45684.fb2 Грот афаліны - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 17

Грот афаліны - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 17

«Я рашыў не ехаць у кэпітл, не патрабаваць ад вас такога лячэння. Але…»

«Радж, містэр Радж… Я заўсёды лічыў цябе прыстойным чалавекам. Ты не такі, як Судзір… Той аформіў заказ на сувенірныя дэльфінчыкі, сам іх прыносіць у дэльфінарый і лічыць, што робіць вялікую ласку, патрабуе прыбаўку да зарплаты».

«Містэр Крафт, я хачу, каб вы не прымушалі мяне рамантаваць лодку».

І Радж расказаў ужо больш падрабязна пра ўсё. Як крычалі на яго з катэра выратоўчай службы, каб не лазіў у заходніх сектарах, як убачыў праламаны і ўтоплены ялік, а да таго, да ўдару гарпуном — падазроны кантэйнер…

«Ці няма сувязі паміж усімі гэтымі здарэннямі?»

«Усё можа быць, усё можа быць… О божа, хутка не будзеш ведаць, на каго можна са сваіх работнікаў разлічваць, а хто суне табе нож пад рабро».

«Можа, паліцыі заявіць?»

«Пра што?!» — зноў збялеў Крафт.

«Ну… пра ўсё! І пра тое, што пад вадою бачыў. Можа, гэта ў іх якая перавалачная база наркотыкаў?»

«Барані цябе божа! Ты гаворыш сёння, як маленькі… Пэўна, у цябе тэмпература паднялася… Ты б пайшоў, паляжаў, га?»

Раджа, і праўда, не трымалі ногі. Перад сталом Крафта стаяла мяккае крэсла і звычайнае, але містэр прысесці не запрашаў.

«Я-то пайду, але ж… Калі так папускацца… Ды куды, зрэшты, глядзіць паліцыя? Чаму не вядзе з гэтымі трыядамі барацьбу?»

«Ах, наіўны, наіўны малады чалавек… Хіба ты не чуеш і не бачыш, што робіцца навокал? Гэта не архіпелаг Вясёлы, а… І які дурань даў яму такую назву? Гэта… гэта… гняздо піратаў і бандытаў! Заявіш, то не паспее паліцыя і двух крокаў ступіць, а «трыяда» ўсё будзе ведаць. А яна ж не цырымоніцца… Я праклінаю той час, калі не паехаў у метраполію, услед за дочкамі… Тады, як гэтая ваша самастойнасць тут стваралася. Дурны, пашкадаваў укладзеных капіталаў. А тут не столькі заробіш, як страціш тое, што меў. Жабраком хутка пусцяць па свеце! Божа, божа, хай бы я лепш купіў які гатэль, спакайней было б…»

Любіў паплакацца Крафт, выклікаць спачуванне. Не ведаў толькі Радж, ці з усімі сваімі работнікамі містэр пускаўся ў такія разважанні, ці ўсіх спрабаваў расчуліць, каб не вельмі патрабавалі павышэння платы, пашкадавалі яго, бедненькага.

Але трэба быць справядлівым: пакуль загойвалася рана, Крафт не пасылаў Раджа на падводныя прагулкі з аквалангам. Толькі ўздыхаў голасна, ламаў рукі: такія страты нясе, такія страты!

«Спачатку пазашываць, пацыраваць, а потым мыць ці наадварот?» — падумаў быў Радж, знайшоўшы старую тэніску, і вырашыў, што спачатку трэба зацыраваць. А то пакуль памые, то яна раз'едзецца на рэшата.

«Цікава, ці патанула тая лодка-гумоўка? Не магла патануць, хоць у адным аддзяленні ды засталося паветра. Значыць, плавала… А калі тыя, з катэра, вылавілі лодку? І знайшлі маю тэніску?.. Там і эмблема дэльфінарыя, і мае ініцыялы…»

На ліха ён вышыў гэтыя ініцыялы… Во, і на гэтай, старой, якую цыруе, ёсць на рубцы падола сінявата-выцвілыя літары «R.S.» — Радж Сінх.

«Могуць з гэтай тэніскай прыйсці ў дэльфінарый шукаць — чыя. Другі ўжо выпадак, другая сутычка з імі. Той самы разбойны клан ці другі? «WW» ці «WV»? Калі той самы, то ў спакоі не пакінуць. Падумаюць, што я спецыяльна за імі віжую. Захочуць прыбраць з дарогі…»

Памыў і тэніску, і штаны, высушыў прасам. Была ўжо раніца, зырка свяціла сонца, наперабой цвірынькалі птушкі. Да пачатку работы заставалася яшчэ гадзіны паўтары, і можна было б хоць крыху падрамаць.

Але ўключыў электраплітку, паставіў чайнік. І прылёг, падклаўшы пад галаву рукі. Падумаць было аб чым.

2

Радж пачуў тупат ног і крэкт бамбукавых жардзін на перакідным мосціку, потым жорсткае жваканне падэшваў па пяску. Нехта бег.

— Радж! Радж, ты спіш яшчэ? — дзверы моцна затузаліся, ажно задрыжалі сцены. — Бяда, Радж!

Пазнаў голас Гугі.

— Пачакай, адшчаплю! А то яшчэ будынак растрасеш, — гаварыў быццам спакойна, але Гугава трывога перадалася ўжо і яму. Адчыніў — і, уражаны, адступіў, даючы ўвайсці: выгляд у хлопца быў спалоханы, уся яго хударлявая доўгая постаць яшчэ больш выцягнулася, ажно згорбілася.

— Бяда, Радж! Джэйн, мабыць, нежывая!

— Гавары, ды не загаворвайся… Такая вясёлая заўсёды была, жвавая.

— Плавае абы-як, жыватом дагары. Я думаў, яна забаўляецца гэтак, а яна… не дыхае! Дэльфіны выштурхоўваюць яе з вады, а ўсё роўна не дыхае!

— А мо гэта Бобі, а не Джэйн? — Радж прыпусціўся да перакіднога мосціка.

— Сюды! Яны ў дэманстрацыйным басейне… Я добра пазнаў — Джэйн! У Бобі жоўтая драпіна на верхняй сківіцы…

Пасярод басейна амаль насупраць вышкі з пляцоўкамі вада была неспакойная. Дэльфіны вірылі, нібы паказвалі нумар — «марская зорка».

— Там толькі дэльфінкі — Ева, Дора, Бэла… І Джэйн… — шаптаў, схіліўшыся да вады і пільна ўглядаючыся ў дэльфінаў, Гуга. — Джэйн пасярэдзіне…

І праўда, то адна, то другая дэльфінка паднырвала галавою пад Джэйн, падбівала яе рострумам угору. Але штуршкі былі ўжо вялыя, нібы маці і цёткі страцілі надзею ажывіць дзіцяня. Нежывое цела Джэйн прыпадымалася і варочалася абы-як. Адплывалі па чарзе ўбок, шумна-гаротна выдыхалі паветра. З правага адростка-закавулка басейна, у які ўвесь час падавалася помпай свежая вада, з крэйсерскай хуткасцю выскачыў Дзік. Вада за хваставым плаўніком бурліла — так энергічна круціў ім. Прамчаў паўз самы бераг басейна, ажно хваляй абдало хлопцам штаны, нібы хацеў адгарадзіць свой гарэм ад цікаўных. Раджу здалося, што цёмнае, без зрэнкі, вока самца злосна бліснула. І яшчэ раз прамчаў, ужо назад, і стаіўся справа, каля паўночнай сценкі. Радж быў упэўнены, што ён не спускае з іх позірку.

Затое прыплыў да іх Бобі, паклаў галаву падбародкам на цэментавы бераг басейна. Разявіў ружовы, у шараватыя плямы, як у Мансуравага сабакі, рот, паволі выштурхоўваў з рота языком ваду. Праскрыпеў тоненька, жаласліва, потым затрэнькаў дыхалам, задрыжала плеўка-перапонка, што яе прыкрывала: понк-пэнк-пынк-пінк, р-рыў-рын-н, нібы хто правёў кіпцем па зубцах металічнай расчоскі.

— Што, Бобі? Ты маленькі бэбі, а не Бобі… Што ты хочаш сказаць, на што паскардзіцца? — прысеў Радж, пагладзіў яго па гладкай, нібы паліраванай, галаве, патузаў у бакі за рострум. — Бяда ў вас, малышок, бяда… Што тут здарылася, бэбі? Чаму ты не раскажаш?

Бобі паплыў да дэльфінак, закруціўся каля іх, падаючы скрыпучыя гукі.

О, каб мог Бобі ці другі дэльфін расказаць, што тут адбылося!

Радж устаў. На душы было цяжка: дэльфінят усе любілі, як родных дзяцей.

— Радж, павер, я ні ў чым не вінаваты! — Гуга гаварыў гэта, і ажно губы дрыжалі.— Учора я пакідаў іх жывых і здаровых, ніякіх падазрэнняў не было.

— Ніхто цябе не вінаваціць, супакойся.

— Ага! Ты не ведаеш Судзіра! Ён цяпер з'есць мяне… Ён жа пачынаў з маленькімі нейкі нумар рыхтаваць.

— Вечарам усе добра елі?

— Па-рознаму, як заўсёды. Хто больш удзельнічаў у прадстаўленнях, той нахапаўся за дзень. Астатніх дакармліваў… Джэйн, здаецца, мала ела. Усё плавала паціху, не нырала… Але я падумаў, што і ёй перапала, не галодная.

— Судзір быў вечарам? Праводзіў рэпетыцыю?

— Не.

— Да Крафта ты не бегаў? Трэба хутчэй яму далажыць.

— Не было яшчэ яго.

Было восем гадзін раніцы. А палове дзевятай прыходзіць містэр Крафт, а палове дзесятай — Судзір. Рабочы дзень у Гугі пачынаецца ў восем гадзін, бо яму трэба і рыбу рыхтаваць — Судзір дэльфінам не кідае па цэлай, калі заахвочвае пасля выканання нумару. У астатніх супрацоўнікаў пачатак работы ў дзевяць.

У адзінаццаць пачынаецца першае прадстаўленне, у чатырнаццаць — другое. У сераду, суботу і нядзелю — па тры прадстаўленні, апошняе — у шаснаццаць. Пасля кожнага прадстаўлення Судзір разыгрывае «латарэю», уручае некаторым гледачам пластмасавых дэльфінчыкаў, прыклееных да скрыначак-падставак. Тыя дні, калі няма трэцяга прадстаўлення, Судзір займае гэтыя гадзіны на рэпетыцыі і іншыя заняткі з дэльфінамі.

Стаялі з Гугам на мосціку, кожны думаў пра сваё. Пад імі некалькі разоў праплыў, магутна працуючы хвастом, Дзік.