45684.fb2
— Што маем… Наварылі кашы з маніёкі, а хочам есці рысавую… Значыць, так, Янг: вартуй, каб бацька нікуды не ўцёк. Заўтра ўсе пакуты скончацца, яго палечаць. — Амат як стаяў на коленцах, так і заваліўся на бок і хутка заснуў.
«Палечаць… Хіба можна ўжо вылечыць гэтыя страшэнныя язвы? Якія кругі сінюшныя вакол кожнай — божа, божа… У бацькі гарачка, увесь трасецца, палае. Мо якое заражэнне крыві пачалося? А хто розум яго вылечыць? Хто?!» — пакутныя думкі душылі хлопца.
Нечакана апала трапічная ноч. І амаль адразу густа задыхалі, засаплі, захраплі наўкола людзі. А Янг не спаў, ён баяўся заснуць. Прывязаў бацькаву нагу да сваёй нейкім абрыўкам аборкі — хай тузае, абы не заснуць ненарокам, не ўпусціць бацьку.
Толькі на прыстані і ў гавані яшчэ не было спакою. Па вадзе снавалі рознакаляровыя агні, сяды-тады раўлі і чмыхалі, глохнучы, маторы баркасаў, чуліся нейкія прыцішаныя гудкі і свісткі. Дзесьці далёка, мо на тым беласнежным цеплаходзе-прыгажуне, задзынкалі ў звон-рынду — адбівалі склянкі. Але Янг не мог зразумець — што гэта.
Янг гатоў быў паклясціся, што не спаў. Ну, мо звёў трохі павекі, прыхіліўшыся спінаю да слупа, каб даць адпачыць вачам. Прахапіўся ад грукату тамбурынаў і тамтамаў, шчанячага віску флейты. Памацаў каля сябе… Тут бацька, не ўцёк! Во — стогне-дыхае.
— Уставайце хутчэй! — катурхаў біргусаўцаў дзед Амос.
— Піць! Вады-ы!.. — ачнуўся бацька і пачаў чухацца, скрэбціся.
Янг перавязаў вяроўку — ужо за пояс, а не за нагу.
— Пацярпі, пацярпі… Мы і так награшылі. Людзі па месяцу посцяць, у апошнія дні нават сліну не каўтаюць, а мы… У ручаі нап'ёмся… Вядзіце яго, мужчынкі, а то не праб'ёмся, — распараджаўся дзед Амос.
— Вядзіце… — прашапялявіў стараста Ганеш, нібы даў згоду.
Трэск і грукат барабанаў гусцелі. Было яшчэ цёмна, рэдкія лямпачкі на слупах мала памагалі, і хто-ніхто пачаў запальваць факелы і зыркія, іскрыстыя бенгальскія агні на доўгіх, паўметровых драцінах. Вакол гэтых агнёў пужліва завірылі, абпальваючыся, начныя мошкі і матылькі.
Біргусаўцы ішлі шчыльна, выстраіўшыся клінам, — каб лягчэй прабівацца праз натоўп. Першы, на вастрыі кліна, ішоў бацька Туна, ён быў самы здаровы. За ім, абняўшыся, а свабоднымі рукамі ўчаперыўшыся яму ў пояс, Ганеш і дзед Амос. Пасля іх трое — дзядзька Амат і бацька Пуола — Джыва, трымалі пад рукі Янгавага бацьку. У патыліцу за бацькам, схапіўшыся за аборку яго пояса, тупацеў Янг. Астатнія замыкалі шэсце.
Мабыць, яны зрабілі памылку, не трэба было перціся на «прашпект», як назваў галоўную вуліцу Янгаў знаёмы Абдула. Па абходнай, што ішла ў тым жа напрамку, было б хутчэй, хоць і адлегласць большая. Але ўсе чамусьці перліся на «прашпект», на скрыжаваннях з вуліцамі і завулкамі ўтварыліся магутныя завіхрэнні-людавароты. Адолець іх было цяжка, біргусаўцаў загнала было ў бакавую вуліцу. Біргусаўцы, што замыкалі шэсце, згубіліся. Не сталі супраціўляцца плыні, і яна зноў вынесла іх на «прашпект». «Чапляйцеся мацней адзін за аднаго!» — крычаў хрыпла Ганеш. І дзядзька Амат і Джыва ўчапіліся за старасту і Амоса. Як ні крычалі — і па адным, і ўсе разам, — не маглі дагукацца, згубленыя так і не абазваліся. А мо і тыя крычалі, згубіўшыся, але ў гэтым людскім вэрхале і гаме, барабанным грукаце пазнаць іх галасы было цяжка. Многія гукалі, нібы блудзілі ў джунглях. Янгаў бацька не ішоў, а ледзь ногі перастаўляў, і яго давялося валачы пад рукі.
Чым бліжэй падыходзілі да цэнтра, тым рабілася святлей. Але не ад сонца, сонца яшчэ толькі думала ўзыходзіць. Над вуліцай звісалі ад слупоў да слупоў гірлянды рознакаляровых электрычных лямпачак, такімі ж гірляндамі былі апавіты самі слупы, ствалы пальмаў. На макаўках слупоў бліскалі дзівосныя зоркі, вырабленыя з каляровых шкляных трубачак. Святло ў гэтых трубачках дрыжала, як жывое, і нібы пералівалася сюды-туды. На вялізных дамах розных кантор, офісаў, банкаў, магазінаў, гатэляў скакалі, бегалі ўсялякія надпісы, заклікі, аб'явы. На высознай глухой сцяне нейкага небаскроба вогненны чалавек усё наліваў з бутэлькі ў зялёную шклянку пепсі-колу, падносіў да губ і выпіваў — рот усміхаўся да вушэй ад прыемнай смакаты.
Янг тупацеў за бацькам, наступаў яму на пяткі, спатыкаўся, не цямячы, куды брыдуць, а сам усё круціў галавою направа — налева — угору, каб нічога не прапусціць. І ў гэтым неверагодным, тлумным свеце жывуць людзі?! І ім не страшна?! Але чаго ім баяцца — прывыклі. Ім цікава, ім весела, сытна… Не, не спіць Янг, усё гэта наяве.
Міналі цэнтр горада, і пачало світаць. Хутка, разам — як заўсёды ў тропіках, і ўся вакханалія агнёў пачала сціхаць, тухнуць, пакуль не прапала зусім.
Сонца падымалася ўгору імкліва, сям-там, дзе пракідаліся прамежкі паміж гмахамі ці дамы былі нізкія, двухпавярховыя, гарачыя праменні ўжо прарываліся на вуліцу. Яшчэ далёка было да канца горада, а там трэба будзе брысці да святога ручая-крыніцы, рабіць абмыванне, а потым падымацца ўгору, да храма. Як яны дойдуць, калі бацьку не трымаюць ногі? І не душна яшчэ, а па ім ужо цякуць пацёкі — потна-крывавыя і брудныя.
Але ўсё на свеце мае канец, праплюхалі па лужынах памыяў на ўскраінных завулках, прабраліся праз трушчобы за горад. Ручай угадваўся ў нізовіне, там хмара людзей — пярэстая і даўжэзная, як акінуць вокам. Шмат дзе гэтую хмару закрывалі плямы кустоў, крушні вялізных камянёў, чорна-жоўтыя дымы рытуальных вогнішчаў. Адтуль далятаў густы гул, як з базару ў Кампонгу, і гэты гул пранізвалі трэск барабанаў, віск флейтаў.
У ручаі кішэла. Хто раздзяваўся дагала, абмываў свае балячкі і язвы, хто плюхаўся ў адзенні ці ў адной набедранай павязцы-вешці. Многія набіралі ваду ў далоні, акуналі туды твар, потым пілі гэтую ваду — ускаламучаную, брудную і, пэўна ж, заразную. Дзед Амос дазволіў Янгаваму бацьку толькі напіцца, памыў яму рукі, змачыў шыю і грудзі, каб трохі ачуняў, сабраў сілы на самы адказны ўчастак шляху. Цяпер ужо яму не забаранялі раздзіраць сябе кіпцюрамі, і хутка па спіне, грудзях, па карку бацькі заструменілі крывавыя пацёкі.
Хто скончыў абмыванне, прытанцоўваючы набліжаўся да вогнішчаў. Каля іх з подскакам тапталіся голагаловыя манахі і прапаведнікі ў доўгіх жоўта-шафранавых хітонах. У божых служак трэба было атрымаць бласлаўленне. Прайшлі і біргусаўцы каля свяшчэннаслужыцеляў, шэпчучы малітвы, склаўшы далонямі рукі каля грудзей. Кожнаму манахі насыпалі на галаву шчопаць попелу, малявалі на лбе паміж брывамі аранжавую плямку — знак спазнанай мудрасці. Амос пашаптаўся з манахам, і той пранізаў Янгаваму бацьку шчокі доўгім серабрыстым прутком, прысыпаў раны попелам. На плечы бацьку начапілі драўляную раму, падобную на дзве злучаныя каромыслам літары «А», — кавадзі. Кавадзі было абвешана цяжкімі какосамі і меднымі" сасудамі з малаком — ахвярай для Вішну, кветкамі какосавай пальмы, падобнымі на вялізныя пшанічныя каласы. Цяжар неймаверны, а для знясіленага чалавека — проста невыносны.
Выйшлі ўсе разам на камяністую дарогу, што вяла ўгору, да храма. Пякло сонца, з-пад соцень і тысячаў ног узвіваўся белы едкі пыл. Кожны стараўся яшчэ і прытанцоўваць, не перастаючы выкрыкваць словы малітваў. Натоўп усё гусцеў… Са страхам і немым здзіўленнем Янг наглядаў, як нейкі паломнік у адным вешці коціцца па дарозе бокам. Цела бруднае, абдзёртае, у сіняках, вочы заплюшчаныя… А во ідзе маладая маці, на руках хлопчык са сляпымі, белымі вачыма… Паўзуць на каленях, на карачках, тэпаюць на дошчачках, стоячы на вострых цвіках, і кожны след на камянях — крывавы. За біргусаўцамі сунецца барадаты здаравяк… Калі трошкі адстаць і зазірнуць за яго, то ўбачыш, як за барадачом цягнецца маленькая калясачка, на ёй скурчаны стары з падагнутымі рукамі і нагамі, суставы распухлі, як булавешкі. Калясачка злучана са спінай барадача вяровачкамі, кожная вяровачка з кручком… Кручкі паўпіваліся ў спіну, скура на тых месцах павыпіналася конусамі, з кожнай ранкі цурчыць кроў.
Шныпараць між людзей, трапляюць пад ногі аблезлыя, паршывыя сабакі. Сноўдаецца, як п'яная, замінае людскому патоку худая карова. Святая жывёліна, ніхто яе не асмеліцца прагнаць.
Абапал дарогі сядзяць на сонцы голыя і чорныя, як галавешкі, святыя — садху. Хто-ніхто падыходзіў да іх, кідаў у бляшанкі манетку: святыя таксама не адным духам святым жывуць. Янг чуў шэпт людзей, шапталіся з павагай і зайздрасцю: «О-о, вунь той быў у Бенарэсе, у Індыі… Піў ваду са свяшчэннай Гангі… А той — у Рышыкешы… А той — у Хардвары…» Дзе тая Індыя, дзе горад Бенарэс? Янг меў цьмянае ўяўленне. Можа, гэта ўвогуле казка-легенда, у якую можна верыць, а можна і не.
Мабыць, вецер крыху павярнуўся, бо дым ад вялізных вогнішчаў, што палалі паблізу храма, пачало закручваць і гнаць якраз на паток людзей. Людзі кашлялі, плакалі ад дыму — едкага, ажно хапала ўдушша ад паленага мяса. Недзе жудасна і надрыўна раўла карова. На вогнішчах спальвалі нябожчыкаў. Быць спаленым у час такога храмавага свята — вялікі гонар, заплаціць за такі гонар маглі толькі багатыя людзі. Пра ўсё гэта Янг таксама пачуў у натоўпе.
Янгаў бацька, мабыць, быў ужо непрытомны. Галава абвісла на грудзі, ногі валачыліся па камянях, як нежывыя. Але яму не давалі ўпасці, не знімалі кавадзі з яго плячэй. Памагалі несці і бацьку, і кавадзі незнаёмыя мужчыны, не біргусаўцы: ахвяра павінна быць данесена да Вішну, інакш усе намаганні будуць дарэмныя, малітваў і просьбаў бог можа і не пачуць.
Пляц каля самага храма скрозь застаўлены нейкімі не то званамі, не то маленькімі храмікамі, вакол іх у чашах з пяском гараць сандалавыя палачкі, кураць кнаты ў плошках з алеем. Цясноцце і штурханіна неймаверныя… Манахі спрабуюць надаць людскому вэрхалу нейкі парадак, дзеляць паток людзей на ручаі — да галоўнага ўваходу і да бакавога, спрабуюць нават стрымліваць людскі напор, прытарможваць. Хто абуты, збочвалі пад сцяну, разуваліся, скідвалі з сябе ўсё, што было з натуральнай скуры, і зноў спяшаліся да ўваходу. Кожны імкнуўся да Вішну трапіць чым раней, пакуль той не стаміўся выслухоўваць людскія скаргі і просьбы.
Абапал уваходу стаялі велізарныя белыя скульптуры каровы і льва — і манах паказаў Янгу на бакавы ўваход, ісці паўз сцяну. Рынуўся туды, каб хутчэй дагнаць сваіх, але натыкаўся толькі на чужыя спіны. «Мам!.. — нейкі страх працяў душу. — Тата-а! — шыўся ўсё глыбей у храм, прабіраўся то ўправа, то ўлева, абліваючыся потам, хоць у храме было халадней, чым звонку. — Дзядзька Амат! Дзед Амос!» Біргусаўцаў у людской гушчэчы не было, яны, мабыць, зайшлі праз галоўны ўваход і ціснуліся да алтара ў іншым патоку. Туды, дзе над людскімі галовамі ўзвышаецца шасцірукі бронзавы Вішну з рахманай, ласкава-дзіцячай усмешкай на твары. Сядзіць ён у позе лотаса, а гэтак узвышаецца над усімі… Грукат і плюхат чуваць адтуль, ад Вішну, — гэта разбіваюць людзі какосы, выліваюць малако, высыпаюць рыс. І ўжо не гул галасоў стаіць, а нібы шолах лісця ў джунглях — людзі спяшаюцца прашаптаць самае галоўнае, выказаць самае набалелае…
— Дзядзечка, падыміце мяне, я пагляджу! Дзядзечка, падыміце! — тузаў Янг за рукавы, за кашулі мужчын. Але яны нібы паглухлі ці былі ў трансе, нічога не хацелі чуць, нічога не заўважалі, акрамя Вішну. Урэшце адзін як прачнуўся, падхапіў Янга пад пахі: «Глядзі… І маліся, маліся!..» Янг круціў галавою ва ўсе бакі, выглядваў сваіх, шукаў бацьку. Каля самага Вішну ў гэты час адбылася нейкая заварушка, мільганула знаёмая кавадзі. Але ніводнага біргусаўца не пазнаваў Янг, толькі мітусіліся там людзі ў жоўтых доўгіх хітонах з бліскуча-чорнымі галовамі. Каго яны выносяць адтуль нагамі ўперад? Чаго схіляецца над тым, павержаным, жанчына ў белым халаце і белай касынцы?
— Ну — нагледзеўся? — мужчына апусціў яго на дол.
— Дзякую… — Янг выкаўзнуўся з яго рук, паплішчыўся да Вішну, да тых манахаў, што коўзаліся на мокрым, праштурхоўваліся да выхаду, кагосьці несучы. Янг спрабаваў апусціцца на дол, прапаўзці пад нагамі, але адтоптвалі рукі, і давялося выпрастацца, устаць… Вунь ужо тыя манахі, каля самага выхаду — другога бакавога выхаду. Лез туды асатанела — каго яны нясуць?! Такое знаёмае да кожнай драпіны-кровападцёку цела, такія знаёмыя разадраныя язвы…
— Тата!!! — вырваўся крык нялюдскага болю.
У бацькі абы-як целяпаліся рукі, хісталася адкінутая ўніз галава. Вочы былі прыплюшчаныя і нібы з мутнага шкла. Не адгукнуўся бацька, ніводным словам не абазваліся манахі.
Вось ужо двор, тут крыху свабадней. Янг забягаў то з аднаго, то з другога боку бацькі, падхопліваў яго рукі — «Абдзярэ аб камяні… Яму ж баліць!..» І чуў, што рукі былі халодныя.
Занеслі бацьку ў паднавес, збіты са свежых дошак. Там ужо ляжала некалькі доўгіх і кароткіх цел, прыкрытых прасцірадламі. Бацьку паклалі ў адзін рад з імі.
— Ідзі, хлопчык, адсюль… Ты сын яму? Усё роўна — ідзі. На вось, панюхай — і ідзі…— жанчына ў белай касынцы з чырвоным крыжыкам над ілбом дастала з брызентавай сумкі бутэлечку, адаткнула і сунула корак Янгу пад нос.
Забіла дыханне, сыпанулі з вачэй слёзы…
— Во… Паплач — і ідзі. У бацькі твайго харошая смерць. Ты ганарыся ім — ён не пашкадаваў жыцця для Вішну. Яго спаляць на самым галоўным ахвярніку — як знатнага чалавека. Ты ганарыся ім… Ну — ідзі! — паспешліва паштурхала ў плечы да выйсця. Хапала ў яе сёння работы.
Не бачачы з-за слёз свету, Янг брыў уніз да ручая разам з іншымі паломнікамі. А паток тых, хто падымаўся да храма, усё яшчэ не радзеў.
Ніхто з біргусаўцаў яго не шукаў. Каму ён быў патрэбны?
За два крокі ззаду кульгаў за ім, матляючы доўгім языком, бяздомны руды сабака.
У цэнтры сталіцы хрыпелі ад натугі рэпрадуктары:
Янгу здавалася, што рэпрадуктары-вісюлькі на слупах, падобныя на гіганцкія прыплюшчаныя, з рашотачкай знізу, невядомыя і неядомыя плады, ажно дрыжаць і трасуцца. Яны вось-вось палопаюцца ад напружання і гарачыні, упадуць на дол звонкімі аскалепкамі. Слухаць гэтую бясконцую жалезную песню было невыносна, у галаве звінела і ад недасыпу, і ад гарачыні, і ад таго, што перажылося ўжо тут, у сталіцы. Янг ужо некалькі гадзін бадзяўся па горадзе, не разумеючы, куды ідзе-брыдзе, каго ці чаго шукае.
Хацеў спачатку вярнуцца на Горны, дзе былі людзі іх абшчыны. Потым зразумеў, што вяртацца няма да каго. Ёсць, праўда, некалькі сяброў — Амара, Натача, Тун. Але ці на месцы яны зараз? А калі сёння на месцы, то дзе апынуцца заўтра? І хіба заменяць яны бацьку і маці, у іх сваіх клопатаў — не адгрэбціся. Шкада, вядома, сяброў: мо больш ніколі не ўдасца пабачыць. Але ж яму трэба думаць, як перабрацца на Рай, а не на Горны. На Раі брат Радж, каля яго і знойдзе прытулак.
Акіянскія цеплаходы не ходзяць на Рай, там і порта няма такога, каб іх прыняць, яны разгружаюцца тут, у Свійттаўне. Пасажыраў адразу накіроўваюць у доўгі аднапавярховы будынак з кароткім надпісам — «Таможня», пасля гэтага тым, хто прыехаў, можна свабодна бадзяцца па горадзе, сяліцца ў гатэлях. Некаторыя ж у горад не хочуць ісці, хочуць адразу на Рай. І прадстаўнікі турыстычнага бюро лістам сцелюцца — усім трэба дагадзіць, усіх задаволіць. Марскімі трамваямі або катэрамі на падводных крылах гасцей адпраўляюць на Рай. Янг даведаўся пра ўсё ад хлапчукоў-латочнікаў, яны таўкліся каля цеплахода, як камары, а найбольш прабітныя забраліся нават на цеплаход. Адзін кітаец-гандляр з латком на жываце некалькі разоў трапіўся на вочы.
Пры борце цеплахода коса вісяць два доўгія трапы з балясамі, па іх тупацяць і тупацяць дзесяткі і сотні ног. Патоку пасажыраў і насільшчыкаў, здавалася, не будзе канца.
Пракляты звон у галаве… Здалося, што знекуль, як з неба, хтосьці звонка паклікаў, бы ў якую жалязяку блямкнуў: «Я-я-ян-нг!» Ён закідаў позіркам сюды-туды. Перабраў вачыма адзін касы частакол людзей на трапе, другі… Нейкі смуглявы хлапчук махае яму зверху правага трапа — хто ж гэта? А той нецярпліва шмыгае пад рукі пасажыраў, наскоквае і спатыкаецца на іх чамаданы, валізы, сумкі, ледзь не вывальваецца пад балясы, коціцца ўніз. Абдула?! На трапе лаянка, хто-ніхто з насільшчыкаў спрабуе дастаць увішнага няўрымсту па патыліцы, але Абдула толькі раскаціста-звонка рагоча, выкручваецца і сыпле ўніз.
— Я-янг!!! — зноў крычыць ён радасна.
Янг падаецца насустрач, на душы адразу робіцца лягчэй. Вось каго б ён хацеў зараз бачыць — Абдулу! Кінуўся да яго ў абдымкі.
— Ты што тут робіш?