44617.fb2 Аліса ў Цудакуце - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 11

Аліса ў Цудакуце - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 11

- Штось падобнае чула,- казала Аліса.

- Калі ведаеш працяг,- казаў Капялюшнік,- дапамагай:

“Па-над Светам ты лятаеш,

Нібы імбрык з небакраю.

Кажаночак мой мігці...”

Тут Соня схамянулася і пачала спяваць у сне:

- Мігці, мігці, мігці, мігці...

І спявала так доўга, што яе вымушаны былі штурхнуць.

- Толькі я скончыў першы куплет,- працягваў Капялюшнік,- як Каралева ўскочыла і заенчыла: “Ён забівае наш час! Адсячы яму галаву!”

- Якая дзікасць! - усклікнула Аліса.

- І вось з гэтага моманту,- жаласліва працягваў Капялюшнік,- ЁН нас кінуў! І ў нас заўсёды а шостай вечара!

- Час піць гарбату!- здагадалася Аліса.- Дык вось чаму ў вас так многа посуду?

- Так,- сказаў уздыхаючы Капялюшнік,- мы заўжды п’ем гарбату, мы нават не маем часу памыць посуд.

- І вы папросту рухаецеся па коле. Так?- спытала Аліса.

- Зразумела,- адказаў Капялюшнік.

- А што будзе, калі вы пройдзеце ўвесь стол?- рызыкнула спытаць Аліса.

- Набудзем новы посуд,- абарваў іх размову Сакавіцкі Заяц і пазяхнуў.- Вы мяне стамілі. Хай цяпер юная ледзі нам штось раскажа.

- Я нават не ведаю аб чым,- адказала Аліса, спалоханая гэткай прапановай..

- Ну, хай тады расказвае Соня,- Заяц і Капялюшнік закрычалі.- Прачынайся, Соня!

І яны сціснулі яе з абодвух бакоў. Мыш-Соня павольна расплюшчыла вочы.

- Я не сплю,- сказала яна сіплым слабым голасам,- я чула кожнае ваша слова.

- Раскажы нам якуюсь гісторыю,- запатрабаваў Заяц.

- Так, калі ласка!- узмалілася Аліса.

- Толькі хутчэй,- дадаў Капялюшнік,- ці заснеш раней, чым скончыш.

- Жылі сабе тры сястрычкі,- шпарка пачала Соня,- якіх клікалі Элсі, Лэйсі і Цілі. І жылі яны на дне глыбокага калодзежа...

- А чым яны там сілкаваліся?- спыталася Аліса, якую заўжды цікавілі пытанні аб разнастанай ежы і пітве.

- Яны спажывалі патаку,- адказала Соня падумаўшы хвіліну-другую.

- Калі б яны спажывалі толькі патаку,- мякка заўважыла Аліса,- яны б хутка захварэлі.

- А яны і захварэлі,- адказала Соня,- і ДАВОЛІ моцна.

Аліса паспрабавала ўявіць падобны дзіўны лад жыцця, але ж заблыталася яшчэ горш, таму працягнула:

- А чаму яны жылі на дне калодзежа?

- Ці хочаш яшчэ гарбаты?- заботліва спытаўся ў Алісы Заяц.

- Я пакуль анічога не піла,- пакрыўджана адказала дзяўчынка,- таму не магу спажыць ЯШЧЭ.

- Ты пэўна хацела казаць, што не можаш узяць МЕНЕЙ,- заўважыў Капялюшнік,- таму што ўзяць БОЛЬШ, чым анічога, значна лягчэй.

- А ў вас ніхто і не пытаўся,- сказала Аліса.

- А хто цяпер робіць заўвагі!- трыўмфуючы заўважыў Капялюшнік.

Аліса нават не знайшла, што адказаць, таму самастойна наліла сабе гарбаты і зрабіла бутэрброд, а потым зноў накіравала Соне сваё пытанне:

- Чаму яны жылі на дне калодзежа?

Соня зноў думала хвіліну ці дзве, а потым адказала:

- Таму што гэта быў патачны калодзеж.

- Няма такіх,- пачала Аліса абурана, але Капялюшнік і Заяц пачалі на яе шыкаць, а пакрыўджаная Соня заўважыла:

- Калі ты такая разумная, можа скончыш гісторыю сама?

- Ёечкі, не! Калі ласка, працягвайце,- пакорліва прамовіла Аліса,- Я болей не буду вас перарываць. Можа дзесці адзін ёсць.

- Зразумела ж, толькі адзін,- злосна сказала Соня, але згадзілася працягваць.- Дык вось, гэтыя тры сястрычкі вывучалі...

- Вывучалі што?- спытала Аліса, забыўшы пра свае абяцанні.

- Патаку,- нават не падумаўшы адказала Соня.

- Мне патрэбна чыстая чашка,- перарваў размову Капялюшнік,- рухаемся на адно месца.

Ён сеў на новае месца, Соня села на яго папярэдняе, Заяц на месца Соні, а Аліса на тое, дзе толькі што сядзеў Заяц. Капялюшнік адзіны,хто атрымаў ад гэтага выгоду, а Алісе было горш за ўсіх, бо Заяц, толькі што кінуў у талерку малочнік.

Аліса не жадаючы больш пакрыўдзіць Соню, асцярожна спыталася:

- Прабачце, я не надта зразумела. Дзе яны бралі патаку?