Як пройдзе сорак зім па-над табой,
Чало збароздзяць, быццам поле плугам,
Згадае хто убор квяцісты твой,
Пабачыўшы старэцкую дзяругу?
На запытанне: «Дзе ўся прыгажосць,
Дзе скарбы дзён юнацтва залатога?» —
Пакажаш, што ў запаўшых вочах ёсць?
Красы ў іх мала, але здзеку многа!
Наколькі прыгажэй сказаць бы так:
«Усё найлепшае маё у сыне!
Яго прыняў, як спадчыну, юнак,
Мяне яна таксама не пакіне».
Калі пачне у жылах стынуць кроў,
Яна праз сына запалае зноў.