46408.fb2 Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 13

Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 13

— Пуф!

Алеся адхіснулася, а ён, задаволены, зарагатаў.

"Ягоная клічка Металіст, — здагадаўся я. — Металістам назвалі не таму, што любіць такую музыку: зброю ён любіць. Нездарма ў яго і аўтамат, і рэвальверы. А другі, канешне, Кайман. У Амерыцы кракадзілаў называюць кайманамі. Напэўна, ён сапраўдны кракадзіл. Вось з кім мы сустрэліся. Не ведалі, што тут бандыты сваё гняздо звілі. Цяпер не вырвемся".

— Санча, што загадаеш? — запытаў Кайман. Санча тыцнуў пальцам, паказваючы на Траука.

— Прынясі наморднік. Гэтаму адзенеш. У яго джала змяінае.

Вампіра аж перакасіла.

— Не буду хадзіць у намордніку! Металіст наставіў на яго аўтамат.

— Стой, бо кульку ў лоб пушчу.

— Кайф, прынясі наморднік, — гукнуў Кайман.

З пакоя выйшаў худы, доўгі, што жэрдка, бандыт. У руках ён трымаў наморднік, падобны на сабачы.

— Морду настаўляй! — Кайф схапіў вампіра за бараду, прыўзняў галаву, адзеў наморднік, ззаду павесіў невялікі блішчасты замок, шчоўкнуў ключом.

— Ён цяпер не будзе кусацца.

— Калі не супакоіцца, я яго кулькаю застрэлю. Гы-гы, — гыгыкнуў Металіст.

Траука стаяў, сагнуўшыся. Цяпер, у намордніку, ён быў падобны на нейкую няшчасную дагістарычную істоту, якую выкапалі з заледзянелай зямлі, каб паказаць людзям. Санча зірнуў на Металіста і Каймана.

— Вядзіце яго ў машыну. Чакайце мяне там. Металіст і Кайман штурхнулі вампіра, павялі.

"У бандытаў ёсць машына, — падумаў я. — Спярша хацелі банк абрабаваць. Якія ж цяпер у іх планы?"

— Гэтых у расход? — перапыніў мае думкі Кайф. Няўжо нас застрэляць? Папрасіць Санча, каб адпусціў?

Такі толькі на той свет адпусціць. А здавалася, што добры…

— Пакуль не, — сказаў Санча. — Вядзі ў пакой.

У пакоі, у які прывялі нас Санча і Кайф, стаялі яшчэ два бандыты. У кожнага аўтамат. Адзін пабрыты нагала, а другі кучаравы. Абодва маладыя, шыракаплечыя.

Але я глядзеў не на іх. Я глядзеў… на Анту, які, выцягнуўшы ногі, сядзеў у куце. На руках у Анту былі наручнікі. Думалі, што Анту ў горадзе, што шукае нас. А ён тут. Як відаць, і яго схапілі. Звяла нас дарога.

Анту, убачыўшы нас, памкнуўся, каб устаць. Пабрыты піхнуў яго нагою.

— Сядзі!

— Піучэн, усё роўна індзеец не пагаджаецца? — запытаў Санча.

— Не. На сваім стаіць, — глуха прагаварыў пабрыты. Ягоная клічка Піучэн. Што ж яна азначае? Піучэн… Не памятаю, як на нашу мову перакладаецца гэтае слова.

— Санча, я яго крыху паказычу, — прамовіў кучаравы.

— Чон-чон, не трэба.

Мянушка кучаравага бандыта Чон-чон. На кітайскае імя падобная. Чаму ўсе яны такія лютыя? Аднаму карціць кулькай прастрэліць, другі бізун з рук не выпускае, трэці глядзіць рыбінымі вачыма, нібы павінны яму што-небудзь, чацвёртаму карціць паказытаць, пятаму… Усе яны як адзін. Аднаго балота чэрці.

— Я чорт! Я чорт! — неспадзявана ўсклікнуў Кайф, узняўшы ўгору рукі.

— Ён чорт? — вырвалася ў Алесі.

Не ведаю, ці сапраўды ёй здалося, што Кайф чорт, а не чалавек. Што ж, мы быццам да чарцей у пекла трапілі. Кайф ірвануўся, пабег, наляцеў на сцяну.

— Я чорт!

Санча схапіў яго за грудзі.

— Зноў наглытаўся?

— Я чорт, — прабубніў Кайф.

— Наркотыкаў наглытаўся?

— Я чорт.

Вось чаму яму далі клічку Кайф. Ен наркаман! Таму і вочы мутныя, рыбіныя. Санча страсянуў Кайфа.

— Каму казаў, каб выкінуў наркотыкі? А Кайф, што папугай, зноў прабубніў:

— Я чорт.

Санча адштурхнуў Кайфа ад сябе.

— Чон-чон, завядзі гэтага дурня ў машыну. Пасля разбяруся з ім.

Чон-чон узяў Кайфа за плячо, выпхнуў з пакоя. Мы моўчкі стаялі, а дзесьці там, у пірамідзе, раз-пораз усё чулася: "Я чорт! Я чорт!"

Вампір дапамагае

Санча падышоў да Анту.

— Пакажаш дарогу да твайго племені?

— Не, — сказаў Анту.

— І не скажаш, дзе залатая дзіда?

— Не.

Бандыты выйшлі з пакоя. Я запытаў у Анту, зірнуўшы на Піучэна:

— Чаму яго называюць Піучэнам? Што азначае гэтае слова?