46408.fb2 Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 12

Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 12

Траука асунуўся на зямлю і са злосці давай грызці дрэва зубамі. Аж кара паляцела. Мне стала не па сабе. Да гэтага толькі ў казках чытаў, як Баба-Яга спрабавала перагрызці дрэва, на якім сядзеў казачны герой Іванка.

— Перагрызе, — спалохалася Алеся.

— Няхай грызе, калі зубоў не шкадуе, — сказаў Максім. Усё-ткі зразумеў Траука, што не перагрызці яму дрэва.

Прысеў на зямлю, ашчэрыў зубы.

— Зараз сякеру прынясу. Ссяку дрэва.

— Нясі,— прамовіў Максім.

— І прынясу. — Траука ўсхапіўся, накульгваючы, падбег да люка, спусціў ногі і знік, нібы здань.

— Давайце злезем з дрэва, — кажу.

— Жыць надакучыла? — накінуўся на мяне Максім. Я махнуў рукою.

— Траука па тунелі ў сутарэнне прабіраецца.

— Сядзі. Вельмі ж ты распетушыўся, — незычліва сказаў Максім.

Не спадабалася мне. Усё вучыць, усё выхоўвае, камандуе, нібы бацька. Чаму я павінен яго слухацца? Хіба не я перамог вампіра? Дакажу Максіму, што няма чаго баяцца.

Я, не доўга думаючы, саскочыў з дрэва.

— Антось! — крыкнула Алеся. Я махнуў рукою.

— Злазьце і вы.

— Лезь сюды! — паклікаў мяне Максім.

— Насядзеўся, — кажу.

А самога праймае дрыжыкамі. Там, на дрэве, было не так страшна. Можа, зноў залезці на дрэва? Не, не палезу. Калі б Траука схаваўся, то паказаўся б, галаву высунуў. Хіба не пачуў бы, што я злез?

— Няма яго. Злазьце. Годзе ў цяньку адпачываць. — Я, насвістваючы, адышоўся ад дрэва, сцёбнуў кіем па траве.

Неспакойна, трывожна на душы. Ды позна адступаць.

— Злазьце!

— Што рабіць? — запытала Алеся ў Максіма.

— Будзем злазіць, — уздыхнуў Максім.

— Максім, можа, ссадзіць цябе? — гучна сказаў я. Яны злезлі — спачатку Максім, потым Алеся — і падышлі да мяне. Стала крыху весялей.

— Няма яго. А вы баяліся, — кажу.

— Я тут! — пачулася раптам. З люка высунуўся Траука.

Зноў з Анту

— Хлопчыкі, уцякайма! — залямантавала Алеся і прыпусцілася да піраміды.

Мы з Максімам — за ёю. Канешне, маглі б на дрэва залезці, паспелі б. Але разгубіліся ад неспадзеўкі. Думалі, што вампір у тунелі, а ён каля люка сядзеў, падслухоўваў, чакаў, пакуль усе з дрэва злезем. Абвёў вакол пальца. Нездарма было трывожна на душы.

Мяне зноў працяло страхам. Я нават кій убок шпурнуў. Зусім забыўся, што і кіем можна бараніцца, што кій — першая зброя нашых прашчураў.

Падняўшыся па прыступках, мы праз уваход забеглі ў піраміду. Цемра, як у тунелі.

— Трэба ўзяцца за рукі, бо згубімся ў цемры, — сказаў Максім.

Узяўшыся за рукі, мы пасунуліся кудысьці ўперад, пралезлі праз нейкі вузкі лабірынт і сталі, аслепленыя святлом. Перад намі была невялікая зала. Сцены, столь, гладкія каменныя пліты пад нагамі — усё чырвонае, няйначай, як пафарбаванае. Зверху льецца святло, а вакол усё чырвонае. Белае і чырвонае…

Мы стаялі, быццам загіпнатызаваныя. Куды ж цяпер? Туды, да святла, ці, можа, назад, у цемру?

— Ён блізка, — прамовіла Алеся. — Чаго стаім?

— Ха-ха-ха… — пачулася ззаду.

Мы кінуліся ўперад, мінулі залу і зноў сталі бы ўкопаныя, бо ў сцяне адчыніліся нябачныя дзверы, і выйшаў Санча. Той самы добры Санча, які паказваў, як ягоны папугай катаецца на водных лыжах.

— А-а, знаёмыя! — усміхнуўся Санча.

— Вы… Мы… — пачаў я.

— Як вы сюды трапілі? — перапыніў мяне Санча. Я пераступіў з нагі на нагу.

— Нас вампір даганяе.

— Дык ён не здох? — са злосцю прамовіў Санча. Чаму ж так кажа? Ён жа не бачыў, як Страхалюд стукнуў вампіра ручкай рэвальвера па галаве. А можа, Страхалюд пахваліўся ў горадзе, што забіў вампіра? Але ж тады гараджане рынуліся б у тое сутарэнне, каб паглядзець на Траука. Штосьці тут не так.

Я зірнуў на Максіма і Алесю. Стаяць павесіўшы насы. Няўжо Санча той самы бандыт, які хацеў забіць Траука? Калі так, то трапілі з агню ды ў полымя.

— Ха-ха-ха… — зноў пачулася ззаду. Я азірнуўся і ўбачыў Траука. Стаіць, выцягнуўшы рукі. У вачах галодны бляск. Вось-вось накінецца на нас.

— Э-э… — экнуў я, адступаючыся назад. Траука страсянуў галавою.

— Санча, аддай іх мне.

Ведае вампір, як зваць Санча. Выходзіць, разам былі ў сутарэнні. Ну й Санча! Паказваў, як папугай катаецца на водных лыжах. Расказваў, як вампіра злавіў. Пускаў туман у вочы. І Анту, і нам, і гараджанам. Баяў баечкі, а сам думаў, як банк абрабаваць. У пірамідзе знайшоў сховішча. Відаць, тут не адзін. Дзесьці паблізу сядзяць гэткія ж, як і ён.

— Санча, аддай іх мне. Яны бачылі нас у сутарэнні. Яны хаваліся там. Усё чулі. Аддай.

— Кайман! Металіст! — гучна сказаў Санча.

З пакоя, з якога выйшаў Санча, выскачылі два барадатыя мужчыны. Адзін з іх трымаў у руках бізун, а другі быў увесь абвешаны зброяй: на грудзях аўтамат, на поясе дзве кабуры, з якіх вытыркаліся ручкі рэвальвераў.

Абвешаны зброяй наставіў аўтамат на Алесю і глуха прамовіў: