45513.fb2
Ва ўдовінага вераб’я цешча памерла ад злосці. Спачатку ён быў узрадаваўся, што не будзе каму яго поедам есці, а потым адумаўся. Якая б ні была, а ўсё-такі цешча. І вырашыў ён цешчы багатыя памінкі справіць. Сабраліся ў яго на акне за налічнікам іншыя вераб’і, елі смачных чырвоных рабакоў і розных казюль, пілі бярозавы квас і мёд з жалудовай шкарлупы. Упіліся моцна і пачалі біцца і песні спяваць.
А тут котка, лёгкая на ўспамін, села ля налічніка, жоўтымі вачыма блішчыць, не выпускае нікога. Ды з п’яных вачэй і не пабачыў ніхто. Кажа верабей:
- Эх, і надвор’е, месяц ззяе, цёпла... Каб быў госцем - даўно б дадому пайшоў. Высунуўся адзін легкадумны маладзенькі верабейчык - і назад, ледзь жывую душу ўратаваў.
А гаспадар куражыцца: “Ды што, ды я яе”. Да таго расхрабрыўся, што выскачыў з гняздзечка куляю і паляцеў на котку навальніцаю.
- Ах ты, даўбня, каб ты счарнела, як галавешка. Прэч!
Вераб’і ўсе адзін на аднаго падобны...
Котка ад гэтага націску разгубілася, пачала адступаць, а потым пытае:
- Ты, часам, не цешча тутэйшаму вераб’ю?
- Так, - кажа верабей, а сам ужо прахалануў і дрыжыць, як ліст.
- Ох, не зайздрошчу я яму.
Ды ад страху як скочыць у дзядоўнік. Госці пайшлі, а верабей замысліўся.
- Хто зараз за мяне з маім мяккім характарам з суседзямі, з ворагамі, з начальствам лаяцца будзе. Няма ў мяне цешчы, няма абаронцы.
І заплакаў.
І цешча іншы раз карыснай бывае.