46408.fb2
— Якое спаборніцтва? — пацікавілася Алеся.
— Хто даўжэй бервяно ўтрымае.
— Якое бервяно? — не зразумела Алеся.
— Выбіралі цяжэйшае, пад сто кілаграмаў вагою. Пераможцам станавіўся той, хто ўтрымліваў яго найдаўжэй, не сыходзячы з месца. Некаторыя мужчыны, бывала, усю ноч яго трымалі.
Я хацеў запытаць у Анту, якія яшчэ спаборніцтвы ў іх праводзілі, ды пачуў, як Кайф ціха сказаў:
— Кайман, давай адыдземся на хвілінку. Нешта скажу.
— Тут кажы, — пазяхнуў Кайман.
— Не хачу, каб чулі.
— Сакрэт?
— Сакрэт. Хадзем.
Кайф і Кайман усталі і пасунуліся ў кусты. Я моўчкі правёў іх вачыма. Што ж задумаў Кайф? Нездарма Каймана ў кусты павёў. Можа, вырашыў мяне, Алесю і Максіма са свету звесці? Ён наркаман. У яго, як кажуць, не ўсе дома. Можа, папросіць Каймана, каб дапамог яму? Кайман даўно на нас зуб точыць. Трэба паслухаць, пра што гамоняць.
Я ўстаў, узяўся за жывот і, сагнуўшыся, паціхеньку паклыпаў. Ці аклікне хто-небудзь з бандытаў? Маўчаць, ведаюць, што адзін не ўцяку.
Я палез у кусты. "Тук-тук, тук-тук-тук", — стукае сэрца. Так стукала і тады, калі сядзелі за ложкам у сутарэнні.
Я прайшоў яшчэ крыху і ўбачыў Кайфа і Каймана. Яны стаялі на самым беразе, які тут, за кустамі, строма падымаўся ўгору. Кайман стаяў спінаю да ракі.
Яны сварыліся. Зышліся, як тыя два скарпіёны, і зараз накінуцца адзін на аднаго.
— Ты думаеш, што мне не баліць? Думаеш, што ў мяне скура, як у індзейца? — зыркнуў на Каймана Кайф.
Вось ён аб чым! Аднак, які ж Кайф злапамятны.
— Чаго маўчыш? — зноў зыркнуў Кайф.
— Давядзеш ты мяне, — Кайман падняў бізун. — Зараз… Прагрымела кароткая аўтаматная чарга. Каймана быццам штурхнулі ў грудзі. Ён узмахнуў рукамі і паляцеў у ваду. Я кінуўся напралом, праз кусты. Падбег, упаў каля Алесі і Максіма.
— Хто страляў? — ускочыў Санча. З кустоў вылез Кайф.
— Я страляў.
— Ты-ы?
— Я.
— Дзе Кайман?
Я не спускаў вачэй з Кайфа. Ці скажа ён, што застрэліў Каймана? Будзе тарараму, калі прызнаецца. Кайф пераступіў з нагі на нагу.
— Кайман хацеў вады напіцца, нагнуўся, а тут кракадзіл. У раку Каймана пацягнуў. Я даў чаргу. Хацеў у кракадзіла…
Хлусіць і вокам не змаргне. Трэба сказаць, што ён застрэліў Каймана.
— У якога кракадзіла ты страляў? — закрычаў Санча, наступаючы на Кайфа. — У якога? Га?
— У таго, што ў рацэ плавае.
Твар у Санча пачырванеў, стаў бардовы, што чырвоны бурак.
— Што ў рацэ плавае? А не ў таго, што хадзіў па беразе? Не верыць Санча Кайфу. Здагадваецца, што адбылося.
Трэба расказаць. Няхай застрэліць Кайфа. Можа, у джунглі не палезуць, калі іх стане менш. Я зірнуў на Анту.
— Ты нешта хочаш сказаць? — запытаў ён.
— Угу.
— Маўчы.
— Чаму?
— Маўчы.
— Металіст! — гукнуў Санча. — Правер, што там, за кустамі.
Металіст кінуўся ў кусты. Праз хвіліну да нас данёсся ягоны голас:
— Няма Каймана. Толькі бізун па рацэ паплыў.
— Я што казаў? Кракадзіл схапіў Каймана, — усміхнуўся Кайф.
Санча нечакана стукнуў яму пад дых. Кайф сагнуўся.
— Ты застрэліў Каймана?
— Я ў кракадзіла страляў.
Санча зірнуў на бандытаў, якія скупіліся каля яго.
— Чаго раты разявілі? Бярыце сякеры і рабіце плыт. Хутчэй.
Кайф, Металіст, Піучэн і Чон-чон дасталі з рукзакоў сякеры і падаліся ў джунглі. Неўзабаве часта-часта застукалі сякеры. А па беразе, буркаючы пад нос, хадзіў Санча.
— Каймана Кайф застрэліў? — запытаў у мяне Анту.
— Ён.