46408.fb2 Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 28

Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 28

— Свой свайго! — усклікнула Алеся.

— У іх няма сваіх. Яны без роду, без племені. Антось, ты не кажы ім, што бачыў, як Кайф Каймана застрэліў, бо Кайф і цябе са свету звядзе.

Я кіўнуў. Сапраўды, тут перш чым сказаць, трэба добра падумаць. Нарэшце бандыты зрабілі вялізны, трывалы плыт. Але гэта, канечне, нікога з нас не ўсцешыла. Мы павячэралі і селі на плыт.

— Паехалі,— скамандаваў Санча.

Металіст і Чон-чон адапхнуліся доўгімі шастамі. Плыт скрануўся і паплыў.

— Ох! — уздыхнула Алеся.

Вядома, чаму яна ўздыхае. Цяжка ёй. Пашчасціла ж нам. Што называецца, знайшлі сабе кампанію. Такіх, як гэтыя, трэба за вярсту мінаваць, а мы разам на адным плыце.

У джунглях прарэзліва, трывожна закрычала нейкая птушка. Пачало цямнець.

Я прыхінуўся спінаю да рукзака і непрыкметна заснуў.

Частка трэцяяПРАВАДЫР ЛІНКАН

Каля паселішча мапучэ

Ужо развіднела. На плыце сядзелі Анту, Алеся, Максім і Кайф, а Санча, Металіст, Чон-чон і Піучэн стаялі на беразе і, размахваючы рукамі, аб чымсьці паціху гаварылі.

— Мы ўжо прыплылі да паселішча мапучэ? — запытаў я.

— Прыплылі,— нявесела сказаў Анту.

Не верыцца, што побач племя індзейцаў, якое жыве так, як жыло сотні гадоў таму. Ці не сустрэнуць нас мапучэ стрэламі з лукаў, як калісьці сустракалі іспанскіх канкістадораў? Што скажа Анту свайму правадыру Лінкану? Як паглядзіць яму ў вочы?

— Гэй, — неспадзявана гукнуў Санча.

Прагучала хоць ціха, але выразна. Я ўздрыгнуў, бо мне здалося, што Санча кліча менавіта мяне. Я ніжэй апусціў галаву.

— Гэй, — у другі раз гукнуў Санча.

— Вы каго? — вырвалася ў мяне.

— Цябе.

Усё-ткі мяне. Навошта я яму спатрэбіўся? Хоча паздзекавацца? Калі пачне здзекавацца, то рвану ў джунглі, зашыюся ў гушчары. Годзе цярпець.

— Чаго сядзіш? Ідзі сюды.

— Ідзі, не бойся, — сказаў Анту.

Я ўстаў, саскочыў з плыта і паклыпаў, азіраючыся. Санча падышоў да мяне, узяў за руку, адвёў убок.

— Хлопчык, чаго так трасешся? Я апусціў галаву.

— Вам проста здаецца.

— Баішся? Мяне баішся? Я ж табе паказваў, як папугай катаецца на водных лыжах. Памятаеш? Тады ты не баяўся.

— Не баяўся, — мармытнуў я.

— І цяпер не бойся. Я не такі кепскі, як ты думаеш. Канешне, бывае, што ўзлуюся. Жыццё прымушае. Не я вінаваты, а жыццё вінаватае.

Санча адпусціў маю руку.

— Жыццё вінаватае. Яно робіць злым і кепскім. Не верыш? Думаеш, што мне лёгка? Мае сябрукі ўжо страляюць адзін у аднаго. Каймана Кайф застрэліў? Так?

Вось чаго Санча паклікаў. Дапытваецца, бачыў, што я быў у кустах. Зараз ірвануся, пабягу ў джунглі. Там не знойдуць.

— Чаго маўчыш? Ну-у…

Я падняў галаву. Перада мною джунглі. Чужыя, непрытульныя. Што буду рабіць, калі сцямнее? А есці што?

— Хлопчык, не бойся мяне. Ты бачыў, як Кайф застрэліў Каймана?

Я памахаў галавою.

— Не.

— Хлусіш.

— Нічога не бачыў. Я сядзеў у кустах. Кусты густыя. Я пачуў стрэл, спалохаўся і пабег, — пратарабаніў я, як з кулямёта.

— Не хочаш казаць. Пасля пагаворым. Пра нашу размову каб нікому ні слова. Запомні.

Я кіўнуў галавою.

— Запомню.

Хутчэй адчапіўся б ён ад мяне, а то прыкідваецца добранькім. Бачыў ягоную дабрыню.

— Кайф, вядзі сюды дзяцей і індзейца, — зноў паціху гукнуў Санча.

Анту, Максім і Алеся ўсталі і разам з Кайфам сышлі з плыта. Алеся і Максім кінуліся да мяне, ды Кайф спыніў іх.

— Стаяць!

Алеся і Максім сталі, а ён бокам-бокам да мяне.

— Аб чым Санча з табою гаварыў? — запытаў. Я пачухаў патыліцу.

— Сам не ведаю, што на яго найшло. Цікавіўся, як я ў школе вучыўся.

— Пра мяне не распытваў? Я чуў, што ты ў кустах сядзеў, калі Каймана схапіў кракадзіл, — сказаў Кайф.

Ствол аўтамата ў бок мне наставіў, у вачах злыя агеньчыкі. Зараз застрэліць… Чаму ж я ў джунглі не рвануў?

— Не распытваў пра мяне?