44617.fb2 Аліса ў Цудакуце - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 5

Аліса ў Цудакуце - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 5

- А цяпер, адкажы мне, Пат, што ты бачыш у вакне?

- Пэўна, чыясь рука, васпане! (Апошнія словы ён вымавіў разам і атрымалася “рукспане”.)

- Рука, кажаш, ёлупень! Ты калі-небудзь бачыў руку такога памеру? Яна ж ледзь праз вакно пралезла!

- Праўду васпан кажа, але ж гэта нічога іншага, як рука.

- Ёй няма, што там рабіць, ідзі і прыбяры яе!

Пасля, даволі доўга было ціха, і толькі час ад часу Аліса чула нейкія перашэптванні кшталту:

- Вой, не ўмею я лазіць па сценах, васпане, нават не прасіце, не палезу!

- Рабі, як я кажу, баязліўца кусок!

Аліса пару разоў паварушыла рукою ў паветры. Адчуліся адразу два енкі і звон бітага шкла.

“Цікава, колькі ў іх яшчэ засталося парнікоў,- падумала Аліса,- і што яны будуць рабіць далей? Шкада толькі, што выцягнуць мяне з вакна ім не ўдасца! Як жа ж мне надакучыла тут сядзець!”

Зноў на працяглы час настала цішыня, а потым раздаўся грукат калёс і спрэчка некалькіх галасоў. Аліса разабрала наступнае:

- Дзе шчэ драбіны?!

- Чаму я вінен несці ўсё адзін, другія драбіны ў Біла!

- Біл, хлопча, хуценька сюды з драбінамі!

- Стаў іх сюды, на вугал!

- Спачатку звяжыце іх!

- Навошта, яны і так даволі высокія!

- Ты ўпэўнены?!

- Так, Біл! Трымай, хлопча, гэтую вяроўку!

- А дах вытрымае?!

- Асцярожна, там дахавіна слабая ёсць!

- Падае! Хавайце галовы! (дзынь)

- Хто гэта зрабіў?

- Гэта ўсё Біла справы!

- Хтось вінен залезці ў хату праз камін?

- Я не палезу! Не прасіце!

- А каму лезці?! Мне?!

- Хай Біл лезе! Біл, хлопча, васпан хоча, каб ты палез у камін!

“Ага! Біла пасылаюць лезці ў камін,- здагадалася Аліса,- Усю адказнасць на яго спіхнулі! Не хацела б я быць на яго месцы. Камін, канечне, вузкаваты, АЛЕ Ж Я паспрабую добранька пхнуць яго!”

Яна падцягнула нагу колькі змагла і чакала, калі ў каміне хто-небудзь з’явіцца (хто дакладна, яна не магла ўявіць). Урэшце яна пачула чыісьці драпкі ў каміне. Здагадаўшыся, што гэта Біл, яна, як мага моцна, пхнула і стала чакаць наступстваў.

Першае, што яна пачула, гэта хор галасоў:

- Глядзіце! Біл паляцеў!- казаў голас Труса.- Гэй там, ля загароджы, лавіце яго!

Потым на кароткі час цішыня, і зноў балбатанне:

- Трымайце яму галаву!

- Цяпер брэндзі!

- Не душыце яго!

- Што там было, хлопча?! Што з табой здарылася?! Расказвай!

Затым, чыйсьці голас (“Пэўна Біла!”- вырашыла Аліса) запішчаў:

- Я нават не зразумеў! Больш не трэба, дзякуй! Мне ўжо лепей! Вох! Я так перахваляваўся, не ведаю, што і казаць! Усё што памятаю: спачатку лез сабе, а потым мяне ЯК КІНУЛА ў паветра, як тую ракету!

- Вой жа ж, хлопча, як сапраўдную ракету!- згадзіліся астатнія.

- Трэба спаліць дом!- пачула Аліса голас Труса і абураная гэткай прапановай закрычала:

- Толькі паспрабуйце! Я на вас Дзіну спушчу!

Адразу узнікла мёртвая цішыня, і Аліса падумала: “Цікава! Што яны будут рабіць цяпер?! Думаю, калі б здагадаліся, то знялі б дах!”

Мінула хвіліна ці дзве, і Аліса зноў адчула нейкае варушэнне звонку, а голас Труса сказаў:

- На першы час адной каляскі будзе даволі!

“Каляскі ЧАГО?!”- падумала Аліса, але доўга гадаць не прыйшлося. У наступны момант у Алісу праз вакно паляцела залева з маленькіх каменьчыкаў, а некаторыя з іх нават траплялі ёй у твар.

- Трэба пакласці гэтаму канец!- сказала яна сабе, а ўголас крыкнула,- Не трэба так болей рабіць!

Гэты яе вокліч нарадзіў новую хвалю мёртвай цішыні.

У наступны момант Аліса крышачку здзівілася, ўбачыўшы, што каменьчыкі, прызямляючыся на падлогу, ператвараюцца ў маленечкае печыва. У яе галаве адразу ж з’явілася яскравая ідэя:

“А калі пакаштаваць адно з гэтых печывак?- падумала яна.- Упэўнена, гэта паўплывае на мае памеры. І паколькі павялічвацца мне няма ўжо куды, я павінна зменшыцца.”