46408.fb2 Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 20

Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 20

Санча нагнуўся, развязаў вяроўку, якая сціскала ногі Анту.

— Ідзі.

Анту ўстаў, крыху пастаяў, ступіў па бервяно і пайшоў, шырока расставіўшы рукі. Я ўсхапіўся.

— Дзядзька Анту…

А ён, саскочыўшы з бервяна, папракнуў:

— Антось, які ж ты дурань! Чаму сядзеў?

— Дзядзька Анту… — сказаў я, размазваючы па шчаках слёзы.

— Не трэба плакаць. Плачам іх не праймеш. Яшчэ болей узлуюцца. Паласнуць з аўтамата.

— Мне ўсё роўна.

— Антось, сядай мне на спіну.

— А калі звалімся? Кракадзілы ў рацэ.

— Сядай. Не бойся.

— Антось, не бойся, — гукнула Алеся.

Я абхапіў Анту за шыю, забраўшыся яму на спіну. Ён устаў і пайшоў па бервяне.

Унізе, пад бервяном, усплёснула.

— Кракадзіл! — крыкнуў Чон-чон. Я ўздрыгануў.

— Не бойся, — сказаў Анту і ступіў на бераг.

Я сядзеў на спіне, моцна-моцна абхапіўшы яго за шыю. Да нас кінуліся Максім і Алеся.

Змяя з кветкі

Калі я споўз са спіны Анту і стаў на зямлю, Максім абняў мяне.

— Антось, Металіст наставіў на цябе аўтамат, а я… Я хацеў накінуцца на яго. Абавязкова накінуўся б, калі б не Анту. Не верыш? Я верыў Максіму.

Мы адышліся ўбок, прыселі пад дрэвам, каля якога раслі архідэі. Востры пах гэтых кветак п'яніў, кружыў галаву.

— Цудоўная тут зямля, — прагаварыў Максім. — Можна сказаць, што для міру створаная. Каб любавацца, каб адпачываць, каб працаваць. Ці не так?

— Уся зямля створана для міру, — адказала Алеся.

Я цяпер неяк па-новаму глядзеў на прыроду, якая акружала нас. Вось муравей-садоўнік па ствале дрэва бяжыць, спяшаецца, трымае кавалачак зямлі. Гэтыя мураўі, ведаў я, носяць на вершаліны дрэў не толькі зямлю, але і насенне.

Зямля з насеннем перамешваецца, і пасля на вершалінах дрэў вырастаюць новыя дрэвы ці кусты. Нездарма такіх мураўёў назвалі садоўнікамі. Іх ніхто не просіць, не прымушае, а яны носяць зямлю, насенне, каб высока-высока вырасла дрэва.

Шмат хаваюць гэтыя джунглі. Невядома, што тут было шмат гадоў таму назад. Мажліва, у гэткі ж, як і сёння, сонечны дзень адпачывалі каля рэчкі іспанскія канкістадоры, а непадалёку сядзелі іх палоннікі — індзейцы.

Да нас падышоў Анту, прашаптаў:

— Паспрабуем уцячы.

— Калі? — выдыхнуў Максім.

— Калі сцямнее. Цяпер Металіст з мяне вачэй не спускае. Санча яму загадаў. Толькі без мяне не ўздумайце ў джунглі ўцякаць. Заблудзіцеся і загінеце. Джунглі чужых не любяць.

Праўду ён кажа. Мы ж у горадзе выгадаваліся. У лесе бывалі нячаста. Дый наш лес — не джунглі. У нас пералескі, вёсачка каля вёсачкі.

Я ўстаў, працягнуў руку, каб сарваць кветку архідэі, але тут з лісцяў высунулася тонкая зялёная нітка — варушыцца, выгінаецца, што жывая. Пасля я ўбачыў змяіную галаву, якая цягнулася да мяне.

— Змяя! — усклікнула Алеся.

— А-а! — закрычаў я.

Анту, адапхнуўшы мяне, схапіў змяю за галаву, прыўзняў. Тонкая зялёная змейка выгнулася ў паветры.

Зразумела, чаму я яе адразу не заўважыў. Злілася з зялёным лісцем. Кветку захацелася мне сарваць…

— Ядавітая, — прамовіў Анту. — Каб яшчэ імгненне, то ўджаліла б. Гэтыя змейкі доўга не раздумваюць.

Змяя выпускала джала, выгіналася, стараючыся абвіцца вакол рукі.

— Дзядзька Анту, выкіньце яе, — сказала Алеся.

— Няхай крыху патанцуе.

— Выкіньце.

Анту шпурнуў змяю праз галаву. Не ведаю, ці знарок так пастараўся, але змяя ўпала на плячо Металісту. Ён, заверашчаўшы, крутнуўся, змахнуў яе рукавом, а пасля выпусціў па ёй доўгую чаргу.

Аўтамат у ягоных руках дрыжаў, і сам ён, спалатнелы, калаціўся як у ліхаманцы. Затым падскочыў да Анту.

— Застрэлю сабаку!

У Анту на твары ніводзін мускул не здрыгануўся.

— Чаго шалееш?

Металіст яшчэ болей узбурыўся.

— Кулькамі прастрэлю! Сціхнеш.

Да яго падышоў Санча, адвёў убок ствол аўтамата.

— Супакойся.