46408.fb2 Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 15

Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 15

— Што ж, пакажу. Каб вы скрозь зямлю праваліліся! — прамовіў Анту.

— Не будзем сварыцца. Жывыя застануцца твае дзеці,— усміхнуўся Санча.

— Пашкадаваў,— адвярнуўшыся, прабурчаў Траука. Алеся апусціла рукі. Ужо не плача наўзрыд, але слёзы

ўсё коцяцца па шчаках.

— Антось, прабач. Я спалохалася.

Прабачэння просіць. Хіба яна вінаватая? Спалохалася… І мы з Максімам спалохаліся. Я ж таксама плакаў, калі выходзілі з піраміды. І ў Максіма вочы чырвоныя…

— Санча, адпусці дзяцей, — сказаў Анту. — Я адзін паеду з вамі. Няхай дзеці бягуць у горад.

— Вельмі ж ты хітранькі. Па дарозе скокнеш галавою ў цясніну, разаб'ешся. Бачыў я такіх. Дзеці з намі паедуць. Калі ты заўпарцішся, то мы з вампіра знімем наморднік. Няхай грызе дзяцей.

— Не адпусцяць вас, — сказаў Анту. — Цяжка ў мяне на душы.

Я, шчыра скажу, пашкадаваў яго. Вядома, чаму цяжка на душы. Да сваіх супляменнікаў павядзе бандытаў. Бандыты з індзейцамі не будуць разводзіць тары-бары. Пастраляюць, каб забраць залатую дзіду. І ўсё з-за нас. Якое ж слова знайсці, каб суцешыць Ату?

— Дзядзька Анту, ваш правадыр Лінкан не аддасць бандытам залатую дзіду, — сказаў я.

— А як я гляну яму ў вочы? Ён любіў мяне. А хутка… Хутка ён мяне пракляне. І ўсе мапучэ мяне праклянуць, — паціху прагаварыў Анту.

— Вы Алесю не аддалі вампіру. Вы нас ратуеце, — сказаў яму Максім.

— Нашы мапучэ заўжды давалі прытулак чужым людзям. Мапучэ ніколі не пакідалі ў бядзе. Хіба змог бы я глядзець, як Траука рве вас зубамі? Калі вы прыехалі, мне сказалі: "Анту, беражы дзяцей. Вампір у горадзе". Я даў слова, што буду берагчы. Я нешта прыдумаю, каб выратаваць вас. Абавязкова прыдумаю.

Потым нас загналі ў машыну. Уперадзе селі я, Алеся, Максім, Анту (яму звязалі ногі, каб не ўцёк), а ззаду — Траука, Санча і Металіст. За руль сеў Піучэн. У другую машыну залезлі Кайф, Чон-чон і Кайман. Калі я праходзіў каля гэтай машыны, то заўважыў, што там ляжаць рукзакі, а з-пад брызенту вытыркаецца ствол кулямёта.

— Паехалі,— гукнуў Санча.

Піучэн націснуў на газ, і машына, як спуджаная антылопа, ірванулася з месца, адлічваючы на спідометры першы кіламетр.

Частка другаяПРАЗ ДЖУНГЛІ

Ці лёгка быць аптымістам?

Наша машына вырвалася на дарогу, паўз якой цягнуліся горныя хрыбты, пакрытыя густымі сасновымі лясамі. Дарога, выбітая, калдобістая, то ўзнімалася ўверх, то спускалася ўніз. На паваротках моцна пішчалі тармазы. Халадзела сэрца, шчымела на душы. Здавалася: вось-вось паляцім у бездань, уніз.

Па дарозе нам насустрач на мулах, на аслах, нагружаных мяшкамі, галлём, ехалі мужчыны, жанчыны. Часам пастухі гналі статкі ламаў. Ламы ступалі зграбна, ганарліва ўзняўшы галовы. "Зараз крыкну, паведамлю людзям, што нас захапілі бандыты", — падумаў я.

Санча як бы адгадаў мае думкі.

— Не ўздумайце крычаць, прасіць, каб дапамаглі. Перастраляем усіх — і ў цясніну.

— Кулькамі паказычам, — зарагатаў Металіст.

Я зразумеў, што яны не жартуюць. Калі крыкнем, то застрэляць і нас, і тых індзейцаў, якія пачуюць наш крык.

— Што за людзі! — уголас выказаў я тое, пра што думалася.

— Можа, іх коло-коло нарадзіла, — заварушыўся Анту.

— Якая коло-коло? — пацікавілася Алеся.

— Коло-коло падобная на кажана ці маленькую птушку. Калі яна сваімі пукатымі чырвонымі вачыма, не мігаючы, як змяя, глядзіць на чалавека, то ў яго пачынае кружыцца галава. Коло-коло нападае на спячага, смокча кроў…

Я ведаў, што няма такой істоты, як няма чарцей, вадзянікоў, русалак, пра якіх дома чуў яшчэ змалку. Ды ўсё роўна было не па сабе. Чырвоныя вочы… Нападае на спячага… А тут яшчэ Траука варушыцца, крэкча. Не сядзіцца яму.

Дарога стала спускацца ў даліну. Паабапал — гліністыя схілы, парослыя кустамі, сям-там дрэвы. Вісіць бародамі мох на ствалах, ліяны аплятаюць іх, нібы гірлянды навагоднюю ёлку.

— Вунь паселішча індзейцаў! — усклікнула Алеся.

І праўда, непадалёку ад дарогі, узбоч, стаіць паселішча. Невялікія глінабітныя хаціны пакрытыя шырокімі пальмавымі лістамі.

— Прыпынімся? — азірнуўся Піучэн.

— Далей, за паселішчам, — прамовіў Санча. Хочуць спыніцца. Што ж яны задумалі? Відаць, збіраюцца напасці на індзейцаў. Ад іх усяго можна чакаць.

Наша машына спынілася за паселішчам. Праз некалькі хвілін пад'ехала і другая, у якой сядзелі Кайф, Чон-чон і Кайман.

— Санча, чаго сталі? — запытаў Чон-чон. Санча адчыніў дзверцы.

— Схадзіце да індзейцаў і папрасіце хлеба. Дарога ў нас далёкая. Спатрэбіцца.

— А калі індзейцы не дадуць?

— Тады мы ў іх папросім, — зарагатаў Кайман. Санча кіўнуў галавою.

— Папросіце.

Кайф, Чон-чон, Кайман вылезлі з машыны і, насвістваючы, падыбалі ў паселішча. Зразумела, як яны папросяць. Хто-небудзь скажа слова поперак — пусцяць кулю ў лоб. Прывыклі сілай забіраць.

— Анту, — паклікаў Санча.

— Чаго? — азваўся Анту.

— Сумуеш? Мне гэта не даспадобы.

— І мне не даспадобы, — адказаў Анту. Санча адкінуўся на сядзенне.

— Анту, няма ў цябе розуму Ведаеш, як трэба жыць? Убачыў, што ляжыць, — бяры. Ты не забярэш — іншыя забяруць. У людзей рукі доўгія, да сябе падграбаюць.

— Не кончыш ты дабром, — сказаў Анту. Санча махнуў рукою.

— Не першы раз чую. Анту прыўзняўся.

— Не адзін такі, як ты, уцякаў з нашых джунгляў.

— Санча, урэзаць яму па галаве? — падаў голас Піучэн. Санча штосьці буркнуў і вылез з машыны.

Бандыты з паселішча ўсё не вярталіся. Я чакаў, што вось-вось пачую стрэлы, крыкі, плач. Але было ціха. І гэтая цішыня асабліва трывожыла.