45684.fb2
— А што — спадабалася? — зрабіў нявінны твар Радж. Глядзеў на пераноссе Пуола, а бакавым зрокам бачыў, што за суседнім сталом таўстун з жонкаю зноў шэпчуцца. Жанчына ўстала, хутка пакрочыла да выхаду.
«Аг-га… Пуол зараз пажне тое, што пасеяў… Бумажнік апазналі…» — Радж трохі нават усцешыўся: дурная галава сама шукае гуза.
«Што рабіць! Могуць палічыць за саўдзельніка крадзяжу… Чакаць развязкі ці прыдумаць якую прычыну пакінуць Пуола? Але тады можа падумаць, што я збаяўся яго».
Устаў, накіраваўся да акна, сам адшчапіў, таўхануў на двор створкі. Вяртаючыся, падумаў: «Мо пашукаць Амару ці запрасіць каго на танец?» Ні размаўляць, ні сядзець з Пуолам за сталом не хацелася. Але аркестр змоўк.
Пуолу таксама не сядзелася.
— Кінь забаўку з «Марціні». Хоць разок во гэтага… — пацягнуўся са штофам да келіха Раджа. Лінуў, Радж не паспеў адхапіць чарку. — Хо-хо! Кактэйль «Белы мядзведзь»… Я і сабе такі зраблю… — Пуол узяў у абедзве рукі па штофу, лінуў у свой келіх з аднаго і з другога. І не паспеў паставіць штофы на абрус, як за яго спінаю выраслі двое паліцэйскіх — незаўважна зайшлі паўз сцяну ад акна. Пуол убачыў, як чужая рука пацягнулася да бумажніка, — і сам цапнуў за кашалёк. — Вы што?! — падхапіўся. Але другі паліцэйскі націснуў рукою на плячо:
— Сядзі, малады чалавек!
— Гэты кашалёк — ваш? — спытаў першы паліцэйскі, адтапырваючы тоўстую губу.
— А чый жа яшчэ! — зноў хацеў усхапіцца Пуол, і другі паліцэйскі зноў ціскануў яму на плячо.
А да стала падсунуліся ўжо ўшчыльную, ледзь жыватамі не ўзлеглі тоўстыя мужчына і жанчына.
— Хлус ён! Гэта злодзей!
— Ага! У мужа майго кашалёк выцягнуў!
— Пералічыце, што было ў кашальку, — звярнуўся да таўстуна паліцэйскі.
Той назваў спачатку, колькі было грошай. «Але іх столькі можа ўжо і не быць!» — дабавіў, спахапіўшыся. Назваў, якія дакументы прапалі разам з кашальком, на чыё імя выпісаны. «Іх таксама можа не быць, мо выкінуў дзе ў сметніцу!» — пакуль гэта таўстун дабаўляў, жанчына працягнула рукі да Пуолавай чупрыны, учаперылася за валасы: «Зладзюган! Мафіёзі!» Паліцэйскаму, што стаяў ззаду Пуола, давялося ўжо абараняць яго, рашчэпліваць пальцы жанчыны: «Ма-да-а-ам! Мадам!» Таўстагубы паліцэйскі між тым патрашыў кашалёк над сталом і раскладваў тое, што было ў ім. Таўстун ускрыкваў: «Пашпарт цэлы! І вадзіцельскія правы!.. І білеты на авіён… І страхавы поліс! І чэкавая кніжка!» Ён і рукі працягваў да таго, што раскладвалася, але адхопліваў, нібы апякаўся ці баяўся пакінуць адбіткі пальцаў, і ўсё выціраў мокры лоб і залысіны вялікаю клятчатаю насоўкаю.
— Ну во… І чорт з ім! Адпусціце! — гаварыў паліцэйскаму.
— Не пускайце! — ледзь не вішчала жонка. — Гэта адна шайка! Заадно яны! — паказвала і на Раджа.
— Пройдземце, панове, у паліцэйскі ўчастак. І вы таксама з намі! — загадаў Раджу першы паліцэйскі.
Радж устаў, прыкідваючы, колькі каштуе зроблены ім заказ, выняў грошы. Паліцэйскі паспешліва сабраў са стала ўсё, што нараскладваў з кашалька. І тут ад акна пачуўся звонкі хлапчукоўскі голас:
— Раджа не чапайце! Радж ні ў чым не вінаваты! — Янг скокнуў з падаконніка, падбег да стала.
— Ты?! — ажно сумеўся Радж.
— Дзядзечкі, ён невінаваты! — затузаў паліцэйскіх за рукавы. — Пуола бярыце! Ён — гад!
Вакол іх ужо сабраўся натоўп. Нерваваўся, тупаў адміністратар, парываючыся нешта сказаць.
Пуол затраўлена азіраўся, уцінаў галаву ў плечы:
— Сам ты гадзяня… Папомніш ты яшчэ мяне!
— Янг, ты — ідзі! Без цябе разбяруцца… У дэльфінарыі мяне будзеш шукаць… Ідзі! — Радж паспеў абняць Янга і адштурхнуць ад стала.
Таўстагубы паліцэйскі, аднак, разважыў інакш:
— Хлопчык, і ты з намі пойдзеш. Да выяснення ўсіх акалічнасцей.
— Правільна! — лезла пад рукі таўстуха. — Усіх! Пад корань! Выпусціце, а яны нас укакошаць!
Пакуль выходзілі, Радж супакойліва пагладжваў па Янгавых плячах. Калі спрабаваў штосьці сказаць, таўстагубы загадваў маўчаць.
Услед ім грымела вясёлая музыка.
Ніхто не чакаў, што будзе ўраган, бо час зімовых цыклонаў і няспынных штормаў скончыўся ў лістападзе.
Янг, адпушчаны з паліцэйскага участка, ішоў да гатэля, а лісце пальмаў трывожна шаргацела, па вуліцах насіліся віхуры. Амаль не чуваць было начных птушак і цыкад. Дыхаць было цяжка, паветра згусцілася да таго, што яго, здавалася, можна было мацаць у пальцах. Шпіль на вежы аднаго дома блакітна свяціўся. У прамежках паміж дамамі на гарызонце няспынна ўспыхвалі зарніцы.
І ўсё-такі, нягледзячы на ўдушлівую атмасферу і ўсе перажыванні, Янг паспеў заснуць. Побач з яго канапаю ў гасцінай нумара сіньёры Тэрэзы ляжаў Тота. Сабачка доўга непакоіўся, і Янг усё пагладжваў яго ды так і заснуў, звесіўшы руку ў сабачыя лохмы. Прачнуўся ад моцнага ўдару грому, нават заплюшчаныя вочы слеплі ад маланак. Тота павіскваў і лізаў яго руку. Скрозь роў і выццё ветру, звон шыб у вокнах, плёскат і шум ліўня чуваць былі рокат вадзяных валаў на пляжы, гарматныя ўдары хваль у раёне прыстані, трэск дрэў у прысадах.
— Мадонна мія, матэр дэі…— гучна малілася ў спальні донна Тэрэза. — Янг, хлопчык мой, — ты тут? — выкрыквала яна паміж словамі малітвы.
— Тут, тут, — адгукнуўся Янг.
— Хадзі да мяне, а то я баюся.
«От яшчэ не хапала! Навязалася на маю галаву…» — Янг нехаця прайшоў у спальню.
— Уключы святло!
Янг пстрыкнуў уключальнікам — святло не загарэлася. Вярнуўся ў гасціную і там пстрыкнуў. Няма! Ці што сапсавалася, ці падстанцыя адключыла ток.
— Не гарыць, — зайшоў зноў, стаў каля дзвярэй.
— Божа, божа… Канец свету, няйначай. І часта ў вас такія страхі?
— Часта.
— Ляж са мною, а?
Добра, што не ўключылася святло. Але і пры маланках донна Тэрэза, каб не заплюшчвалася ад страху, магла б убачыць, як счырванеў Янг.
— Не-а! — крутнуў галавою. — Мо Тота вам пакласці?
— Пакладзі!
Янг адступіў яшчэ на крок, лёг на пласцікавую падлогу — яна здалася халоднаю.
— Ты тут, Янг?! — спалохана ўсклікнула сіньёра.
— Тут, не бойцеся.