46408.fb2 Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 16

Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 16

— Сядзім, як у клетцы, — не стрывала Алеся.

— Пацярпі,— папрасіў Анту.

Так, трэба сціснуць зубы і цярпець. Адно застаецца. Ніколі я не думаў, што цярпець так цяжка. Вядома, і раней прыходзілася цярпець, калі зуб балеў, напрыклад. Тады сярод ночы ўстаеш, па кватэры ходзіш, месца сабе не знаходзіш. Стогнеш, войкаеш, усё на свеце праклінаеш. І ў школе іншы раз прыходзіцца цярпець, калі ўрок нудна цягнецца. "Цік-цік-цік", — гадзіннік на руцэ. Ты на стрэлкі пазіраеш, хвілінкі лічыш. А гэткае цярпенне проста невыноснае…

Трэба цярпець. Трэба быць аптымістам, хоць і нялёгка. Быць — значыць верыць, што добра ўсё скончыцца.

Нарэшце мы ўбачылі Чон-чона і Каймана. За плячыма, у расшпіленых рукзаках, яны неслі хлеб.

— Дзе Кайф? — гукнуў Санча.

Чон-чон, падышоўшы бліжэй, выцер з ілба кропелькі поту.

— Кайф сказаў, што на пяць хвілін затрымаецца.

— Індзейцы адразу хлеб далі?

— Далі. Мы сказалі, што з паліцыі, што банду ловім. Санча кіўнуў галавою.

— Добра.

Бандыты выцягнулі з рукзакоў хлеб, адрэзалі некалькі лустаў. Санча адкрыў бляшанкі з кансервамі, даў і нам.

— Ешце.

Прайшло хвілін пятнаццаць.

— Дзе ж Кайф? — не вытрываў Санча. Піучэн правёў рабром далоні па горле.

— А калі яго індзейцы вось так? Бандыты пераглянуліся.

Кайф паказвае клас

Я глядзеў на скрыўленыя твары бандытаў і адчуваў, што неўзабаве можа здарыцца нешта страшнае. — Індзейцы забілі Кайфа! — першым закрычаў Чон-чон.

— Усіх перастраляю! — выскачыў з машыны Металіст.

— Бізуном спаласую! — вызверыўся Кайман.

— Спаліць іх, каб знаку не было, — буркнуў пад нос Піучэн.

Крычаць бандыты, не сціхаюць, шчоўкаюць затворамі аўтаматаў. Скажы слова супраць — зграяй накінуцца.

— Цішэй, — прамовіў Санча.

Бандыты сціхлі. Пазіраюць на Санча. Чакаюць каманды, каб паселішча знішчыць. Не церпіцца.

— Мы зараз пойдзем у паселішча і праверым, што там. Са мною пойдуць Металіст, Кайман і Чон-чон, — сказаў Санча.

— Індзейцы ведаюць, што мы прыйдзем на выручку. Агонь па нас могуць адкрыць, — звярнуўся да Санча Чон-чон.

— Мы дзяцей паставім уперад. За дзецьмі будзем ісці.

— Мяне замест дзяцей пастаўце. Я пайду ўперадзе, — крыкнуў Анту.

— Цябе-э? — Кайман ускочыў у машыну і паласнуў Анту бізуном па спіне. Вылез, задаволена пацёр рукі: — Болей не будзе гаўкаць.

— Яшчэ адальюцца вам чужыя слёзы, — зноў крыкнуў Анту.

— Маўчы! Шкада, што ты патрэбен нам, — з нянавісцю прагаварыў Піучэн.

Санча, зыркнуўшы на мяне, Алесю і Максіма, скамандаваў:

— Уперад! Хутчэй! Перастраляем!

Мы сталі побач і паціхеньку паклыпалі ў паселішча. Ішлі як па мінным полі. Дзесьці цяпер гуляюць у футбол, у кагосьці дзень нараджэння, яго віншуюць, падарункі нясуць, нехта чытае казку, разам з казачным героем падарожнічае па падземным царстве. А мы пад дуламі аўтаматаў. Чаму з намі так?

Вось і паселішча. З-за хаціны выбег сабака, стаў, пазірае на нас соннымі вачыма.

Дзе ж індзейцы? Чамусьці не страляюць. Чакаюць, калі падыдзем бліжэй?

Неспадзявана да нас данёсся гучны смех.

— Санча, Кайфа індзейцы да слупа прывязалі і здзекуюцца, — дрыготкім голасам прагаварыў Чон-чон.

— Страляць! Не шкадаваць! — працадзіў праз зубы Санча.

Мы павярнулі направа і ўбачылі ў натоўпе індзейцаў Кайфа. Ён крычаў, узняўшы ўгору рукі:

— Я велікан! Я жыву з веліканамі на вяршыні гары! Ніхто на гэтую вяршыню не залезе!

Мы сталі.

— Што з ім? — буркнуў Кайман.

Кайф, некалькі разоў падскочыўшы, галёкнуў:

— Вось які я вялікі! Вось які я!

А індзейцы — жанчыны, мужчыны, дзеці — аж за жываты бяруцца.

Алеся кранула мяне за руку.

— Антось, што з Кайфам?

Я і сам не мог даўмецца, што з ім сталася. Можа, яму захацелася павесяліць індзейцаў? Кайф прыгнуўся, пачухаў за вухам.

— Не, я не велікан. Я лама, я дамашняя лама.

— Ха-ха-ха… — зарагаталі індзейцы.