46408.fb2 Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 17

Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 17

Кайф выцягнуў шыю, прыплюшчыў вочы і падыбаў, не разгінаючы ў каленях ног.

Хтосьці з індзейцаў усклікнуў:

— Зараз аслом стане!

Кайф глянуў на людзей мутнымі вачыма.

— Не хачу быць ламай. Надакучыла.

— Ха-ха-ха… — разнеслася навокал.

Кайф прысеў, узяў саломінку, якая ляжала на зямлі.

— Вось бервяно. Бачыце, якое тоўстае? Яго і ўтрох не паднімуць. А я адзін падніму. Ух і цяжкае-э!.. Падніму-у…

Крэкчучы, Кайф пачаў паднімаць с&іомінку. Ягоны твар пачырванеў, лоб пакрыўся кроплямі поту, на шыі ўздуліся жылы.

— Падніму-у… Цяжкае-э…

Кайф устаў, паклаў саломінку на грудзі, а пасля, што штангіст, штурхнуў яе ўгору і, крыху патрымаўшы, кінуў на зямлю.

Індзейцы запляскалі ў ладкі, а Кайф з гонарам заявіў:

— Я чэмпіён!

Ён усміхаўся, ківаючы галавою і направа, і налева.

— Зноў ужываў наркотыкі, — сказаў Санча. — Дзе ж ён іх бярэ? Нядаўна ўсё з кішэняў павытрасалі.

— Трэба застрэліць яго! — прапанаваў Кайман.

— Я сам даўно застрэліў бы, ды добры следапыт і хлопец-звер. Без яго нам будзе цяжка ў джунглях, — разважыў Санча.

Вось яно што! Вылецела з галавы, што Кайф наркаман. Каб бяды не нарабіў. Наркотыкі не даюць розуму, апошні адбіраюць.

— Глядзіце! Глядзіце! Кайф паказвае клас! — усклікнуў Максім.

Кайф, убачылі мы, прысеў, растапырыў рукі, стукнуў сябе па баках і, нібы певень, закукарэкаў:

— Кукарэку-у…

— Трэба яго забраць. Годзе яму дурня строіць, — звярнуўся да Санча Чон-чон.

— Трэба, — пагадзіўся Санча.

Кайф нешта прамармытаў і падышоў да хаціны, якая стаяла непадалёку.

— Вылазь! — закрычаў.

— Каму ён? — здзівілася Алеся.

— Думае, што там сябар-велікан сядзіць, — сказаў Максім.

— Вылазь! — у другі раз крыкнуў Кайф.

З-за хаціны выбег сабака. Стаў насупраць Кайфа і, віляючы хвастом, загаўкаў. Пачуўся стрэл. Сабака, заскавытаўшы, упаў на зямлю.

Я спярша не зразумеў, што адбылося.

— Кайф сабаку застрэліў! — усклікнула Алеся.

— Га-га-га… — зарагатаў Кайф і даў чаргу па хаціне. Страха загарэлася, ашчэрылася чырвонымі агенчыкамі.

Індзейцы кінуліся хто куды.

— Трэба схапіць яго! — гукнуў Санча і, прыгнуўшыся, пабег да Кайфа.

За ім кінуліся Чон-чон і Кайман.

— Уцякайма! — крыкнуў мне і Алесі Максім. Мы прыпусціліся па вуліцы, заскочылі за хаціну, за якой рос маіс. Ягоныя сцябліны высока ўзнімаліся ўгору.

— Давайце ў маісе схаваемся, — прапанаваў Максім. Я не пагадзіўся з ім.

— Трэба ў джунглях схавацца.

— У джунглях заблудзімся. А тут пераседзім. Калі бандыты пакінуць паселішча, вылезем і папросім індзейцаў, каб завезлі нас у горад.

— Давай, — махнуў я рукою.

Мы залезлі у маіс, селі на зямлю. Не верыцца, што выратуемся, што нарэшце пашанцавала. Вось каб адсядзецца тут! Індзейцы нам дапамогуць, завязуць у горад. Там пра ўсё-ўсё раскажам.

— Хлопчыкі, а Ніна Іванаўна, мабыць, і цяпер у бальніцы, — парушыла маўчанне Алеся. — Калі б яна не захварэла, то з намі такога не здарылася б. Яна, напэўна, у гасцініцу званіла, пыталася, дзе мы.

Відаць, званіла. Мажліва, ёй сказалі, што мы згінулі. Яна так хвалявалася, калі адпраўлялі яе ў бальніцу. Прасіла нас: "Дзеткі, глядзіце, каб усё было добра". "Не хвалюйцеся, Ніна Іванаўна. Усё будзе добра", — дружна паабяцалі мы. Такое дабро каб самаму лютаму ворагу ў рабро.

— Вылазьце! Буду страляць, — пачуўся голас Чон-чона. Вось дык пашанцавала! Няўжо Чон-чон убачыў, дзе сядзім? Мабыць, знарок палохае, як калісьці Траука ў сутарэнні. Спадзяецца, што вылезем.

"Тра-та-та…" — прагрымела аўтаматная чарга. Над галавою, збіваючы сцябліны, прасвісталі кулі. Мы ніцма ляглі на зямлю.

— Вылазьце!

Зноў прагрымела аўтаматная чарга. На мяне ўпала кукурузная, сцябліна. "Мы быццам на вайне", — прабегла ў галаве недарэчная думка.

— Схаваліся? — пачулася ўжо зусім побач. Я падняў галаву. Каля нас стаяў Чон-чон.

— Схаваліся. Бачыў, куды вы пабеглі. Ваша шчасце, што Санча паслаў сюды мяне, а не Каймана. Ён вас адлупцаваў бы бізуном.

Мы ўсталі. Я паглядзеў на перабітыя кулямі кукурузныя сцябліны. На іх, нібы слёзы, блішчалі кропелькі свежага соку.