46408.fb2
Алеся і Максім ухапіліся за рашотку. Мы прыўзнялі яе. Яна, грукнуўшы, закрыла люк.
— Давайце ўтраіх станем на рашотку. Вампір нас усіх не падніме, — кажу.
— А калі ўкусіць за нагу? — са страхам прамовіла Алеся.
Не падумаў я. Мажліва, укусіць. Між кожным сталёвым прутом сантыметраў дзесяць, не меней. Будзе нам, калі Траука да нагі дастане зубамі.
— Дык куды цяпер? — запытаў я.
— На дрэве схаваемся, — сказаў Максім.
І праўда, дрэвы густыя. Можна там схавацца. Іншага ратунку няма.
Мы падбеглі да дрэва, падсадзілі Алесю. Яна пераскочыла з галіны на галіну, нібы вавёрка. Ніколі не падумаў бы, што Алеся так спрытна ўмее лазіць па дрэвах.
Я ўбачыў, што каля дрэва ляжыць доўгі важкі кій. Схапіў яго, сціснуўшы ў руцэ.
— Антось, навошта табе кій? — пацікавіўся Максім.
— Калі Траука палезе на дрэва, то агрэю па галаве. Максім палез на дрэва, і я, узяўшы кій пад паху, падцягнуўся, сеў на тоўстую галіну.
— Ён нас тут не знойдзе? — запытала Алеся.
— Няхай паспрабуе залезці! — памахаў я кіем.
Мы моўчкі глядзелі на люк, які закрываў выхад з тунеля. Упершыню я зразумеў Анту, які сказаў, што цяжка яму жыць у чужым горадзе. Нездарма яго цягне ў джунглі, да супляменнікаў. Вось і я, каб было можна, то што на крылах ляцеў бы дамоў.
— Памятаеце, як мы ў сваім двары збіраліся вечарам? — звярнуўся я да Алесі і Максіма.
— На гітары ігралі,— сказаў Максім.
— Песні спявалі,— дадала Алеся і хутка-хутка, як бы баючыся, што перапыняць, пралапатала: — А цётка Маруся, калі зайграем, акно адчыніць і магнітафон на ўвесь гук уключыць. Каб нам на злосць. Памятаеце?
Вядома ж, памятаю. Не раз і не два цётка Маруся, мая суседка, сварылася на нас, казала, што з-за нашай музыкі не можа паглядзець перадачу па тэлебачанні. Не раз і не два маёй маме на мяне скардзілася, нават бандытам мяне абзывала. Не бачыла яна сапраўдных бандытаў.
— Алеся, не зваліся. Мацней за лапу трымайся, — папярэдзіў Максім.
— Трымаюся.
На зямлю, грукнуўшы, упала рашотка. З люка вылез Траука. Цяпер ён мне здаўся яшчэ страшнейшым, чым у сутарэнні. Зарослы рэдкім рыжым шчаціннем твар, вялізная і прадаўгаватая галава, перавязаная нейкай бруднай анучай.
Траука, крыху пастаяўшы, паўзіраўшыся, нагнуўся і пачаў нюхаць зямлю, як сабака нюхае сляды. Пасля ляпнуў сябе па жываце.
— Ха-ха-ха… Тут! Яны тут!
Знюхаў. А дзесьці ў глыбіні душы цеплілася надзея, што не знойдзе.
Я мацней сціснуў у руках кій. "Лезь. Трэсну па галаве", — карцела крыкнуць.
Траука асцярожна, на дыбачках, падкраўся да дрэва, на якім мы сядзелі, задраў галаву і, загінаючы на руках пальцы, прабубніў:
— Адзін, два, тры. Два хлопчыкі і адна дзяўчынка. Тры чалавечынкі.
Максім замахаў рукамі.
— Ідзі, ідзі, адгэтуль. У нас свая дарога, а ў цябе свая. Траука пачухаў патыліцу.
— Злезьце. Ну, злезьце. Хіба вам цяжка? Адна секунда, і вы тут.
Просіць, нібы іншы раз нашы вучні, калі трэба спісаць задачку па матэматыцы. Няўжо думае, што мы з глузду з'ехалі?
— Дзядзька, адчапіся ад нас, — не сцярпеў Максім.
— Не, не адчаплюся. Ад душы прашу: злезьце.
Ну і ну! Хіба ёсць у такога душа? Такіх, як ён, нездарма называюць бяздушнымі.
— Па адным злазьце. Ну, хто першы? Га?
— Мы з вамі не дамовімся, — адказаў Максім.
— Не злезеце?
— Не злезем, — заявіў Максім.
— А калі я вас яшчэ лепей папрашу?
Здзекуецца з нас. Цешыцца, перш чым накінуцца. Бандыт. Садыст.
— Годзе прасіць! — крыкнуў Максім. Траука пырснуў слінай.
— Зараз я вас ссаджу. І заплачаце, і паскачаце. Калі не жадаеце па-добраму, то будзе па-кепскаму.
— На дрэва палезе, — усхліпнула Алеся.
Вампір ухапіўся за ніжнюю галіну. А я яму кіем па руцэ. Падзейнічала. Адбегся і давай хукаць на руку, прыгаворваючы:
— Біць мяне? Не дарую-у…
— Яшчэ і па галаве атрымаеш, — пасмялеўшы, сказаў я. "Не такі ты ваяка, як здавалася, — думаю сабе я. — І на цябе можна знайсці ўправу".
— Малайчына, Антось, — пахваліў мяне Максім. — Добра пацэліў.
Траука раптам падбег да дрэва, абхапіў ствол рукамі і палез, што малпа. Я, не разгубіўшыся, стаў тыкаць кіем у галаву.
— Куды лезеш? Куды?