44617.fb2
“Дашлю іх поштаю,- вырашыла Аліса,- пэўна гэта будзе вельмі цікава, рабіць падарункі ўласным нагам! А як дзіўна будзе выглядаць адрас!
АЛІСІНАЙ ПРАВАЙ НАЗЕ.
ДЫВАНОК
ЛЯ КАМІНА,
(З ЛЮБОЎЮ АД АЛІСЫ).
Ратуйце! Якую ж лухцень я нясу!”
І ў тое ж імгненне яе галава дзюбнулася аб столь: цяпер яе рост быў каля трох метраў, і яна з лёгкасцю ўзяла залаты ключык і паспяшалася да дзверак ў жаданы садочак.
Бедная Аліса! Цяпер на сад яна магла паглядзець толькі адным вокам, і тое, дзеля гэтага ёй прыйшлося легчы на падлогу. Цяпер яе мара была яшчэ далей, чым колісь. Яна села і зноў пачала плакаць.
“Ай-яй-яй-яй-яй! Табе павінна быць сорамна,- сказала сабе Аліса,- ты ж ужо вялікая дзяўчынка!”
(І яна насамрэч стала даволі ВЯЛІКАЙ!)
“А плачаш, як немаўлятка горкае! Зараз жа супыніся, я каму кажу!”
Але ўсё роўна працягвала плакаць рэкамі слёз, так што хуценька на падлозе ля яе стварыўся не благі вадаём, сантыметраў дзесяць глыбінёй, які разліўся на палову залы.
Праз колькі часу яна пачула грукатанне чыіхсьці ножак і хуценька выцерла вочы, каб бачыць, хто ідзе. Гэта вяртаўся Белы Трус, бліскуча апрануты, з параю белых пальчатачак і велізарным веерам у лапах. Ён бег, не разбіраючы дарогі, мармычучы сабе пад нос:
“Вой! Герцагіня, герцагіня! Божачкі! Як жа ж яна раззлуецца, калі я прымушу сябе чакаць!”
Аліса была ў такім адчаі, што магла прасіць дапамогі ў каго заўгодна. І калі Трус наблізіўся, яна прамовіла ціхім, пакорлівым голасам:
“Прабачце, калі ласка, сэр!”
Трус войкнуў і прыпусціўся кудысьці ў цямрэчу так хутка, як толькі мог, кінуўшы веер з пальчаткамі.
Аліса падняла іх і, паколькі ў зале было надта спякотна, яна пачала імі абмахвацца, працягваючы размову:
“Ёй-ёё-ёёй! Наколькі ж сёння ўсё дзіўна! А яшчэ ўчора ўсё было такім звычайным!
Немагчыма, каб я так змянілася за ноч? Так! Трэба паразважаць? Ці была я сама сабою сёння з раніцы? Думаю, ўсё ж я была крышачку іншай. Але, калі я гэта не Я, то на каго я ператварылася? Вось ужо загадка, дык загадка!”
І яна пачала прыпамінаць ўсіх дзяўчаткаў свайго ўзросту, якіх ведала, ці не магла яна ператварыцца на кагось з іх.
“Ну ўжо ніяк не Ада,- вырашыла яна,- ў яе такія цудоўныя кучэркі, а мае воласы звычайныя, прамыя. І не ў якім выпадку не Мэйбл, таму што я ведаю столькі ўсяго, а яна амаль нічога! Да таго ж ЯНА - гэта яна, а Я гэта - я, і - барані, Божа - як ўсё гэта складана! О! Каб быць упэўненай - праверу свае веды. Пачнем: 4х5=12, 4х6=13, 4х7. Матулечка даражэнькая! Я так ніколі не дабяруся да дваццаці! Ну, табліцца множання не самае галоўнае. А што з геаграфіяй? Лондан - сталіца Парыжу, а Парыж - сталіца Рыму, а Рым - ой, не, зусім не тое! Пэўна ўсё ж такі я - Мэйбл! Паспрабую прачытаць вершык аб “Працавітай пчолцы”. І Аліса, быццам на ўроку, артыстычна склаўшы рукі, пачала чытаць, але нечакана яе галасок зрабіўся хрыплым і дзіўным, тое ж самае адбылося са словамі знаёмага з маленства вершыка:
“Не! Гэта зусім не верныя словы,- сказала бедная Аліса, і яе вочкі зноў запўніліся слязьмі,- Я насамрэч ператварылася на Мэйбл і цяпер павінна жыць у яе старой маленькай хатцы, дзе нават няма аніводнай цацкі ды... толькі і рабіць, што вучыцца! Не! Не хачу, калі я ў самрэч зрабілася Мэйбл, я застануся жыць тут! І няхай хто заўгодна спускаецца да мяне і кліча: "Хадзі да нас, сонейка!" А я адкажу: "Не пайду, пакуль не адкажыце, хто Я? І калі мне спадабаецца ваш адказ, выйду. Інакш я застануся тут, пакуль зноўку не зраблюся сабой!" – але, Аёйку!- яшчэ горш пачала плакаць Аліса,- Як жа я ХАЧУ, каб за мною прыйшлі! Я ВЕЛЬМІ стомлена сваёй самотай!”
Раптам Аліса зірнула на свае рукі і са здзіўленнем убачыла, што апранула адну з пальчатачак Труса.
“Як у мяне гэта атрымалася,- падумала яна,- Няўжо я зноўку змяншаюся?”
Яна падыйшла да століка, каб вымерыць свой рост. Ён быў не болей за 60 сантыметраў, і працягваў хутка змяншацца. Аліса здагадалася, што ў гэтым вінаваты веер, якім яна працягвала абмахвацца. Як мага хутчэй Аліса адкінула яго ад сябе.
“Толькі па шчасці я пазбегла канчатковага знікнення!- з палёгкаю вырашыла Аліса, яе напалохаў гэткі лёс, і яна была задаволена тым, што яшчэ існуе,- А цяпер у садок!”
І яна шпарка пабегла да запаветных дзверак, але яны зноў былі зачыненыя, а маленькі залаты ключык, так і застаўся ляжаць і дражніцца праз шкло стала.
“Ну вось, стала яшчэ горш за мінулы раз,- падумала беднае дзіцяці,- я яшчэ ніколі не была такой маленечкай, як зараз! І гэта ўжо занадта!”
Калі яна гэта вымавіла, яе нага нечакана паслізнулася, і ў наступны момант, плюх, Аліса па падбароддзе апынулася ў салёнай вадзе. Першай ў галаву прыйшла думка, што яна патрапіла ў мора.
“Вярнуся да дому па чыгунцы”,- вырашыла яна. (Аліса аднойчы ўжо была на моры і была ўпэўненная, што яно паўсюль такое ж, як ў Англіі. Спачатку кабінкі дзеля купання, потым маленькія дзеткі з драўлянымі рыдлёвачкамі гуляючыя ў пяску, нумары для адпачынку і напрыканцы чыгуначная станцыя.) Але хутка яна здагадалася, што плавае ва ўласных слязах, якія наплакала, калі была вышынёй у тры метры.
“І чаму ж я так шмат плакала,- дакарала сябе Аліса, пытаючыся дасягнуць берага,- Вось мне будзе кара, калі я патану ва ўласных слязах! Як гэта дзіўна! Хаця сёння ўсё навокал дзіўна.”
Раптам яна пачула нейкі пляск недалёка. І яна паплыла бліжэй, паглядзець на таго, хто быў прычынай гэткага пляску. Спачатку Аліса вырашыла, што пэўна гэта морж, альбо гіпапатам; але яна забылася наколькі маленькаю цяпер была, а велізарным зверам была звычайная мыш.
“Лепей ужо мыш, чым нікога,- вырашыла Аліса,- а што, калі папытацца з ёй паразмаўляць? Я ўпэўнена, што ў такім месцы яна проста абавязана ўмець размаўляць, а калі не, якая шкода будзе з таго, што я паспрабую.”
І яна пачала:
“О, Мыш, ці не падкажыце, як мне выбрацца на бераг? Я так стамілася ад гэтага бясконцага плавання!”
(Аліса вырашыла, што гэта найлепшы спосаб пачаць размову з незнаёмаю мышшу. Яна канечне ніколі гэтага ранней не рабіла, але раптам прыпомніла правілы, якія яна падгледзела ў старэйшага брата ў падручніку па Лацінскай Граматыцы: “Мыш - Мышы - да Мышы - з Мышшу - О, Мыш!”). Мыш толькі паглядзела ў яе бок, і Алісе нават паказалася, што Мыш ёй падміргнула, але размову не пачала.
“Можа яна не разумее па-ангельску?- падумала Аліса.- Раптам гэта французкая мыш, якая прыплыла сюды з Вільгельмам Заваявальнікам.”
(Аліса не вельмі добра ведала гісторыю і не ўяўляла, калі гэта было.) І яна зноў паспрабавала загаварыць:
“Où est ma chatte?” (Дзе мая котка?)
(Гэта было першым сказам ў яе падручніку па французкай мове.)
Мыш ажно выскачыла з вады і пачала дрыжэць ад жаху.
“Ай, прабачце, калі ласка, - хуценька крыкнула Аліса, бо занепакоілася, што вельмі пакрыўдзіла бедную жывёлінку.- Я зусім забылася, што вы не любіце катоў!”
“Не люблю катоў!- выгукнула Мыш, высокім апантаным голасам.- А ТЫ любіла б іх на маім месцы?!”
“Хутчэй не!- адказала Аліса супакойваючым голасам.- Толькі не злуйцеся, калі ласка. Але мне шкада, што я не магу пазнаёміць вас з маёю кошкаю Дзінай. Думаю, вы б змянілі тады свае адносіны да катоў. Яна такая ціхая і ласкавая!- Аліса працягвала, з большага дзеля сябе, павольна плаваючы па вадзе?- А як яна мурмоча, калі сядзіць ля агню і вылізвае свае лапы і мысачку! А якая ж яна мяккая! І як яна цудоўна ловіць мы... Аёй! Я прашу прабачэння,- зноў закрычала Аліса, бо ўбачыла што Мыш натапырылася ад носа да хваста. Яна смяротна пакрыўдзілася,- я даю слова, што болей не буду аб ёй размаўляць!”
“Даеш слова!- енчыла Мыш, якая дрыжэла ўсім целам.- Як ты ўвогуле магла пачаць са мной гэткую размову! Нашая сям'я заўжды НЕНАВІДЗЕЛА катоў: брыдкіх, нізкіх, вульгарных істотаў! Я нават слова гэтага не жадаю чуць!”
“Добра, добра, добра!- сказала Аліса, вырашыўшы, як мага хутчэй змяніць тэму.- А якія вашы адносіны да сабак?”
Мыш не адказала, і Аліса шпарка працягнула:
“У нашых суседзяў жыве такі цудоўны маленькі сабачка! Маленькі яснавокі тэр’ерчык, у яго такая доўгая кудзерыстая поўсць! Як ён спрытна прыносіць палку, калі яе кінуць, а потым будзе сядзець і чакаць пачастунка, а яшчэ ён такі разумненькі і так шмат чаго ўмее... Я і то так бы не змагла... Ён належыць аднаму фермеру, і па ягоных словах, каштуе вялікую колькасць грошаў! А яшчэ ён ва ўсім наваколлі перабіў усіх пацукоў і... Ай, Людцы!- згоршана крыкнула Аліса, - Я зноў вас пакрыўдзіла!”