44971.fb2
- Так, мы павiнны мець план, перш чым атакаваць, - сказаў Джосi.
Усярэдзiне ў мяне ўсё кiпела. "Няма нiякага сумнення, што твой план ужо гатовы", - падумаў я. Я ведаў, чаго ён тут. Ён збiраўся заманiць Сафiю i Губерта ў пастку, калi нiхто не спынiць яго. Затым я зразумеў - божа мой, я адзiны, хто павiнен гэта зрабiць, чакаць больш было нельга. Гэта павiнна было здарыцца цяпер. Як бы ўсё гэта мне не падабалася, гэта павiнна было адбыцца зараз. Але як жа пачаць?
- Як Б'янка, Сафiя? - запытаўся, нарэшце, я ў яе.
Сафiя стала сумнай.
- Б'янка не вярнулася з Далiны Дзiкай Ружы, - адказала яна. - А ты што-небудзь ведаеш пра Джанатана?
Яна не хацела гаварыць пра Б'янку, але я пачуў тое, што i хацеў даведацца: Б'янка была мёртвая. Вось чаму Сафiя прыйшла сюды разам з Джосi. Яна не атрымала нашага пiсьма.
Джосi таксама вельмi цiкавiла, цi ведаю я што-небудзь пра Джанатана.
- Яго, канечне ж, не злавiлi? - запытаў ён.
- Не, - адказаў я i паглядзеў у вочы Джосi. - Ён толькi што вызвалiў Орвара з пячоры Катлы.
Чырвоны твар Джосi пабялеў, i ён змоўк. Але Сафiя i Губерт былi так рады, так рады, што Сафiя зноў абняла мяне, а Губерт сказаў:
- Гэта - самая лепшая навiна, якую ты мог прынесцi нам.
Iм хацелася даведацца, як усё адбылося. Акрамя Джосi: ён раптам заспяшаўся.
- Мы зможам даведацца пра гэта пазней, - сказаў ён. - Мы павiнны дабрацца туды, куды накiроўваемся, да цемнаты.
"Так, таму што салдаты Тэнджыла, несумненна, дзесьцi чакаюць", - падумаў я.
- Паедзем, Карл, - прапанавала Сафiя. - Мы можам ехаць разам на маiм канi.
- Не, - сказаў я. - Вы нiкуды не павiнны ехаць з гэтым здраднiкам.
Я паказаў на Джосi i падумаў, што зараз ён мяне заб'е. Ён схапiў мяне за шыю сваiмi вялiзнымi рукамi i зароў:
- Што ты сказаў? Яшчэ адно слова, i я цябе прыкончу!
Сафiя прымусiла яго адпусцiць мяне, але яна была мной вельмi незадаволена.
- Карл, проста жахлiва назваць чалавека здраднiкам, калi гэта не так. Ты вельмi малады, каб адказваць за свае словы.
Губерт цiха засмяяўся.
- Я думаў, што здраднiк - гэта я. Хто надта многа ведае i каму падабаюцца белыя конi i штосьцi ў гэтым родзе, пра што ты пiсаў на кухоннай сцяне дома.
- Так, Карл, ты раскiдваеш свае абвiнавачваннi паўсюдна, - сказала строга Сафiя. - Ты павiнен падумаць пра гэта.
- Прабач, Губерт, - сказаў я.
- А як наконт Джосi? - запытала Сафiя.
- Я не гавару, што прашу прабачэння, назваўшы здраднiка здраднiкам.
Але я не мог прымусiць iх паверыць мне. Стала жахлiва, калi я зразумеў гэта. Яны збiралiся iсцi з Джосi, яны самi iшлi насустрач сваёй смерцi, як нi iмкнуўся я iх пераканаць.
- Ён вядзе вас у пастку, - гаварыў я. - Я ведаю гэта, ведаю... Спытайце яго пра Ведэра i Кадэра, якiх ён сустракаў у гарах, i спытайцеся ў яго, як ён здрадзiў Орвару.
Здавалася, Джосi зноў збiраецца кiнуцца на мяне, але ён неяк стрымаў сябе.
- Цi ж мы не можам пайсцi, як дамовiлiся? - настойваў ён. - Цi мы рызыкуем з-за выдумак гэтага хлапчука?
Ён паглядзеў на мяне з нянавiсцю.
- А я любiў цябе калiсьцi, - пакiваў ён галавой.
- Я таксама любiў вас, - адказаў я.
Я бачыў, якi ён быў разгублены, хаваючы гэта пад гневам. Ён сапраўды спяшаўся цяпер, таму што яму трэба было, каб Сафiю схапiлi, перш чым яна зразумее праўду, iнакш яго ўласнае жыццё апынецца ў небяспецы.
Якой палёгкай было для яго тое, што Сафiя не хацела ведаць праўду. Яна верыла Джосi, яна заўсёды верыла яму, а мне, якi спачатку абвiнавацiў аднаго чалавека, потым другога, - як яна магла мне паверыць?
- Паедзем, Карл, я высветлю ўсё пазней.
- Не будзе нiякага "пазней", калi паедзеш зараз з Джосi.
Я заплакаў. Наджыяла не перажыве страты Сафii. А я не мог выратаваць яе, таму што яна не хацела сама ратавацца.
- Паехалi, Карл, - паўтарыла яна ўпарта.
Але потым я нешта ўспомнiў.
- Джосi, - сказаў я. - Расшпiлi кашулю i пакажы, што ў цябе на грудзях.
Джосi смяротна пабялеў, так, што нават Сафiя i Губерт заўважылi гэта. Ён прытулiў руку да грудзей, нiбы прыкрываючы там штосьцi.
Настала кароткае маўчанне. Потым Губерт сказаў даволi настойлiва:
- Джосi, зрабi тое, што просiць хлопчык.
- Мы павiнны спяшацца, - адказаў ён, падсоўваючыся да свайго каня.
Сафiя насцярожылася.
- Не так ужо i спяшаемся, - сказала яна. - Я тут галоўная, Джосi. Пакажы мне свае грудзi.
Было жахлiва бачыць, як Джосi стаiць, задыхаючыся, напалоханы i паралiзаваны, не ведаючы, уцякаць цi заставацца. Сафiя падышла да яго, але ён адштурхнуў яе локцем, чаго не павiнен быў рабiць.
Яна схапiла яго i рэзка расшпiлiла кашулю.