46408.fb2 Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 23

Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 23

— Трэба назад вярнуцца.

— Зноў ты за сваё? Дзяцей пашкадуй. Пойдзем каля рэчкі, праз джунглі. Павядзеш?

— Павяду, раз вам так прыспічыла. Толькі каб пасля самі на сябе не наракалі.

— За нас не хвалюйся. Думай пра дзяцей. Крок управа, крок улева — страляем. Памятаеш?

Бандыты загналі машыны на ўскраек, замаскіравалі, накрыўшы іх галлём. Пасля мы паелі кансерваў з хлебам і, расцягнуўшыся ланцужком, пасунуліся праз джунглі. Уперадзе ішоў Кайман. Кароткім вострым нажом, падобным на кінжал, ён рассякаў ліяны, якія павуцінай аблытвалі дрэвы, пераплятаючы адно з адным. За Кайманам ішоў Анту, за ім — Металіст, я, Алеся, Максім, Санча, Кайф, Чон-чон, Піучэн. У бандытаў на грудзях віселі аўтаматы, а за плячыма — рукзакі, напакаваныя пад самую завязку. Чон-чон валок кулямёт.

— Добра яны ўзброіліся, — не сцярпеў Максім. Нічога не скажаш, узброеныя да зубоў. Нялёгкі бой прыйдзецца вытрымаць мапучэ.

Прыйшло на памяць, як расказваў нам Анту пра смелага токі Лаутара, які аднаго разу разбіў вялікі атрад іспанцаў. Лаутара ведаў, што іспанцы хочуць напасці на ягонае войска. Ён загадаў воям-індзейцам, каб яны замасцілі тоўстымі бярвеннямі і замаскіравалі ліянамі топкае балота, якое знаходзілася паблізу. На гэтых бярвеннях ён пастроіў сваіх вояў. Іспанцы на конях рынуліся ў атаку. Індзейцы адступілі, і коні пачалі правальвацца ў багну. Шмат канкістадораў загінула, шмат коней індзейцы забралі сабе. Гэта была апошняя перамога Лаутара.

— Правільна нас вядзеш? — запытаў у Анту Санча.

Не церпіцца яму. Залатую дзіду хоча схапіць. Калі схопіць, то са сваіх рук не выпусціць.

— Правільна вядзеш? Чаго маўчыш? Заняло?

— Калі такі разумнік, то сам вядзі,— агрызнуўся Анту.

— Дзядзька Анту не баіцца іх, — заўважыла Алеся.

— Яму цяпер усё роўна. Ён цяпер толькі дзеля нас жыве, — сказаў Максім.

Дзеля нас — гэта значыць дзеля Алесі, дзеля Максіма, дзеля мяне. Дзеля мяне… Як мае тата і мама. Мама мне аднаго разу так і сказала: "Сынок, мы з татам дзеля цябе жывем". Нялёгка ім так жыць. Калі, здараецца, пазней дамоў вярнуся, то месца сабе не знаходзяць.

Пачалося балота. Пад нагамі захлюпала вада.

— Куды вядзеш? — зноў запытаў у Анту Санча.

— Хіба не бачыш? — незычліва сказаў Анту.

— Чаму ў балота завёў? Хочаш, каб утапіліся?

— Іншай дарогі няма.

Мы пайшлі далей, а вады ўсё болей, пад нагамі — коўзкая гразь. "Хлюп-хлюп", — хлюпае ў чаравіках.

— Трэба адпачыць, — падаў голас Чон-чон. Санча сказаў як адрэзаў:

— Дойдзеш.

— Табе добра, — не стрываў Чон-чон. — У цябе аўтамат, а ў мяне кулямёт. Плячо ўжо як нежывое.

— Ажывеш, калі ўбачыш залатую дзіду.

— Невядома, што мы ўбачым.

Я азірнуўся, паглядзеў на Алесю. Пнецца. Аж сагнулася. Стараецца, каб не адстаць.

— Алеся, табе не цяжка? — пытаюся.

— Пакуль не вельмі.

Не прызнаецца, што цяжка.

— Стойце! — неспадзявана крыкнуў Анту і, кіўнуўшы галавою, паказаў направа. — Бачыце?

— Што? — не зразумеў Санча.

— На купіну глянь. Лягушка на купіне.

І праўда, на купіне сядзела невялікая лягушка, пазіраючы на нас.

— Хіба не ведаеце, што гэтая лягушка ядавітая? — прагаварыў Анту.

— Ядавітая?! — усклікнула Алеся.

— Вельмі ядавітая. Яе яду хопіць, каб знішчыць не адну сотню мышэй. Я далей не пайду, — сказаў Анту. — Тут яна не адна.

— Не пойдзеш — дзяцей пастраляем.

— Можа, вернемся? — азірнуўся Металіст.

— Не. Пойдзем.

Мы пацягнуліся далей. Я ўважліва глядзеў пад ногі, азіраўся па баках. А лягушкі знянацку, нібы з засады, выскоквалі з густой травы.

— Санча, трэба вярнуцца, — не выцерпеў Кайф.

— Мы павінны прайсці праз балота, — заўпарціўся Санча. Анту зноў стаў, крыкнуў:

— Жаба ага!

Непадалёку, на купіне, побач з маленькай ядавітай лягушкай сядзела вялізная светла-шэрая жаба з вялікімі цёмнымі плямамі на скуры.

— Гэтая пачвара заважыць кілаграм, не меней, — вырвалася ў мяне.

— Трэба вярнуцца, — сказаў Анту. — Жаба ага таксама ядавітая.

Жаба ага… Нібы баба-яга, далі ж ёй назву!

— Санча, давай вернемся, — папрасіў Чон-чон.

— Толькі ўперад.

Мы прайшлі яшчэ крыху і сталі. Перад намі на купінах, у траве сядзелі і вялізныя светла-шэрыя жабы, і маленькія лягушкі. Іх было безліч. Яны нібы знарок сабраліся ў адным месцы, нібы варожы атрад, які заманіў нас у засаду.