44617.fb2 Аліса ў Цудакуце - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 8

Аліса ў Цудакуце - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 8

- Як мне патрапіць у хату?- паўтарыла Аліса, яшчэ гучней.

- А навошта ТУДЫ ўвогуле трапляць?- прамовіў лёкай.- Вось у чым пытанне.

Канечне, хто б сумняваўся, але Аліса не любіла падобнай пастаноўцы пытання.

- Гэта папросту жахліва,- мармытала яна сабе пад нос,- як жа ж тут любяць спрачацца. Тут і звар’яцець не доўга!

А Жабка вырашыў, што гэта добрая магчымасць, каб працягнуць сваю замову, крыху яе дапоўніўшы:

- А я тут буду сядзець,- сказаў ён,- дзень за днём, дзень за днём...

- А мне што рабіць?- заыталася Аліса.

- Рабі што хочаш,- адказаў лёкай і пачаў свістаць..

- Людцы... З ім няма аб чым размаўляць,- у адчаі прамовіла Аліса,- ён скончаны ідыёт!

Яна рашуча адчыніла дзверы і ўвайшла.

Адразу ж за дзвярыма пачыналася велізарная кухня, уся засцеленая коўдраю дыму. Герцагіня сядзела ў самым яе цэнтры на трохногім табурэце і нянькалася з немаўлём. Кухарка стаяла ля пліты, памешваючы суп у вялікім катле.

- У гэтым супе замнога перцу,- моцна чхнуўшы вырашыла Аліса..

Нават паветра ў кухні было прапітана перцам. Герцагіня час ад часу чхала, а немаўля рабіла гэта амаль бесперапынна, чаргуючы свае чыхі з невыносным ровам. Адзінымі асобамі на кухні, якія нават не цёрлі носу, заставаліся кухарка і вялікі кот, які сядзеў на печы і ўсміхаўся ад вуха да вуха.

- А ці ж не маглі бы вы мне адказаць,- спыталася Аліса, крыху саромячыся, бо лічыла, што не надта шляхетна пачынаць размову са старэйшымі першай,- чаму ваш кот усміхаецца?

- Дык гэта ж Чашырскі Кот,- адказала Герцагіня,- зразумела? Свінё!

Апошняе слова яна сказала гучна і настолькі шалёна, што Аліса нават падскочыла і супакоілася, калі ўбачыла, што звярталася яна да дзіцяці, таму працягвала:

- Я нават не ведала, што Чашырскія Каты ўсміхаюцца. Больш таго, я не ведала, што каты ўвогуле МОГУЦЬ усміхацца.

- Умеюць,- адказала Герцагіня,- а большасць нават усміхаецца.

- Я напрыклад, аніразу такога не бачыла,- ветліва паведаміла Аліса, адчуваючы задаволенасць з таго, што мае магчымасць з кімсьці паразмаўляць..

- Ты яшчэ шмат чаго не ведаеш,- сказала Герцагіня,- і гэта факт!

Аліса не надта любіла падобныя заўвагі і вырашыла перавесці размову ў іншы бок. І толькі яна збіралася гэта зрабіць, як кухарка ўзняла кацёл з пліты і са ўсёй моцы кінула яго ў Герцагіню з немаўлём, а ў след за ім - вугальныя шчыпцы, а пасля пачала абстрэльваць іх каструлямі і талеркамі рознага памеру. Герцагіня не звяртала на гэта аніякай ўвагі, нават калі кухарцы ўдавалася трапіць у яе, а малы і так равеў не супыняючыся, таму не было зразумела, ці балюча яму.

- Аёй, КАЛІ ЛАСКА, што вы робіце!- закрычала Аліса, ажно падскочваючы ад жаху.-. Людцы... Вы ледзь не адарвалі яму носік

Велізарная каструля, праляцела ў міліметры ад немаўляці, і Аліса ледзь вытрымала гэта.

- Калі б кожны займаўся выключна сваімі справамі,- прамовіла хрыплым рыкам Герцагіня,- зямля б вярцелася хутчэй.

- З гэтага не было б аніякай карысці!- заўважыла Аліса, акая была задаволена, што можа пахваліцца сваімі ведамі.- Падумайце, тады б нашмат хутчэй змяняліся дзень з ноччу! Вы ж ведаеце, што Зямля робіць абарот вакол сваёй восі за 24 гадзіны!..

- А што наконт восі,- прамовіла Герцагіня,- хай лепш вакол сваёй восі робіць абароты твая адсечаная галава!

Аліса, спужаўшыся паглядзела на кухарку, але тая была занята супам і нічым больш не цікавілася, таму дзяўчо працягнула:

- Так, за 24 гадзіны, а можа і за 12...

- Вой, не чапай МЯНЕ,- казала Герцагіня,- я ніколі не сябравала з лічбамі!

І зноў прыняўшыся да нянькання свайго дзіцяці, пачала спяваць яму калыханку, хаця рабіла гэта даволі свойасабліва, апантана яго калыхаючы і падкідваючы пад столь пасля кожнага радка:

“Я буду лаяць немаўлёЗа чханне, біць няспынна:Ці з глузду ён мяне звядзёць -Капрызлівы хлапчына!”

Прыпеў (у выкананні кухаркі і малога):

“Гаў! Гаў! Гаў!”

Пад час выканання наступнага куплету, Герцагіня пачала кідаць дзіцяня яшчэ больш шалёна. І беднае малое раўло так, што Аліса ледзь чула словы:

“Пугой я буду сына біць,Страсу за чханне душуІ моцна перац палюбіцьУ рэшце рэшт прымушу!”

Прыпеў:

“Гаў! Гаў! Гаў!”

- Гэй! Калі хочаш, можаш панянькацца з ім крыху!- крыкнула Герцагіня Алісе, кінуўшы немаўля ў яе бок.- А мне трэба рыхтавацца да кракету з Каралевай.

Пасля чаго паспяшалася з пакою. Кухарка кінула ёй у след патэльню, але паспела патрапіць толькі ў зачыненыя дзверы.

Аліса ледзь трымала дзяцё, паколькі яно было даволі дзіўнае, яго ручкі і ножкі тырчалі ва ўсе бакі, як у марской зоркі. Беднае немаўлятка ўвесь час пырхала, як паравы рухавік і бесперапынна выгіналася, так што першы час Аліса ледзве магла яго трымаць.

Урэшце яна знайшла, як гэта зрабіць: яна скруціла яго вузлом, адной рукой узяла яго за правае вуха, а другой за левую пятку, каб не раскруціўся, і пабегла вонкі.

- КАЛІ не ўратаваць яго з гэтай хаты,- вырашыла Аліса,- праз дзень-другі яго заб’юць і я буду саўдзельніцай іх злачынства.

Апошнія словы яна сказала ў голас і малы рохкнуў ёй у адказ (чхаць у гэты час ён ужо кінуў).

- Кідай рохкаць,- сказала яму Аліса,- гэта непрыстойна.

Але дзіця рохнула зноўку, Аліса паглядзела на яго, спужаўшыся, ці не здарылась што. Тварык немаўляці больш нагадваў мыску - завялікі плюскаты нос, а вочы наадварот замалыя. І тое, як яно выглядала, Алісе не надта спадабалася.

- Можа ён такім чынам плача?- засумнявалася Аліса і паглядзела на яго твар ў пошукаў слёз. Але аніякіх слёз не было.

- Калі ты, сонейка, збіраешся ператварацца на свінню,- сказала Аліса сур’ёзным тонам,- я з табой нянькацца не збіраюся. Зразумеў?!

У адказ няшчаснае стварэнне зноў пачало шморгаць носам (ці рохкаць, што было больш падобным), а потым на колькі часу ўсталявалася цішыня.

Аліса пачала разважаць, што будзе з ім рабіць, калі вернецца да дому. І тут малое рохкнула так злосна, што прымусіла Алісу паглядзець на яго тварык зноў. Сумнявацца НА ГЭТЫ РАЗ не прыходзілася - гэта быў не больш, не менш, як звычайны парсючок, і дзяўчынка вырашыла, што будзе глупствам несці яго далей. Таму Аліса паставіла яго на зямлю, і свінё, звольніўшыся ад яе апекі, шпарка пабегла ў напрамку лесу.

- Ён мог бы вырасці,- сказала яна сабе,- даволі жахлівым дзіцём, але як парсючок ён вельмі прыгожанькі.

Яна пачала прыпамінаць сваіх знаёмых дзяцей, з якіх бы атрымаліся цудоўненькія парсючкі:

- Ведаць бы толькі, якім чынам іх ператварыць?..

Тут яна раптоўна паглядзела ўгору і надта здзівілася, ўбачыўшы на галінцы Чашырскага Ката.

Ён усміхаючыся пазіраў на Алісу і з яе пункту гледжання выглядаў даволі добразычліва, хаця меў вязізныя кіпцюры і шмат зубоў. Таму яна вырашыла быць з ім паважлівай.