45684.fb2 Грот афаліны - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 20

Грот афаліны - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 20

— Колер туфляў?

— Таксама, здаецца, шэрыя.

— М-да-а… — расчаравана працягнуў афіцэр. Запстрыкаў пальцамі левай рукі па стале, а правую зноў схаваў пад стол. За спінаю Янга зноў рыпнулі дзверы. — У камеру яго! Хаця не, патрымай крыху ў прыёмнай, мо яшчэ спатрэбіцца.

Янга ўзялі за плячо, вывелі ў пярэдні пакой. Паліцэйскі старанна зачыніў падвойныя дзверы ў кабінет, але і адны, і другія крыху адхіліліся.

— Сядай! — паказаў Янгу на крэсла каля сцяны, а сам усеўся за стол, напусціў на сябе важнасць: вельмі, мабыць, хацелася быць падобным на начальніка.

У кабінеце размаўлялі бурна, часам пераходзілі на англійскую мову. Янг напружыў слых — ах, як кепска, што англійская мова такая цяжкая, так марудна паддаецца яму!

— Мы яго вялі з самага Ганконга! Разам з ім плыў і наш агент! З рук у рукі, можна сказаць, перадавалі… А вы ўмяшаліся і на фінішы ўсё абарвалі. Як цяпер выявіць працяг ланцуга? Да каго ехаў гэты з ружовай касынкай?

— У сорак першым нумары засада.

— Толку з гэтай засады! Туды і выпадковыя людзі могуць завітаць, скажам, пакаёўка, афіцыянт… — грукатаў голас таго, што сядзеў каля фуражкі «Interpol». — Тэлефон у гэтым сорак першым ёсць?

У кабінеце трохі памаўчалі, мабыць, ці сам афіцэр, ці той паліцэйскі, што сядзеў за машынкай, глядзелі ў даведнік.

— Ёсць, — урэшце пачуўся голас афіцэра.

— Ну вось, перш чым сустрэцца з «касынкай», яму пазвоняць у нумар. Ці ёсць ён… А калі ёсць, то ці той гэта, хто трэба, і размова будзе з паролем.

— …мы падслухаем, пра што яны размаўляюць. Усе нумары падслухоўваюцца!

— Вашы там будуць сядзець, пазвоніць тэлефон. Падымаць трубку ці не? Калі падымаць, то што гаварыць? Калі пачуюць, што неехта падазроны зняў, то і гаварыць не будуць.

— А мы выпатрашым гэтага, з касынкай. Запэўніваю, мы сумеем узяць у яго ўсё, што трэба… Па-другое, выпусцім малога… — далей пайшла англійская мова, афіцэр ёю валодаў, відаць, таксама някепска.

— Вы так думаеце? А каму ён трэба, тым больш пасля таго, як засыпаўся? Хлапчука выкарысталі выпадкова і аднаразова. Мог на яго месцы быць і не зямляк гэтага… як яго… Пуола, а іншы хлапчук. Пуол падсунуў замест сябе гэтага малога толькі таму, што ўбачыў падазроных асоб… што за «касынкай» сочаць.

— З гэтых падазроных мог быць і ваш вусаценькі малады чалавек.

— Я папрашу!.. — узвысіўся трэці голас, тонкі.

— Можаце не прасіць! — пацвярдзеў голас афіцэра. — Я разумею: тыя двое нашых, што разыгрывалі парачку, учынілі нязграбны маскарад. Але ж і вы, даруйце, не далей адышлі. Ва ўсіх танных кіно такіх сышчыкаў-нязграбнікаў паказваюць. Маіх вачэй у порце было больш, чым вы думаеце… І яшчэ… Адкуль мы, па-вашаму, ведаем пра гэтага з ружовай касынкай? То-та ж! Не такія мы прасцячкі, як вам здаецца.

Выглянуў з дзвярэй той паліцэйскі, што сядзеў за машынкай.

— У камеру! — махнуў на Янга і зноў знік. — Падымайся! Прыліп… — падняўся той, з-за стала.

«Усё-такі ў турму?! А я ж усё праўдзіва расказаў!» — ногі Янга не хацелі слухацца.

У калідоры сустрэліся двое вартавых, вялі на допыт чалавека з ружовай касынкай на шыі. Адзін вартавы быў скаваны з арыштаваным агульным наручнікам.

2

Калі на чалавека з ружовай касынкай і Янга накіравалі з усіх бакоў зброю, Пуол замёр на месцы. У кроках дваццаці спераду бачыў дзверы пад'езда з прыступкамі. Пакуль ішоў да іх, ледзь стрымліваўся, каб не кінуцца бягом. Паспеў яшчэ ўбачыць, як на «касынку» надзявалі наручнікі. Шмыгнуў у пад'езд, прабег дом наскрозь міма лесвіцы, тузануў дзверы, што вялі на двор. Яны не паддаліся. Тады ён штурхнуў іх з усёй сілы — ні з месца. Затахкала сэрца, у голаў шыбнула гарачыня… «Вось і папаўся… Сам ускочыў у пастку!» Ламануў назад, у тры скачкі адолеў пралёт лесвіцы. На першай пляцоўцы было зусім невялікае і вузкае, як байніца, акенца. Біць, выломваць не стаў — усё роўна не пралезе. Інстынкт самазахавання пагнаў яго вышэй па лесвіцы. Успомнілася з кіно, што паспеў паглядзець на Галоўным, як гэтак ратаваўся ад пагоні «агент №…». З апошняй пляцоўкі да квадратнага люка ў столі строма стаяла лесвіца. Апынуўся наверсе хутка, як кот, таўхануў у шчыт люка рукамі і галавою… Паддаўся!

Бег упрыцемку пад нізка навіслай страхой, ледзь не стукаўся галавою ў кроквы. Са страшным лопатам узляталі і ўцякалі галубы, ліпла да твару павуціна. Бег на святло, што струменілася з бакоў, з левага і правага скатаў страхі, дзе ў нішах былі акенцы. «Гэта — на вуліцу, гэта — на двор…» — сарыентаваўся і нырнуў у правую, раму вырваў адразу.

Бег па страсе, грукочучы бляхаю, коўзаючыся, пераскокваў на чарапічныя і шыферныя стрэхі, а канца дамам, канца вуліцы, здавалася, не будзе ніколі. Ужо відаць былі мачты цеплаходаў у порце (бег не ўперад, а назад), урэшце ўбачыў праз акенца вяроўкі з бялізнаю.

Калі лазяць вешаць бялізну, значыць, павінен быць ход на лесвіцу, уніз.

Перад тым як выскачыць на двор, аббіў трохі з сябе пыл, галубіны памёт, абабраў павуціну. Дваром перайшоў на суседнюю вуліцу і пакрочыў ужо спакваля ў той бок, куды яму было трэба.

«Ай ды я! Малайчына…» — Пуол быў задаволены сабою. Чым не супермэн з кіно? Падабалася яму такое жыццё, з рызыкай і небяспекай. Ішоў дадому пасвістваючы, па баках і назад не азіраўся.

А таго не ведаў, што на кожнага разумнага знаходзіцца яшчэ разумнейшы.

Чым бліжэй падыходзіў да сваёй канспіратыўнай кватэры, тым больш адчуваў, як гэты падвышаны настрой і самаздаволенасць выходзяць з яго, нібы дух з праколатай шыны. Яшчэ і яшчэ раз перабраў у думках, што гаварыў Янгу, што той мог расказаць паліцыі. «А ён раскажа, усё раскажа, нават не сумнявайся!.. Злосць у яго на мяне… Пра гатэль «Ганконг» скажа, пра апартамент сорак адзін». Пуол адчуваў, што гэты адрас — самае важнае, што было даверана яму асабіста. Яму, а не Янгу, нейкаму блазнюку. «А я перадаверыў тайну, аддаў яе ў рукі паліцыі…— Пуола пачало кідаць то ў пот, то ў холад. — Лепш, каб я сам папаўся… Называецца, уратаваўся… Ад каго? Ад паліцыі — так, а ад Чжана? Каб сам папаўся, то я ім нічога б не сказаў. Выкруціўся б або сказаў, што выпадкова апынуўся каля чалавека з ружовай касынкай. Ці мала хто ходзіць па вуліцы? У цэнтры людзі як мурашкі мітусяцца. Гэтак любога можна схапіць, да любога прыдрацца… Але я і не падышоў бы да яго, хіба я дурны, вачэй у мяне няма? Незнаёмец жа не ўзяў баул у левую руку!.. А мо быў яшчэ адзін чалавек у ружовай касынцы?! — Пуол ажно прыпыніўся ад гэтай думкі, яму зноў стала горача. — Мо я не заўважыў другога, пераблытаў?»

Ліхаманкава перабраў у думках тое, што было ў порце. Усё, здаецца, ішло як трэба. Аціраўся сярод гандляроў-латочнікаў, нават прыцэньваўся, выдаваў сябе за капрызлівага пакупніка. Адзін дарослы кітаец-латочнік як не нахрапам лез, соўгаў пад нос пацеркі — «Каралі для вашай кралі! Чорны карал! Чорны карал!» Не вытрываў, ажно сыкнуў, каб не вязаўся. А той, з ружоваю касынкаю, таксама пабадзяўся крыху па крыклівым базарчыку. І проста выпадкова кінулася Пуолу ў вочы, што вельмі ж ужо аднолькава атрымліваецца і ў гэтага, з баулам, і ў вусаценькага піжона з бліскучай палкай. Стане адзін, каб прыгледзецца да якога тавару, прыцаніцца, нават у рукі ўзяць, а каля суседняга гандляра ці праз аднаго прыпыніцца і піжон, таксама нібыта штосьці глядзіць, круціць у руках, а сам так і цікуе за «касынкай».

«Справа нячыстая… Сочаць… А мяне ж папярэджвалі, каб глядзеў пільна…» — цюкнула яму тады. Дык хіба мог пасля гэтага сам лезці на ражон?

Трэба ўжо зварочваць у завулачак, што вядзе ў лабірынт дамоў таго двара, дзе яго кватэра. Азірнуўся… Здаецца, нічога падазронага, ідуць людзі, як ішлі,— каму куды трэба. Ніхто не вылуплівае вочы на яго.

Пакой сустрэў затхла-прытарнымі пахамі, нібы дзесьці гніла копра. Пастаяў каля трумо, паўглядаўся ў свой твар… Трывога на ім і разгубленасць… Унізе на століку безліч усялякіх флакончыкаў, цюбікаў, баначак з крэмамі, пудрамі, духамі, мазямі. Хацелася змахнуць іх, каб ажно асколкі зазвінелі… Паглядзеў на ложак з балдахінам. Да высокіх спінак быў прычэплены шнурок, на якім соўгалася заслона з матэрыі ў грубыя плямы-ўзоры. Не пакой для мужчыны, а дамскі будуар. Ці не для любоўных спатканняў скарыстоўваў Чжан гэтую кватэру? Тузануў са злосці заслону ўбок, ажно тропнуў шнурок, і заваліўся ў пасцель адзеты.

Трэба засяродзіцца, трэба прадумаць, што з усяго гэтага можа атрымацца? Што пагражае яму асабіста?

І чым больш ляжаў, тым больш халадзела пад сэрцам. Як паглядзіць на ўсё, што здарылася, Чжан? У яго ж доўгія рукі, шмат памагатых, шмат вачэй… А мо ўсё-такі ўдасца ўцячы? Свійттаўн вялікі, востраў і архіпелаг яшчэ большыя — трасцу знойдуць. Балазе, ёсць у кішэні долары — «аванс», які трэба яшчэ адпрацоўваць. Так сказаў пасыльны, калі перадаваў разам з грашыма першае заданне. Заданне, якое ён не выканаў!

Не вытрываў, падхапіўся. К чорту пакуты і роздумы! У яго ж ёсць пяцьдзесят долараў, нават больш, калі палічыць з Янгавымі. З імі можна някепска правесці вечар ці ноч. Ніхто яму не ўкажа, як бавіць вольны час, як траціць грошы. Ён сам сабе галава!.. І ён ведае, дзе тая Рэкрыэйшн-стрыт, вуліца забаў і ўцех.

У нейкіх кабачках проста каля стойкі, не прысаджваючыся, не закусваючы, піў джын, піў амерыканскае віскі з содавай. Чокаўся з нейкім падазроным азызлым гулякам, частаваў яго. І, мабыць, той гуляка завёў яго ў нейкае падвальнае памяшканне. З яго ўзялі апошнія сорак долараў, замест іх далі цыгарэту. Адну-адненькую за сорак долараў!

— Не шкадуй грошай, не яны нас нажывалі, а мы іх… Скурыш — трапіш у нірвану… Зведаеш шчасце і асалоду, якія толькі могуць прысніцца… — нашэптваў той сабутэльнік.

І Пуол не шкадаваў, яму ўжо было мора па калена. Узяўшыся пад рукі, ступілі яшчэ колькі прыступак ніжэй, адхінулі цёмную, захапаную рукамі заслону. У нос ударыла кісляцінай і едкім дымам. Трапілі ў доўгую залу з нізкай столлю і заплеснелымі, у разводах куткамі. Паўз сцены не вельмі густа ляжалі цыноўкі, некаторыя ў плямах і прапаленыя. Амаль на кожнай сядзелі, ківаючыся, заплюшчыўшы вочы, напалову раздзетыя людзі, некаторыя драпалі, раздзіралі сябе кіпцямі, нібы хацелі і скуру здзерці. Хто-ніхто ляжаў то скурчыўшыся, то раскінуўшы рукі і ногі ў самых неверагодных позах. Твары скрыўленыя ў ідыёцкіх грымасах-усмешках.

— Во… Во якраз свабодныя падсцілкі… Сядайма, пакурым… — сабутэльнік пасадзіў Пуола беражліва, як дзіця, даў прыкурыць і сам прыкурыў.

Пуол яшчэ і звычайных цыгарэт не прывык курыць. Купіў, праўда, адну каробку, цмокаў для форсу і саліднасці, хоць рабілася млосна і кружылася галава. А тут з прагнасці цмокаў і цмокаў, пакуль і прытомнасць не страціў.

А мо гэта не была страта прытомнасці? Нейкія сны-галюцынацыі, трызненне. Ён нібы плаваў у ружовым тумане, не чуючы цела. Здавалася, што кожная клетачка арганізма растварылася ў мляўкай слодычы. Ён нібы наглядаў збоку за сваім целам, а яно развальвалася на часткі, і кожная частка вырастала да жахлівых памераў і лопалася, як ракеты феерверка на дзень каранацыі султана. Потым здалося, што гэта гараць-успыхваюць асігнацыі — долары, франкі, фунты стэрлінгаў, дзінары. Пякучыя іскры падаюць на галаву Пуола і зноў узрываюцца. Нейкія выбухі гучаць справа і злева, ад іх ажно галава матляецца, ледзь не зрываецца з плячэй. Хтосьці б'е не шкадуючы — па адной мордзе, па другой, аж коле ў мазгах, здаецца, пэнкае на часткі галава…

Лыпнуў вачыма, цяжка прыходзячы да памяці. Але яшчэ нічога не цяміў, і той чалавек, што стаяў, сагнуўшыся, над ім, здаваўся прывіднай, расплывістай плямай. «Дзе я? Што са мною?» — здаецца, прамармытаў, сабраў сілы, але Пуола схапілі загрудкі, сцепанулі так, што ледзь не адарвалася галава. Яго пасадзілі, зноў ударылі па шчоках, і званы ў галаве загудзелі нясцерпна, паплылі каляровыя колы ў вачах.

Ах, лепш было б не ачуньваць… Той незнаёмы не біў больш, а ў галаве ўсё роўна бухала молатам, калола ў патыліцы і ў скронях, вочы як не вылазілі з арбіт, у страўнік быццам залілі свінец, язык распух, ледзь варочаўся ў смярдзючай жыжцы-сліне. Абхапіў аберуч галаву. Страшэнная млявасць і боль панавалі ва ўсім целе…

Аб зубы стукнуў нейкі посуд… Учуў пах вады і схапіў бляшанку аберуч, піў цёплую, жалезістую на смак ваду, хацелася піць бясконца, пакуль не лопне. У галаве крыху пасвятлела… А вочы яшчэ бачылі як праз маскітную сетку, і Пуол не пазнаваў чалавека, што тармасіў яго, а цяпер паіў вадою, хоць і здаваўся знаёмым яго твар.

Бляшанку адабралі, бразнулі пад ногі, Пуола паднялі пад локці. З падвала вывелі сілком, і пад сцяною на тратуары яго дзіка, да жоўтай немачы рвала. Калі трохі адпусціла і змог разагнуцца, ногі ажно падгіналіся ад слабасці.

Вялі яго доўга, блытана. Час ад часу праважаты ўстрэсваў яго за каршэнь, каб ачуньваў хутчэй. Потым завязалі вочы і зноў вялі. Зразумеў: да Чжана, на расправу… Знекуль яшчэ ўзялося крыху сілы, ірвануў з вачэй павязку і кінуўся ўцякаць.

Дагналі, секанулі рабром далоні па шыі, і Пуол упаў без прытомнасці. Калі ачуняў, яго зноў устрасянулі, адабралі вялікі нож-складанец, завязалі вочы.