45513.fb2
П’яны мужык дыбаў з радзін у сястры. Ідзе, хістаецца, дарога ў яго вачах знікае, яліны ўпрысядкі скачуць. А яму гора мала: спявае песні. Толькі чуе раптам:
- Пачакай жа, мужык!
Аглядзеўся - што за трасца з хваробай. Анікога. Ледзь пайшоў далей - зноў
- Ды пачакай жа ты!
Глянуў - і бачыць: сядзіць на двух ялінах дзіва аднавокае, гайдаецца на верхавінах, як на сенніку. Скокнула дзіва на зямлю і пачало перад мужыком расці. У таго й хмель знік:
- А што, мужык, калі б мне дзеля развагі з’есці цябе?
Мужык трохі падумаў і кажа
- Развага, вядома, добра, толькі давай я лепш табе раней нешта пакажу.
- Ану, - кажа дзіва.
Мужык выцягнуў крэсіва, выбіў на “грыб” цяпло, сціснуў яго зубамі, агнём унутр і пачаў дзьмухаць. За зубамі ў яго трут цепліцца, зубы сталі ружовымі наскрозь, і з роту дым заклубіўся.
- Бач ты, - кажа дзіва аднавокае, - відаць, што ты чалавек разумны. Толькі ўсё адно я цябе з’ем.
Мужык засумаваў жыватом, але няма чаго рабіць - сарвалася справа.
- А дзе ты мяне есці думаеш? - пытае. - Я б лепей ля хаты жадаў быць з’едзеным. Тут недалёка, вярсты чатыры.
- Пайшлі, - кажа дзіва, - усё адно ўвесь азадак мохам аброс.
- Так ісці нецікава, - кажа мужык, - давай лепей адзін на другім па чарзе будзем ехаць. Ты сядай мне на шыю і датуль будзеш ехаць, пакуль усіх спеваў, якія ведаеш, не прапяеш, а потым я табе на шыю сяду, і ты мне будзеш везці, пакуль я ўсіх сваіх не прапяю.
- Добра, - кажа дзіва, - я першы палезу.
І з гэтым - скок яму на горб, сам цёплы, гарачы нават, як кот на прыпечку, мяккі. Вось мярзота!
Пачало дзіва аднавокае спяваць, але ж калі патрэбна нешта прыпомніць -яно не прыйдзе ў галаву. Так і тут, не йдуць песні на язык. Няма чаго рабіць, злез, не праехаўшы нават вярсты. А мужык, як толькі ўскочыў дзіву на горб, так і запеў усім вядомую песню “У папа быў сабака”.
Ехалі, ехалі, дзіва хвалявацца пачало, што гэта, кажа, за песня гэткая бясконцая.
- Ого, - адпавядае мужык, - калі б ты ў маё становішча патрапіла - і не тое б заспяваў.
Агеньчыкі вёскі заміргалі. Як жа ж гэта ад дзівы аднавокага пазбыцца, -думае мужык.
- Хопіць, прыехалі, - кажа дзіва, - абдурыў ты мяне, мужык.
- Гм, - кажа той, - а ты, дзіва, чараваць можаш?
- Эге.
- Ну дык давай мы з табой вып’ем.
Дзіва, слова не кажучы, села на мужыковую шапку, а калі ўстала - там бутэлька гарэлкі ляжала і розная страва Выпілі ўдвох, мужык і кажа:
- Залезці туды зможаш?
Дзіва падскочыла - і туды “шчупачком”.
А мужык коркам бутэльку запхнуў і кажа: “Ведай, як з сялянствам размаўляць, падла”.
І пайшоў да вёскі, а дзіва ў бутэльцы варухаецца, каравыя лапкі выпускае, як хрушч з сернічковай скрынкі. Мужык у вёску ўвайшоў, а ўсё прыадчыніць корак і запіхне назад лапку. А дзіва лямантуе:
- Я ўсё адно адсюль па кавалачках выдрапаюся.
І пачало сыпацца стуль кавалачкамі. Мужык давай гэтыя кавалкі лавіць і зноў на месца піхаць. А сам мармыча:
- Вось дзіва! Вось дзіва дык дзіва. Вачыма не бачыў, вушыма не чуў.
А ў вёсцы рух, прыбегла нейкая баба да суседкі і крычыць ёй:
- Хрысцінка, твой мужык па вуліцы йдзе п’яны-расп’яны і на чарцей
палюе.
Выглянула тая, і сапраўды бачыць такое: стаіць яе муж на вулцы, разгойдваецца, твар п’яны, вочы без усякага сэнсу.
Трымае ў руцэ пустую бутэльку, а другою нешта ў паветры ловіць і запіхвае ў рыльца, асцярожна прыадчыняючы корак. А сам мармыча:
- Вось дзіва дык дзіва. Вачыма не бачыў, вушыма не чуў.