44617.fb2 Аліса ў Цудакуце - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 20

Аліса ў Цудакуце - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 20

У гэты момант Кароль, які на працягу якога часу штосьці старанна запісваў у свой блакнот, усклікнуў:

- Цішыня!- і прачытаў у голас.- Правіла нумар сорак два: “ГРАМАДЗЯНЕ, ШТО МАЮЦЬ БОЛЬШ ЗА ПАЎТАРЫ КІЛАМЕТРЫ РОСТУ, ПАВІННЫ ПАКІНУЦЬ ЗАЛУ СУДА!”

Тут усе, як адзін паглядзелі на Алісу.

- МОЙ рост не паўтары кіламетры,- пакрыўдзілася яна.

- Няўжо?!- сказаў Кароль.

- Не менш за тры кіламетры!- заўважыла Каралева.

- Нікуды я не пайду,- адказала дзяўчынка.- тым больш, гэта не сапраўднае правіла, вы яго толькі што выдумалі.

- Ты памыляешся, гэта самае старое правіла ў маім блакноце,- адказаў Кароль.

- Тады яно павінна быць Нумарам Першым,- заўважыла Аліса.

Кароль узбляднеў і хутка закрыў блакнот.

- Які ваш вярдзікт?- спытаўся ён у журы ціхім дрыжачым голасам.

- Яшчэ хвілінку, Ваша Вялікасць, толькі што было атрымана ячшэ адно сведчанне,- сказаў Белы Трус, падпрыгваючы ад мітусення,- гэта ліст, які мы знайшлі хвіліну таму!

- І што там?- спыталася Каралева.

- Я пакуль не чытаў,- адказаў Трус,- але падазраю, што яго аўтар – наш арыштаваны, які адрэсаваў яго... камусьці.

- Зразумела камусьці,- заўважыў Кароль,- было б неверагодна, каб яно было адрэсавана анікому.

- А каму яно было накіравана?- спытаўся хтосьці з прысяжных.

- Яно не было адпраўлена,- адказаў Трус,- і звонку анічога не было напісана.- Тым часам ён раскрыў ліст і дадаў.- Гэта нават не ліст, гэта вершы!

- Почырк абвінавачанага?- працягвалі з лаўкі прысяжных.

- Не,- заўважыў Трус,- і гэта даволі дзіўна. (Прысяжныя ў разгубленасці азірнуліся адзін на аднаго.)

- Ён папросту змяніў почырк,- сказаў Кароль. (Прысяжныя зноў супакоіліся.)

- Калі ласка, Ваша Вялікасць,- заўважыў Валет.- Я анічога не пісаў і ніхто не дакажа адваротнае. Тут нават няма майго подпісу напрыканцы.

- Калі няма подпісу,- адказаў Кароль,- гэта толькі ўскладняе справу. Калі б ты не ЗАДУМВАЎ шкоды, ты б падпісаўся, як усе шляхетныя асобы.

Зала пачала апладзіраваць - гэта была першая разумная рэч, якую Кароль сёння сказаў.

- Гэта ДОКАЗ яго віны,- казала Каралева.

- Гэта нічога не даказвае,- не згадзілася дзяўчынка.- Вы нават не ведаеце, аб чым ідзе гаворка!

- Чытай,- загадаў Кароль.

Белы Трус начапіў акуляры.

- Адкуль пачынаць, Ваша Вялікасць?- спытаў ён.

- Лепш за ўсё з пачатку,- з сур’ёзным тварам заявіў Кароль,- і не спыняйся, пакуль не дачытаеш да апошняй кропкі.

Трус зрабіў надхненную мыску і прачытаў наступнае:

“Я ведаю, што пра мянеВы размаўлялі з ім:Што цалкам добры я, алеНе плаваю зусім.Ён загадаў, яна не йшла.(Мы гэта чулі з вамі):А калі б рызыка была,Што б вы зрабілі, пані?Я даў адзін, яны жа два,Трыма вы адзялілі.І ўсе вярнуліся да вас,Хаця былі маімі.Каб далучыцца мы магліДа цяжкай справы гэтай,Мы б самі вам іх аддалі,Як ён зрабіў дагэтуль.Я ведаю, вы справы ўсеУладкавалі самі,І потым шчэ мяжу ўзвялі Між мною, ім і вамі.І я лічу, што ён даўноІх надта ўпадабаў.А паміж намі што было,Ў сакрэце захаваў.”

- Гэта самае лепшае сведчанне, якое мы сёння чулі,- сказаў Кароль, паціраючы рукі ад задавальнення,- слова прысяжным.

- Можа хто-небудзь з іх паспрабуе растлумачыць мне гэты верш? - заявіла Аліса (за час чытання яна настолькі вырасла, што ужо нічога не баялася) - Я дам шэсць пенсаў таму хто, знойдзе тут хаця б кроплю сэнсу.

Прысяжныя адразу ж запісалі на сваех дошках: “ЯНА не можа знайсці тут кроплю”, але аніводзін не паспрабаваў растлумачыць ліст.

- Калі б тут не было сэнсу,- адказаў кароль,- было б значна лепей, бо не прыйшлося б яго шукаць. Але,- працягваў ён, раскладваючы ліст на каленях і паглядаючы на яго адным вокам,- я паспрабую сёе-тое падтлумачыць. Напрыклад: “...НЕ ПЛАВАЮ ЗУСІМ...” Ты, наколькі мне вядома, плавць не ўмееш?- запытаўся ён у Валета.

Валет маркотна пахістаў галавою:

- Ані.- адказаў ён. (І гэта было чыстай праўдай, бо як і іншыя, ён быў зроблены з картону.)

- Ну вось бачыш,- сказаў Кароль Алісе і працягнуў мармытаць сабе пад нос: “... МЫ ГЭТА ЧУЛІ З ВАМІ...” - гэта хутчэй за ўсё аб прысяжных... “...Я ДАЎ АДЗІН, ЯНЫ ЖА ДВА...” - хтось сумняваецца, што маюцца на ўвазе ватрушкі?

- Але ж ёсць працяг: “...І ЎСЕ ВЯРНУЛІСЯ ДА ВАС...”- заўважыла Аліса.

- А хіба ж не?!- трыўмфуючы адказаў Кароль, крутнуўшы галавой у бок талеркі з ватрушкамі, якая стаяла на стале.- ГЭТА і так зразумела. А вось далей... “... УЛАДКАВАЛІ САМІ...” я не зразумеў, ты калі-небудзь, штось ладкавала, даражэнькая?- спытаўся ён у Каралевы.

- Не! Навошта мне яшчэ і АЛАДКАваць, калі маюцца ватрушкі,- раптоўна раззлаваўшыся адказала Каралева і кінула ў галаву яшчарцы Білу чарніліцай. (Небарака даўно кінуў пісаць на дошцы голым пальцам, паколькі высветліў, што карысці з гэтага замала; але паспрабаваўшы кунаць яго ў чарніла, якія цяклі па яго твару, працягнуў сваю працу.)

- ЛАДЫ, далей сэнс губляецца,- сказаў Кароль, азірнуўшыся вакол з усмешкаю на твары. Наступіла мёртвая цішыня.

- Гэта быў жарт,- пакрыўджана заўважыў ён, і толькі тады ўсе засмяяліся.- Прысяжныя, вынасіце ваш вярдзікт,- чарговы (пэўна ўжо дванаццаты за час суда) раз пачуўся каралеўскі загад.

- Не! Не! НЕ!- казала Каралева.- Спачатку прысуд, а потым ўжо вярдзікт.

- Поўная лухта,- моцным голасам заявіла Аліса.- Судзіць не знайшоўшы віны...

- Змоўкні!- вар’яцеючы рыкнула Каралева.

- Не хачу!- сказала дзяўчынка.

- Адсячыце ёй галаву!- завішчала Каралева, але ніхто не варухнуўся.

- Хто вы такія, каб вас баяцца,- заявіла Аліса, (вярнуўшаяся да свайго натуральнага росту.)- Звычайная картачная калода!

У гэты момант уся калода ўзляцела у паветра і пачала кружыцца ля Алісінай галавы: яна ўскрыкнула, ці то са страху, ці то з гневу і пачала махаць рукамі, каб ад іх адбіцца. Пакуль раптам не зразумела, што ляжыць на схіле, паклаўшы галаву на сястрынскія калені і адбіваецца ад сухога лісця, якое падае на яе твар з паркавых дрэў.

- Аліса. Прачынайся, сонейка маё,- ласкава сказала сястра.- Ты ўжо даволі доўга спіш!