45684.fb2
Бацька ўвесь калаціўся, даваў Янгу канец вяроучыны і не мог пацэліць у хлопцаву далонь. Але аддаў урэшце, каб Янг і свінку-рабуху вёў. А сам яшчэ пакорпаўся ў Янгавым клунку, дастаў партрэцік бога Вішну. За рамку абразка сям-там трымаліся ўсохлыя кветкі ліян і архідэй, папяровыя кветкі. (Янг любіў Вішну на гэтым партрэціку: тры твары ў яго — і ўсе такія светлыя, добрыя; шэсць рук, і ў кожнай што-небудзь трымае; каля бога рахманыя сабакі, прыгожы і сыты буйвал). А бацька тым часам падпаліў сернікам свяшчэнную духмяную палачку для акурвання, пачаў хадзіць з абразом і палачкай вакол хаціны і бліжэйшых пальмаў. Потым стаў каля пальмы, якую ўсё абдымала і цалавала маці, задыміў направа і налева і на іх. А грозныя, страшныя машыны з нажамі-адваламі ўжо зусім блізка, ужо кіруюць у іх бок…
— Эй, марш адсюль, пакуль цэлыя! — надрывалі горла паліцэйскія. Твары ў іх спацела-брудныя, чалмы пазбіваліся на патыліцы, а то і паразвязваліся.
— Не-е-е!!! — закрычала раптам маці немым голасам. Кінула свой клуначак і лямпу, пакарабкалася на пальму. — Не аддам ніко-ому! Не аддам!!!
Хоць і нахіленая была пальма, але ацяжэлай маці лезці было нязручна. І ўсё ж лезла, абдзіраючы ногі, вышай і вышай. Вось ужо засталася толькі тая частка ствала, якая, выпрастаўшыся, імкнула ўгору.
— Марш, марш! Ідзіце па разлік! — крычалі паліцэйскія ўсё бліжай. — Чаго тут стаіце? Прэч! — накінуліся яны на Янга і бацьку. — А ты?! Злазь зараз жа, тоўстая малпа! — затрос кулаком на маці паліцэйскі з вусамі.
— Не злезу! Не адда-ам!!! — крычала зверху маці.— Людзі! Залазьце на дрэвы! Яны не пасмеюць нас…
Але яе ніхто мо не чуў у рове матораў, у трэску, у людскім галашэнні. Страх за маці скаваў Янга, ён не мог скрануцца з месца.
— Імем Яго Вялікасці султана Муту — злаазь!!! — вусаты паліцэйскі, схапіўшы нейкі пакалак, папусціў у маці.— Атрымаеш трыццаць удараў папруцінамі! Злазь!
— Люд-цы!!! — крычала маці сваё. — Не паддавайцеся!
— Ану — падкалупні яе, патрасі трохі! — крыкнуў вусач вадзіцелю бульдозера і яшчэ штосьці дабавіў па-англійску.
Бульдозер раўнуў пагрозліва, крутнуўся на адной гусеніцы, зайшоў збоку: па нахілу і супраць нахілу не вельмі старую пальму патрасеш. Нож-адвал у гэтага бульдозера быў не роўны, а складаўся нібы з двух, пастаўленых пад вуглом адзін да аднаго, утварыўся нібы тупы рог з вострымі кантамі. Бульдозер роў-газаваў, расхістваў нажом пальму. Янг бачыў, як матлялася ўверсе маці, ашчаперыўшы ствол рукамі і нагамі, крычучы што ёсць моцы. Бачыў, як скаліўся ў дурной ухмылцы вадзіцель-бамбіза, высунуўшыся з кабіны, мабыць, забаўка яму падабалася.
— Мамачка, не трэба! Мамачка, зла-азь! — крычаў, голасна плакаў Янг.
— Стойце, душагубы! — зайшоў наперад і з усёй моцы ўпёрся ў адвал бульдозера бацька. — Яна злезе! Яна ўжо злазіць! — і зноў выставіў для абароны абразок Вішну.
Але што было вадзіцелю да іх бога, калі ен, відаць, і свайго не паважаў.
І раптам… жахлівы трэск, пальма зламалася ў тым месцы, дзе ўпіраўся бульдозер. Махрастая верхавіна, апісаўшы вялікую дугу, грымнула вобзем. Бацька ледзь паспеў адхіліцца: канец дрэва, самы яго гузыр таксама вільнуў у паветры, бухнуў на зямлю.
Янг закрычаў прарэзліва, ажно самому вушы заклала, кінуўся да маці…
І хай бы ён лепш не бачыў яе такою!..
Няхай бы навекі яна засталася ў яго памяці з жывым і чыстым, такім добрым і родным тварам.
— Ма-а-а-а… а-а-а!!! — Янг баяўся падступіцца да таго, што засталося ад маці, што відаць было з-пад пальмавага ствала. А бацька, падбегшы, збялеў і знямеў, у яго зрабіліся мутныя вочы вар'ята…
Бульдазерыст высунуўся з кабіны ўжо да пояса, выцягваў шыю, углядаўся ўперад, у тое месца, дзе ляжала размазджэраная жанчына, дурнавата міргаў белымі павекамі. Вусаты паліцэйскі скрануўся з месца, патаптаўся, паклікаў да сябе яшчэ аднаго. Закідалі маці пальмавымі лістамі і паштурхалі Янга і бацьку ў спіны: «Вы ёй ужо нічым не паможаце… Сама вінаватая… Бог пакараў яе за непаслушэнства…»
Пад Дрэвам Сходаў ішоў разлік. Ланцужком, нагружаныя хатнім скарбам і жыўнасцю, праходзілі людзі. Чыноўнік у чорнай шапачцы выдаваў тым, каго называў Лі Сунь, чэкі.
— А гэты мне павінен… Узяў пазыку пад будучы ўраджай і не вярнуў. Яму выпісвайце палову, дваццаць пяць долараў. А дваццаць пяць — мне! — указваў крамнік. — А гэтаму дваццаці хопіць — астатнія мне… Гэты таксама вінаваты… І гэты!
У руцэ Лі Суня быў ужо добры жмак чэкаў. Долары былі лепш за ўсё: ні есці не просяць, ні месца многа не займаюць.
Мансураў бацька з братам неслі на самаробных насілках Мансура, у яго была закручана галава. Мансур з усёй моцы прыціскаў да сябе сабаку, і атрымлівалася, што ў мужчын была двайная ноша.
Ужо на катэры абдымкі Мансура паслабіліся, і сабака выкаўзнуўся з рук. Рослы матрос, які спяшаўся ў рубку да штурвала, спатыкнуўся на сабаку, той енкнуў, адскочыў, трапіў пад ногі яшчэ аднаму. Другі хуценька схапіў сабаку за шкірку і шпурнуў за борт. Мансураў бацька не паспеў ні злавіць яго, ні прыхаваць дзе-небудзь.
Катэр зароў, загрукаў маторам, шпарка пайшоў да выхаду з лагуны. У пеністых валах, што вусамі разыходзіліся за кармою, доўга яшчэ гойдалася сабачая галава. Сабака плыў услед, з апошніх сіл малаціў лапамі па вадзе.
«А дзе наша свінка?!» — раптам спахапіўся Янг. Зусім не мог успомніць, калі яна вылузалася ад іх, калі згубілі яе.
А далей быў правал-забыццё. Можа, спаў, а можа, быў без прытомнасці…
Радж, выкаўзнуўшыся з хаты, замёр на хвіліну каля сходцаў, прыслухаўся. І — пайшоў. Паходка была лёгкая, спружыністая. Цела свайго, наструненага ад насцярожанасці, не адчуваў: абвастрыліся ўсе пачуцці. Сцежка была спярэшчана цёмна-светлымі плямамі і палосамі, месяц мільгаў, бег паміж лісця і галін навыперадкі.
Верашчалі цыкады, ускрыквала нейкая начная птушка.
Ішоў ён не да берага, дзе ў маленькай затоцы каля мыса знахара Япа былі павыцягваны за лінію прыліву і прывязаны рыбацкія чоўны — каторыя з балансірамі, каторыя без іх. Некаторыя сяльчане здымалі, адвязвалі балансіры, заносілі дамоў. Так было больш спакойна: чоўна ніхто не возьме. Ішоў Радж да цэнтра вострава, дзе быў выкапаны ў лагчыне адзіны калодзеж. Хацелася ў апошні раз напіцца з яго вады — сваёй, роднай. Гэтую ваду нельга было забыць — заўсёды цеплаватую, з ляснымі прэлымі пахамі. Часам была яна трошкі салёная і гаркаватая, калі чарпнеш неасцярожна, глыбакавата. З-пад іх вострава-атола падступала, прасочвалася ў калодзеж цяжэйшая марская вада. Няхай сабе даўно ўжо на востраве Рай карыстаўся Радж салодкай артэзіянскай вадой (Рай — востраў вулканічнага паходжання, і можна было капаць глыбока), няхай сабе піў-каштаваў шмат чаго экзатычнага, прывезенага з-за свету для турыстаў, але вада з вострава Біргус ніколі не забывалася.
І ўсяму гэтаму прыйдзе канец. Амерыканцы пабудуюць на востраве ваенную базу — і марскую, і авіяцыйную разам, як на тым вядомым усяму свету востраве Дзіега-Гарсія, што таксама тут, у Індыйскім акіяне. На іх Біргусе будзе ўсё спляжана, выкарчавана, зараўнавана. Мо якраз праз гэты калодзеж пройдзе ўзлётная паласа для цяжкіх бамбардзіроўшчыкаў.
Чаму нікому на архіпелагу гэта не баліць? Чаму плачуць па востраве адны біргусаўцы? О, пракляты народ, які яшчэ не стаў нацыяй… Абшчыны, групоўкі, групачкі — па паходжанню, па плямёнах і родах, па рэлігіі, па мясцовасці, па сваяцкіх адносінах… Тамілы, сінгалы, яванцы, кітайцы, сунданцы, мадурцы, негрыты, патомкі партугальцаў і арабаў, галандцаў і англічан… Што з таго, што нібыта архіпелаг Вясёлы атрымаў незалежнасць ад брытанскай кароны? Кожны востраў адасоблены, з канца ў канец архіпелага сотні кіламетраў. Што робіцца на суседнім востраве, людзям ужо нецікава, а ў свеце — тым больш. Цывілізацыя зачапіла толькі Галоўны, Горны і Рай, на іх і электрычнасць ёсць, радыёпрыёмнікі. На астатніх знайсці хоць які транзістар — дзіва дзіўнае, выявіць адукаванага чалавека — яшчэ большая рэдкасць. Гэта шчасце, што на Біргусе жыў грамацей, былы матрос Дуку — летась памёр. У яго ўсе дзеці біргусаўцаў вучыліся чытаць і пісаць. Па-англійску, вядома. Гэта Дуку і вызначыў, што ў Раджа незвычайныя здольнасці да вучобы, да чужых моў. Гэта Дуку і ўгаварыў бацьку аддаць Раджа ў прыватную школу на Горным, каб падрыхтаваць для паступлення ў коледж. Пакуль Радж вучыўся ў той школе, то бацька яшчэ неяк выкручваўся, вышукваў сродкі. А пра коледж нельга было і марыць, коледж быў толькі на Галоўным. Дзе возьмеш грошай, каб і за вучобу плаціць, і кватэру наймаць?
Радж піў ваду доўга, смакаваў, а думкі, цяжкія і пакутлівыя, уявы-малюнкі дзяцінства перапаўнялі галаву… Чамусьці вада сёння здалася больш горкаю і салёнаю. Можа, гэта дамешваліся ўжо да яе Раджавы слёзы?
Лінуў рэшткі вады паўкругам вакол сябе, павесіў конаўку на калок. Ну, вось і ўсё… Бывай, Біргус, назаўсёды… Хаця не, трошкі яшчэ пабудзе, пасядзіць на лавачцы з бамбукавых палак, палюбуецца зялёнымі агеньчыкамі светлякоў. Мо прыціхне боль у сэрцы, перастане падціскаць за грудзінаю.
На гэтай лавачцы заўсёды адпачывалі жанчыны, перад тым як узваліць на сябе груз, несці ваду дахаты. Сюды і моладзь прыходзіла гуляць, асабліва закаханыя. Шмат гадоў, пакаленне за пакаленнем…
«Ну — усё… Уставай, Радж!» — загадаў сабе. І ўстаў, рэзка павярнуўся да гушчару. Пойдзе напрасткі, арыентуючыся па месяцу. Туды, на бераг лагуны, да лагера амерыканцаў. Што там зараз робіцца? Куды яны падзелі забітых Япа і Рату?
З-за апошніх кустоў выходзіў асцярожна, раз-пораз заміраючы, напружваючы слых і зрок.
Храпуць амерыканцы ў палатках, не чуваць і крокаў вартавога.
Бясшумна, як цень, махнуўся Радж да прыкрытых брызентам скрыняў. Зайшоў ад вады, каб нельга было заўважыць яго з боку палатак. Убачыў: да крайняй скрыні прыхілена гумавая лодка. Вясельцаў не відаць ні каля лодкі, ні за лодкаю. Радж пакалупаў нагою пясок — няма і ў пяску. «Ну — нічога, знойдзем заменнік… Яны ў нас Біргус адабралі, радзіму. Калі я лодку «пазычу» — дробязь для іх…»
Крадучыся, дайшоў да той мясціны, дзе звечара стаяў вартавы і дзе адбылася трагедыя. Трупаў бома і Раты не відаць, нават крывавыя плямы прысыпаны, засталіся толькі сляды босых ног. А-а, вось ён, вартавы… Сядзіць, успёршыся рукамі на аўтамат, угнуў галаву на грудзі. Не той, пэўна, якому пырнуў крысам пад бок… І гэтага ваяку можна было б прырэзаць, забраць аўтамат… А потым падпаліць усё… Раджа ажно затрэсла, ледзьве стрымаўся. Што тады будзе з сяльчанамі? Могуць расправіцца з усімі, і ніякага суда на прышэльцаў не знойдзеш.
Пайшоў асцярожна назад, потым — уздоўж прыбою.
Хто шукае, той знаходзіць: вунь гайдаецца ў хвалях нейкі абломак дошкі. Можна яе скарыстаць замест вясла. А во і бляшанка — ваду будзе добра выліваць…
Зняў з сябе белую тэніску, каб не так свяціла ў цемры, паволі адштурхнуўся ад берага…
Жыхары Біргуса, дый не толькі біргусаўцы, называлі морам усё, што было між астравамі архіпелага ці паблізу астравоў. Уся астатняя прастора, якую нават у думках было цяжка ахапіць, называлася акіянам. Нават не Індыйскім — проста акіянам, і ўсё. Дзесьці на ўсход, больш за тры тысячы кіламетраў, Суматра і Ява, гэта ўжо Інданезія — самыя блізкія суседзі. А на поўнач і на захад, дзе Індыя і Шры Ланка, яшчэ больш гэтых тысяч кіламетраў — вада, вада, вада… А які ж вялікі ўвесь свет, канца-краю няма!.. Якія вялікія мацерыкі ёсць, а яшчэ большыя — акіяны! І гэта ж трэба, каб свет клінам сышоўся на іх Біргусе, каб якраз на яго ўпала прагавітае вока янкі. Хіба Радж не чытае газет? Чытае. І мясцовую «Фрыдом», «Свабоду» — горкі смех з гэтай свабоды, і тыя, што забываюць турысты — англійскія, амерыканскія, французскія, нямецкія, аўстралійскія. Была ў адной газеце карта-схема, увесь свет пакрылі амерыканцы сваімі базамі, на ўсе мацерыкі і акіяны іх лапы працягнуліся. Бліжэй за ўсё да Біргуса, да ўсяго архіпелага — база на востраве Дзіега-Гарсія ў архіпелагу Чагас.
Думкі Раджа ішлі па крузе: то пра Біргус і Рай, пра ўвесь архіпелаг Вясёлы, то пра сваю работу, пра дэльфінарый…
Нязручны ўломак дошкі, кастравы, не возьмешся па-людску, не грабанеш як след. А лодка залішне шырокая, трэба схіляцца то да аднаго борта, каб дастаць да вады, то да другога.
Усё часцей перакідваў дошку ў левую руку, каб выраўняць ход лодкі, плысці праменька на ўсход, на зарыва Рая. На месцы грабкоў успыхваюць мірыяды бела-фасфарычных іскрынак. Серабрыстыя сляды завіхрэнняў не адразу блякнуць, а яшчэ доўга свецяцца на вадзе, нібы пратупала велізарная казачная жывёліна. Доўгі і шырокі фантастычны след застаецца і за кармою лодкі. Ведаў Радж, што гэта ўспыхваюць і свецяцца малюпасенькія рачкі і ўсялякія іншыя істоты мікраскапічных памераў. І ўсё ж яму хацелася верыць у штосьці казачнае.
Вечнае хараство вечнага мора-акіяна…