46408.fb2 Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 24

Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 24

— Што будзем рабіць? — запытаў Металіст.

— Халера на іх! — вылаяўся Санча.

Раптам жаба ага, якая сядзела справа ад Металіста, скокнула на яго. Ён махнуў нагою.

"Тра-та-та…" — прагучала аўтаматная чарга.

Я не заўважыў, хто з бандытаў націснуў на курок аўтамата, але балота быццам ажыло. Трава заварушылася, бы ад моцнага ветру, і на нас скачкамі кінуліся жабы і лягушкі. Мы павярнуліся — і што ёсць сілы назад. Пад нагамі хлюпала вада, чорныя кроплі гразі заляпвалі нагавіцы, рукі, твар. А мы ляцелі на злом галавы.

Нарэшце выбраліся на грудок, селі зняможаныя. Санча, азірнуўшыся, патрос кулаком.

— Праклятыя жабы!

Па джунглях

Накінуліся бандыты на Анту.

— Знарок завёў у балота? — вызверыўся Санча.

— Яго трэба бізуном! Бізуном! — ускочыў Кайман.

— І кулькамі прастрэліць, — падхапіў Металіст.

— Я з-за яго ледзь кулямёт у балоце не ўтапіў! — залямантаваў Чон-чон.

— Давайце галавой уніз паставім, — прапанаваў Кайф.

— І кіем па голых пятах. І кіем! — дадаў Піучэн.

А Анту маўчыць, нават не глядзіць на іх. У другі бок галаву адвярнуў. Мажліва, знарок завёў бандытаў у балота. Шкада, што яны адтуль ногі вынеслі.

Нарэшце Анту, як відаць, надакучыла слухаць лаянку. Ён устаў:

— Трэба вам у горад вярнуцца. Будзе лепей для вас. Яшчэ болей узбурыліся бандыты. Крычаць, кулакамі размахваюць.

— Цішэй, — падняў уверх руку Санча.

Бандыты сцялі кулакі, зыркаюць на Анту, што галодныя ваўкі.

— Індзеец, ты доўга будзеш нас за нос вадзіць? — запытаў Санча.

— Вы самі сябе за нос водзіце, — адказаў Анту.

— Я не жартую.

— Джунглі — не горад. Гэта вам не па асфальце хадзіць. Тут… — пачаў Анту.

Санча перапыніў яго.

— Без цябе ведаем, дзе асфальт, а дзе без асфальту. Ты нам зубы не загаворвай. Вядзі, як дамовіліся.

Анту паціснуў плячыма.

— Што вам трэба ад мяне?

Санча схапіў за руку Максіма, пхнуў яго. Максім упаў і жаласна прагаварыў:

— Дзядзечка-а…

Санча наставіў на Максіма аўтамат.

— Індзеец, зараз застрэлю хлопчыка. Лічу да трох. Максім глядзеў на яго шырока расплюшчанымі вачыма.

— Не страляйце-э! — не сваім голасам закрычала Алеся.

— Адзін, — пачаў лічыць Санча.

— Хопіць здзекавацца! — усклікнуў Анту. Санча апусціў аўтамат.

— Ты павядзеш нас?

— Праз балота мы не пралезем. Вернемся назад. Прыйдзецца плысці па рацэ. Іншай дарогі я не ведаю.

— Даўно б так, — усміхнуўся Санча.

Я падбег да Максіма, дапамог яму ўстаць. Санча скамандаваў:

— Хадзем.

Расцягнуўшыся ланцужком, мы прабіраліся праз джунглі. Тут магутныя дрэвы, шырока расхінуўшы свае кроны, стаялі воддаль адно ад аднаго. Я ведаў, як называюцца некаторыя з іх — бачыў на малюнках у падручніку геаграфіі, але тут сустракаліся і зусім невядомыя.

Я дакрануўся рукою да нейкай ружовай кветкі, і руку апякло, што агнём.

— Ай! — усклікнуў я.

— Чаго ты? — азірнуўся Анту.

— Апякла, — тыцнуў я пальцам, паказаўшы на гэтую ружовую пякучку.

— Гэта фанціхулітра, — сказаў Анту.

— Няўжо яна пячэцца? — не паверыў Максім.

— Правер, — кажу яму.

— Ну і праверу. — Максім дакрануўся да фанціхулітры, айкнуў, як і я.

— Пячэцца? — пытаюся ў яго.

— Яшчэ як, — сказаў ён.