44617.fb2
- Маеш рацыю, твой сон сапраўды самы дзівосны з таго, што я чула. А цяпер бяжы дамоў па гарбату. Хуценька, хуценька!
Аліса паднялася на ногі і паспяшалася да дому, разважаючы па дарозе, якія ж дзівосы можна прысніць.
А яе сястра тым часам сядзела і не варушылася, паклаўшы галаву на руку і назіраючы за заходам сонца. Яе думкі былі аб маленькай Алісе і яе дзівосным сне, раптам яна напалову акунулася ў мроі малодшай сястры:
Яна зноў убачыла Алісу, якая абхапіла невялічкімі рукамі яе калені, якая пазірала на яе бліскучымі чакаючымі вачыма... Яна магла чуць голас малой, бачыць, як яна хіснула галавой, каб прыбраць непаслухмяны кудзерчык... Яна ўбачыла і пачула (ці ёй гэта толькі здалося), як ўся прастора вакол яе напоўнілася цудоўнымі істотамі з Алісінага сну.
Доўгай травой ля яе ног прашамацеў Белы Трус... Напалоханая Мыш запляскалася ў возеры... Вось яна пачула звон кубкаў, з якіх сваіх сяброў паіў гарбатай Сакавіцкі Заяц... Вось пранізлівы голас Каралевы пачаў пагражаць катаваннем... Вось немаўлятка-парсючок пачаў чхаць на каленях у Герцагіні, вакол якой ляталі блюда і талеркі... Пранізліва закрычаў Грыфон, зарыпела крэйда яшчаркі Біла, адчуўся віск прыгнечаных марскіх свінак і ўсё гэта змяшалася ў паветры з далёкімі стогнамі самотнага Фальшывага Чарапахі.
Яна сядзела, заплюшчыўшы вочы і нібы паверыла ў існаванне Цудакуту, між тым ведаючы, што як толькі вочы раскрыюцца ўсе знікне, ператварыўшыся ў сумную рэчаіснасць: травой зашамаціць вецер, шум на вадзе будзе з-за хістання трыснягу, звон кубкаў ператварыцца ў гук авечага званочка, крыкі Каралевы - ў голас пастушка, чханне немаўляці, крык Грыфону ды іншыя дзівосныя гукі ператворацца на шум з суседняй фермы, а енкі Фальшывага Чарапахі ў мыканне каровінага статку на далёкай пашы.
Потым яна ўявіла сабе, што праз колькі часу яе малодшая сястра ператворыцца ў прыгожую маладую жанчыну, і моцна пажадала, каб нават ў глыбокай старасці яна захавала простае і любячае сэрца дзіцяці. Каб яна збірала вакол сябе шматлікіх малых і, гледзячы на іх такімі ж бліскучымі вачыма, апавядала б ім дзівосныя гісторыі, у тым ліку і аб свёй вандроўцы па Цудакуце. Каб разумела іх простую маркоту і знаходзіла задавальненне ў іх радасцях, памятаючы ўласнае дзяцінства і гэтыя шчаслівыя летнія дні.