42389.fb2
Якой красой, прывабнасцю якой
Ад воч людскіх грахі твае схаваны!
Ды, як на ружы плямачкі пад тлёй,
І на табе застаўся след заганы.
Маўчаць не змусіш ты людскі язык,
Ён так змяшае праўду і няпраўду,
Што, як, здаецца б, грэх ні быў вялік,
Хвалой табе адразу загучаў бы.
Які даеш палац дзівосны ты
Для той спакуснай і распуснай змусты!
Пад засенню цудоўнай пекнаты
Становіцца прывабнаю распуста.
Ды не забудзься, што іржа, на жаль,
З людской нядбайнасці, знішчае сталь.