45684.fb2
Першым пакрочыў Ганеш. Ён стомлена абапіраўся на бамбукавы кій, абмацваў дарогу. За ім затупацелі ўсе. Замыкала шэсце Рата, яе гуртам паднялі на ногі — «Ідзі», і яна шоргала па пяску сваімі распухлымі калодамі, задыхана сапучы.
Ганеш ішоў і гаварыў, што з пустымі рукамі да бома няма чаго хадзіць. Трэба адразу несці падарункі. І ён назваў, каму сёння лавіць курэй ці пеўняў, браць сушаных тунцоў, каму несці вараны рыс і тодзі — зброджаны, з градусамі, сок какосаў.
Моладзь адстала, ішла ззаду. У цэнтры яе крочыў Радж, злева ад яго быў Амара, справа — Янг. Ён трымаўся за братаву руку і стараўся ступаць шырока, каб патрапляць з ім у нагу, быць падобным да брата.
«Нервовы стаў Радж… — думаў Янг. — Асабліва апошні месяц, як з'явіўся ў яго гэты шрам. Ніколі пра шрам нікому не расказваў. Таямніца нейкая, загадка… Невясёлая ў яго работа, небяспечная — многа часу даводзіцца быць пад вадою. Але як бы мы жылі без Раджавай дапамогі, без яго заробкаў?»
— От жа дурныя людзі… От жа цёмныя… — гаварыў Радж, нібы шаптаў заклінанне. Але яго добра чулі ўсе хлопцы. — Хіба ў гэтым бома паможа?
Іх востраў вельмі падобны да какосавага краба біргуса (адсюль і назва). Вялікага краба, з тулавам-панцырам памерам тры на чатыры кіламетры. Маленькія рыфы кругом — нібы яго падцятыя ножкі. У вострава і клюшні ёсць, як у краба, левая, шырэйшая і даўжэйшая, ахоплівае лагуну з усходу. Яна складаецца з вузкага мыса-паўвострава і чатырох зялёных астраўкоў-скал, размешчаных адзін за адным праз вузкія праліўчыкі. А правая клюшня Біргуса яшчэ вузейшая, у ёй сем белых каралавых атольчыкаў, на тых сямі амаль нічога не расце, толькі гняздуюцца чайкі. Янг не раз выбіраў з сябрамі з гнёздаў яйкі — смокчаш іх і чуеш пах рыбы.
Людзі ішлі да паўвострава-мыса, бома жыў там — адасобіўся ад вёскі, настаўляў наўкол хаціны і каля дзвярэй драўляных ідалаў са злоснымі лупатымі вачыма, з шырачэннымі ікластымі ратамі. На бамбукавых шастах уздымаліся ўгору пучкі нейкага зелля — таксама абарона ад злых духаў. Хаціна сярод каранёў-хадуляў вялізных панданусаў здавалася нейкім настармачаным гняздом. Нават у ціхую пагоду на страсе варушыліся, шамацелі сухія пальмавыя і бананавыя лісты, нібы хтосьці невідочны хуценька, ледзь кранаючыся, бегаў па іх. Мо якія добрыя духі? Бома сябруе з імі, то пэўна ж і яны маюць у яго прытулак.
Падышлі, насцярожана пасталі. У людзей спалохана павыцягваліся твары, толькі Радж крывіў губы ў іранічнай усмешцы. Жанчыны папускалі дадолу дзяцей, расклалі дарункі, паселі самі. Звязаныя куры не хацелі сядзець ціха, то адна, то другая заўзята білі крыламі.
Бома пачуў кудахканне і лопат крылаў, высунуўся з дзвярэй.
Бома Яп — чараўнік і лекар. Кашчавы, нібы ёг, голы да пояса, на жываце адбіліся ад доўгага ляжання нейкія палоскі і клетачкі. Пазяхнуў, крыва разявіўшы шчарбаты рот, пачухаў пад пахаю, паправіў на галаве не то шапачку, не то карону, за якую было наўтыкана рознакаляровых пер'яў. Замест штаноў ці мо паўзверх штаноў матляліся палоскі нейкага рыззя. У бома, хоць ён і знаўся з духамі, разбіраўся ў зёлках, былі чырвоныя бялкі вачэй, гнаіліся павекі — як і ў многіх людзей на востраве. Вядзьмак называецца, а гэтую хваробу ні ў сябе, ні ў іншых вылечыць не можа.
Усе пападалі на калені, нібы перад богам Вішну. Потым паразгіналіся, далоні склалі перад грудзьмі, нібы кожны злавіў сабе па матылю. А Радж лёг на бок, каб не ўзвышацца над людзьмі, і наглядаў за ўсім, нібы за якім прадстаўленнем. Янг прысуседзіўся да яго, лёг на жывот. Ганеш тым часам блытана тлумачыў бому, чаго хоча народ.
— Ведаю. Я ўсё ведаю, хоць нідзе і не бываю, — сказаў Яп. На худым твары спакойная скамянеласць і ні пробліску думкі.— Трэба параіцца з добрымі духамі.
Ганеш махнуў леваю рукою жанчынам, нібы выграб што з-за вуха. І тыя пабралі дарункі, яшчэ раз схіліліся ў паклоне перад бомам, па чарзе занеслі іх у хаціну. А вялікую конаўку бражкі, зробленую з цэлага калена тоўстага бамбуку, Ганеш сам падаў у рукі бому. Той пашаптаў нешта над ёю і выпіў не перадыхаючы. Голасна адрыгнуў, з-за пояса дастаў нейкі карэньчык, пажаваў, і на губах праступіла пена.
— Буду раіцца з добрымі духамі, пакуль не выплыве з вады Нябесны Човен. Ціха!.. — і знік, рэзка таргануўшы за сабою цыноўку, завесіў уваход.
Людзі паварушыліся, уладкоўваючыся больш зручна на пяску. Кожны ў думках, а то і шэптам упрошваў добрых духаў памагчы ў нялёгкай справе. Чакалі доўга, паглядваючы ў неба, у той бок, адкуль заўсёды выплываў месяц. Людзі наэлектрызавалі сябе маленнямі і былі нібы ў трансе, ускрыквалі абы-што.
— Падурнелі… Зусім падурнелі,— шаптаў Радж. — Кожная секунда дарагая, а яны… Амерыканцы ж не маліцца прыехалі сюды!
Урэшце месяц, нібы чырвоны вялізны човен, выплыў з акіяна і, здалося, загайдаўся, задрыжаў на хвалях. І ў гэты час у хаціне штосьці глуха загрукатала, задрынкала, запішчала прарэзліва, нібы вядзьмар злавіў за хвост какосавага пацука і закруціў над галавою, каб шпурнуць у хвалі. Хаціна дрыжала і трэслася, праз шчыліны прабіваліся водбліскі агню.
І вось на парозе паўстаў бома з палаючым факелам у левай руцэ. Водбліскі агню гулялі на страшным, расфарбаваным белымі і чырвонымі палосамі і трохкутнымі знакамі твары. У правай руцэ пахістваўся бамбукавы кій, падобны на піку. Дый сам бома хістаўся, як п'яны, пацепваў, як ад холаду, плечукамі. Абедзве рукі ад пляча і да кісці былі ўвязаны каляровымі стужкамі, канцы іх целяпаліся на ветрыку, выгіналіся, як змеі. Бома паўглядаўся ў адзін бок, у другі, выцягваючы шыю, як чарапаха, і раптам скокнуў туды, скокнуў сюды, укалоў паветра пікаю. А сам нечым прарэзліва вішчаў, мо заклаў які лісток за зубы, хацеў, мабыць, каб людзі думалі, што пішчаць і ўцякаюць злыя духі. Ён то ішоў па крузе на падагнутых нагах, то скакаў абедзвюма адразу, як верабей, і ў такт калоў пікаю ў бакі, вычэрчваў агнём нейкія знакі. У вачах бома палалі вогненныя водбліскі, здавалася, што з іх, як і з факела, сыплюцца іскры.
Янгу зрабілася жудасна, яго затрэсла.
— Усе… Бярыце факелы… Бярыце палкі, кіі. І за ім! — тлумачыў Япавы жэсты стараста. Голас Ганеша таксама зрабіўся пісклявы і хрыплы, і ўсе загукалі, завылі не сваімі галасамі, каб духі зла не пазналі нікога, не ведалі, на каго нападаць. Усе пайшлі за бомам, прытанцоўваючы, падскокваючы, як хто мог прыдумаць, і ўсе калолі палкамі і кіямі паветра. Янг зрабіўся сам не свой, ён ужо не заўважаў, хто адлучаўся ад натоўпу, каб узброіцца і запаліць факел, хто бухаў па пустым ствале бамбука. Агнёў рабілася ўсё больш і больш, з-за паху гарэлага алею ўжо не чуваць было злога машыннага духу. Чад і дым пацягнула ў зараснікі, і там затрывожылася начное птаства. Агні адбіваліся ў лісцях пальмаў, і здавалася, што там таксама запальваліся факельчыкі, а на небе большала зорак таму, што туды падымаліся іскры ад факелаў. Блішчалі вочы, блішчалі зубы, зеўралі скрыўленыя чорныя раты, самі людзі былі падобныя на абвугленыя галаўні. Янг бачыў, што і Радж ужо ўзброіўся абломкам кораня пандануса і ў бацькі ў руках кій. Толькі маці несла, прыціскаючы да поўнага жывата, чорны саган з какосавым алеем, і тыя, у каго патухаў факел, падбягалі памачаць, зноў прыпальвалі.
Сышлі на самы бераг. Вада каля рыфаў паблісквала фасфарычным святлом, раз-пораз паверхню лагуны прачэрчвалі бледныя палосы, нібы хто чыркаў гіганцкімі запалкамі па серцы, а яны ніяк не хацелі ўспыхваць. Пясчаная, у шумавінні паласа прыбою сёння пакрамсана рванымі слядамі-пісягамі ад колаў машын.
Зусім блізка было месца, дзе выгружаліся і высаджваліся прыхадні, як раптам — «Па-ах!» — у неба ўзвілася чырвоная ракета і паляцела ў іх бок. Зніжалася проста на галовы, шыпела і пырскала іскрамі, і некаторыя спалохана адбегліся ў бакі. Але ракета патухла, не дапаўшы да зямлі. У той жа момант з рэйда, з-за лагуны, дзе стаяла аграмадзіна баржа, успыхнуў слуп святла, упёрся ў неба — запалілі пражэктар. Светлы слуп зыбнуўся, упаў на ваду, потым зашарыў па беразе, раптам высвятляючы то сілуэты скрыўленых у бок вады пальмаў, то горы выгружаных скрынь пад брызентамі, то машыны і бульдозеры, то брызентавыя палаткі. Людзі заплюшчвалі вочы, паварочваліся спінамі да кінжальнага агню.
— Ты… дадому бяжы! Ты малы яшчэ… — трывожна зашаптаў Радж, балюча сціснуўшы Янга за локаць. — І маму вядзі адсюль!
— Ай, — вырваўся Янг. Не мог ён у гэтыя хвіліны кінуць і Раджа, і ўсіх сваіх. Не мог не пабачыць, як спужаюцца злыя духі, пачнуць — боўць, боўць! — кідацца ў ваду, плысці на сваю баржу.
«Па-ах!!! Ш-ш-ш-ш…» — зноў узвілася чырвоная ракета, і на гэты раз у адной з палатак, высока на беразе пачуўся рэзкі выкрык на чужой мове. З палатак пачалі выскокваць, на хаду адзяваючыся, салдаты, выстройвацца ў шарэнгу.
Бома Яп датанцаваў да вартавога, завыў, робячы рыўкі-скачкі то ўправа, то ўлева, цаляючы кіем у твар, у шыю, але ў апошнюю секунду наносячы ўколы міма. І ўсе завылі дзікімі галасамі, заскакалі, паўтараючы рухі бома, грозячы палкамі, факеламі. Пражэктар зноў асляпіў усіх. Пачварныя цені захісталіся, уздыбіліся вышэй пальмаў, а факелы памерклі, сталі зусім не грознымі.
Салдат адступаў задам, аўтамат наставіў перад сабою, пагражаў ім, штосьці выкрыкваючы і паказваючы, каб людзі ішлі прэч. А вось ужо і адступаць няма куды, упёрся спінаю ў штабель скрынь. Кіі свішчуць і справа, і злева, хтосьці дзеўбануў палкаю салдату ў грудзі. Нейкая жанчына захапіла жменю пяску і сыпнула яму ў вочы…
І тут аглушальна затрашчаў аўтамат, запырскаў агнём. Янг, збіты Раджам з ног, паспеў яшчэ заўважыць, як бома ўпаў на калені, потым лёг на бок, як Радж маланкава ўзмахнуў крысам, саўгануўшы салдату пад бок, як амерыканец спаўзаў на зямлю, шоргаючы спінаю па скрыні з надпісам «US NAVY ENGINEER TROOPS», як зверху, ад пальмаў, тупацелі ўніз чужыя салдаты.
Людзі са страхам разбягаліся. Янг бег з усімі сяльчанамі і раз-пораз азіраўся туды, на штабялі, дзе дрыжала святло пражэктара, і ў гэтым святле старая Рата, якая толькі яшчэ датупала да скрынь, схапіла з долу кінуты саган з алеем, выліла яго на скрыні, падняла кінуты факел і прытуліла да брызенту, падпальваючы. Яшчэ не ўгарэлася добра, як зноў затрашчаў аўтамат… З-за салдат не відаць было, дзе ўпала Рата, дзе ляжыць Яп. Амерыканцы мітусіліся, здзіраючы брызент з агнём, тушачы яго пяском. І тут прагучала новая каманда, затрашчалі стрэлы. Кулі стукалі ў ствалы пальмаў, чмякнулася ў пясок некалькі ссечаных арэхаў.
Людзі рассыпаліся па хатах, зашываліся ў глухія куткі. Баяліся, што салдаты хлынуць следам, усіх паб'юць, а хаты папаляць.
Янгава маці стагнала, усхліпвала, а бацька гладзіў яе па галаве, як малую. А потым яны шапталіся, а маці ўсё стагнала і скардзілася на болі ў жываце. Янг ляжаў на цыноўцы ў сваім кутку і дрыжаў усім целам, ляскацелі зубы. Дзе дзеўся Радж? Ці не падстрэлілі яго ў суматосе?
Толькі пад раніцу прасунуўся ў хаціну Радж.
— Спіш? — зашаптаў ён, стрымліваючы глыбокія і цяжкія ўдыхі, прылёг каля Янга.
— Не-а… Цябе чакаў! — прашаптаў і Янг.
— Я зараз пайду… Птушку, калі заседзіцца на адной галіне, можна і каменем збіць. Паплыву на Рай.
— На чым?!
— Прыдумаю што-небудзь.
— Во зараз, ноччу?!
— Ноччу. А зоркі нашто на небе? Дый над Раем зарыва ад агнёў здалёк відаць. Мо будуць раніцаю шукаць ці пытаць мяне, кажы, што я не быў вечарам каля скрынь. Паехаў на Рай адразу пасля сходу. І маме з татам скажы, каб так гаварылі.
— А людзі ж бачылі, што ты быў з усімі.
— Людзі бачылі, зразумела. Але думаю, што і ім выгадна казаць, што мяне не было. Ю андэстэнд мі? Разумееш мяне?
— Йес, сэр. Але ўсякія ёсць людзі, каму выгадна і на аднаго цябе зваліць віну. Я ж бачыў, як ты крысам…
— Цс-с-с…
— Лі Сунь першы на цябе данясе, — Янг разважаў зусім стала, і Радж узлахмаціў яму валасы: «Расцеш, малы!»
— Не было ж кітайца з людзьмі… Ну — бывай… — Радж пацалаваў Янга. — Ты ж ведаеш, дзе мяне шукаць — у дэльфінарыі. Ух! — раптам скрыгатнуў Радж зубамі.— У такі момант даводзіцца вас пакідаць!
— А калі зноў дома будзеш?
— Не ведаю. Цяжка ў містэра вырвацца. У выхадныя двайная нагрузка. А ведаеш, што на тых скрынях, на беразе, напісана? Што маёмасць належыць ваенна-марскому флоту ЗША. Базу хочуць будаваць.
Янг навобмацак абняў Раджа за шыю.
— Ну, мужчынка, беражы маці і бацьку. З Амарам дружы — ён верны мой сябар. — Радж пацалаваў Янга яшчэ раз і зашорхаў, адпаўзаючы да дзвярэй. Стагнала ў сне маці… Янг выцер слёзы са шчок.