45684.fb2
— Дык ты… дык вы…
— Можаш гаварыць «ты», як і раней. Я не пакрыўджуся. Праўда, былі ў нас сутычкі па рабоце… Але дзе іх не бывае? Служба ёсць служба. А хто старое ўспомніць, таму вока вон.
— Дык што — у цябе цяпер трэба прасіцца… прасіць?!
— Ага. Ніхто не ведае, хто ў каго будзе на памінках. Заўтра апошнія паперы на куплю-продаж падпісваем.
Радж памаўчаў, збіраючыся з духам і з думкамі.
— Гора ў мяне… Янг утапіўся… на Горным… Шукаць трэба ехаць.
— О, богі… Калі ж гэта магло здарыцца? Я ж учора яго бачыў.
— То — учора, а гэта — сёння. «Нептуна» буду прасіць… І каб самога з работы адпусціў.
— Мне з табою трэба пра многае пагаварыць. Але пакуль што і ў цябе клопаты, і ў мяне. На днях абавязкова пагаворым.
— Дык я пра «Нептуна»…
— Возьмеш. Я табе абавязаны, можна сказаць, жыццём… Думаю, што потым усе страты ад прастою нагоніш. Так?
— Так, містэр Судзір.
— Ну, нашто так афіцыйна? Я хацеў бы, каб адносіны паміж намі засталіся сяброўскія. Бывай! — крыху прыўзняў над сталом забінтаваную правую руку.
— Дабранач! Дзякую.
«От як… Праглынуў Крафта — і не папярхнуўся. І дзе ён грошай столькі на гэта ўзяў? Зарплата ў яго была толькі напалавіну большая за маю…»
Чырвоныя губы выдадуць таго, хто жаваў бетэль. І сляпому відаць: сам Судзір прыклаў руку да разарэння Крафта. Іначай не гаварыў бы пра гэта з такім спакоем і задавальненнем. Нават вестка пра гібель Янга не вывела яго з гэтага настрою. А хлапчук жа шчыра любіў дэльфінаў, ахвотна, нават празмерна памагаў Судзіру ў рабоце.
Цесна думкам у Раджавай галаве.
Аддаў тапчан Натачы, а сам, узяўшы трохі чаго пад бок, уладкаваўся на лаўцы на дварэ. За цэленькую ноч нават і на волас не замгнуў. Хворае ўяўленне малявала жахлівыя карціны, і ўсё — пра тое, як гінуў, тапіўся Янг. «Я… Толькі я вінаваты ў гібелі брата… Не дапільнаваў, не дагаварыў таго, што павінен быў гаварыць. А трэба было ўсю ўвагу яму аддаць — і за сябе, і за бацьку, і за маці…»
І быў такі цяжкі момант, так аблягло сэрца болем і пакутамі, што хацеў ужо пакончыць з сабою. Ды застагнала, пачала ўскрыкваць у сне Натача, і гэта крыху ацвярэзіла.
Прайшоў у камору, памацаў Натачын лоб. Ён быў гарачы, аж палаў, і Радж узяў ручнік, схадзіў у душ, намачыў. Выйшаўшы, паслухаў яшчэ, як непакояцца, плюхаюць у басейне запалоненыя дэльфіны.
Ручнік крыху памог, хоць і невялікая была ад яго прахалода. Натача задыхала раўней, толькі ўсхліпвала часам тоненька не прачынаючыся. «Бедная дзяўчынка… Наперажывалася… Нічога не сказала — мо на яе вачах загінуў Янг?»
Рэштку ночы прыслухоўваўся, як Натача дыхае. І тое, што не застаўся сам-насам са сваімі думкамі і перажываннямі, а давялося клапаціцца пра другога чалавека, уратавала яго.
Пераканаўшыся, што заснуць не ўдасца, пад раніцу зарадзіў паветрам тры камплекты балонаў, падрыхтаваў два аквалангі і два касцюмы — сабе і Амары, бо рост яго ведаў.
Гэтыя тры камплекты балонаў ды той запасны, што недзе на Горным — чатыры. Павінна хапіць надоўга.
Раніцаю Натача ўстала амаль здароваю, гарачкі не было. Пакуль Радж з Амараю рыхтаваліся ў паход, выносілі ўсё, што трэба, на бераг заліва, пакуль спускалі тэльферам да вады «Нептун», прымацоўвалі да кармы матор, Натача збегала ў булачную — ажно ў цэнтр горада. Іх трое, Абдула — чацвёрты, Тота — пяты. Кампанія назбіралася вялікая, і трэба будзе прабыць на Горным мо цэлы дзень. «Гора горам, а чалавеку ўсё роўна трэба падсілкоўвацца», — разважала яна па-даросламу.
Калі плылі да Горнага, Радж усё пытаў абы-што ў Натачы — абы не маўчаць, не заставацца сам-насам з думкамі пра Янга. Спачатку пра ялік спытаў: «Дзе пакінулі?», потым: «А дзе Абдула будзе чакаць?» Памаўчаў, паўзіраўся ў панараму Кампонга, і зноў: «Не гаварыў Янг — добра ён зараджаў балоны, поўнасцю? Які быў ціск на манометры?» Натача адказвала, але коратка і быццам неахвотна: настрой быў прыгнечаны.
Дамоўленасці, дзе будуць прыставаць да Горнага, не было, і Амара скіраваў лявей Кампонга, а потым забраў яшчэ больш у мора, каб абысці папераджальныя буйкі на паласатых бочках каля лагера. Здалёк буйкі здаваліся нейкімі казяўкамі, што паснулі на вадзе.
— Гэта і ёсць той лагер? — пакрычаў Радж.
— Ага-а! — крыкнуў і Амара.
— А дзе ты прычаліш? Там яшчэ ёсць паселішчы?
— Няма! На чысты бераг высадзімся!
— Разварочвайся назад!
— А што такое?
— А то-ое! Я ўжо раз прыставаў да пустога берага, з ялікам. На Раі! Дык мне — во-о! — паказаў Радж на шрам-месячык пад левай сківіцай. — А ялік праламалі і ўтапілі. Давай да прычала!
Амара зрабіў круг у бок адкрытага мора, пакіраваў да Кампонга. Але не вытрываў, усё-такі пракрычаў Раджу:
— Параўна-аў! Там жа кантрабандысты былі ці піраты!
— Тут таксама… Яшчэ невядома хто!.. А калі што з «Нептуном» здарыцца, Судзір у турме згноіць!
Паддаў усім трывогі Радж. Ён і раней адчуваў, што з гэтым лагерам не ўсё проста, а падслуханая размова Піта з Судзірам і зусім насцярожыла. Вельмі ж настырна лез Судзір у кампаньёны да Піта і вельмі ж адбрыкваўся ад гэтага Піт! Можа, лагернікі і навукаю займаюцца, хто ведае. А калі тая навука толькі камуфляж, як і Судзір падазраваў? Мо яны самыя сапраўдныя драпежнікі, здольныя не толькі на выкраданне дэльфінаў. У такіх людзей нічога святога за душою няма.
Спачатку ўбачылі Абдулу — сядзеў на прычале, а потым і ялік. Ушчыльную да яліка падплысці не змаглі, ён быў густа абстаўлены лодкамі. Выбралі месца, дзе больш свабодна каля масткоў, уклініліся і закінулі кармавы ланцуг за прычальны прэнцік, прыкаваны да дошак уздоўж усяго прычала. Замкнулі на замок старанна.
— Ты чаго тут? — першая выскачыла на дошкі Натача.
Абдула, мабыць, скарчанеў седзячы, бо ўставаў няўклюдна, крэкчучы і трымаючыся леваю рукою за сярэдзіну. Правая была засунута за пазуху.
— Я ж табе сказала: заставацца каля акваланга і балонаў! Там начаваць!
— Я іх замаскіраваў у кустах… — сказаў Абдула, падыходзячы і здароўкаючыся з усімі. І адразу перайшоў на плаксівы голас: — Ага, табе добранька! Кінула-рынула ўсё і пабегла! А я адзін на голых камянях… У дзікім лесе, сярод звяроў.
— Пугача спужаўся ці сыча… А там мо хто пакраў і акваланг і балоны.
— А я Тота прывязаў да акваланга.
— От знайшоў вартаўніка! Сканаў недзе там з перапуду… — Натача правяла позіркам па твару Абдулы, па руках. — Праўда што — дасталося табе… Руку чаго трымаеш так? Ану, пакажы!
— Ціха, я сам! — Абдула пачаў памагаць леваю, выбаўляючы правую з проразі манішкі.— Во… Як калодка выпухла… Зламаў, мабыць, са скалы падаючы, як у Кампонг ноччу прабіраўся.
— Дык ты цёмначы адтуль уцякаў, не выбыў да раніцы?! Ну й ну, добра, што шыю не скруціў…— у голасе Натачы прабілася крыху павагі.— Хіба ты бачыш, як кот, ноччу?
Натача абмацала яго руку асцярожна, але ўсё роўна на пухліне засталіся белыя ямкі ад пальцаў. Абдула разяўляў рот ад болю і толькі ахкаў.