… Але – па вялікім рахунку – нічога не змянілася, і час нібы закансерваваўся на вуліцы Савецкай у Зэльве. Спытайцеся ў мясцовага чыноўніка пра Ларысу Геніюш і пачуеце звыклае, сто разоў тут моўленае і чутае: “Не паложана”… А што і куды павінна быць “паложана” – не ведаюць чыноўнікі ні ў Зэльве, ні ў Гародні, ні ў Менску.

І ці ўведаюць калі… Дзесяць гадоў стукаючыся ў высокія дзяржаўныя кабінеты, я нарэшце зразумеў адну рэч і перастаў стукацца. Па адносінах улады да Ларысы Геніюш можна вызначыць характар гэтай самай улады. Геніюш для яе непрымальная? Значыць, улада гэтая антынацыянальная ў сваёй сутнасці, якія б там заклікі “За Беларусь!” ёю ні прагалошваліся. І наадварот, я ў гэтым перакананы, адным з першых крокаў сапраўды беларускай улады стане рэабілітацыя Ларысы Геніюш і належнае ўшанаванне яе памяці. А пакуль тое не адбылося, Рэспубліка Беларусь не стане нацыянальнай дзяржавай, і неістотна, пад якія гімны мы ўстаем і пад якія калыханкі кладземся.

У Бога – народаў многа, але на кожнага хапае найвышэйшай апекі. Таму ў цяжкую для народа часіну Бог пасылае пасіянарных асобаў, якія здольныя абудзіць, раскатурхаць, вывесці яго са стану нацыянальнага здранцвення. У 1840 годзе Бог паслаў беларусам Багушэвіча – каб не ўмёрлі. І яны не ўмёрлі. Праз два пакаленні Бог паслаў Францішку ў помач Купалу з Коласам – з цэлым народам гутарку весці, а дакладней – выкласці перад народам цэлую нацыянальную праграму. І яны выклалі – найперш праз газету “Наша Ніва”. Наступным пасланцом Божай пасіянарнай дружыны стаў Максім Багдановіч, чыё прозвішча наўпрост паказвала, кім ён пасланы-дадзены. Здавалася б, на мяжы неспакойных стагоддзяў, калі зямля пад нагамі захадзіла, ужо ніхто не засне, абуджэнне пяройдзе ў адраджэнне, а адраджэнне – у нармальнае жыццё. Але абуджаныя беларусы адрадзіцца не паспелі. Давялося Богу і ў ХХ стагоддзі паўтараць свой пасіянарны дэсант на Беларусь.

Калі чытаеш першыя старонкі аўтабіяграфічнай “Споведзі” Ларысы Геніюш (а нарадзілася яна паводле новага стылю 9 жніўня 1910 года ў фальварку Жлобаўцы на Ваўкавышчыне), то міжволі складваецца ўражанне, што прыйшла яна ў гэты свет з нейкім заданнем, з пэўнай высокай будзіцельскай місіяй. “Народ ляжаў бяздзейнай і бяспраўнай палітычнай масай… Я нарадзілася такой, ад пялюшак ужо прасякнутай усім, што наша, з болем і прагай змагання”. Нарадзілася, прыкмецім гэта, Міклашэвічанкай, і дзед яе – Павал Міклашэвіч, і бацька – Антон Міклашэвіч, працавалі на зямлі і мелі гэтай самай зямлі шмат. Але не жыта жаць і не снапы ў мэндлікі ставіць наканавана было Ларысе, і Божы провід разам з мужам дае ёй прозвішча Геніюш (у перакладзе з лацінскай – дух-ахоўнік). Са Жлобаўцаў яна пераязджае ў Зэльву, і пра што з маладой нявесткай, выпускніцай польскай гімназіі, гаворыць яе свёкар, дабрэйшай душы чалавек Пятро Станіслававіч Геніюш? Пра Полацкае княства і пра тое, ці ўтрымаецца Беларусь, калі стане незалежнай. А якія кнігі падсоўвае сваёй каханай жоначцы пражскі студэнт Янка Геніюш? “Шляхам жыцця” Янкі Купалы. Нібы эстафетную палачку – ад будзіцеля будзіцелю. І што тут выпадковае, а што прадвызначанае?..

Дарэчы, у Геніюш з Купалам не ўсё было гладка. Не як у вучаніцы-наступніцы з настаўнікам-папярэднікам. Былі прэтэнзіі светапогляднага характару. У адным з вершаў, папракнуўшы Купалу ў празмернай плаксівасці, што выглядала як выклік і парушэнне ўсіх субардынацый, Геніюш усё ж не магла парушыць субардынацыю любові, нават калі просталінейна заяўляла:

Я змалку прывыкла дастойна ісці, і я не заплачу з табою.Мне – іншая доля ў нялёгкім жыцці,Купала каханы, я – з бою!

Вось такія разыходжанні і прызнанні ў любові. Ларысе Геніюш бракавала “бою” не толькі ў творчасці Купалы. За адсутнасць пратэсту яна катэгарычна не прымала Уладзіміра Дубоўку. Патрабавала рашучасці ад літаратуразнаўцы Міколы Прашковіча, а за кожны кампрамісны крок выгаворвала яму як апошняму адступніку. Папракала Янку Брыля за пасіўнасць ягонага героя Алеся Руневіча з “Птушак і гнёздаў”…

З Янкам Брылём адносна Ларысы Геніюш у мяне аднойчы невялічкая спрэчка адбылася. Загаварылі пра нашых паэтак, і шаноўны Іван Антонавіч назваў тры з іх – Ніну Мацяш, Наталлю Арсенневу і Ларысу Геніюш (менавіта ў такой паслядоўнасці). Паслядоўнасць гэтую мне і захацелася перайначыць, і тут я пачуў, што Ларысу Геніюш у вачах чытачоў узвышае Гулаг, а пісаць яна магла б і лепш. Я зрабіў выгляд, што пагадзіўся, і тут жа запытаўся: “Іван Антонавіч, а якая самая высокая гара ў свеце?” Здзіўлены раптоўным пераходам ад літаратуры да геаграфіі, Брыль не адразу назваў Джамалунгму, патлумачыўшы заадно, дзе той Непал знаходзіцца. Мне стала трохі няёмка, але мусіў дагаворваць да канца: “Не, Іван Антонавіч, самая высокая гара ў свеце – Галгофа”. “Ну, калі ў такім сэнсе,” – лагодна ўсміхнуўся атэіст Брыль.

Галгофа сапраўды ўзвышае. Што праўда, ва ўсе часы былі аматары ўплятаць дэкаратыўныя церні ў свае лаўравыя вянкі. Таму і ўлаўраны паэт часам выглядаў бутафорна, хоць вазьмі і сашчыкні лісток-другі на прыправу.

У Гулагу цёплалюбны лаўр не рос, а вось з тысячаў кіламетраў калючага дроту можна было звіць мільёны церневых вянкоў.

Крыжовы шлях Ларысы Геніюш цягнуўся восем доўгіх гадоў. Тыя, хто адпраўляў яе на пакуты, думалі, што перамога за імі. Але яны памыліліся. Гэтую жанчыну перамагчы было немагчыма. У пераможцах заўсёды заставалася яна.

Гестапаўцы ў 1942 годзе, пасля выхаду ў свет зборніка “Ад родных ніў”, так і не дамагліся ад яе паэтычных дыфірамбаў фюрэру. Хоць і пагражалі Асвенцымам.

Галоўны гэбіст БССР Цанава ў сутарэннях менскай амерыканкі восенню 1948-га так і не даведаўся ад яе, дзе архівы БНР.

Вярхоўны суд у 1949-м так і не пачуў ад яе прызнання віны і пакаяння.

Усе лагерныя дзяржыморды, як ні стараліся, не паставілі яе на калені.

ЦК КПБ так і не прымусіў яе прыняць савецкае грамадзянства.

Атэістычная ўлада не змагла адабраць у яе веры ў Бога.

Татальная русіфікацыя не заглушыла на яе вуснах беларускай мовы.

Цэнзура была змушаная прапускаць яе вершы ў друк…

Ларысе Геніюш дадзена было перамагчы. І яна – з гледзішча вечнасці – перамагла. І як жа памыляецца той, хто і сёння лічыць яе пераможанай і самаўпэўнена заяўляе з экрана БТ, што ён, ці бачыце, разабраўся з Геніюш! Ларыса Геніюш пераможа і яго. Не дапаможа і дасье, сфабрыкаванае на паэтку службістамі Цанавы і схаванае за сямю замкамі ў іхнім сумнавядомым ведамстве.

Увогуле, усе партыйныя сакратары, фюрэры і прэзыдэнты павінны ведаць, што вайна з пісьменнікамі, з літаратурай бессэнсоўная. Ваяваць з літаратурай – як страляць з рагаткі па зорках. І ўсё ж знаходзяцца аматары паваяваць. Хто з рагаткай, хто з рагацінай. Не навучыла іх савецкае мінулае рабіць высновы з ранейшых памылак. Для такіх Ларыса Геніюш прыдумала трапнае слова – сталіназаўры. Што ж, з усёй пароды выкапнёвых яны аказаліся самыя жывучыя. Але і сталіназаўры вымруць.

У савецкай Беларусі з Ларысы Геніюш імкнуліся зрабіць этнаграфічную паэтку. Хвалілі яе паэму “Куфар”, дзе сапраўды па-майстэрску ўслаўлялася спрадвечнае рамяство жанчыны-ткаллі. Паэма насамрэч нагадвала музей беларускага ткацтва, дзе ў вока наведніку западалі непаўторнымі ўзорамі падвойныя дываны, паясы, кашулі-вышыванкі. Але Ларыса Геніюш не была этнаграфічнай паэткай. Кажучы фігуральна, на дне яе “куфра”, прыхаваныя ад празмерна цікаўных вачэй, маглі “ляжаць” іншыя скарбы, якія і будзілі творчую фантазію паэткі.

Там мог знаходзіцца тастамент старшыні Рады БНР Васіля Захаркі ад 6 сакавіка 1943 года, паводле якога Ларыса Геніюш станавілася сакратаром беларускага ўраду на выгнанні.

Там магла зберагацца самаробная паштоўка з Пагоняй, перавітая бел-чырвона-белай стужкай, якою павіншавалі Ларысу Геніюш сябры ў яшчэ гулагаўскім 1954-м.

Там магла знаходзіцца яе лагерная кашуля з нашытым на спіне арыштанцкім нумарам 0-287.

Там паэтка магла перахоўваць сваю пражскую кнігу “Ад родных ніў”, над старонкамі якой ніякавелі нават спрактыкаваныя спецдаследчыкі ў спецфондах, прачытаўшы, напрыклад, такія радкі:

Нам не страшны сібірскі больш холад,нам не страшны маскаль альбо лях,чужы серп не патрэбны, ні молат –мы разгорнем крывіцкі наш сцяг!”.

У тым “куфры” сярод іншых сямейных дакументаў магла захоўвацца выпіска з пастановы асобнай нарады пры НКВД ад 22 сакавіка 1941 года – аб асуджэнні “сацыяльна небяспечнага элемента” Антона Паўлавіча Міклашэвіча да пяці гадоў выпраўленча-працоўнага лагера. Усю яго сям’ю – па спіску – выслалі ва ўсходнія раёны СССР годам раней – 13 красавіка 1940 года. У тым спіску значыліся імёны маці паэткі – Аляксандры Васільеўны, трох яе братоў – Расціслава, Аляксея і Аркадзя, і трох сясцёр – Ксеніі, Ніны і Людмілы. Была ў спіску і… Ларыса Міклашэвіч, хоць яна на той час ужо два гады як жыла з мужам у Празе. Не дагледзелі пільнавокія і чуйнавухія таварышы – адна з “кулацкіх дачок” не трапіла ў настаўленыя імі сілкі. Ні бацька, ні маці паэткі з высылкі ўжо не вярнуліся. І ў яе, як бачым, быў рэальны шанец пад канвоем пакінуць радзіму яшчэ ў 1940-м…

На дне таго “куфра” магла ляжаць аўтабіяграфія паэткі пад назвай “Сто ранаў у сэрца”, напісаная на просьбу аднаго з менскіх выдавецтваў і забароненая цэнзурай.

Тамсама маглі назапашвацца сотні і сотні не разлічаных на публікацыю вершаў, з якіх потым складзецца архіўны Фонд 31 у Акадэмічнай бібліятэцы – невычэрпная скарбніца для даследчыкаў-геніюшазнаўцаў.

Доўгі час працуючы ў тым фондзе, я прыкінуў: нават пасля выхаду ў свет зборніка “Невадам з Нёмана” (1967) у друк праходзіла хіба адна дзесятая частка з таго, што пісалася Ларысай Геніюш. Прычым, адабраныя для друку вершы караціліся, падчышчаліся, рэдагаваліся – часам да непазнавальнасці. Мне ўжо даводзілася пісаць пра пашматаны цэнзарскімі нажніцамі рукапіс “Невадам з Нёмана”, з якога было выкасавана 120 радкоў, дзе сустракаліся словы Бог, Пагоня, крывіцкі[1].

Словы Край, Краіна Ларыса Геніюш любіла пісаць з вялікай літары – насуперак правілам арфаграфіі, але ў згодзе з правапісам сэрца. Гэта быў яе адказ тым, хто прыніжаў Беларусь, цягам стагоддзяў імкнуўся ператварыць яе ў бязмоўную і паслухмяную калонію. Юрыдычна Беларусь стала незалежнай у 1990 годзе, для паэткі яна была Краінай нават у складзе савецкай імперыі.

У краіне краіна” – як напісаў адзін украінскі паэт. Кемлівыя рэдактары тут жа паправілі: “у краіне раіна” (таполя). Гэтак пільная цэнзура стаяла на варце цэласнасці Савецкага Саюза. Але ўсачыць за ўсімі іншадумцамі не магла і яна.

Калі 11 красавіка 1983 года ў лесе пад Зэльвай людзі ў форме спынілі рафік, на якім у Менск вывозіўся архіў памерлай Ларысы Геніюш, іхнія начальнікі наўрад ці ведалі, што самы крамольны яе твор – “Споведзь” – ужо даўно знаходзіцца ў бяспечным і недасягальным для іх месцы. Пра існаванне “Споведзі” спецслужбы ведалі напэўна – пра мемуары ёсць неаднаразовыя згадкі ў ліставанні паэткі. Тады, у лесе, ператрусу ці рэквізіцыі архіва ўдалося пазбегнуць – найперш дзякуючы Адаму Восіпавічу Мальдзісу, які, выпраўляючыся ў Зэльву з адказнай місіяй, змог заручыцца падтрымкай у высокіх інстанцыях. Але, відаць, і дасведчанаму Мальдзісу не прыходзіла ў галаву, што адзін з самых каштоўных рукапісаў Ларысы Геніюш улетку 1982-га, пад покрывам ночы, ужо вынес з Зэльвы археолаг Міхась Чарняўскі.

Шкада, што тады ж, яшчэ задоўга да ўсіх перабудоваў і галоснасцяў, ён не пераправіў “Споведзь” на Захад. Сусветны рэзананс на той час ёй быў гарантаваны. І варыянт замежнай публікацыі разглядаўся – з усяго рукапісу былі нават зробленыя фотакопіі. Не сталася, не адбылося. “Споведзь” прыйшла да чытача толькі ў 1990-м, калі былы выгнаннік і дысідэнт Аляксандр Салжаніцын за свой “Архіпелаг Гулаг” ужо атрымліваў Дзяржаўную прэмію Расіі…

І ўсё ж той красавіцкі дзень павінен застацца ў аналах айчыннай архівістыкі. Сем мяхоў геніюшаўскага архіва, літаральна вырваныя з рук зэльвенскіх чыноўнікаў, правезеныя праз лясны міліцэскі заслон, былі ўрэшце дастаўленыя ў Акадэмічную бібліятэку. У яе прытульных сценах некалькім пакаленням геніюшазнаўцаў праца забяспечаная.

О, гэтае ні з чым незраўнанае, трапяткое пачуццё, калі ты развязваеш тасёмкі чарговай архіўнай справы, адкладаеш убок чысты ліст карыстальніка (твой подпіс на ім будзе першым) і… Што цябе чакае? Якія знаходкі падаруе табе архіўная сховань гэтым разам? Унікальны дакумент, рэдкі фотаздымак, невядомы твор?

У гэтым двухтомніку 72 вершы друкуюцца ўпершыню. Безумоўна, тое надае вагі першаму збору твораў Ларысы Геніюш. А колькі тамоў будзе ў яе будучым Поўным зборы твораў – можна прадказваць толькі прыблізна. Пяць, дзесяць, пятнаццаць?.. Спадчына Ларысы Геніюш – як калодзеж: на паверхні толькі некалькі цыбравінаў, астатнія – на глыбіні. І чым глыбей зачэрпнеш, тым чысцейшае і смачнейшае пітво…

Ганаруся вашай залатой паэтычнай жылачкай,” – пісаў у 1967 годзе Ларысе Геніюш літаратурны кансультант “Гродзенскай праўды” Васіль Быкаў, чыя сусветная слава яшчэ толькі замігцела на даляглядзе. Ён ужо тады беспамылкова адчуў тую глыбінную, прыхаваную жылу, якая калісьці выбухне неастылым за дзесяцігоддзі гейзерам паэзіі. Час гэты прыйшоў. І час гэты будзе працягвацца доўга.

Сапраўдны талент – ён заўсёды шчодры. Пушкін падараваў Гогалю ідэю “Рэвізора” і “Мёртвых душаў”. Дзевяць з дваццаці трох строфаў верша Адама Міцкевіча “Паніч і дзяўчына” напісаныя (ананімна) ягоным сябрам Антоніем Адынцом. Ларыса Геніюш падказала Караткевічу сюжэт апавядання “Сіняя-сіняя”. Пра што ўдзячны Уладзімір Сымонавіч па-сыноўску сардэчна згадваў у адным са сваіх лістоў у Зэльву.

Што да эпісталярнай спадчыны самой Ларысы Геніюш, то яна здзіўляе і колькасна, і якасна. У гісторыі сусветнай літаратуры я не ведаю другога такога пісьменніка, які гэтак жа шчодра выдаткоўваў бы свае душэўныя сілы ў эпісталярным жанры, як тое рабіла Ларыса Антонаўна. Ёю напісаныя тысячы лістоў сябрам па ўсім свеце.