45684.fb2 Грот афаліны - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 35

Грот афаліны - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 35

Бобі ў гэты час павярнуўся плысці назад, і Янг захацеў паказаць яшчэ адзін фокус — сесці на Бобі верхам. Але пругкае, слізкае цела было не ўтрымаць нагамі, дый Бобі быў малаваты для гэтага. «А на дарослым якраз было б!» — паспеў падумаць Янг, паглядзеў у бок Судзіра. Той стаяў збялелы, губы шчыльна сціснуты і толькі гроб паветра праваю рукою, нібы вымятаў яго з басейна: «Вон! Прэч!»

Упобачкі з Бобі паплыў да лодкі. Яе якраз адвязваў Гуга, мо хацеў падцягнуць бліжэй і забраць сабачку. Тота ў гэты час так асцепваўся — ажно з ног падаў. І тут здарылася яшчэ нечаканасць: Бобі выхапіў зубамі павадок з рук Гугі і павалок лодку на сярэдзіну басейна. На трыбунах успыхнуў рогат і свіст: такога цікавага нумару яшчэ не даводзілася бачыць.

Янг, збянтэжаны, вылез па лесвіцы з басейна, пачаў здзіраць з сябе сандалеты і выліваць з іх ваду. І яму было смешна з усяго, і ён рагатаў. Але каб ведаў, што зблытаў усю праграму прадстаўлення і што Судзір ужо шалее ад злосці, то не смяяўся б.

У Бобі хапіла ахвоты зацягнуць лодачку толькі на сярэдзіну басейна. Далей не ведаў, што з ёю рабіць. А мо вырашыў, што пажартаваў, і хопіць. Выскачыў радасна з вады, плюхнуўся і паплыў да Янга, выставіўшы з вады разяўлены рот — прасіў на ўзнагароду рыбку. Не Янг, а Гуга падышоў да тазіка, узяў кавалак рыбіны, кінуў Бобі.

— Гуга! — голас у Судзіра сарваўся на нейкі рык. Вочы гарэлі ад ярасці.

Тым часам дарослыя дэльфіны абкружылі лодачку, штурхалі яе насамі. Тота, абапёршыся пярэднімі лапамі на борцік, баязліва паглядваў на іх, павіскваў. Дэльфіны таксама не ведалі, што рабіць з лодачкай, такога нумару не развучвалі, дый Судзір не падаваў ніякай каманды.

Янг зноў пераступіў парэнчу, крыху прысеў і адштурхнуўся, узмахнуўшы рукамі. Апісаў дугу, увайшоў у ваду прыгожа, мо ніводная пырска не ўзляцела. Вынырнуў каля лодачкі, і Тота завішчаў мацней, захваляваўся, затупаў пярэднімі лапамі. Янг схапіў лодачку за павадок, прыбуксіраваў да лесвічкі, падаў яго Гугу. Заціснуў Тота пад паху і выбраўся з басейна.

Гледачы былі задаволены. Наступныя нумары, якія паказваў Судзір, ужо амаль не захаплялі людзей. Дэльфін цягне за павадок лодку з Судзірам? От дзіва, дык гэтае ж самае рабіў Бобі, толькі вёз не чалавека, а сабачку. Плыве Судзір, учапіўшыся за плаўнік дэльфіна? І гэта было, Янг рабіў такое. Апіраецца Судзір рукамі на спіны двух дэльфінаў і ўсе разам ляцяць, як тры злучаныя тарпеды? Гэта цікава, гэтаму нумару можна папляскаць. Нават Янг паапладзіраваў Судзіру, заціснуўшы зноў Тота каленямі.

Судзіра дэльфіны прымчалі да лесвічкі, і ён выбраўся паволі з басейна — чорны, бліскучы. «Наце!» — кінуў у разяўленыя раты па кавалку рыбы.

Лёгкая музыка, якая суправаджала ўсе нумары, скончылася, а праграма прадстаўлення не была выканана. Янг з сабачкам і Бобі занялі некалькі мінут. Пагэтаму апошні нумар ішоў ужо без музыкі. Дэльфіны па знаку Судзіра выскоквалі на ніжні памост, укладваліся адзін на аднаго, як палены дроў. Нават Бобі некалькі разоў скокнуў, каб прыладкавацца хоць з краечку, але кожны раз саскоўзваў у ваду — месца было мала.

Усім дэльфінам у разяўленыя раты Судзір сунуў па рыбіне, а на малога нават не глянуў. Дэльфіны паволі саскоўзвалі-звальваліся ў ваду, адплывалі. Гледачы трохі паапладзіравалі і гэтаму нумару, і Судзір, пакланіўшыся, працягнуў руку да сярэдняй пляцоўкі вышкі, узяў мікрафон.

— Праграма паказу закончылася. Па маіх назіраннях, прыкладна і ў той жа час актыўна паводзілі сябе многія гледачы. Тром лепшым зараз будуць уручаны сувеніры… — Судзір узяў з сярэдняй пляцоўкі празрыстую шматкантовую скрыначку-круцёлку, пакруціў яе, адсунуў вечка. Дастаў скручаную трубачкай паперку.

— Трэці рад дванаццатае месца! — выкрыкнуў ён, разгарнуўшы паперку. Потым дастаў яшчэ дзве паперкі: — Сёмы рад чацвёртае! Дванаццаты — дзесятае!

Калі ўсе, хто сядзеў пад названымі нумарамі, абышлі басейн, мінулі мосцік, Судзір уручыў ім сувеніры — пластмасавых дэльфінчыкаў на падстаўках.

— Жадаем усім прыемнага адпачынку на Раі! Будзем рады яшчэ раз сустрэцца з вамі! — гэтыя словы ён паўтарыў па-англійску і па-французску.

Усе пачалі ўставаць і выбірацца з-за лавак, а дэльфіны працягвалі вірыць каля ніжняга памоста, чакалі пачастунку. То адзін, то другі самахоць выскоквалі на пляцоўку, паварушвалі хвастамі, разяўлялі раты. Ускочыў і Бобі, і Янг не вытрымаў, падбег да тазіка, узяў рыбу і даў дэльфіняці. З задаволенаю мордаю малыш з'ехаў у ваду, нейкі час яго было не відаць, потым зноў уссунуўся, разявіў рот. Паглядваў Янгу ў вочы хітранька, скрыпеў і хрукаў, паварушваў плаўнікамі. «Ах ты, дуралей малы!» — Янг прысеў каля яго, пачухаў пад плаўнікамі, пагладзіў па галаве, патузаў у бакі за дзюбу-рострум. Бобі задаволена рыпеў, спрабаваў сціснуць зубамі за руку.

Заняўся Бобі і не бачыў, як Судзір запрасіў да сябе ў пакой Гугу. Пачуў толькі глухі ўдар і ўскрык хлопца, затым — другі. Гуга вываліўся з дзвярэй спінаю, дзверы з ляскам стукнуліся аб сцяну. Уставаў хлопец паволі, скурчыўшыся і прыціскаючы далоні да жывата. Паплёўся цераз мосцік, задыхаючыся ад болю і слёз.

— Гуга! Гуга! — двойчы паклікаў Янг, усхапіўшыся з кукішак. Але хлопец нават не азірнуўся — пакіраваў у алею.

— А ты хто такі? Зайдзі-тка да мяне! — Судзір стаяў у дзвярах, яшчэ ў гідракасцюме, не міргаючы таропіў на яго вочы. — Пагаво-о-орым… — апошняе слова сказаў з прыціскам.

Янг зрабіў толькі два крокі, паспеў прачытаць над дзвярыма незразумелыя словы: «Ex aqua omnia»11, і тут пачуўся голас Раджа:

— Янг, ты дзе? Давай сюды, я ўжо вызваліўся… Адарваў ногі ад зямлі, пабег на братаў голас. На Судзіра нават не азірнуўся.

Раздзел чацвёрты

1

Калі Янг сказаў Раджу, чым закончылася прадстаўленне, той кінуўся да Судзіравых дзвярэй, даваў у іх кулаком, тузаў за ручку — не адчыніў. «Садыст! Кат!» — крыкнуў Судзіру Радж і вярнуўся ў сваю камору.

Да другога прадстаўлення заставалася якое паўгадзіны. Ніхто не ведаў, ці будзе яно, хоць білеты распрадалі поўнасцю. Судзір з «рэзідэнцыі» не выходзіў.

Шукалі Гугу і Абрахамс, і Янг, аббегалі ўсю тэрыторыю дэльфінарыя — няма! Алі, бліскаючы белымі, ажно блакітнымі зубамі, сказаў, што цераз прахадную не праходзіў. Гуга не мыш, Алі заўважыў бы. На гэта Янг толькі ўсміхнуўся: трэба яму тая прахадная. У любым месцы можна пералезці цераз плот.

— Ах, бедны хлапчук… Ах, няшчасны… Сышоў, назусім сышоў. Ды хто гэта можа вытрымаць здзекі гэтай маўмыры! — Абрахамс азіраўся, баяўся, каб Судзір не падслухаў.

Прыйшлі зноў да дома, пад дзверы «рэзідэнцыі».

— Пан Судзір! Містэр Судзір, містэр Крафт кліча! — не ведаў, як лепш пазваць фанабэрыстага дрэсіроўшчыка Абрахамс. Пабразгатаў нават у дзверы, спачатку паціху, а потым і мацней. — Хуценька, а то Крафт гневаюцца!

— Пайшоў к чорту! — вылаяўся Судзір. Але праз якую хвіліну ўсё-такі адшчапіў дзверы. Быў ён без гідракасцюма, з мокрымі, абы-як наліплымі валасамі, на бёдрах наматаны калахматы ручнік.

— Мяне — няма! Ясна вам? Захварэў! — грукнуў дзвярыма, ажно жаласліва адазваўся звон на сярэдняй пляцоўцы вышкі. Янг у гэты час лазіў па трыбунах сярод лавак, шукаў прыгожыя «фанцікі» ад цукерак і кідаў вокам цераз басейн на Абрахамса і на дзверы.

Абрахамс уздыхнуў — на ўсе грудзі, развёў рукі, роспачна ляпнуў імі па сцёгнах. Паглядзеў на Янга.

— Хлопчык, не ў службу, а ў дружбу — павыбірай паперкі ці яшчэ мо якое смецце з-пад лавак. Вунь там урна. Калі ўбачыў, што Янг паслухаўся, забегаў сярод лавак хутчэй, пакрычаў яшчэ: — А рыбу ты зможаш падрыхтаваць дэльфінам? Хаця тут і навукі вялікай не трэба. Прыбяжыш сюды, то я пакажу, дзе што і як.

— Вось-вось! — адкінуліся дзверы «рэзідэнцыі». — У вас з'явіўся новы дрэсіроўшчык, з ім і майце справу! — Судзір стаяў, сагнуўшыся на адзін бок, і трымаў у руцэ бутэльку. — Ён на ўсе рукі майстар! І Гугу, і мяне заменіць! — зноў бухнуў дзвярыма, зачыніўся.

Абрахамс, божкаючы, трушком пусціўся наўкола дома да другога тарца. Палезе дакладваць містэру Крафту.

У Янга быў вясёлы настрой. Ну — ці не смех? Грозны і незаменны Судзір капрызіць, як раздуранае дзіця. Вельмі ж яму хочацца, каб упрошвалі, умольвалі. Вядома, Янг нашкодзіў Судзіру ў час прадстаўлення, нават вельмі. Але каб з-за такое драбязы адбіваць пячонку Гугу?!

«Крычыць, што я і Гугу замяню, і яго… А што? І замяню! Мне б трошкі падвучыцца самому, з дэльфінамі пазаймацца… І я не задзіраў бы гэтак носа, як ён…» — Янг у гэты момант шчыра верыў, што такое можа быць.

— Дзе… дзе ён, гэты душагуб? — з'явіўся з-за дома задыханы містэр Крафт. — Ён мяне пусціць з торбамі па свеце! Ён за ўсе мае пакуты, за ўсё добрае… інфарктам узнагародзіць! — Аднак у дзверы «рэзідэнцыі» пастукаў пачціва: — Містэр Судзір! Нам трэба пагаварыць.

Падышоў Абрахамс са спалоханым выразам на твары, паказаўся Радж, выціраючы пакуллем рукі. Янг таксама падаўся да іх з Тота на руках.

— Містэр Судзір! Кіньце смактаць віскі: у нас яшчэ сёння два прадстаўленні… Вам хлопчык паможа!

Янг падышоў якраз тады, калі «рэзідэнцыя» адчынілася. Стаяў Судзір у белых штанах, у тэнісцы з эмблемаю дэльфінарыя. Мокрыя валасы гладка залізаны назад. Янг ступіў бліжэй да брата.

Строгі быў і суровы Судзір, быццам і не ён некалькі хвілін назад меў такі растрапаны выгляд, не яго згінала набок бутэлька. Відаць, нешта задумаў, бо ў руках трымаў такія кольцы, якія кідаў дэльфінам у час прадстаўлення. Не глядзеў ні на кога, вылучыў толькі позіркам Янга, кіўнуў на басейн і веерам шпурнуў туды кольцы: «Апорт!» — паказаў рукою на ваду. Янг маланкава сунуў Тота ў рукі Раджу.

— Стой! — крыкнуў Радж. — Ты сабака, каб паноску ў рукі прыносіць!

Але Янг толькі пяткамі мільгануў, боўтнуў у басейн. Вось яно, жоўтае кольца, ужо і руку да яго працягнуў. Ды раптам яно падскочыла, як жывое, і… аказалася надзетым на рострум дэльфіна. Не было калі разглядваць, каторы дэльфін быў такі спрытны, ірвануў на сажонках да наступнага, ружовага. Паспеў схапіць! Астатнія пахапалі дэльфіны, хоць ім ніхто не камандаваў падбіраць.

— Будзем далей гэты нумар так і рабіць: чалавек спаборнічае з дэльфінам — хто хутчэй. — Судзір гаварыў цвёрда, мабыць, рашыўся на гэта канчаткова.

— Я згодны! — Янг адчуваў сябе на сёмым небе ад шчасця. Каб не лічыў, што трэба ў гэты момант выглядаць самавіта, то прайшоўся б на руках, як Абдула.

— Ну, вось і добра! О'кэй, сынкі! Рыхтуйцеся, праз пятнаццаць мінут будзем запускаць людзей, — Крафт з палёгкай выцер лоб і тоўстую шыю насоўкаю.

— Так-то яно так, — умяшаўся Радж, — ды не зусім гэтак. Гуга не займаўся з дэльфінамі ў басейне. Калі Янгу спраўляць усе абавязкі Гугі ды яшчэ ў прадстаўленні ўдзельнічаць, то можна і ногі працягнуць. А зарплату ж містэр Крафт не прыбавіць?

— Ноў, ноў! Хай містэр Судзір даплочвае. Янг робіць палёгку яму, а не дэльфінарыю.

— Чаму ж не дэльфінарыю? — стрымана, але коса бліснуў вачыма Судзір. — Мы можам і зусім новыя нумары прыдумаць, не толькі старыя ўдасканальваць. «Выратаванне дэльфінамі хлопчыка!», «Верхам на дэльфіне!», «Дэльфіны і дзеці!». Можна шыкарную рэкламу прыдумаць, народ валам паваліць. Думаю, што і вам выгада немалая будзе.

— Пабачым, пабачым… — мармытнуў Крафт і пайшоў.

— Дзядзька… Містэр Крафт! — не вытрываў Янг. — А вы дасце мне такую тэніску, як у Раджа, — з эмблемаю дэльфінарыя? — у Янга ажно сэрца замерла: што ён адкажа?