44970.fb2 Браты Львiнае Сэрца (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 30

Браты Львiнае Сэрца (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 30

- Ён сам пабудаваў сцяну, яна i выратуе нас, не забывай гэта, - адказаў Орвар. - Перад страшыдламi можна зачынiць вароты...

З Тэнджылам турбот асаблiвых не будзе, усё прадумана. Як сказаў Орвар, ён, Джанатан, Сафiя i яшчэ некалькi воiнаў прабяруцца ў Тэнджылаў замак, знiмуць ахову i пакончаць з iм, перш чым яму стане вядома пра паўстанне ў Далiне. Потым Катлу пасадзяць у пячоры на ланцуг - да таго часу, пакуль яна не аслабее ад голаду, - тады можна будзе развiтацца i з ёй.

- Iнакш мы нiяк не зможам ад яе пазбавiцца, - сказаў нарэшце Орвар.

Потым ён зноў пачаў гаварыць пра тое, што трэба вельмi хутка расправiцца з салдатамi Тэнджыла.

- Расправiцца? Ты маеш на ўвазе забiць? - насцярожыўся Джанатан.

- Вядома, а што яшчэ я магу мець на ўвазе?

- Але я нiкога не магу забiваць, - запярэчыў Джанатан. - I ты ведаеш пра гэта, Орвар.

- Нават калi ад гэтага залежыць тваё жыццё?

- Так, нават у гэтым выпадку, - адказаў Джанатан.

Орвар не мог зразумець гэтага, наўрад цi разумеў i Мацiяс.

- Калi б усе былi такiя, як ты, - сказаў Орвар, - тады зло панавала б заўжды.

Але тут умяшаўся я. Маўляў, калi б усе былi такiмi, як Джанатан, то зла наогул не было б на свеце. Пасля гэтага я нi слова не сказаў за ўвесь вечар, i толькi, калi прыйшоў Мацiяс, каб падаткнуць пада мной коўдру, я прашаптаў яму:

- Мне страшна, Мацiяс.

Мацiяс пагладзiў мяне па галаве.

- Мне таксама, - прызнаўся ён.

Джанатан, аднак, папярэдзiў Орвара, што не будзе знаходзiцца ў гушчынi бiтвы i падбадзёрваць людзей - рабiць тое, чаго сам ён не можа.

- Народ Далiны Дзiкай Ружы павiнен бачыць нас абодвух, - настойваў Орвар. - Ён павiнен бачыць нас абодвух.

- Што ж, раз трэба, значыць трэба, - згадзiўся нарэшце Джанатан.

I нават пры святле адной свечкi я заўважыў, як ён пабялеў.

Грыма i Ф'ялара нам давялося пакiнуць у лесе з Эльфрыдай, калi мы вярталiся з пячоры Катлы. Але было вырашана, што Сафiя прывядзе коней у дзень бiтвы, калi пойдзе разам з усiмi праз галоўныя вароты.

Гаварылi i пра тое, што павiнен рабiць я. Я нiчога не павiнен быў рабiць, толькi чакаць, пакуль усё скончыцца. Сядзець i чакаць у кухнi.

Нiхто не спаў гэтай ноччу.

I надышло нарэшце свiтанне.

Так, надышоў свiтанак i разам з iм дзень паўстання. О, як у мяне балела сэрца ў гэты дзень! Мне былi чутны крыкi, я бачыў кроў, таму што бiтва iшла на схiлах нiжэй Мацiясавага дома. У гушчынi бою вярхом скакаў Джанатан, вецер ускалмацiў валасы, а вакол яго бой, зiхценне мячоў, коп'яў, свiст стрэл i крыкi, крыкi, крыкi... Я прызнаўся Ф'ялару, што калi Джанатан памрэ, то я тады таксама хачу памерцi.

Так, Ф'ялар быў са мной у кухнi. Я не хацеў нiкому гаварыць пра гэта, але ён мне быў вельмi патрэбны менавiта тут. Я не мог быць адзiн, проста не мог. Ф'ялар таксама выглядваў з акна, ён назiраў, што там адбываецца. Раптам ён заржаў. Не ведаю чаму - цi то хацеў быць побач з Грымам, цi то быў напалоханы гэтак жа, як я.

Мне было страшна... страшна... страшна...

Я бачыў, як ад кап'я Сафii звалiўся Ведэр, як загiнуў Кадэр ад мяча Орвара, а за iм i Додзiк, а потым яшчэ некалькi салдат; яны падалi справа i злева. Джанатана можна было заўважыць у самай гушчынi бою, яго твар усё больш бляднеў, i сэрца ў мяне сцiскалася ўсё больш i больш.

I настаў нарэшце бiтве канец!

Шмат крыку было ў гэты дзень у Далiне Дзiкай Ружы, але ў нейкi момант узняўся крык незвычайны. У разгар бiтвы раптам пачуўся гук баявога рога, i хтосьцi пранiзлiва закрычаў:

- Катла iдзе!

I адразу ж пачуўся рык, галодны рык Катлы, якi ўсе так добра ведалi. Воiны пачалi кiдаць на зямлю мячы, стрэлы, коп'i, таму што не мела сэнсу змагацца далей - ад Катлы паратунку не было. Усё змяшалася ў суцэльны голас - гром навальнiцы, гукi баявога рога Тэнджыла, аглушальны роў Катлы... З храпаў Катлы вырываўся смертаносны агонь, забiваючы кожнага, на каго паказваў Тэнджыл. А ён усё паказваў i паказваў, i яго жорсткi твар цямнеў ад лютасцi. Цяпер я ўжо не сумняваўся, што надышоў канец Далiне Дзiкай Ружы.

Я не хацеў глядзець, я не хацеў бачыць... усё гэта. Але ж Джанатан!.. Мне трэба было ведаць, дзе ён, i я ўбачыў яго якраз каля Мацiясавага дома - ён сядзеў на Грыме, збялелы i спакойны.

- Джанатан, - закрычаў я. - Джанатан, ты чуеш мяне?

Але ён не чуў, i я заўважыў, як ён прышпорыў каня i паляцеў унiз па схiле, як страла, iмчаў хутчэй, чым хто калi-небудзь мог iмчацца. Ён iмчаўся да Тэнджыла... I вось ён ужо ў яго ззаду.

Вось баявы рог загучаў зноў, але цяпер ужо трубiў Джанатан. Ён выхапiў рог з рук Тэнджыла i трубiў што было сiлы, каб Катла магла зразумець, што ў яе цяпер новы гаспадар.

Потым усё раптам супакоiлася, здаецца, нават прайшла навальнiца. Усе замерлi ў чаканнi. Тэнджыл сядзеў на сваiм канi напалоханы i чакаў таксама. Чакала i Катла.

Джанатан падзьмуў у рог яшчэ раз.

Раптам Катла зараўла i, злосная, павярнулася да чалавека, якому калiсьцi яна так слепа падпарадкоўвалася.

I я прыгадаў, як Джанатан сказаў аднойчы:

- Калi-небудзь адплата знойдзе Тэнджыла!

I вось гэты дзень настаў!

Гэта быў канец бiтвы ў Далiне Дзiкай Ружы. Многiя аддалi свае жыццi за свабоду. Так, Далiна была свабодная, але вакол ляжалi забiтыя, i яны ўжо нiколi не даведаюцца аб свабодзе.

Мацiяс быў мёртвы, у мяне ўжо не было дзядулi. Губерт таксама быў мёртвы, ён загiнуў у лiку першых. Яму не давялося прайсцi праз рачныя вароты, таму што ён сустрэў салдат Тэнджыла раней, i самае страшнае - ён сустрэў Катлу. Тэнджыл узяў яе з сабой у той дзень, каб жорстка пакараць Далiну Дзiкай Ружы за ўцёкi Орвара.

Тады ён не ведаў, што гэта будзе Днём Бiтвы, а калi даведаўся пра гэта, дык, пэўна ж, быў рады, што ўзяў з сабой Катлу.

Але цяпер ён быў мёртвы, як i многiя iншыя.

- Нашым пакутам прыйшоў канец! - гукнуў Орвар. - Нашы дзецi будуць расцi свабоднымi i шчаслiвымi. Мы зробiм Далiну Дзiкай Ружы такой жа, якой яна была раней.

Але я падумаў, што без Мацiяса Далiна нiколi не будзе такой, якой яна была раней.

Орвара паранiлi мячом у спiну, але здавалася, што ён не адчуваў болю i наогул не турбаваўся пра гэта. Вочы яго ззялi, калi ён гаварыў з народам Далiны.

- Мы будзем шчаслiвымi зноў, - як клятву, паўтараў ён перад народам.

Многiя плакалi ў той дзень - многiя, але толькi не Орвар.