45513.fb2
Скача ноч над зямлёю на чорным кані. Адрываюцца, падаюць з яе плашча ўніз залатыя зоркі, і пушча ловіць іх пушыстымі рукамі, прымае нячутна і мякка ложыць на зямлю. Унізе агеньчыкі згаслі, дрыжыць свет салаўіным спевам. Мякка перабірае капытамі ў паветры стомлены чорны конь. І твар у ночы чорны, на чорных валасах чорная карона і на юнацкім целе чорныя латы.
Спіце, людзі, вартуе ноч верна ваш сон. Хутка зоймецца світанак, выйдзе на бойку з ноччу зара ружовая, пачне пускаць ночы ў твар сонечныя дзіды. Няроўная бойка, сцячэ цела ночы крывёй уласнаю - шэрым туманом, упадзе яно ў балоты, цёмныя лясы ды на дно глыбокіх азёр.
Але далёка яшчэ да святла: толькі-толькі праспявалі першыя пеўні, вадкая суцень паўсюль, цішыня.
Скача ноч на бязгучным, перабіраючым капытамі чорным кані, і падаюць, адрываюцца з яе плашча залатыя зоры.