42389.fb2 Санэты - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 24

Санэты - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 24

22

Не давядзе мне люстра, што стары я,

Пакуль тваё юнацтва не міне.

Калі цябе час зморшчкамі ускрые,

Тады скажу: «Пара памерці мне!»

Краса твая мне апранае сэрца,

Яно жыве ў тваіх грудзях даўно.

І кожнае з падвойнай сілай б'ецца,

Яны хоць паасобна — як адно.

Мая любоў! Так многа ў свеце злога,

Высцерагайся ж пільна ты бяды!

Як маці сына пестуе малога,

Цябе я буду даглядаць заўжды.

Два сэрцы нашы маюць лёс адзіны:

Жыццё і смерць іх да адной хвіліны.