44617.fb2
Калі Аліса наблізілася, усе трое звярнуліся да яе, каб уладзіць спрэчку. Кожны паўтарыў свае аргументы, але паколькі гаварылі яны адначасова, ёй было цяжка, штосьці зразумець.
Кат сцвяржаў, што не можа секчы галаву, калі няма цела, ён ніколі не рабіў гэта ў маладосці і не збіраецца пачынаць у сталым узросце.
Аргумент Караля быў такім, калі маецца галава, яе можна адсячы, і ён не збіраецца надалей слухаць лухту кáта.
Каралева ж сказала, што, калі яны зараз жа не разбяруцца, што рабіць з Катом, яна ўкатуе ўсіх. (Гэтая заўвага і прымусіла прысутных занепакоіцца.)
Аліса нават не ведала, што і адказаць:
- Ён належыць Герцагіне. Спытайце ў ЯЕ.
- Яна ў турме,- сказала Каралева кáту,- прывядзі яе!
Кат, збег з хуткасцю стралы. А галава Ката ў той жа момант пачала знікаць. Таму Кароль з катам доўга бегалі па наваколлі ў яго пошуках. А астатнія вярнуліся да гульні.
- Ты нават не ўяўляеш, як я рада цябе зноў убачыць, любасенькая,- сказала Герцагіня, далікатна ўзяшы Алісу за руку, каб пайсці разам.
Дзяўчынка была вельмі ўражаная, калі ўбачыла яе ў гэткім настроі і вырашыла, што гэта перац рабіў Герцагиню шалёнай.
- Калі Я буду герцагіняй,- вырашыла яна (не вельмі на гэта спадзеючыся, але...),- я ўвогуле забараню гатаваць штось з перцам. Суп і без яго надта смачны... Можа і ўсамрэч гэта перац прымушае людзей гарачыцца,- працягнула Аліса, задаволеная сваёй знаходкай новага правіла,- кіслы воцат робіць іх кіслатварымі, горкія лекі - гаротнымі, а разнастайныя слодычы - добрымі і любымі. Шкада, што людзі гэтага не ведаюць і моцна пакутуюць.
Яна ўжо паспела забыцца на Герцагіню, таму крыху збянтэжылася, пачуўшы яе голас ля вуха:
- Аб чым ты задумалася, любасенькая,- раптам сказала Герцагіня.- Не магу прыпомніць, якая тут мараль, але прыпомніўшы абавязкова скажу.
- А ці абавязкова павінна быць мараль?- рызыкнула спытаць дзяўчынка.
- А, дзіцятка ж ты маё любае,- прамовіла Герцагіня.- Мараль ёсць паўсюль. Трэба яе толькі адшукаць.
І прамовіўшы гэта, моцна прытулілася да Алісы.
Ёй гэта вельмі не спадабалася: па-першае, Герцагіня была надта брыдкай, па-другое, - яна была высокага росту і таму уперлася сваім падбароддзем у Алісіна плячо, а падбароддзе ў яе было ваструшчае. Але паколькі Аліса была далікатнай дзяўчынкай, яна цярпела, як магла.
- Во! Нарэшце, гульня пайшла лепей,- прамовіла яна, каб крыху падтрымаць размову.
- І я аб тым жа,- знайшлася Герцагіня,- і вось мараль: “Мая любоў, ты рухаеш зямлю!”
- Хтосьці казаў,- прашапатала Аліса,- што зямля рухаецца хутчэй, калі кожны займаецца толькі сваімі справамі.
- Выдатна! Гэта амаль тое самае,- сказала кабета і мацней уперлася падбароддзм у плячо Алісы, і вось мараль: “Сачы за сэнсам, а словы падбяруцца самі!”
“Як жа ж яна любіць знаходзіць паўсюль малаль!”- вырашыла Аліса.
- Мне здаецца, ты пытаешся ў сябе, чаму я не абдымаю цябе за талію,- заўважыла Герцагіня пасля паўзы,- справа ў характары твайго фламінгі. Ці можа паэксперэментаваць?
- Асцярожна, ён кусаецца,- асцерагла Аліса, не рашыўшыся паспрабаваць.
- Сапраўды,- сказала Герцагіня,- фламінгі кусаюцца мацней за гарчыцу. І вось мараль: “Хто мае пер’е, той трымаецца разам!”
- Але ж гарчыца не мае пер’я, яна ўвогуле не птушка,- заўважыла Аліса.
- Так! Канечне!- адказала Герцагіня.- Якое ж ты разумнае дзіця!
- Думаю, яна мінерал,- сказала Аліса.
- Зразумела!- сказала кабета, якая гатова была згадзіцца з усім, што б не сказала Аліса.- З яго робяць гарчычныя міны. І вось мараль: “Няма таго, што прамінула!”
- Вой, я ведаю!- усклікнула Аліса, не звярнуўшы на словы Герцагіні аніякай увагі.- Гарчыца - гэта гародніна. Не надта падобная, але...
- Поўнасцю з табою згодна,- сказала Герцагіня,- і вось мараль: “Будзь тым, кім з’яўляешся”, ці калі казаць прасцей: “Ніколі не ўяўляй сябе інакш, чым ты здаешся іншым, каб іншыя не палічылі, што ты не тая, хто ты ёсць, альбо можаш быць.”
- Я думаю, што зразумела б гэта лепш,- ветліва прамовіла Аліса,- калі б вы мне гэта запісалі, таму што мне цяжка сачыць за вашай думкай.
- А ўяўляеш сабе, што было б, калі я падумала больш,- задаволена адказала Герцагіня.
- Толькі прашу, не трэба болей непакоіцца аб маім лепшым уразуменні,- прамовіла Аліса.
- Ну што ты, дзіцятка,- сказала тая,- я са задавальненнем, працягну цябе навучаць, гэта мой табе падарунак.
“Барані Божа, ад гэткіх падарункаў,- падумала Аліса.- Добра, што падобнага не дораць на Дзень Нараджэння!”- але не рызыкнула сказаць гэта ўголас.
- Зноў задумалася?- запыталася Герцагіня, мацней упяраючыся падбароддзем у плячо дзяўчынкі.
- Я маю на гэта права,- рэзка адказала Аліса, якая ўжо пакрысе пачала злавацца..
- Канечне, Вялікае Права,-сказала Герцагіня,- бо нават свінні маюць права лятаць, і вось мар...
Аліса моцна здзівілася, але голас Герцагіні раптам змоўк, яшчэ на пачатку слова “мараль” а рука, якой яна трымала Алісу, пачала дрыжаць. Перад імі стаяла Каралева, скрыжаваўшы на грудзях рукі, з даволі грымотападобным выглядам.
- Цудоўны дзень, Ваша Вялікасць,- ціхім слабым галаском прамовіла Герцагіня.
- Прапаную выбар,- крыкнула Каралева, стукаючы нагой аб зямлю,- альбо знікаеш ты, альбо твая галава!
Герцагіня зрабіла выбар імгненна.
- Пойдзем гуляць далей,- сказала Каралева Алісе, а тая была настолькі напалохана, што не магла вымавіць ані слова, але павольна паплялася на пляцоўку для кракету.
Тым часам іншыя госці карысталіся адсутнасцю Каралевы і адпачывалі ў цяньку, але ж ледзь убачыўшы яе надыход, вярнуліся да гульні, бо малейшая затрымка каштавала б ім жыцця.
Пакуль ішла гульня, Каралева не пераставала спрачацца з іншымі гульцамі і час ад часу крычаць: “Адсячы яму галаву!”, альбо “Адсячы ёй галаву!” Асуджаных адразу ж арыштоўвалі салдаты, дзеля чаго кідалі быць варотамі, і праз поўгадзіны на полі не засталося аніводага варотца, бо ўсе, акрамя Караля, Каралевы ды Алісы, былі пад прысудам.
Тут запыханая ўшчэнт Каралева спытала ў Алісы:
- А ты бачыла калі-небудзь Фальшывага Чарапаху?
- Не,- прызналася Аліса.- Я нават не ведаю, як гэтая істота выглядае.