46408.fb2
Мы сцішыліся. Крокі ўсё бліжэй, бліжэй.
— Тут яны. Чую. Чалавечынкай пахне.
Дык ён не толькі прыслухоўваецца, але і прынюхваецца! Няўжо знюхае, дзе мы?
— Пахне чалавечынкай. Смачна пахне. А можа, яны ўцяклі, дух пасля сябе пакінулі? Усё роўна знайду, даганю. Нядаўна прабягалі. Дух пакінулі. Кхе, — і Траука, спатыкаючыся, павалокся далей.
Ягоныя крокі неўзабаве заціхлі ўдалечыні. Мы нейкі час стаялі, прыслухоўваючыся, а пасля я выдыхнуў:
— Шкада, што якой-небудзь сеткі няма. Накінулі б вампіру на галаву і няхай трапятаўся б, як шчупак.
— Ён і сетку перагрыз бы, — уздыхнула Алеся.
— Што мы яму зробім? — сказаў Максім.
І праўда, што? Хоць ён ростам з карліка, але дужы, як вол. Яго нават Страхалюд ледзь перамог.
— Э-хе-хе-э… — паціху ўздыхнуў я.
— Антось, чаго ты? — пацікавіўся Максім. Я, каб толькі не маўчаць, сказаў:
— У Траука нюх як у сабакі.
— Хлопчыкі, а мне нага не так ужо баліць! — усклікнула Алеся.
— Можаш ісці? — узрадаваўся Максім.
— Магу!
Алеся можа ісці! Дык па тунелі можна вярнуцца ў сутарэнне. А з сутарэння выйдзем на двор. Няхай вампір лазіць тут, няхай нюхае, прыслухоўваецца.
— Максім, давай у сутарэнне, — ледзь стрымліваючы хваляванне, прагаварыў я.
Максім выглянуў з пакоя і адразу ж падаўся назад.
— Што там? — не стрываў я.
— Траука цягнецца.
— Кхе-кхе, — пачулася знаёмае.
Бач ты. Траука ступае ціха, асцярожна. Спадзяецца, што вылезем, што самі трапім у ягоныя рукі. Палюе за намі, што воўк.
Прайшоў, мінуў наш пакой. Вось каб далей пацягнуўся! Не. Стаў. Відаць, прыслухоўваецца, нюхае.
— Дзе ж яны? Пахне челавечынкай! Ох як пахне! — хрыпла прамовіў Траука. — Недзе тут, тут яны сядзяць. Пахне-э…
Зразумела, чаму вампір падаў голас. Ведае, што пачуем. Думае, што выскачым. Страх наганяе. Спадзяецца, што нервы слабыя.
— Сядзяць. Тут сядзяць. Зараз… Зараз вывалаку. З маіх кіпцюроў вам не вырвацца.
Я намацаў у цемры Алесіну руку, узяўся за яе. На руцэ трымціць, часта-часта б'ецца, пульсуе жылачка. Што ж рабіць? А калі крыкнуць: "Мы тут!" Няхай лезе. Будзем біцца.
— Вывалаку! Знайду! — са злосцю прамовіў Траука і патупацеў.
Максім выглянуў, махнуў рукою.
— Бяжым. Ён у суседні пакой павалокся.
Мы, што цені, выслізнулі з пакоя і асцярожна, на дыбачках, пайшлі туды, дзе святло, дзе выхад. Пасля, не стрымаўшыся, пабеглі.
— Уцякаю-уць! — данеслася да нас.
— Ён даганяе! — у роспачы ўсклікнула Алеся.
— Бяжы! — крыкнуў я.
Мы несліся як шалёныя. Відаць, любую перашкоду цяпер адолелі б.
Я не адчуваў страху. Ён як бы пакінуў мяне, застаўся там, ззаду, і гнаў, падганяў, нашэптваючы ў вушы: "Давай, давай!"
Мы мінулі паваротку і заўважылі прыступкі, якія вялі наверх, туды, дзе сонца, дзе людзі, дзе былінкі трапечуцца пад ветрам, дзе наш ратунак.
Узбеглі па прыступках і сталі, бо ўбачылі люк, накрыты рашоткай з тоўстых металічных прутоў.
Алеся прысела на прыступку.
— Максім, давай паспрабуем падняць рашотку, — кажу.
— Не ўцякайце! — пачулася ззаду.
Мы з Максімам уперліся рукамі ў рашотку. Яна зарыпела, прыўзнялася. Падскочыла Алеся, таксама ўперлася рукамі, стала дапамагаць. Нарэшце рашотка, зазвінеўшы, упала на зямлю.
Мы вылезлі наверх. Я азірнуўся. Удалечыні — горад. А непадалёку растуць дрэвы. Адразу ж за дрэвамі — вялізная піраміда. Чатыры тэрасы, пастаўленыя адна на адну, узнімаюцца высока ўверх. Шырокія каменныя прыступкі вядуць да піраміды. А вакол ні душы.
— Мы ў пірамідзе схаваемся? — запытаў я, звярнуўшыся да Алесі і Максіма.
— Не. Зноў у які-небудзь тунель залезем, — не пагадзіўся Максім.
— У горад пабяжым? Максім зірнуў на Алесю.
— Не.
Так, невядома, ці паспеем дабегчы да горада. Алеся зусім стамілася. Але ж і марудзіць няма як. Вось-вось Траука вылезе.
Я ўзяўся за рашотку.