45684.fb2 Грот афаліны - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 11

Грот афаліны - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 11

— Вунь тое месца, дзе мы падыходзілі. І тут нідзе не булькоча ручай, не выцякае з возера.

— Яно хоць і ў былым кратэры, але намнога вышэй узроўню акіяна. Каб прарвалася вада цераз гэтыя скалы — во зашугала б!

— А мо… А калі яно пад зямлёю цячэ ў акіян? Можа быць такое?

— Можа. Вулкан, землетрасенне чаго хочаш могуць нарабіць. Але калі б вада правальвалася, то яна кружылася б, вір быў бы. От дурні, трэба было лепш прыглядацца да паверхні.

Янг спусціўся па камянях да самай вады, нарваў жменю лісця, шпурнуў на ваду. Лісце распырхнулася, упала мо за якія два метры ад берага. Упала і ляжыць сабе спакойна, нікуды яго не нясе, не круціць.

— Другі раз не будзем абыходзіць — ну яго! — уздыхнуў Амара. — Нам трэба яшчэ паўднёвы схіл гары разведаць — да самага мора. Калі і тут нічога не знойдзем… — Амара не дагаварыў, роспачна махнуў рукою.

Паўднёвы схіл здаўся не такім доўгім, і быў ён намнога круцейшы, чым усходні, які вёў да горада. Нагрувашчванне скал, трэснутых і разарваных наплываў лавы было больш дзікае і маладаступнае. Тут дрэў і кустоў было менш, дый тыя вельмі ж скарэжаныя і скурчаныя. Нідзе не заўважылі нават маленькай, хоць трохі роўнай лапінкі, каб можна было зачапіцца, нацягаць туды зямлі і разбіць хоць невялічкі агарод. Скалы скончыліся раптоўна абрывам, далей унізе распасціраўся пясчаны бераг, да белага прыбою было метраў семдзесят. Сям-там на пяску былі параскіданы адзіночныя камяні і скалы, раслі калючыя кусты-малачаі, тырчалі мяцёлкі султанскай травы, сядзелі кактусы. Ладны кавалак пясчанага пляжу каля вады быў адгароджаны шчыльным дашчаным плотам, па версе яго ў тры рады наснавана калючага дроту. Зверху хлопцам было відаць, што робіцца за агароджай: з усходняга боку пляцоўкі стаялі дзве палаткі з падаткнутымі бакавінамі, каб прадзімала ветрам. З заходняга далятала густое і частае чахканне. Там стаяў на чатырох колах рухавік, крыху падобны на той, што бачыў Янг на пантоне ў лагуне іх Біргуса. Пасярод, бліжэй да плота і да хлопцаў, узвышаўся аўтамабільны прычэп-вагончык з высокімі і нізкімі антэнамі наверсе. Амаль па прамой лініі за ім блізка каля вады ляжалі нейкія скрынкі і паласатыя бочкі з палівам, а ўжо зусім на вадзе пры беразе віднеўся катэр ці глісер.

Даўгавата наглядалі хлопцы, пакуль дачакаліся хоць якога руху за плотам. З адной палаткі выйшаў рабочы, пакіраваў да рухавіка. Пастаяў там, панаглядаў за прыборамі і зноў вярнуўся ў палатку. Толькі добра прыгледзеўшыся, хлопцы заўважылі, што ад рухавіка да вагончыка з антэнамі і ад яго да берага быццам бы паўзуць не то шлангі, не то правады-кабелі.

І яшчэ адно ўразіла: на моры гайдаліся раскінутыя вялікім паўкругам гіганцкія паплаўкі — бела-чырвоныя паласатыя бочкі. Яны былі злучаны рамамі папарна, і з сярэдзіны кожнай пары тырчаў угору шпень з шыльдай. Што было напісана на тых шыльдах, можна было прачытаць хіба толькі ў бінокль.

Хлопцы спусціліся ўніз, насцярожана пайшлі паўз плот. З усходняга боку, дзе Кампонг, выявілі на плоце бляшаную шыльду з надпісам. Тэкст быў ахоплены справа і злева чырвонымі клічнікамі — адзін кропкаю ўгору, другі — кропкаю ўніз. Амара доўга ўчытваўся, каб зразумець, і Янг нецярпліва падспешваў: «Ну — што? Пра што тут?»

— Нейкая навуковая экспедыцыя па вывучэнню акіяна. Амерыканская, здаецца… Забаронена набліжацца, асабліва па моры, бліжэй чым на дзвесце метраў.

— Каб Радж быў, ён бы ўсё чыста пераклаў! — прашаптаў Янг.

— А што табе не зразумела? — быццам зазлаваў Амара, адцягваючы Янга ад плота. — Пайшлі, пакуль нас не злапалі… Там зусім з вострава прагналі, тут — забароненыя зоны. Быццам не ў сваёй краіне жывём, а…

Амара крочыў паласою прыліву — хутка, размашыста. Янгу давялося ісці подбежкам, ажно ў левым баку закалола. Збіраўся ўжо захныкаць, ды Амара спахапіўся:

— Разагнаўся я… Есці хочаш?

Пра гэта можна было і не пытаць! Каторыя ўжо суткі ўпрогаладзь.

Сышлі да самай вады, паселі на гарачы, як жар, камень. Янг не вытрываў, паплюхаў на камень вадою і сеў другі раз, на мокрае. Паспускалі натруджаныя, паколаныя ногі ў ваду, у ласкавы прыбой. Часам вада біла ў камень і не вельмі ласкава, абдавала з галавою. Але хлопцы не краталіся з месца, было прыемна.

Сілкаваліся варанай маніёкай, кожны думаў пра сваё. Ажывілі іх трохі дэльфіны — пара іх плыла ўздоўж берага па гэты бок рыфаў, раз-пораз плаўна і грацыёзна выскоквалі з вады, апісвалі ў паветры то малыя, то вялікія дугі, амаль без пырскаў знікалі пад вадою.

— Вось каму добра жывецца — пазайздросціць можна, — сказаў Янг, любуючыся.

— Што — Радж табе пра гэта казаў? — пасміхнуўся іранічна Амара. — Ці самі дэльфіны?

— А кажуць, што яны ўмеюць гаварыць, толькі не па-нашаму. От каб навучыцца разумець іх!

— Дэльфіна?!. Тут і чалавека цяжка зразумець… Нават таго, хто на адной мове з табою гаворыць. Што за цаца? Чым дыхае? Пуол гэты… Хто б мог падумаць, што ў яго праявіцца такое? А мы з Раджам адзін час нават хаўрусавалі з ім.

Дэльфіны вярнуліся, праплылі ўжо намнога бліжэй да берага, нават былі спыніліся, нібы прыслухаліся да нечага. Потым паціху аддаліліся, апісваючы паўкола вакол бочак-буйкоў.

Штосьці іх трывожыла.

Раздзел чацвёрты

1

А Пуол у гэты час быў на Галоўным востраве. Прывёз туды яго худы рыбак на матарызаванай джонцы з намаляванымі спераду лодкі, на «шчоках», вялікімі вачыма дракона. Як садзіўся ў лодку ў Кампонгу з трыма іншымі пасажырамі, сказаў гаспадару, што аддасць плату на Галоўным: няма дурных раней аддаваць. А раптам матор сапсуецца ці яшчэ што? А тыцнуліся ў прычал на Галоўным, то паказаў лодачніку замест грошай нож, патузаў у бакі барадою: «Пікні — мігам п-прырэжу!»

Бадзяўся вуліцамі Свійттаўна — сталіцы, Душыстага горада, пасвістваў, радаваўся жыццю і таму, што вырваўся на волю, на прастор. Раз-пораз засоўваў руку ў кішэню, дзе лапаталі новенькія долары. Украў у бацькі чэк, калі заявіўся быў на Горны, атрымаў па ім грошы і цяпер адчуваў сябе незалежным чалавекам. Як будуць уладкоўвацца бацькі на новым месцы без грошай, не хацеў і думаць. Забыў ён і прымаўку: прадаўшы маці і бацьку, не разбагацееш.

Дурны гэты матрос Дуку, што вучыў іх колісь грамаце. Як пачне расказваць, дзе пабываў ды што бачыў, якія дзівосы ёсць на свеце… Не магло простаму матросу стукнуць у галаву, якім ядам кладуцца ў душу Пуола яго зваблівыя расказы.

І вось цяпер ён вольны, як птушка. Будзе хадзіць, дзе хоча, будзе рабіць, што ўздумаецца. Тут такі прастор, столькі мажлівасцей! Лепш было б, вядома, зусім нічога не рабіць, а толькі есці ды піць — што душа пажадае. Гэта не на іх зачуханым Біргусе, дзе, акрамя мора, пальмаў і хібар, нічога няма. Якія магазіны ў Свійттаўне! Цэлы б дзень тырчаў каля вітрын, любаваўся б выстаўленымі таварамі, уяўляючы сябе ўладальнікам усёй гэтай раскошы — дарагіх касцюмаў, транзістараў, бліскучых гітар, матацыклаў, машын. А як людзі ў сталіцы прыгожа апранаюцца, якія дзяўчаты цокаюць абцасікамі, перабягаючы з установы ва ўстанову, у розныя офісы і магазіны. Тут і кінатэатры ёсць, і розныя бары-рэстараны. Праўда, каб усюды пабываць, усё пакаштаваць і спазнаць, трэба ліха ведае колькі грошай.

Што гэтыя пяцьдзесят долараў! Нават не пяцьдзесят, а ўжо менш — паспеў растраціць. Каб была напакавана грашыма кішэня, то тады б ён развярнуўся, тады б паказаў, чаго варты. Хай бы тады глядзелі на яго гэтыя нікчэмы біргусаўцы і зайздросцілі.

Толькі што Пуол выпіў цэлую шклянку соку з цукровага трыснягу. Гандляр, па выгляду кітаец, адганяючы мух і восаў, пры ім жа прапусціў паміж валікамі прэса доўгую палку-сцябло трыснягу, выдушыў сок, падставіўшы пасудзіну пад латок… Піў Пуол і крывіўся: нічога асаблівага, салодкі, ажно губы зліпаюцца, цёплы, аддае сырызнай і смагі ніколькі не спаталяе. А як уявіў, што пад прэс трапілі недзе мухі і восы і кітаец з іх таксама соку нарабіў, дык ажно занудзіла і падкаціла да горла. Плюнуў, пайшоў далей.

Каля нейкага шынка, які выходзіў дзвярыма ў скверык, навыносілі пад дрэвы сталоў і крэслаў і абслугоўвалі кліентаў на вольным паветры. Пуол таксама надаў твару важны выгляд панка-багача, усеўся ў цянёк за стол. Не паспеў азірнуцца — дзе ж Кельнер? — як той ужо сам падбег, схапіў з левага локця салфетку, махнуў ёю па стале, схіліўся: «Што загадаеце?» Ах, як спадабалася Пуолу, што яму кланяюцца, як пацешыла гэта яго самалюбства, узвысіла ва ўласных вачах! «Нешта ўва мне ёсць такое… гэткае… А хлопец не старэй па гадах за мяне. І мне кланяецца!» Кельнер з непакоем зіркаў яшчэ за адзін столік, дзе ўсаджвалася пажылая пара, па выгляду малайцы. «Што загадаеце?» — яшчэ раз перапытаў кельнер. «Аранжаду! Чым халадней!» — «Бу зроблена!» — хлопец ад яго падляцеў да той пары і там схіліўся пару разоў у паклоне, потым панёсся адтуль і знік за дзвярыма шынка, з ляскатам раскідаўшы ў бакі бамбукавыя вісюлькі-шырмачку з намаляванымі пальмамі. Мо праз хвіліну выскачыў з падносам, на якім стаялі тры высокія рознакаляровыя пластмасавыя фужэры з пітвом, паставіў адзін каля Пуола — аб сценкі фужэра застукаў кубік лёду, — памчаў да пажылой пары.

Пуол спачатку выняў поліэтыленавую саломінку як непатрэбшчыну, сёрбнуў соку проста з фужэра, ажно лёд заскочыў у рот. Так і трымаў ужо на языку льдзінку, смокчучы сок. Але ўбачыў, што малайцы не спяшаюцца праглынуць пітво, а пацягваюць яго праз саломінкі, засяроджана і супакойліва паглядваючы па баках. Лёду яны не бяруць у рот, і кавалачкі глуха пазвоньваюць аб сценкі фужэраў, асабліва калі пітцы пачынаюць памешваць сок саломінкамі. «Вунь яно што…» — Пуол нагнуўся над сваім фужэрам — тфу! — выплюнуў туды лёд і таксама паганяў яго саломінкай. Потым і сам ужо засмактаў аранжад праз саломінку — самавіта, з незалежным выглядам пазіраючы туды-сюды. Пуол будзе рабіць усё так, як гэтая прытомленая пара бізнесменаў, быццам бы небагатая на выгляд, а на справе ж — ого-го… Пуол усё, што трэба, пярэйме, усяму навучыцца. Ён нічым не горшы за іх, дык чаму б і яму не стаць багачом у рэшце рэшт?! Каб усе кланяліся яму…

— Яшчэ шкляначку! — загадаў кельнеру. Ужо сёння, у першы дзень свайго бадзяння па сталіцы, хацелася зрабіць усе магчымыя крокі да таго жыцця, якім некалі будзе жыць, той кар'еры, што прынясе яму грошы, грошы, грошы… Любыя, у любой валюце.

Дасмактаў другую шклянку, ажно забурчала ў жываце, ільдзінку сунуў, як малпа, за шчаку — пайшоў далей.

Мінаў вуліцу за вуліцай, брыў каля высокіх дамоў і нізкіх, па шырокіх вуліцах і брудных завулках, прайшоў некалькі плошчаў. Пастаяў, панаглядаў трохі за тым, як мяняецца ганаровая варта каля палаца султана. «Ха, адны асталопы тупацяць нагамі, другія разяўляюць на іх рот і вылупваюць вочы…» — падаўся далей. Заглядваў у нейкія лавачкі-магазіны, аптэкі, дзе таксама штосьці піў. Пабадзяўся па базары… Знарок спатыкаўся на раскладзеную на цыноўках садавіну, гародніну ды яшчэ першы і сварку падымаў, калі гандляры і гандляркі абураліся. То ў аднаго, то ў другога браў што-небудзь пакаштаваць, прыцэньваўся, таргаваўся, а потым ганіў і ішоў далей.

Трапіў у кінатэатр, хоць спачатку хацеў прайсці міма. Прывабіла з афішы намаляваная пачвара — не то чалавек-велікан, не то гіганцкая малпа, пашча чырвоная, клыкастая, сама ў шэрсці, лазіць па горадзе, абарочваючы ў кучу небаскробы, душачы людзей. Сядзеў у зале, дранцвеў ад жуды, але ні разу не ўскрыкнуў, не піскнуў, хоць малпа-гігант на экране разрывала на кавалкі людзей, смактала з іх кроў.

Быў ужо вечар, калі ён выйшаў з кіно. На Рэкрыэйшн-стрыт — вуліцы адпачынку і забаў — палыхалі рознакаляровыя рэкламы, вабілі рэстараны і кабарэ. Каля нейкіх не вельмі кідкіх дзвярэй без усякай шыльды яго спыніла маладая парачка. Пуол паддаўся на ўгаворы, ступіў за гэтыя дзверы…

…Выкінулі яго, п'янага, пасля поўначы. У галаве моцна шумела, а ў кішэні было ціха, ціха.

2

Успароў яго з тратуара паліцэйскі. Пуол ужо крыху працверазеў. «Марш адсюль! Дзе твой дом?» — нібыта грозна пытаў ахоўнік парадку. «Там!» — махнуў няпэўна Пуол кудысьці ў бок порта.

Рэшткі ночы правёў у тым скверы, дзе піў аранжад. Сагнаў з лаўкі нейкага жабрака. Калі той пачаў абурацца, прыгразіў прырэзаць. Каб паказаць сваю агіду да жабрака, паслаў на тое месца вынятую са сметніцы «Свабоду» («Фрыдом»). Пад раніцу яго зноў успароў паліцэйскі: «Тут спаць небяспечна…» — «Могуць абрабаваць…» — закончыў за яго Пуол насмешліва і вывернуў пустыя кішэні.

Ён сам гатоў быў каго-небудзь абчысціць, ды ўсе гулякі ўжо разбрыліся па дамах, а дабрачынныя жыхары яшчэ не прачыналіся.

Праз якую гадзіну пачалі ўжо раз'язджаць мота- і велакаляскі, машыны-фургоны, развозіць па лаўках прадукты. Багатым гараджанам заказы развозіліся дамоў. Пуол сам прасачыў, як высокі індус у чалме спыніў каляску каля нейкага асабняка, выцягнуў з-за спіны прыкрытую белым карзіну, паставіў яе на слуп брамы — высока, на ўзроўні галавы, націснуў у дзверцах на кнопку званка, выклікаючы кухара ці слугу. І тут жа ўсеўся за руль, паехаў далей. Але ад'ехаў ён мо крокаў дзесяць, як Пуол ужо быў каля брамы, запусціў руку ў карзіну. Трапілася вялізная, прысыпаная зрудзелымі крупкамі цукру булка. Не стаў перамацваць, што там яшчэ ёсць, а паддаў ходу.

У гэты дзень пачыналі ўпрыгожваць сталіцу да свята каранацыі султана. Па горадзе развозілі і чаплялі ўпрыгожанні — сцягі, плакаты, гірлянды, партрэты султана і членаў яго сям'і, будавалі аркі, абвівалі іх вянкамі, разбівалі дадаткова гандлёвыя палаткі, напіналі на пустках тэнты сталовак, дзе будзе раздавацца пахлёбка для бедных. Было ўжо многа прыезджых, людзей на вуліцах прыкметна пабольшала. Пуол бадзяўся сярод іх і адчуваў сябе як рыба ў вадзе. У аднае дамачкі выхапіў з рук гаспадарчую сумку — бо ўбачыў, што на дне яе ляжыць пузаценькі, з кнопачкамі кашалёк, і прыпусціўся наўцёкі. Заблытваў свае сляды ў нейкіх завулках, а пацішэла — зноў падаўся ў цэнтр. У кашальку разам з дробяззю было васемнаццаць долараў і дваццаць цэнтаў. Нішто сабе! І так лёгка зарабіліся гэтыя долары. Шкада, што кашалёк старэнькі, не загоніш…

Зайшоў у лавачку, купіў лёгкія туфлі, абгледзеў ногі ў нізка пастаўленым люстэрку — сам сабе спадабаўся! Як джэнтльмен, а не злодзей… Ён яшчэ не ведаў, што сапраўдныя, буйныя зладзеі, махляры і гангстэры маюць прыстойны, нават рэспектабельны выгляд.

Пакуль што не думалася, дзе пройдзе яго другая сталічная ноч.

З начлегам вырашылася зусім нечакана.

Ішоў па Томіроўд міма былых англійскіх казармаў і са здзіўленнем заўважыў, што гэтая «Салдацкая дарога» крыжуецца з тою вулачкай, дзе з яго высмакталі ўсё, што можна, і вытаўхалі як непатрэбшчыну на тратуар. Пайшоў далей, за скрыжаванне, па працягу Томіроўд, заўважаючы, як усё больш драбнеюць дамы, глушэе і бруднее вуліца. Гэта была мо апошняя вуліца, якую ён яшчэ не абследаваў, не агледзеў. Праз скляпеністыя праезды было відаць, што ў дварах лабірынты вулачак і завулкаў, розныя па вышыні дамы і домікі, хаціны лепяцца адна да адной, некаторыя прыбудоўкі трохсценныя ці амаль круглыя, нібы якія вартавыя вежы. І дахі былі розныя: і стромыя, многаскатныя, з нейкімі бляшанымі сцяжкамі, і пляскатыя, амаль без нахілу нахлабучаныя на сцены, і такія, што краі пазакручваны, як у кітайскіх пагадах. Пад сценамі сям-там гуляюць каля памыйных лужын дзеці, сядзяць бабулі.

Пастаяў крыху, зайшоўшы ў адзін такі двор, падзівіўся, як людзі знаходзяць у гэтым хаосе сваё жытло. І раптам недзе ззаду, на Томіроўд ці яшчэ далей, пачуліся стрэлы. Глуха, без лёскату. Пуол імгненна павярнуўся… Пад скляпенне праезду ўбягаў, моцна накульгваючы, кітаец з пісталетам у руцэ. Дзеці і бабулі з віскам сыпанулі па дамах, а адзін карапуз-крываножка спрабаваў падняцца з зямлі і ўсё падаў, равучы на ўвесь голас. Пуол, не цямячы, што робіць, падхапіў яго на рукі… І ў гэты час убачыў цераз праём праезду, што па той бок Томіроўд з закавулка выскачыла яшчэ двое ўзброеных людзей. Паранены кітаец аглянуўся на іх і стрэльнуў туды не цэлячыся, але тыя ўсё роўна разбегліся на момант у бакі… А вочы кітайца кідаліся сюды-туды, шукалі спрат, і Пуол паказаў яму на прачыненыя дзверы бліжэйшай прыбудоўкі. Уцякач скеміў, скок-скок туды на адной назе — грук! — зачыніў і заваліў дзверы знутры.

Мо праз хвіліну на двор заскочылі і тыя двое, у аднаго ў руцэ быў таксама пісталет, у другога штосьці падобнае на маленькі аўтамат з даўгаватым голым ствалом.

— Куды той пабег? — аўтаматчык саўгануў зброяй Пуолу ў грудзі.